Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 415с.
Мінск 1997
рэкагнасцыраваць дарогу. Калі мы параўняліся з засадай, непрыяцель затоіўся і прапусціў нас наперад, каб нападам на нас не ўспалошыць канвою да таго часу, пакуль самі не нападуць на яго; a паслалі за намі карнэта з шасцю райтарамі, якія не выпускалі нас з вачэй, пакуль астатнія не напалі на канвой, a мы павярнулі назад, каб паказаць і сваю адвагу. Тут яны і кінуліся на нас і закрычалі, ці не хочам мы да іх на пастой і лежу? Што да мяне, дык я ездзіў добра, конь y мяне быў спраўны, але я не хацеў паказваць пятаў, a скакаў па невялікай лагчынцы, прыглядваючыся, ці нельга і тут заслужыцца на гонар. Тым часам я адразу па залпе спетрыў, які там усчаўся кавардак, a таму рашыў усё-такі ўцякаць, але карнэт усё разлічыў наперад і адразу заступіў мне дарогу; калі ж я хацеў прабіцца, ён, прыняўшы мяне за афіцэра, зноў запрасіў на пастой. Я падумаў: «Жыццё ўсё-такі лепшае за няпэўную рызыку» — і спытаў, ці хоча ён узяць мяне на пастой, як сумленны жаўнер. Той адказаў: «Ну, вядома, па справядлівасці!» I вось, спрэзэнтаваў я яму сваю шпагу і здаўся ў палон. Ён адразу спытаўся, хто я такі, бо прыняў мяне за радавітасць, a значыцца, за афіцэра. A калі я яму адказаў, што мяне празвалі Лавайчыкам з Зёста, ён сказаў: «Дык табе пашанцавала, што папаўся нам не тыдні чатыры таму назад: тады я не мог бы даць табе кватэры, бо цябе ўсе лічылі ведзьмаром, які знюхаўся з лядашчым!»
Гэты карнэт быў храбры малады кавалер і старэйшы за мяне не больш чым гады на два. Ён не дужа каб узрадаваўся, што яму выпаў гонар паланіць славутага Лавайчыка, a таму сумленна стрымаў сваё слова, як галандзец, y якіх было правіла не лазіць y пояс палонным гішпанцам і нічога ў іх не браць; і ён быў настолькі ветлівы, што ні разу не зрабіў мне візітацыі, a я быў дужа далікатны і сам дастаў грошы з сумкі і прапанаваў яму дзялёжку; яшчэ ціха сказаў карнэту, хай пастараецца, каб яму дасталіся мой конь, сядло і збруя, бо ў сядле ён знойдзе яшчэ трыццаць дукатаў, a конь y мяне і без таго такі, што лепшага наўрад ці дастанеш. I карнэт аж так прыкіпеў да мяне, быццам я яму быў родны брат; ён адразу перасеў на майго каня, a мне дазволіў ехаць на сваім. A наш канвой страціў не больш шасці чалавек забітымі, ды трыццацёх было ўзятых y палон, але ў іх не хапіла рызыкі на спробу адбіць здабычу ў чыстым полі, што яны маглі лёгка зрабіць, бо ўсе былі на конях.
Калі падзялілі здабычу і палонных, шведы і гесэнцы та-
го ж вечара разышліся ў розныя бакі, бо яны былі з розных гарнізонаў. Мяне, капрала і яшчэ трох драгунаў атрымаў карнэт, бо сам узяў нас y палон; пасля гэтага адправіў y крэпасць, якая была непадалёк, мілі за дзве ад нашага гарнізона. I як што я ў тых мясцінах раней шмат пагарэзаваў, дык імя маё было там добра вядомае, і мяне больш баяліся, чым любілі. Калі мы ўбачылі горад, карнэт паслаў наперад райтара далажыць каменданту, як прайшла аперацыя і хто ўзяты ў палон; гэта нарабіла ў горадзе такога гвалту, што і не раскажаш, бо кожны хацеў зірнуць на егера Лавайчыка, штуканта, які вычвараў няма ладу якія дзівосы. Усе гаварылі пра мяне той тое, той другое, і было так, нібыта ў горад меўся завітаць нейкі вялікі патэнтат.
Нас, палонных, адразу прывялі да каменданта, які вельмі здзівіўся з маёй маладосці. Ён спытаўся ў мяне, ці не служыў я калі ў шведаў і адкуль я родам. A калі я сказаў яму праўду, ён пацікавіўся, ці не з’ахвочуся я зноў перайсці на іхні бок. Я адказаў, што мне ўсё адно, але як што я чыніў прысягу аўгусцейшаму імператару Рымскай імперыі, дык мяркую, трэба яе трымацца. Пасля ён загадаў адвесці нас да паўнамоцніка, дазволіўшы, аднак, карнэту зладзіць на ягоны кошт нам увечары гасціну, бо раней я такім самым чынам трактаваў сваіх палонных, сярод якіх быў і ягоны брат. A калі звечарэла, розныя афіцэры, як высакародныя кавалеры, так і жаўнеры Фартуны, сышліся ўсе сполам y карнэта, які загадаў паклікаць мяне і капрала; і мушу прызнацца, папраўдзе, яны частавалі мяне з найвялікшай пачцівасцю. Я так весяліўся, быццам нічога не страціў, і вёў такую шчырую і сяброўскую гутарку, як калі б быў сярод найлепшых прыяцеляў, a не ў палоне ў ворага; пры гэтым стараўся быць дастаткова сціплым, наколькі гэта ўдавалася, бо лёгка мог уявіць сабе, што каменданту перакажуць пра мае паводзіны, што яно так і было, як пазней я даведаўся.
На другі дзень усе мы, палонныя, па адным сталі перад палкавым суддзёю, які дапытаў нас кожнага. Капрал быў першы, я другі. Ледзь толькі ўвайшоў я ў залу, як ён пачаў падзіўляцца з маёй маладосці і сказаў дакорліва: «Дзіця маё! чым табе ўвярэдзіліся шведы, што ты пачаў з імі ваяваць?» Гэта мяне вельмі ўтклівіла, асабліва калі я і сярод іх згледзеў маладых жаўнерыкаў, як і я сам, a таму я адказаў: «Шведскія ваяры адабралі ў мяне гліняныя бондачкі, такія, ведаеце, пулькі, a мне хацелася забраць іх назад». I калі я яму такім чынам адплаціў, многім афіцэрам, якія сядзелі побач, зрабілася сорамна, і адзін з іх загаварыў на
лаціне, што трэба гаварыць са мною пра сур’ёзныя справы, ён шмат чаго чуў і перад імі не «дзіця маё» Тут я змеціў, што суддзю завуць Эўсэбіус, бо так называў яго памянёны афіцэр. Тады суддзя спытаўся ў мяне пра імя, і калі я назваўся, ён сказаў: «Ніводнага чорта ў пекле не завуць Сімпліцысімус!» На гэта я адказаў: «Вельмі верагодна, што ў пекле нікога не завуць і Эўсэбіусам!» Такім чынам і гэтым разам я адпёк яму кухана, як нашаму палкавому пісару Кірыяку, што, аднак, не ўсмакавала афіцэрам, бо яны сказалі, каб наша памятала, што я ў палоне і прыведзены да іх не кепікі строіць. Але гэты напамінак не ўвёў мяне ў чырвань і не прымусіў перапрашацца, a падсцёбнуў сказаць y адказ, што калі яны лічаць мяне палонным жаўнерам, a не дзіцём, якога трэба, y цымбалы яму ўкінуўшы, адпусціць дахаты, дык мог бы і я спадзявацца, што яны не будуць разводзіць смешачкі, быццам з немаўлятка якога; бо як y мяне пыталіся, так я і адказваў, аднак жа спадзяюся, што мне за гэта не будзе адкроена горкая луста. Пасля яны пыталіся, адкуль я родам, пра паходжанне і род, асабліва, ці не служыў я раней на баку шведаў, item якія абставіны ў Зёсце, ці вялікі там гарнізон і пра ўсякае такое іншае. Я адказваў ім на ўсё хутка, коратка і ясна, a пра Зёст і яго гарнізон роўна столькі, каб за гэта не несці адказнасці, аднак палічыў за лепшае перамоўчаць, што быў блазнам, бо гэтага я саромеўся.
РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ
Сімпліцыю ў шведаў вольная воля, стачыць яму ягоная доля
Тым часам y Зёсце даведаліся, як усё абышлося з канвоем і што мяне разам з капралам і іншымі захапілі ў палон, a таксама, куды нас завялі; таму на другі ж дзень з’явіўся барабаншчык на выручкі; з ім адпусцілі капрала і трох іншых, a таксама перададзена была і наступная цыдула, якую камендант паслаў прачытаць і мне:
«Monsieur, etc. Праз барабаншчыка, які вяртаецца, уручаны мне быў гэты Вайіэці ліст, y адказ на які з атрыманнем выкупу адпраўляю пры гэтым да Вашэці капрала разам з трыма астатнімі палоннымі; a што да Сімпліцыуса, егера, дык ён, як служылы раней на нашым баку, не можа быць выпушчаны. Аднак, калі ва ўсім
астатнім, што не тычыцца маёй службовасці, магу Вайіэць y нечым задаволіць, дык Ваша заўсёды знойдзе ўва мне руплівага слугу, якім будучы застаюся
Вашэці гатовы да паслужэнства
Н. дэ С.А.».
Гэта эпістала не спадабалася мне, але я падзякаваў і за тое, што мне яе паказалі. Я хацеў пагутарыць з камендантам, але мне сказалі, што ён сам прышле па мяне, як толькі выправіць барабаншуыка, што будзе заўтра раніцай, a датуль трэба пацярпець.
Калі ж прайшоў вызначаны час, камендант прыслаў па мяне, што здарылася ўжо аполудні. Тут мне ўпершыню выпаў гонар сядзець з ім за сталом. Пакуль елі, ён ласкава гутарыў са мною пад віно, ні словам, аднак, не акінуўшыся, што ён думае са мною зрабіць, a мне таксама не да гонару было загаворваць пра гэта першаму. Калі мы паабедалі і я добра-такі захмялеў, ён сказаў: «Дарагі Лавайчык, з майго пісьма табе вядома, пад якім прэтэкстам я затрымаў цябе; па праўдзе сказаўшы, няма ў тым нічога супрацьпраўнага альбо неадпаведнага рэзону ваеннаму, бо ты сам прызнаўся і мне, і палкавому суддзі, што раней служыў на нашым баку пры галоўнай арміі, таму табе трэба адважыцца перайсці на службу пад маю каманду; a з часам, калі ты будзеш паводзіцца добра, я паспрыяю твайму павышэнню ў чыне, пра што ў імператарскім войску ты і марыць не мог бы. У іншым выпадку не наракай, калі я зноў пашлю цябе да таго самага падпалкоўніка, y якога цябе паланілі драгуны». Я адказаў: «Высокашаноўны пане палкоўнік (бо на той час яшчэ не было звычаю жаўнераў Фартуны называць «Ваша Міласць», хай яны нават хадзілі ў палкоўніках), я спадзяюся, што паколькі я ніколі не прысягаў ні шведскай кароне, ні яе саюзнікам, ні тым больш памянёнаму падпалкоўніку, a быў толькі памагатым y конюха, дык я не забавязаны ўступаць y шведскую службу і парушаць прысягу, якую я даў імператару Свяшчэннай імперыі; таму пакорліва прашу высокашаноўнага пана палкоўніка добрае волі вызваліць мяне ад такога навербавання».— «Што? — сказаў палкоўнік.— Значыцца, вы гардзіце шведскай службай? Вам варта ведаць, што вы ў мяне ў палоне і, перш чым я пушчу вас y Зёст служыць непрыяцелю, я хутчэй учыню над вамі новы суд альбо згнаю ў турме; вось пра што вам трэба найперш памазгаваць». Я хоць і спалохаўся гэтых слоў, аднак і не падумаў пра капітуля-
«Носьбіт радасці і міру рыцар-паштар». Сярэдневяковая гравюра
цыю, a адказаў: «Хай аслоніць мяне Бог ад такое гарды, як і ад парушэння прысягі. Што да астатняга, дык застаюся пры найпадданейшым спадзяванні, што пан палкоўнік, вядомы сваёй пачцівасцю, учыніць са мною, як з жаўнерам».— «Так, так,— сказаў ён,— я выдатна ведаю, што трэба зрабіць з вамі, бо намераны правесці працэдуру з усёй строгасцю, але лепей будзе, калі вы добра падумаеце, каб y мяне не было прычыны рабіць інакш». Пасля гэтага мяне зноў завялі ў каземат.
Кожны лёгка здагадаецца, што тае ночы я не спаў, перабіраючы ўсялякія думкі. Раніцай зайшлі да мяне некалькі афіцэраў разам з карнэтам, які паланіў мяне, пад тым блізірам, каб забавіць час, a насамрэч, каб паведаміць мне, што палкоўнік нібыта намерыўся ўчыніць нада мною суд, як над ведзьмаром, калі я не перамяню свайго намеру; яны, такім чынам, хацелі запалохаць мяне і разведаць, што тут за мною крыецца. Але як што я натхняўся сваім чыстым сумленнем, дык прыняў усё спакойна і быў маўклівы,