• Газеты, часопісы і г.д.
  • Авантурнік Сімпліцысімус  Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Авантурнік Сімпліцысімус

    Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 415с.
    Мінск 1997
    128.03 МБ
    зусім нялёгка ўвесці ў змусту, як, скажам, дочак подлапародных мяшчан; і калі я думаў, як цяжка яна мне дастанецца, дык гэта ўводзіла мае пахаценні ў яшчэ большы верад.
    Зорка, якая ўпершыню прывяла мяне да яе, была такая самая, як і тая, якую ў першую пару года насілі ўсе шкаляры ў гонар таго незабыўнага дня, калі тры вешчуны, ідучы за такою самаю, прыйшлі ў Віфляем; спачатку я палічыў гэта спрыяльнай азнакай, бо яна свяцілася ў пакоях памянёнай паненкі, калі яе бацька паслаў па мяне. «Mon­sieur,— сказаў ён мне,— нейтралітзт, якога вы трымаецеся, стаўся прычынаю таго, што я запрасіў вас да сябе, бо я збіраюся ўладзіць тут адну справу паміж тымі і другімі, дзеля чаго патрэбен бесстаронні сведка». Я падумаў, што ён намышляе нешта няма ладу якое важнае, бо на стале былі пісьмовы прыбор і папера, таму я з самай паслужлівай гатоўнасцю прапанаваў сябе на любы пачэсны інтэрас, дадаўшы пры гэтым адмысловы камплімент, што, бачыце, я мецьму сабе за высокі гонар і шчасце саслужыць яму службу. Аднак гэта было ўсяго толькі, як яно было ў звычаях y многіх мясцінах, уладкаванне «Каралеўства», бо якраз надыходзіў Дзень Трох Каралёў, прычым мне трэба было сачыць за парадкам і раздаваць паводле жэрабя пасады без увагі на тое, што каму выпадзе. Да справы гэтай быў таксама прыстаўлены камендантаў сакратар; памянёны падпалкоўнік загадаў даставіць віна і цукерак, бо ён быў не абы-які выпівоха, ды і час ужо быў павячэрні. Сакратар пісаў жэрабкі, я выклікаў імёны, паненка, якая пусціла карані ў маё сэрца, цягнула цыдулкі, a бацькі глядзелі на ўсё гэта; мне няма ахвоты падрабязна апісваць, як яно ўсё пайшло, але я ўсё-такі пазнаёміўся з ёю тады. Яна паскардзілася на доўгія зімовыя ночы і намякнула, што я, каб скараціць іх, мог бы часам заскочыць на цяпельца, бо без таго ў яе не дужа, каб шмат было занятку. A гэта акурат тое, чаго я даўно хацеў.
    3 таго самага вечара, хоць я зусім мала ведаў гэтую паненку, я зноў пачаў угоньвацца з паклееным дубчыкам за птушкаю і балансаваць на канаце,— a хай і сама паненка, і яе бацькі падумаюць, што я ўзяў на прынаду, хоць на сур’ёзе не рабіў і палавіны таго, што рабіў, a забягаўся толькі пра тое, каб згуляць вяселейка, застаючыся ў нежанацці. Пад ноч, выбіраючыся да яе, я заўсёды намашчваўся, бы тая ведзьма, a ўдзень корпаўся ў любоўных кніжках, выдалікатніваючыся ў пяшчотных пісьмах да сваёй каханай, як калі б жыў за сто міль ад яе і не бачыўся з
    ёю некалькі гадоў. Нарэшце я стаў трымацца ў іх проста, бо бацькі яе не вельмі заміналі мне ў залётах, a яшчэ і ўпрошвалі навучыць дачку іграць на лютні. Тут ужо я атрымаў свабодны доступ y яе пакоі як удзень, так і вечарамі, так што перакроіў на новы лад свае старыя рыфмоўкі:
    Толькі я і кажаны
    Палюбілі змрок начны,—
    склаў песеньку, y якой славіў сваё шчасце, якое падарыла мне не толькі некалькі прыемных вечароў, але і радасныя дні, калі я пры каханай магу наталіць свае вочы і даць асалодку сэрцу. Наадварот, y той самай песні я бедаваў па сваёй долі, якая напаўняе гаркотай мае ночы і не дазваляе праводзіць іх, як дні, y любоўных бавах! I хоць гэта была пэўная вольнасць, я ўсё ж напяваў сваёй мілай песеньку, пяшчотна ўздыхаў і пацвельваў мелодыяй, і лютня мне вельмі спасаблялася, я не адступаўся і ўпрошваў паненку, каб і яна паспрыяла мне праводзіць ночы гэтак сама шчасліва, як і дні. Аднак атрымаў даволі цвёрды адпор, бо яна была дужа вострая на розум і ўмела ветліва запыніць усе хітрыкі, на якія я ішоў таксама з вялікай пачцівасцю. Я рашыў на будучае мець гэта на ўвазе, каб не ляпнуць чаго пра вяселле, a як што пра гэта гаворка ўжо заводзілася, дык я ўсе свае словы паставіў на двухсэнсавы завод. Гэта неўзабаве змеціла замужняя сястра маёй паненкі і пачала ўсяляк заважаць мне і маёй мілай, каб мы так часта не заставаліся сам-насам, як бывала, бо яна добра бачыла, што яе сястра пакахала мяне ўсім сэрцам і што такая любошча рана ці позна слязьмі апалошча.
    Няма патрэбы падрабязна апісваць усе дурасці маёй фацэціі, бо такімі апісаннямі поўныя ўсе любоўныя кніжкі. Будзе з мяне, калі ласкавы чытач мой уведае, што спачатку я дасягнуў таго, што цмокнуў маю цацачку, a потым адважыўся і на розныя іншыя прыбабунькі; гэты жаданы працяг маёй гульні я аздабляў рознымі прыемнымі падбадзёркамі, пакуль мая любасная не ўпусціла мяне ўначы да сябе, дзе я ладненька ўмасціўся ў яе пасцельцы, быццам вечна ў ёй быў. I як што кожны ведае, што і як бывае пры такіх прыгодах, дык чытач можа падумаць, быццам я ўчыніў якую-небудзь непатрэбшчыну. Ды не ж, усё было якраз патрэбнае! Я хоць і добра ведаў, па што прыйшоў, бо мне было не ў навіну такім чынам скрашваць жаночыя нуды, a і ведаў, што і дзе трэба шукаць. Але тут усё было напуста, усе мае любоўныя падахвоткі на глум пайшлі, усе мае абяцанкі былі прынятыя за пустыя цацанкі. Я сустрэў
    такі супор, якога аніяк не мог спадзявацца, бо ўсе яе думкі былі скіраваныя толькі на захаванне дзявоцкага гонару і на сумленны шлюб, і, хоць я самымі страшнымі клятвамі прысягаўся ёй ажаніцца, яна не захацела дапусціць мяне да сябе раней шлюбу; аднак жа дазволіла паляжаць каля яе ў ложку, дзе я, зусім змучаны такою дакукаю пад канец — вось бачыце: дабрэла, дабрэла дый палепшала — ціхамірна заснуў. Але мяне чакала вельмі непрыемная пабудка, бо a чацвёртай раніцы каля ложка ўжо стаяў падпалкоўнік з пістоляй y адной руцэ і свечнікам y другой. «Краат! — загарлаў ён свайму слузе, які таксама стаяў побач з голай шабляй.— Хутчэй, краат, кліч сюды папа!» I ад гэтага крыку я прачнуўся і адразу скеміў, y якой я пахібе. «Вой бяда! — падумаў я.— Табе прыйдзецца паспавядацца, перш чым ён цябе прыкончыць!» У мяне паплылі жоўтыя і зялёныя плямы перад вачыма, і я не ведаў, ці мне іх расплюшчваць шырэй, ці заплюшчыць зусім. «Ах ты, басярно! Ах ты, пахлебнік ліхі! — сказаў ён мне.— I я застаю цябе, калі ты бэсціш мой дом?! I хто мне слова закіне, калі я скручу табе вязы і гэтай вось проблядзі, якая скурвілася з табою? Ах ты, гіцаль паганы, дарваўся да сукі, дапаў да сцягна! Трымайце мяне, a то я вырву яму сэрца з грудзей, пасяку на дробныя кавалкі і сабакам выкіну!» Ён скрыгатаў зубамі і закочваў вочы, як звер кручаны. Я не ведаў, што тут утачыць, каб выдрапацца з бяды, a мая суложніца, якую ён таксама крыў удоўж і ўпоперак, уся перавялася, румзаючы і хлюпаючы. Нарэшце, калі мне крыху адлегла і я памкнуўся нешта зварызгаць пра нашую нявіннасць, ён загадаў мне заткнуць гарлапашыну і не хацеў слухаць ні слова; і я мусіў маўчаць і слухаць яго аднаго, бо яго зноў прарвала — каб яму зарвала! — што ён, бачыце, ва ўсім мне даверыўся, a я вось, замест каб, усе святыні патаптаў, усё сплюгавіў, як ніхто на свеце. A тут надбегла і ягоная жонка і сваім цягам завялася, ды так, што каб ёй заняло, лепей ляжаў бы я ў крапіве, чым пад яе языком; і я думаю, вантробы ад’ела б, каб краат не прывёў святара.
    Пакуль той не прыйшоў, я некалькі разоў памыкаўся падвесціся, але падпалкоўнік — ані прыступу, з грознай мінай прымушаў мяне заставацца ў ложку, і мне давялося спазнаць, як яно бывае, калі хлопца кураж пакідае, калі заспелі на гарачым, і што на сэрцы ў збродніка, калі яго схопяць y чужым доме, мала што ён яшчэ нічога і не ўкраў. I я ўспомніў той мілы час, калі мне сустрэўся такі самы падпалкоўнік з двума краатамі і як я іх трох турнуў к
    чартаматары, a цяпер вось ляжаў, як валух пакладаны, і не хапала мне адвагі і рызыкі завярнуць языком, не тое каб кулакамі. «Скіньце толькі вокам, святы войча! — сказаў ён.— Разлегліся! Як вам падабаецца такі спектакль, на які я змушаны запрасіць вас y сведкі маёй ганьбы!» I ледзь толькі вымавіў гэтыя словы, як зноў пачаў бушаваць і свет дагары нагамі класці, я толькі і чуў, як скручваюць вязы і рукі ў крыві мыюць. У яго з пашчы біў шум, як y япрука пад швайкай, аж здавалася, быццам яму мазгі завярнула, аж кожнае хвіліны я чакаў: «Вось цяпер ён і ўсмаліць табе кулю ў мазгаўню!» A святар усімі праўдамі і няпраўдамі ўмаўляў і лагодзіў яго, што не, не здарылася нічога такога да смерці непапраўнага, каб усё жыццё каяцца, ну, пабавіліся дзеткі, ну і перасталі... «Што ж? — сказаў ён.— Хай даверыцца пан падпалкоўнік свайму светламу розуму і згадае прымаўку: што б ні сталася, a каб на радасць бралася. Гэтая цудоўная пара, роўную якой наўрад ці знойдзеш другую ва ўсёй краіне, ну, не датрывала, але ж не першая і не апошняя падупала неадольнай сіле кахання, памылка, якую яны абое зрабілі, a гэта толькі памылка і нішто іншае, можа быць імі самымі лёгка папраўлена. Праўда, я не лічу пахвальным ладзіць вяселле такім чынам, аднак юная пара не заслужыла сваім учынкам ні шыбеніцы, ні калесавання, і пан падпалкоўнік не павінен праз гэта чакаць сабе нейкага паганьбення і няславы, калі зроблены ўчынак, пра які яшчэ ніхто не ведае, ён захавае ў тайнасці, даруе і дасць згоду спалучыць дзетак шлюбам, замацаваўшы яго звычайным парадкам y храме Божым».— «Што? — залямантаваў той.— Дык я павінен яшчэ замест заслужанай кары выстрэнчваць вясельныя банкеты і мець сабе гэта за гонар? Ды я да светлага дня загадаю звязаць іх і ўтапіць y Ліпе! Вы павінны вось тут, адразу, увязаць іх шлюбам, дзеля таго я і пасылаў па вас, альбо паперадушваю іх y гэтым вось ложку!»
    Я падумаў: «Ну што тут зробіш! Вось што такое — птушачка, еж, альбо саменькая ў кулеш! I, зрэшты, яна такая дзяўчына, што табе няма чаго саромецца, a калі ты азірнешся на свой род, сам убачыш, што наўрад ці ты варты сесці там, дзе яна ставіць свае пантофлікі». I ўсё ж я бажыўся і даводзіў, як мог і чым мог, што мы не ўчынілі нічога непатрэбнага. Але мне адказалі, каб наша памаўчала і не вякала, каб не западозрылі нас y чымнебудзь благім, a такімі байкамі мы нікому нічога не дакажам. Пасля гэтага, седзячы ў ложку, мы спалучыліся шлюбам, якога нам даў памянёны святар, і як толькі тое
    сталася, мусілі ўстаць і пакінуць дом. У дзвярах падпалкоўнік абвясціў мне і дачцэ, каб мы векі вечныя на вочы не лезлі яму і не назаляліся. A я, ужо як след ачуняўшы, ужо як чалавек жанаты, навесіўшы на сябе шаблю, адказаў яму як бы жартам: «Ай, не ўцямлю я нештачкі, пане тэсцю, з якое такое рахубы нарабілі вы такога тарараму. Калі іншыя маладыя капуліруюць шлюб, дык бліжэйшыя родзічы ўрачыста вядуць іх y спальню на чыстыя посцілкі і карункі; a ваша заходзіцца як, не раўнуючы, малое, і не толькі зганяе мяне з ложка, a яшчэ і ножкаю тупае ды з дому вытурвае ўпрочкі і, замест каб узычыць мне ў сужэнстве памыснае долі, не хоча ашчаслівіць мяне радасцю сузіраць пантэсцеву мызу і яму верна служыць. Сапраўды, калі гэтакі звычай увойдзе ў моду, дык на такіх вяселлях не наскачацца плойма сяброў».