• Газеты, часопісы і г.д.
  • Авантурнік Сімпліцысімус  Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Авантурнік Сімпліцысімус

    Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 415с.
    Мінск 1997
    128.03 МБ
    I тут адразу на іх выхапіўся Гізуйчмут і пабег па прамыіне з крыкам: «Хлопцы, сюды! Хлопцы, сюды!», што яшчэ больш напалохала праціўніка, і тыя так разгубіліся, што не ведалі, куды ім кінуцца, ні назад, ні наперад, ні ўбок на конях не паляціш, a таму яны пасаскоквалі з коней і давай уцякаць пешкі; ага — уцячэш! я пабраў y палон усіх семнаццаць разам з лейтэнантам, які імі камандаваў, потым кінуўся да вазоў, выпраг два тузіны коней і прыхапіў некалькі сувояў шоўку і фаляндышу (сукно — fein hollendisch!) ; бо не
    было калі доўга валаводзіцца з забітымі і абіраць іх ці як след перагарнуць вазы, бо фурманы, як толькі ўсчалася страляніна, борздзенька ўсё пакідалі і шмуль-шмуль! даліся ўпрочкі, a таму пра наш набег маглі хутка даведацца ў Дорстэне і перастрэнуць нас на дарозе. Як толькі мы сабраліся, тут з лесу выскачыла наша божвішча Юпітар і ну крычаць, як гэта так, што Ганімэд хоча кінуць яго. Я адказаў яму, што якраз так, хачу, бо ён не даў блохам спадзяванага прывілею. «А няхай яны,— адказаў ён зноў,— пропадам прападуць y Кокіце!» Я засмяяўся, a як што ў нас цяпер былі свабодныя коні, загадаў пасадзіць дурня ў сядло; a таму што ён сядзеў на кані, як арэх, я загадаў прывязаць яго да сядла. Тады ён сказаў, што наша сутычка нагадала яму бітву паміж лапіфамі і кентаўрамі на вяселлі ў Перыфоя.
    Калі забава скончылася і мы з палоннымі рванулі адтуль, быццам нехта насеў нам на пяты ды гнаў і падсцёбваў, тады толькі скеміў паланёны лейтэнанцік, якога ён даў пудлу, калі неабачліва завёў на варожую засаду выдатны гуф райтараў, паклаўшы на ўбой трынаццаць храбрых хлопцаў, і праз гэта ўпаў y чорную роспач і адмовіўся ад пардону, які я яму даваў, ён нават спрабаваў угаварыць мяне, каб я загадаў прыстрэліць яго; бо ён не толькі думаў, што ягоная спахібка яму вялікаю ганьбаю станецца, ганьбаю невыбачальнаю, але і будзе перашкодаю ў будучых павышэннях y чынах, калі толькі ён і не пазбудзецца ўсяго гэтага, заплаціўшы за шкоду галавою. A я ўшчуваў яго і даказваў, што падступніцкае шчасце многім дзельным жаўнерам няраз падстаўляла нагу, але я ніколі не бачыў, каб хто з гэтай прычыны аж так горка ўбольваўся і ўпадаў y меланхолію. Яго намер — гэта знак маладушнасці; a храбрыя жаўнеры думаюць пра тое, як гандаль паправіць, як адшкадавацца за панесеныя страты і зыскаць будучы плён; a мяне ён ніколі не ўгаворыць парушыць картэль альбо дапусціць ганебны супрацьпраўны ўчынак ці нешта такое, што не ў жаўнерскіх правілах і звычаях. Калі ён убачыў, што я не даўся, ён пачаў мяне ганіць і бэсціць, думаючы, што я ўгневаюся; ён заявіў, што я не біўся з ім сумленна, y адкрытым баі, a як разбойнік і мужабойца з кустоў і ўкраў жыццё ў ягоных жаўнераў як злодзей і апошні шахрай, і гэтымі словамі ягоныя жаўнеры былі вельмі напалоханы, a мае хлопцы ўзлаваны, так што на гарачы зуб, напэўна, прашылі б яго кулямі, калі б я ім дазволіў, a давялося-такі іх стрымліваць. Мяне ж ягоныя казані ані не пранялі, я толькі заклікаў і сяброў і ворагаў
    засведчыць, што тут адбываецца, a потым загадаў звязаць лейтэнанта, каб не бузаваў і не бушаваў, і ахоўваць, сачыць за ім, як за вар’ятам; абяцаў таксама яму, што як толькі мы пад’едзем да нашых пастоў і мой афіцэр дазволіць, я дам яму свае коні і зброю, якую ён сам сабе выбера, і пістоляй і шабляй прылюдна дакажу яму, што ўжываць на вайне хітрасць супроць праціўніка дазволена правіламі і законам; чаго ж бо ён не застаўся каля падводаў, ахоўваць якія ён быў прыстаўлены, альбо, калі ўжо яму так загарэлася даведацца, што робіцца ў лесе, чаму ён, калі такі разумны, не загадаў правесці папярэдне рэкагнасцыроўку, што яму больш было б да твару, чым цяпер заводзіцца, вычварацца і выдурнівацца ў розных кепствах, на якія ўжо ж пэўна ніхто зважаць не збіраецца. Справядлівасць маіх слоў прызналі і сябры і ворагі і сказалі, што ім яшчэ не выпадала сустракаць y раз’езных гуфах другога такога чалавека, які ў адказ на такія брыдкія і абразлівыя словы, як ў лейтэнанта, не толькі не застрэліў бы самога, але і не пазабіваў бы ўсіх астатніх палонных.
    На другую раніцу я шчасліва даставіў луп і палонных y Зёст, здабыўшы сабе ў гэтай аперацыі больш гонару і славы, чым калі-небудзь раней. Усе казалі: «Аб’явіўся новы малады Ёган дэ Вэрд!», што вельмі ўказытвала маё самалюбства; аднак наш камендант не згаджаўся дазволіць мне памерацца з лейтэнантам на пістолях ці на шаблях, кажучы, што я ўжо і так яго два разы адолеў. I чым больш такім чынам расла і множылася мая слава, тым больш мацнела зайздрасць y тых, хто не спрыяў майму шчасцю.
    РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ
    Сімпліцы затрафеіў сабе мурына I ад страху ледзь ног не адкінуў
    Мне ніяк не ўдавалася атрэсціся ад Юпітара, як таму ад блох; каменданту ён быў не патрэбен, бо што з яго ўскубеш, a таму сказаў, што хоча падарыць яго мне. I вось я за так сабе маеш прыдбаў уласнага блазна, a ўсяго ж год таму назад я мусіў быў строіць з сябе такога самага. 0 дзівоснае шчасце, о пераменлівы час! Яшчэ зусім нядаўна даставалі мне душу вошы, і вось ужо я сам маю ўладу над блышыным богам. Паўгода назад я служыў нейкаму пархатаму драгуну за пахолка; і вось ужо сам маю двух слуг, якія шчыруюць мне як пану і гаспадару. Не прамінула і года,
    як улягалі райтары, каб зрабіць з мяне шлюху; цяпер ужо самі паненкі ўганяліся за мною са сваімі любошчамі. Так я ў пару даведаўся, што няма на свеце нічога больш пастаяннага, як сама непастаяннасць. Таму варта было быць напагатове, калі шчасце зноў падверне мне якую-небудзь штуку, каб мой цяперашні дабрабыт не абярнуўся ліхатою і караю.
    У той час граф фон дэр Валь, ваенны губернатар Вестфаліі, якраз збіраў з гарнізонаў людзей, каб зладзіць кавалькаду, якая праз Мюнстэрскі край прайшла б на Фэхт, Мэлен і Лінген ды каб пакончыла з дзвюма ротамі гесэнскіх райтараў, якія заселі за дзве мілі ад Падэборна і шмат пары выпусцілі нашым. Я быў прызначаны ў каманду з нашымі драгунамі, і калі асобныя атрады — гуфы, сабраліся ў Гаме, мы спешна рушылі ў паход і напалі на кватэры памянёных райтараў y даволі слаба абароненым гарадку, пакуль яго не занялі нашыя. Райтары паспелі ўцячы, але мы загналі іх зноў y іхняе гняздо. Ім было прапанавана спакойна пакінуць горад, без коней і зброі, узяўшы з сабою столькі, колькі можна панесці на поясе; але яны на тое не згадзіліся і бараніліся з карабінамі, як мушкецёры. Дайшло да таго, што яшчэ тае ж ночы я мусіў паспытаць шчасця ў штурме, бо драгуны напалі першыя; і мне ў гэтым пашанцавала, і я разам з Гізуйчмутам y ліку першых цэлы і здаровы ўварваўся ў гарадок. Мы хутка падмялі вуліцы, бо ўсё, што баранілася, было перабіта, a самі гараджане супраціўляцца не рваліся; так было і ва ўсіх дамах. Гізуйчмут параіў заняць дом, перад якім ляжала вялікая куча гною, бо ў такіх дамах якраз і сядзяць самыя багатыя жмінды, y якіх звычайна становяцца на лежу афіцэры. Пасля гэтага мы і захапілі якраз такі дом, і Гізуйчмут зрабіў візітацыю ў канюшню, a я агледзеў сам дом з умоваю, што падзелімся ўсім, што знойдзем. I вось запалілі мы свае васковыя паходні, я гукнуў гаспадара, але мне не адказалі, бо ўсе пахаваліся, зайшоў y нейкую каморку, але не знайшоў там нічога, апрача пустога ложка і замкнутага куфра; замок я зламаў, спадзеючыся знайсці што-небудзь каштоўнае; але як толькі падняў века, проста на мяне паднялося нешта чорнае, я аж падумаў на Люцыпара. Гатовы пабажыцца, што колькі жыву, a не палохаўся так, як тады, убачыўшы таго чорнага д’ябла. «Каб ты здзейкалася і тут і там!» — сказаў я ў такім страху і схапіўся за сякеру, якою разбіў куфар, але не асмеліўся рассадзіць яму чэрап. A тое нешта адразу ўкленчыла, падняло рукі і сказала чалавечым голасам: «А паночку, a спадарочку, a Богам благаю, не за-
    бівай, падаруй мне жыццё!» Тут я расшалопаў, што гэта ніякі не чорт, бо Бога спамінае і за жыццё просіць, і загадаў яму вылазіць з куфра. Ён вылез і пайшоў са мною голы, якім яго стварыў Бог. Я адшчапаў ад паходні дразку і даў яму пасвяціць мне; ён усё гэта рахмана ўчыніў і правёў мяне ў пакоік, дзе я знайшоў гаспадара з чэляддзю, які, гледзячы на ўвесь гэты вясёлы спсктакль і трасучыся, прасіў злітавацца з яго і не забіваць, Гэта ён атрымаў адразу, бо нам было забаронена чапаць гараджан; ён аддаў мне ўсе манаткі ротмайстра, сярод якіх была і замкнутая поўненькая скураная валіза, сказаўшы, што сам ротмайстар і ягоныя слугі, акрамя аднаго кнэхта і вось гэтага мурына, выправіліся на свае пасты абараняць горад. Тым часам Гізуйчмут злавіў на канюшні памянёнага конюха з шасцю асядланымі ладнымі конямі; мы завялі іх y дом, зачынілі на засаўку і загадалі мурыну апрануцца, a гаспадару — расказаць усё, што ён ведае пра ротмайстра. Але калі гарадскія брамы былі зноў адчынены, пастаўлены пасты і прыбыў наш генерал-фэльдцойгмайстар гер граф фон дэр Валь, ён якраз і заняў пад кватэру той самы дом, дзе мы былі; таму давялося нам сярод ночы шукаць сабе іншага прытулку. Знайшлі яго ў нашых хлопцаў, якія таксама бралі ўдзел y штурме і займалі гарадок; мы выдатна ў іх размясціліся і правялі рэшту ночы, банкетуючы і гуляючы ўсёй гамэрняй пасля таго, як я і Гізуйчмут падзяліліся сваім лупам. Мне на долю дасталіся мурын і два выдатныя кані, адзін з іх гішпанскай пароды, так што на ім толькі і выгельцваць перад непрыяцелем, чым я пазней і папазадаваўся. A з валізы — розныя каштоўныя пярсцёнкі і жыковіны і ў залатым пудэлачку, абсаджаным рубінамі, партрэт y пояс прынца Аранскага; усё астатняе я пакінуў Гізуйчмуту; такім чынам, мне перапала, калі б усё прадаць за паўцаны, з коньмі і ўсім астатнім больш як на дзвесце дукатаў: a што да мурына, з якім я займеў найбольш марокі і клопату, дык генерал-фэльдцойгмайстар, якому я яго спрэзентаваў, аддзячыўся ўсяго двума тузінамі талераў. Адтуль мы рушылі на Эмс, але з аглядкаю і выведкаю па баках, аднак як што сталася так, што дарога вяла нас міма Рэклінхузэна, дык я адпрасіўся заскочыць туды, каб разам з Гізуйчмутам адведаць святара, y якога я ўкраў сала. 3 ім я няблага павесяліўся, расказаўшы яму, як мурын заплаціў мне такім самым страхам, які нядаўна выпаў яму самому і кухарцы; я падарыў святару з прыяцельскім valete* выдатны
    Прывітанне (лац.).
    гадзіннік з боем на ланцужку, які я вывудзіў з ротмайстравай валізы; так, я заўсёды стараўся наварочваць y сваіх сяброў тых, хто меў якую-колечы прычыну ненавідзець мяне.