Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 415с.
Мінск 1997
Калі генерал-фэльдцойгмайстар спытаўся, якая ж y мяне прапазіцыя, я адказаў: «Літасцівы пане, etc.! Хоць мой учынак і справядлівы ўказ Вашай Эксэленцыі падводзяць мяне пад кару горлам, аднак жа найпакорнейшая вернасць, якою, не шкадуючы жывата, я павінен узычыць найлітасцівейшаму спадару Яго Рымскай імператарскай вялікасці, за-
гадвае мне ўсімі даступнымі сродкамі, якія толькі дадуцца майму нікчэмству, учыняць шкоду непрыяцелю і спрыяць карысці і поспехам зброі Яго вышэйпамянёнай Рымскай імператарскай вялікасці». Граф перапыніў мяне, спытаўшы: «А гэта ці не ты часам надоечы дастаў мне жывога мурына?» Я адказаў: «А нягож, літасцівы спадару!» — «Твая рупнасць і вернасць, магчыма, вартыя, каб падарыць табе жыццё, але ў чым усё-такі твой план, як выкурыць ворага з гэтай умацаванай фартэцыі без лішняй страты войска і часу?» Я адказаў: «Як што гэта мястэчка не можа ўстояць супроць цяжкай артылерыі, дык нікчэмства маё з гэтага зазначае, што непрыяцель адразу папросіць пардону, як толькі ўбачыць, што ў нас ёсць абложныя гарматы».— «Дурны цябе non хрысціў,— сказаў граф,— хто ж гэта іх так пераканае, каб паверылі?!» Я адказаў: «Іхнія ж вочы! Я назіраў y першпектыўную трубку за іхнімі пастамі; іх можна ашукаць, калі паставіць на падводы з моцнай запрэжкай калоды, падобныя на калодзежныя рыны, і вывезці ў поле, дык імадразу здасца, што гэта цяжкая артылерыя, асабліва калі ваша графская светласць загадае сямтам y полі пакапаць дзеля блізіру, быццам там мы збіраемся ўсталяваць гарматы».— «Любасны мой хлопча,— запярэчыў граф,— там сядзяць не дзеці, яны не павераць y такую блазноту, a захочуць пачуць, як грукочуць новыя гарматы. A калі гэтая хітрасць не ўдасца,— сказаў ён далей афіцэрам, якія стаялі навокал,— дык мы станем пасмешышчам усяму свету». Я адказаў: «Літасцівы спадару! Хтохто, a я нараблю іхнім вушам такога гарматнага грукату, што век не чулі, трэба толькі знайсці некалькі добрых пішчаляў ды вялікую бочку, інакш, вядома, як той казаў, без стуку, без груку не выкурыш суку. A калі, крый божа, усё гэта не сплешчацца і нічога, акрамя смеху, не атрымаецца, дык рачце, пане, я, з чыёй інвенцыі ўсё гэта і заварылася, як што мне ўжо і без таго ўсё адно паміраць, прыхаплю з сабою на шыбеніцу і гэтую насмешку ды з ёю разам галоўкаю і налажу». I хоць граф усё не хацеў згаджацца на авантуру, аднак мой падпалкоўнік усё-такі схіліў яго, сказаўшы, што я вельмі здатны на розныякія выцінкі, аджа ён амаль не сумняваецца, што мне ўдасца і гэтая. Таму нарэшце граф загадаў зрабіць усё, што тут належала, дадаўшы жартам, што ўся слава-няслава, якая выпадзе ў гэтай акцыі, яму аднаму перападзе.
I вось знайшлі тры адпаведныя калоды, перад кожнаю запрэглі па 24 кані, хоць і пары хапіла б з гакам, a адвячоркам правезлі іх так, каб бачыў непрыяцель; тым
часам раздабыў я і тры пішчалі і парахавую барылу, якую знайшлі y замку, і, зладзіўшы ўсё, як я таго хацеў, уначы прывёз яе да нашай антылеры. У пішчалі заклалі двайны зарад, і я загадаў страляць праз тую бочку, y якой папярэдне выбіў дно, нібыта гэта мы падавалі тры сігнальныя стрэлы; і грымнула так, што кожны пабажыўся б, што гэта былі фальканэты альбо паўкартаўны. Наш генерал-фэльдцойгмайстар, гледзячы на гэтую забаву, ад усяго сэрца парагатаў, аднак жа прапанаваў непрыяцелю яшчэ раз дамовіцца пра здачу крэпасці, дадаўшы, што калі яны да вечара не ўпакорацца, дык раніцай казань пойдзе іншая. Неўзабаве з абодвух бакоў панадбеглі пасланцы, заключылі дагавор, і яшчэ тае ж ночы былі адчынены гарадскія брамы, што мне было асабліва дадушы, бо граф адразу ж не забыўся паказаць, як высока ён мяне цэніць; ён не толькі падарыў мне жыццё, якога я меўся паводле яго строгага загаду пазбыцца, але загадаў яшчэ адразу даць мне поўную волю вольную і пры мне загадаў падпалкоўніку, каб ён уручыў мне першы прапар, які толькі вызваліцца, што таму дужа не выпадала, бо ў яго завялося столькі ўсякіх зяцёў, швагроў і іншага сваяцтва, якія толькі і падсочвалі, каб прыпахлебіцца да такога гонару, аж я век бы не дажадаў.
РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ
Сімпліцы расказвае пра падкопы славы і слоўца-другое пра амурныя справы
За час гэтага паходу я не сустрэў больш нічога вартага ўвагі. A калі вярнуўся ў Зёст, гесэнцы з Ліпштата звялі ў мяне з пашы разам з канём і кнэхта-конюха, якога я пакінуў прыглядаць маё дабро. Ад яго праціўнік якраз і выведаў пра ўсе мае дзеі і чыны; a таму зашанавалі мяне яшчэ больш, чым раней, бо, наслухаўшыся пагалосак, дапраўды паверылі, што я абазнаны ў чарах, y чорным буртніцтве. Конюх сказаў ім таксама, што быў адным з тых чартоў, якія (s.v.) да ўсёру напалохалі ў кашары егера з Вэрле. A калі памянёны егер даведаўся пра гэта, дык ужо аж так засаромеўся, што зноў даў цекача і перамахнуў да галандцаў. Але мне якраз абярнулася вялікім шчасцем, што мой слуга трапіў y палон, але пра гэта стане вядома з працягу маёй гісторыі.
Я пачаў паводзіцца больш салідна, каб не падарваць рэ-
путацыі, спадзеючыся атрымаць прапар. Спакваля я завёў кампанію з афіцэрамі і маладымі шляхціцамі, якія таксама мецілі ў тое самае, што і я надумаў неўзабаве атрымаць. Усе яны былі мае заклятыя ворагі, хоць і прыкідваліся лепшымі сябрамі, падпалкоўнік таксама не вельмі да мяне гарнуўся, бо атрымаў загад падвысіць мяне ў абыход сваіх родзічаў. A гэйтман сумеўся, зніякавеў, бо ў мяне і коні, і вопратка, і зброя былі лепшыя за ягоныя, ды я больш нічым і не шчодрыўся старому скнару і сычу, як раней. Ён з куды большай ахвотай падзівіўся б, як мне днямі ўцялі б галаву, чым цяпер слухаць пра абяцаны прапар, бо спадзяваўся ўспадкаваць мае коні; a лейтэнант ненавідзеў мяне за адно толькі слова, якое днямі неадумна пусціў. A зладзілася ўсё так. Нас былі паслалі разам кавалькадай y небяспечны дазор. Калі на варту заступіў я,— a хоць і была цёмная ноч, давялося залегчы, лейтэнант падпоўз да мяне, як гадзюка, і сказаў: «Вартавы, ты што-небудзь заўважыў?» Я адказаў: «Ну але ж бо, пане лейтэнанце».— «Што? Што?» — спытаўся ён. Я адказаў: «Я заўважыў, што пану лейтэнанту страшна». 3 гэтага моманту я і страціў ягоную ласку, і ўжо кожнага разу, дзе найбольш прыпякала, туды мяне і падтыкалі, усюды, дзе толькі было можна, ён шукаў прычыны выгнаць з мяне жывы дух, перш чым я зраблюся фэндрыкам, і я нічым і ніяк не мог яму ўсупрацівіцца. Не менш таго. дазалялі мне і фельдфебелі, бо гэта ж мяне пахвалілі перад імі ўсімі. A што да простых райтараў, дык іхняя любоў і дружба таксама пахіснуліся, бо, як яно бачылася збоку, было падобна на тое, што як бы я імі пагрэбаваў, пагрэбаваў іхняй суполкай, выбіваючыся ў панства, дзе мяне таксама не дужа чакалі. A найгорш было, што не знайшлося ніводнага жывога чалавека, які падказаў бы мне, як да мяне ўсе паставіліся; a сам я не мог нічога заўважыць, бо кожны, хто ў вочы казаў мне лагодныя словы, хацеў бы, каб я спруцянеў. Таму я і жыў, як сляпы, y поўнай пэўнасці, і чым далей, тым y большай пэўнасці і пысе, і хоць ужо ведаў, што сяму-таму не смакавала, што я выпярэджваў y раскошы многіх знакамітых і высакародных афіцэраў, аднак мне гэта не заважала. Я не саромеўся, як толькі стаў яфрэйтарам, надзяваць на сябе калет y шэсцьдзесят рэйхсталераў, чырвоныя кармазынавыя штаны і белыя аксамітавыя рукавы, расшытыя золатам і срэбрам, што ў тыя часы было прынята насіць y вышэйшым афіцэрстве; гэта кожнаму парола вочы. Я быў тады страшна малады дурань, такі, ведаеце, расхрыста з ветрам y галаве, які ўсё пускаў на распыл, замест каб па-
водзіцца з розумам, і калі б тымі грашыма, якія я з пустой пыхі і без аніякай карысці чапляў на сябе, падмазаў дзе трэба і каго трэба, дык хутка не толькі прапар дастаў бы, але і не нажыў бы сабе столькі ворагаў. Але і на гэтым я не схамянуўся, a ўбраў майго найлепшага каня, таго самага, якога Гізуйчмут дастаў y гесэнскага ротмайстра, такім сядлом, збруяй і зброяй, што, калі я сядаў на яго, мяне можна было прыняць за другога рыцара Георга. Нічога так мяне не дапякала, як думка, што я не шляхціц і не магу апрануць майго конюха і пахолка ў сваю фамільную ліўрэю. Я думаў: «Усё мае свой пачатак. Калі ў цябе есць герб, будзе і свая ліўрэя; a як станеш фэндрыкам, мецьмеш і сваю сыгнетку, хоць ты і не шляхціц». Я нядоўга мучыў сябе такімі скрупулатамі, як ужо праз comitem Palatinum* дастаў сабе і герб; гэта былі тры чырвоныя маскі на белым полі, a на шаломе паясная выява маладога дурня ў цялячай скуры з парай заечых вушэй, упрыгожаных спераду бомкамі, бо, мяркую, гэта найбольш пасавала да майго імя, якое было — Сімпліцыус. Так я надумаў урваць са свайго блазенства, каб y будучым, ужо пры належным становішчы, мець перад вачыма заўсёдны напамінак, якою цацаю быў колісь y Ханаў, каб не дужа задавацца, бо ўжо і цяпер я быў такі індык, што куды к чорту вадзіць кампанію са свіннямі. Ну, вось, нарэшце, здабыў я сабе імя, радаслоўню і герб, a калі б каму-небудзь пад’юджыла мяне гэтым папікнуць, дык, можаце паверыць, даў бы яму права выбару — шпага ці пара пістоляў.
Хай на тую пару я яшчэ не ўгоньваўся за бабскім полам, аднак жа вадзіўся з тымі шляхцючкамі, якія мелі адведзіны ў пэўных паненак, якіх было шмат y горадзе, каб пакрасавацца, пафарсіць фрызурай, вопраткай і плюмажам. Мушу прызнацца, што за маю пазітуру на мяне першага клалі вока, але тым часам выпадала і чуць, як распусныя шлюхі параўноўвалі мяне з прыгожай, добра выструганай драўлянай лялькай, y якой, акрамя прыгажосці, няма ні сілы, ні соку, бо, апрача знешняга антуражу, ува мне не было больш нічога, што ім прыдалося б. Так што, акрамя трынкання на лютні, я не мог прапанаваць і выдаць нічога ім прыемнага, бо я яшчэ нічога не ведаў пра каханне. A калі тыя, што ўвіваліся каля дзевак, шукаючы іхняй ласкі сваім далікатным красамоўствам, пакеплівалі з маёй няўвішнасці і ваўкаватасці, дык я пярэчыў, што будзе з мяне і таго, што я магу пацешыць сябе блішчастай шабляй і лад-
Тут: герольдыя (лац.).
ным мушкетам. A калі пад канец > дзеўкі пахвалілі мяне за такія словы, дык гэта аж так уела малойцаў, што яны тайна пакляліся забіць мяне, нягледзячы на тое, што сярод іх не знайшлося ніводнага, каму хапіла б духу кінуць выклік альбо даць мне зачэпку выклікаць каго-небудзь з іх, a на гэта ж хапіла б пары аплявух альбо моцных слоў; a як што я да таго ж раскідаўся грашыма, дык з гэтага дзеўкі вывелі, што я хлопец рэзалютны, і адкрыта казалі, што пры маёй паставе і пахвальных думках дзяўчыне аднаго майго слова больш дастаткова, чым цэлай казані і ўсіх кампліментаў, прыдуманых Амурам,— усё гэта яшчэ больш злавала спаборнікаў.