• Газеты, часопісы і г.д.
  • Авантурнік Сімпліцысімус  Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Авантурнік Сімпліцысімус

    Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 415с.
    Мінск 1997
    128.03 МБ
    Мой гаспадар быў y каменданта замест ганчака і разам з гэтым мой вартавы, бо я прыкмеціў, што ўсе мае дзеянні і ўчынкі таму вядомыя. Праўда, я не магу за гэта мець сэрца на палкоўніка, бо, калі б я быў на ягоным месцы, рабіў бы тое самае. Аднак я здолеў спрытна абярнуць усё сабе на
    карысць, бо ні разу не спамянуў пра вайсковую службу і, калі пра яе заводзілі гаворку, я трымаўся так, быццам ніколі і не быў жаўнерам, a жыву тут толькі дзеля штодзённых практыковак, за якія ўзяўся. Я, праўда, хацеў, каб абумоўленыя шэсць месяцаў прабеглі хутчэй, але ніхто не мог зразумець, каму я буду потым служыць. Кожнага разу, як я прыходзіў на камплімент да каменданта, той запрашаў мяне да стала; тут часам заходзіла гутарка, каб выведаць мае намеры, настроі і намыслы; але я за кожным разам адказваў асцярожна, і нельга было даведацца, якіх жа думак я трымаюся, так што ўсе ягоныя забегі былі марныя. Аднаго разу ён сказаў мне: «Ну, як яно ў цябе, Лавайчык? Усё яшчэ не надумаў перайсці да шведаў? У мяне якраз учора памёр фэндрык». Я адказваў: «Высокашаноўны пане палкоўнік: ці добра, калі баба адразу па смерці мужа ідзе да вянца? Дык навошта мне і рупіцца ў шведы, чаму ж бы і мне не патрываць з паўгода?» Так я ўнікаў цвёрдага адказу і чым далей, тым большую дагоду меў y палкоўніка, ён нават дазваляў мне хадзіць усюды як y самой крэпасці, так і за яе сценамі; пад канец я нават мог паляваць на зайцоў, рабчыкаў і іншых птушак, чаго ён не дазваляў нават сваім жаўнерам. Рыбачыў я і ў Ліпе, ды так удала, аж можна было падумаць, быццам я чарую ў вадзе тых ракаў і рыбу. На такія выпадкі я заказаў сабе таннае егерскае адзенне, y якім бадзяўся начамі (а я ведаў усе дарогі і сцежкі) y наваколлі Зёста, дзе адкопваў схаваныя то тут, то там скарбы ды пераносіў іх y крэпасць і рабіў выгляд, быццам рашыў назаўсёды застацца ў шведаў.
    Тою ж самай дарогай прыйшла да мяне варожка з Зёста, вешчка, і сказала: «Глядзі, сыне, ці ж бо я табе раней не казала прыхаваць свае скарбы далей ад Зёста? Магу сказаць пэўна, табе моцна пашыхавала, што ты ў палоне; бо, калі б ты вярнуўся, цябе прышылі б на паляванні малойцы, якія пакляліся забіць цябе за тое, што пэўныя дзяўчаты ўпадабалі цябе, a не іх». Я адказаў: «Як можна мяне раўнаваць, калі я ў дзяўчатах не разбіраюся?» — «Як парупіць, дык мусіш,— сказала яна,— калі ты не выкінеш з галавы сваіх цяперашніх думак, дык жанчыны папруць цябе з глумам і сорамам, куды вецер вее. Ты заўсёды падымаў мяне на смех, калі я табе што-колечы прадказвала; ці паверыш, калі я і зараз табе сёе-тое скажу? Хіба там, дзе ты цяпер, не знайшлося людзей, больш да цябе прыхільных, чым y Зёсце? Магу пабажыцца, што ты ім вельмі спадабаўся і гэтая іхняя любоў абернецца табе на шкоду, як не будзеш абачлівы». Я сказаў, што калі ёй так
    многа вядома, як яна нагаворвае, дык няхай скажа мне, што сталася з маімі бацькамі, ці сустрэну я іх калі-небудзь зноў, ды скажа не з цьмянымі напусткамі, a зразумелай нямецкай мовай. На гэта мая мілая вешчка сказала, што мне трэба распытацца пра бацькоў, калі я выпадкова сустрэнуся са сваім настаўнікам, які будзе весці на вяровачцы маю малочную сястру, і весела зарагатала, дадаўшы, што яна па добрай волі адкрыла мне больш, чым тым, якія ў яе гэтага вельмі прасілі. Пра будучае я мала ў яе даведаюся; але напаследак яна ўсё-такі хоча мне сказаць, што калі я зычу сабе дабра, дзе мне трэба быць шчодрым на подмазку і замест баб прыляпіцца да зброі. «Ах ты, малатарня,— сказаў я,— я ж толькі тое і раблю!» Яна хуценька сышла, бо я пачаў з яе смяяцца, асабліва як перад тым даў ёй некалькі талераў, бо не любіў насіць пры сабе срэбра. У мяне тады склалася немалая сума, ды яшчэ шмат дарагіх пярсцёнкаў і ўсякіх каштоўнасцяў; бо як толькі здаралася мне ад жаўнераў альбо ў раз’ездах даведацца, што дзесьці завяліся каштоўныя камяні, я адразу набываў іх, часта за палавіну цаны, якое яны каштавалі. I яны ўвесь час пануквалі мяне вярнуць іх людзям; мне трэба іх выпусціць на волю, калі я хачу карыстацца пашанай. Я ахвотна з гэтым згадзіўся, бо набраў немалое пыхі, задаваўся сваім багаццем і не баючыся паказваў яго гаспадару, які потым усюды панарасказваў усяго куды больш, чым было напраўду. A людзі здзіўляліся, дзе я ўсяго дастаў, таму што ўжо разнеслася чутка, што я пакінуў знойдзены мною скарб y Кёльне, бо карнэт, які ўзяў мяне ў палон, прачытаў распіску кёльнскага купца.
    РАЗДЗЕЛ ВАСЕМНАЦЦАТЫ
    Сімпліцы-дударык на лютні іграе, вабіць паненак, лагодай скарае
    Мой намер дасканала вывучыць за шэсць месяцаў артылерыю і фехтаванне быў пахвальны, і я разумеў гэта. Але яго было недастаткова, каб уберагчы мяне ад гультайства, якое ёсць маці многіх ліхотаў,— не было нікога, хто асцярог бы мяне. Што праўда, гультай ляжыць, a яго доля бяжыць, дык і я крукам вісеў над кнігамі, з якіх навучыўся многага добрага; аднак трапляліся ў рукі і такія, якія былі мне патрэбныя, як сабаку трава. Незраўнаная «Аркадзія», з якой я хацеў навучыцца красамоўства, была тая першая,
    якая звяла мяне ад праўдзівых гісторый да любоўных і ад сапраўдных прыгодаў да гераічных паэм. Такога кшталту кнігі я здабываў, дзе толькі мог, і калі ўжо дападаў, дык праседжваў хоць дзень і ноч, a прачытваў да канца. Яны навучылі замест рыторыкі лавіць птушак завабным клеем. Аднак гэты грэх тою парою ў мяне яшчэ не развіўся так моцна і палка, каб можна было назваць яго следам за Сэнэкам боскімі шаламі альбо, як гэта апісана Томасам Томэі ў «Садку свету» («Idea del giardino del mondo»), надакучлівай хваробай; бо, куды толькі ні вабіла мяне каханне, там я лёгка атрымліваў усё, чаго дамагаўся, таму зусім не было аніякай прычыны наракаць на лёс, як гэта рабілі іншыя бабскія лагоднікі і птушкаловы, перапоўненыя ўсялякімі фантастычнымі знібамі і крозамі, турботамі, пахацінствамі, тайнымі згрызотамі і любоўнымі ўпадамі, гневам, рэўнасцю, прагай помсты, шаленствам, слязьмі, пагрозамі, грубасцю і да пагібелі падобнымі глупствамі, і якія ад нецярплівасці зычылі сабе смерці. У мяне былі грошы, і я не даваў ім залежвацца, a звыш таго я меў прыемны голас і практыкаваўся на розных інструментах, a не захапляўся танцамі, якія ніколі не былі ў мяне ў пашане, бо не мог y іх выстрэнчвацца і ножкай выдыгаць, ды, зрэшты, і лічыў іх пустым глупствам, a сваю статную пазітуру я мог паказаць, калі з памянёным кушнерам практыкаваўся ў фехтаванні. Звыш таго ў мяне было прыгожае, як тады казалі,— выабражэнне, твар, гладкі і далікатны. То б та я прывучыў сябе да мяккай, ласкавай манеры, і жанчыны, хоць я і не прападаў па іх, самі гарнуліся да мяне, як Аўрора да Кліта, Цэфрала да Цітона, Венера да Анхіза, Атыда і Адона, Цэрэра да Глаўка, Уліса, як цнатлівая Дыяна да Эндыміёна, і нават больш, чым я таго хацеў.
    A тут якраз і Мартынаў дзень падаспеў, калі ў нас, немцаў, пачынаюцца вялікія ешчы і святыя запоі, і зацягваецца гэта часам аж да запустоў, калі ўжо што з носа капе, тое немец і ўхапе. I вось многія афіцэры і гараджане пачалі запрашаць мяне ў госці на мартынавага гуся. I тады, часта здаралася, пры такіх абставінах заводзіліся знаёмствы з кабстамі. Мая песня і гудзьба прымушалі не адну ласкава вадзіць вачамі і прыглядацца да мяне, a тады я пераходзіў да песенек любоўных, якія сам і варганіў здомыслу,— тут пачыналіся такія мілыя зіркі і спаківанні, што дайце рады — тая-іншая прыгажуня аж дурэла і міжволі ставіла мяне на высокі голд. A каб не запазычыцца і не залічыцца ў жмінды, я таксама ўшыкаваў дзве гасціны: адну афіцэрству, другую знакамітым жанчынам, і на кожнай з іх за-
    бяспечыў сабе ўпадабанасць і ў тых, і ў другіх і займеў доступ да іх, бо ўсіх гасцінна і раскошна патрактаваў. Усё гэта я ўчыняў дзеля мілых паненак, і хоць то ў той, то ў другой я і не знаходзіў, чаго шукаў, бо былі сярод іх такія, якія ці то ўжо запусціліся, ці то і праўда ўмелі сябе ў нечапанасці трымаць, адно ж абыходзіўся з усімі так, каб тыя, якія дарылі мяне большай ласкай, не падупалі благому падазрэнню, як гэта і належыцца сумленным паненкам, і каб усе думалі, што я вяду з імі толькі свецкія дыскурсы. Я ўгаворваў кожную з іх паасобку, каб яна іншых пустымі лічыла, a сябе маёй адзінай аблюбеніцай.
    У мяне было іх шэсць сінагорліц, якія кахалі мяне, a я іх узаемна, але ніводная не завалодала маім сэрцам або мной самім; y адной мне падабаліся яе чорныя вочы, y другой залацістыя валасы, y трэцяй мілая манера, y астатніх што-небудзь яшчэ, чаго не было ў другіх. Калі ж я, апрача гэтых шасці, наведваў яшчэ і іншых, дык было гэта альбо з памянёнай прычыны, альбо таму, што мне гэта было нова, a і без таго я не прапускаў нікога і нікім не пагарджаў, нават не збіраючыся ў тым месцы затрымлівацца доўга. У слугі майго, добрага такі лабідуды, было шмат клопату ў свахрайстве і каб цягаць туды-сюды любоўныя цыдулкі, і ён умеў не распускаць язык, на вочы не бразгаць і трымаць ціха і свята ўвесь мой распусны гешэфт, дык усё было шыта-крыта — цуцык здох, таму ён меў фавор y патаскушак, што, вядома ж, каштавала і мне немалых грошай, бо такім чынам я транжырыў сваёй рэпутацыяй і мог заўсёды сказаць: «Што пад барабаны ўхапіў, тое ў дуду і ўтрубіў!» I ўсё гэта я трымаў y такой тайнасці, што ніхто не мог паказаць на мяне пальцам, хіба што адзін святар, y якога я ўжо не браў для чытання залішне разумных духоўных кніг.
    РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ
    Сімпліцы прыяцеліцца без разбору, ды чуе ўжо першыя словы дакору
    Калі пераметчыца-доля хоча кагосьці пакінуць, дык спачатку падыме вышэй за неба, і мілажальны Гасподзь кожнага асцерагае ад упадку. Так яно сталася і ў мяне,— каму здалося, a на мне збылося, найшло атлуменне, і не паслухаўся я асцярогі. Я так уверыўся, што запанеласць мая тадыташняя стаіць на такім цвёрдым грунце, што ніякая нягода яго не падважыць, бо ўсе ж, асабліва сам камендант,
    былі ў шчырым заахвоцці да мяне. Прыхільнасць y тых, хто быў y яго ў ласцы, я здабываў усялякімі ўзычкамі іхняму гонару; слуг ягоных браў на свой бок шчодрымі дарункамі; a з тымі, хто быў вышэйшы за мяне, брудэршафціў і кругластоліў, даваў заруку на вечнае пасяброўства, a простыя жаўнеры і мяшчане дабраволілі мне, бо з кожным я ўмеў гаварыць па-сяброўску. «Ах, які мілы чалавек,— казалі яны часта,— гэты Лавайчык; і з малым на дварэ паталкуе, і старога ўважыць, і душы не дастане, і мёрзлай сучцы ўцісне!» A злаўлю, бывала, зайца ці рабчыка, пасылаю на кухню тым, чыю дружбу хацеў зыскаць, a напрасіўшыся на госці, прыносіў гасцінца і добры глык віна, якое на тым часе каштавала вой-вой, адным словам, усё як бы яно і сполам, a бальшыня выдаткаў клалася на мае плечы. I калі на такім патрактунку я заводзіў з кім-небудзь гаворку, дык вёў толькі пра тое, што таму было любасна слухаць, умеў кожнага падахвоціць, a сябе прапусціць, a ўжо ж сам такую пакору ўдаваў, як бы ніколі з сябе фігуранта не строіў і ніякай гардзелі не знаў, хоць і добра ведаў, што на вайне гэта — не асуда. I як што ўсім гэтым я здабыў сабе агульнаўсіхнае ўпадабанне і ўсе ставілі мяне няма ладу як высока, я і падумаць не мог, што Фартуна і ёсць якраз тая, што хвастом матая, і што можа наехаць якоесь няшчасце, тым болей што торба мая не змалела.