Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 415с.
Мінск 1997
РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ
Сімпліцы надыбаў на скарб чароўны, вяртаецца ў Зёст з торбаю поўнай
Былі ў мяне два выдатныя кані, уся мая радасць і ўцеха, якая толькі на свеце ёсць.
Кожны дзень, як толькі выдавалася вольная хвіліна, я выязджаў на іх на манежную ці проста на вольную ездню; і не таму так рабіў, што была патрэба аб’язджаць іх, a каб людзі пабачылі і падзівіліся, якія ў мяне шыкоўныя дрыганты. A калі я ці, лепей сказаць, конь гарцаваў на поўную цудоту сваю па вулцы, a дурны люд лупіў вочы і хлястаў языкамі: «Во, гля, гэта той самы Лавайчык! Ах, які ў яго конь! Ба, якое на ім пер’е!» альбо: «А гвалтачкі мае, які файны фацэт!», я так і вастрыў вуха, так і ставіў, так і цешыў слых, нібы тое сама царыца Саўская Нікаула прыпадобніла мяне да мудрага Саламона, пры ім самім седзячы. Але я, трундала, тым самым часам не чуў, што, мабыць, гаварылі пра мяне людзі разумныя і дасведчаныя альбо ж і незычліўцы. A яны ж, без пахібы, зычылі, каб я скруціў сабе карак і ножкі выпруціў, з таго каня летучы, бо ні ў чым ніяк не маглі са мною зраўняцца. A тыя, вядома, лічылі, што калі б кожнаму прыпадала па ягоных заслугах, дык будзьце пэўныя, я не быў бы будзь-будзь, вой не! Карацей, каторыя разумнейшыя, мелі мяне за маладога немысля, чыя фанабэрыя не задоўжыцца, бо і на тхара прыходзіць пара, бо ўсё гэта на крохкім і страдным падмурку лепіцца і на ненадзейнай вайсковай талані.
I калі ўжо мне самому казаць усе гэта па шчырасці, дык мушу прызнацца, што гэтыя суддзі ў расправах сваіх мелі-
такі рацыю, хай тады гэта ў мае глузды і не заходзіла, бо я мог даць добрага пытлю любому праціўніку і антаганісту, калі той са мною завядзецца,— як спраўны, круты жаўнер, хоць быў я, калі ўжо на тое, яшчэ дзіця горкае. A ўзнёсся я так высока з тае прычыны, што на тыя часы любы смаркаты плюгавец з канюшні мог застрэліць самага адважнага на свеце героя; не будзь на той час прыдуманы порах, дудзеў бы я на сваёй дудзе ды спаў бы на хамутах.
I вось так выгарцоўваючы, завёў я сабе звычку аб’язджаць усе дарожкі і сцежкі, усе равы і яры, балоты, хмызы, груды, ручаі і рачулкі, усё браць на вока і класці ў памяць, каб, калі ў будучым падвернецца якая аказія счапіцца з непрыяцелем, можна было скарыстацца мясцовасцю і ў offensive і ў défensive*. 3 такім намерам вырупіўся я аднаго разу праехацца непадалёк ад горада каля старых руінаў, дзе колісь стаяла вялікая гаспода. I я адразу падумаў: «Вось выдатнае месца, дзе можна зладзіць засаду альбо куды зашыцца, асабліва нам, драгунам, калі дапякуць райтары альбо змусяць уцякаць». Я ўехаў на двор з разваленымі мурамі, каб паглядзець, ці нельга там y разе якой пільнасці схавацца з коньмі альбо абараняцца пеша. I калі я, каб ужо ўсё агледзець як след, хацеў быў пад’ехаць да склепа, сцены якога яшчэ добра трымаліся, конь мой раптам занаравіўся, і ні ласкай, ні падсцёбкай я не мог скіраваць яго туды, куды трэба, хоць звычайна ён нічога не баяўся. Я шпыняў яго астрогамі, аж нават шкада стала, але і гэта не дапамагло, і ён не зрушыў з месца. Я спешыўся і ўзяў каня пад аброць, каб звесці яго ўніз па асыпаных прыступках, але ён пудзіўся і не ішоў. Ён з усіх капытоў упіраўся; нарэшце ласкавымі словамі і пагладжваннем мне ўдалося звесці яго ўніз, і калі я лашчыў яго і гладзіў, тут і заўважыў, што ад страху ён спацеў і ўвесь час глядзеў y кут склепа, куды ніяк не хацеў ісці і дзе я нічога не бачыў, што магло б напалохаць. A калі я так стаяў і глядзеў на каня, які дрыжаў ад страху, на мяне самога найшла такая немарасць, як калі б хто раптам схапіў мяне за валасы і выліў на мяне вядро халоднай вады. Але я не мог там нічога разгледзець; a конь пачаў паводзіцца яшчэ больш дзіўна, аж я не мог падумаць нічога іншага, як толькі што, можа, буду тут з ім разам зачараваны і будзе тут, y склепе, мне апошні канец. Таму я рашыў вярнуцца назад, але конь мой і тут заўпарціўся, a мне стала проста вусцішна, бо я ўжо і сам ледзь разумеў, што раблю. Нарэш-
У нападзенні і ў абароне (.лац.).
це паклаў на руку пістолю, прывязаў каня да моцнага бэзу (ён рос пасярод склепа), каб выйсці вонкі і там пашукаць людзей, якія дапамаглі б мне вывесці каня; і пакуль я ўсё гэта абдумваў, прыйшло мне ў галаву, a ці не схаваны ў гэтых старых мурах які-небудзь скарб, можа, якраз таму тут і нячыста. Я паверыў гэтай здогадцы, разгледзеўся, павадзіў вачмі і адразу ў тым самым цёмным куце, куды не хацеў ісці мой конь, разгледзеў, што частка сцяны, прыкладна памерам з хатні куфар, колерам і муроўкай не зусім падобная на астатняе. Але як толькі я рушыў туды, тут ува мне ўсё і забунтавала, валасы ўсталі дыба, і гэта яшчэ болып умацавала маю здагадку, што менавіта тут і ёсць спраты мінулага, менавіта тут ён і схаваны — скарб.
У дзесяць, y сто разоў ахвотней я пабыў бы ў перастрэлцы, пайшоў бы на скрут галавы, чым зведаць такую жудасць. Мяне катавалі, a я не ведаў хто, бо нічога не чуў і не бачыў. Я ўзяў з сядла і другую пістолю і хацеў быў ужо пакінуць каня і пайсці, але не мог падняцца па прыступках, бо як мне здалося, y твар дыхнула моцным парывам ветру,— вось тут якраз нібы кот учапіўся мне ў карак. Нарэшце я даўмеўся бабахнуць з абедзвюх пістоляў, каб сяляне, якія працавалі непадалёк, прыбеглі мне на выручку. Я так і зрабіў, бо больш не было ні сродку, ні надзеі на ратунак з гэтага лядашчага зачараванага месца. Я так зазлаваўся ці, правільней сказаць, спалохаўся (бо і сам не ведаў, што са мною робіцца), што, страляючы, нацэліўся якраз y тое месца, дзе, як я думаў, была закладзена прычына маёй дзіўнай прыгоды, і ўсадзіў y памянёную частку сцяны дзве кулі з такой сілаю, што прабіў дзірку, y якую можна было ўсунуць два кулакі. A калі грымнуў стрэл, мой конь заржаў і настрабуніў вушы, і гэта мяне суцешыла; не ведаю, ці тая немарасць альбо прымарока знікла, ці бедная жывёла так зарадавалася стрэлу, але мне адразу адлегла ад сэрца, і я без страху падышоў да дзіркі, прабітае маімі кулямі, і пачаў развальваць сцяну, пакуль не адкрыўся багаты поклад срэбра, золата і каштоўных камянёў, што мне і да сёння жылося б наедна, калі б я здолеў правільна ім скарыстацца. Тут было шэсць тузінаў срэбных застольных кубкаў старафранкскага вырабу, вялізны залаты келіх, некалькі кубкаў-спарышоў, чатыры срэбныя і адна залатая саланіцы, старадаўні залаты ланцуг, розныя брыльянты, рубіны, шафіры і смарагды як y пярсцёнках, так і ў іншых кляйнодах; item, цэлы куфэрак паўным-поўны жэмчугу, толькі ўжо ён і высах і выцвіў; яшчэ ў падтрухлым скура-
ным мяшэчку восемдзесят старых якімаўскіх талераў з чыстага срэбра, a яшчэ 893 залатнікі з французскім гербам і арлом, a якія гэта манеты, ніхто не ведаў, бо, як сказалі пазней, шрыфт на іх быў ужо неразборлівы. Гэтыя манеты, пярсцёнкі і кляйноды я парассоўваў y кішэні, боты, штаны і пістольную сумку, і як што я не ўзяў з сабою мяшка, бо ж выехаў толькі дзеля праездкі, дык зрэзаў з сядла шабрак, які быў пашыты з падкладкаю і мог паслужыцца за мяшэчак, і склаў y яго ўвесь астатні срэбны посуд, павесіў на шыю залаты ланцуг, сеў на каня і паскакаў да нашых кватэр. A калі я выязджаў з двара, згледзеў двух сялян, якія, убачыўшы мяне, збурыліся ўцякаць, але я лёгка дагнаў іх, бо чатыры пары ног і роўнае поле добра таму спрыялі; я спытаўся ў іх, чаго яны ўцякалі і чаго ім так страшна. Тады яны прызналіся, што ім здалося, быццам я якраз тая прымарока, якая жыве ў гэтых панскіх руінах і пераследуе кожнага, хто надта блізка падыходзіць сюды. A калі я пачаў распытвацца ў іх пра ўсе акалічнасці, яны адказалі, што ад страху перад памянёнай прымарокай вось ужо каторы год ніхто не заглядвае ў гэты двор, хіба што заблудзіць які-небудзь чужапанец. Як вядома з шырокіх пагудак, там схаваны жалезны куфар, a ў тым куфры поўна грошай, і вартуюць яго чорны сабака і праклятая Дзева; і як вядома са старога падання. ды яны і самыя чулі ад дзядоў, павінен аб’явіцца ў гэтых мясцінах заезны чужаземны шляхціц, які нічога не ведае пра сваіх бацьку і маці, ён вызваліць Дзеву, адамкне вогненным ключом жалезны куфар і завалодае схаваным скарбам. Такіх недарэчных гісторый нарасказвалі яны мне поўную торбу і дадалі, што яшчэ не чулі, каб хто-небудзь вярнуўся з таго двара, не абрабіўшыся ад смяротнага страху праз тую пачварную прымароку. Праўда, за іх памяці нейкія валачобнікі і закліначы хадзілі туды капаць, аднак толькі журбы набраліся, бо іх там так прынялі і турнулі, што з тае пары ні ў кога духу не хапала шукаць скарбы, асабліва як пайшла чутка, што ён дасца ў рукі толькі таму, хто ні разу не скаштаваў жаночага малака. Я сказаў, што калі так, дык ляжацьме той скарб да покату веку. «А хто ж вам сказаў, што там жыве праклятая Дзева?» Сяляне адказалі: «Некалькі гадоў таму назад адна дзяўчынка з іхняй вёскі пасвіла на лузе непадалёк ад таго месца козы. I калі адна каза адбілася і забегла на страшны двор, дзяўчынка, нічога не ведаючы пра прымароку, пабегла заняць тую казу да чарады; тут да яе і выйшла Дзева і спыталася, што ёй ту~ трэба, і калі дзяўчынка адказала, што хацела заняць казу, якая сюды
заблытала, Дзева паказала ёй поўны кош вішняў, сказаўшы: «Ідзі і вазьмі тое, што бачыш перад сабою, і звядзі сваю казу; але не вяртайся і не азірайся, каб не сталася табе бяды!» Гэтыя словы напалохалі дзяўчынку, яна як нежывая ўхапіла сем вішняў, якія, як толькі яна выйшла з руінаў, ператварыліся ў сем манет».
Пасля я спытаўся ў сялян, што ж ім самім тут было трэба, калі ўсё адно не адважыліся б зайсці ў двор. Яны адказалі, што чулі стрэл і моцны крык, вось і прыбеглі падзівіцца, што тут робіцца. A калі я сказаў, што я стрэліў, каб людзі прыбеглі дапамагчы, бо мне таксама зрабілася вусцішна, аднак я не чуў ніякага крыку, тыя адказалі: «Доўга страляць давялося б y гэтым замку, пакуль прыбег бы сюды хто-небудзь з суседзяў; і, калі папраўдзе, тут завяліся такія дзіўныя дзівосы, што мы нізавошта не паверылі б маладому панічу, быццам ён там пабываў, калі б на свае вочы не пабачылі, як ён адтуль выехаў».
Пасля гэтага ім хацелася выведаць y мяне многа ўсяго ўсякага, асабліва што там ўсярэдзіне робіцца і ці бачыў я Дзеву і чорнага сабаку каля жалезнага куфра, так што калі б я хацеў павыхваляцца, дык мог бы ім нахлусіць пад самую гічку ўсялякіх дзівосаў; але я не расказаў ім анічагусенькі, асабліва пра тое, што здабыў каштоўны скарб, a паскакаў сваёй дарогай да нашых кватэр, паглядваючы на сваю знаходку, і шчыра радаваўся.