• Газеты, часопісы і г.д.
  • Авантурнік Сімпліцысімус  Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Авантурнік Сімпліцысімус

    Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 415с.
    Мінск 1997
    128.03 МБ
    РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ
    Сімпліцы ў няроўным двабоі даў пытлю райтару — вельмі пыхліваму гіцлю
    Мая пыха падрастала разам са шчасцем, з чаго ўрэшце магло адбыцца толькі падзенне. Мы табаравалі прыкладна за паўгадзіны дарогі ад Рэнэна, калі я з маім найлепшым сябрам пачаў прасіць дазволу пабываць y гэтым гарадку, каб там крыху паладзіць зброю, і нам дазволілі. Але як што мы пастанавілі як след там павесяліцца, дык завярнулі ў найлепшы тракцір, заказалі музыкаў, каб віно і піва лепей смыкалася пад іхнія смыкі. Усё ў нас пайшло in floribus*, і нішто не спыняла нас крыху падціснуць нашыя грошы; я насклікаў прыяцеляў з розных палкоў і напускаў на сябе не менш як прынца, які валодае цэлай краінай і народам і штогод прасаджвае пропадзь грошай. Ці не таму нам і слугавалі лепей, чым кампаніі райтараў, якія таксама там банкетавалі, языкамі перакладалі і бурдолілі, праўда, не так шалёна, як мы; гэта іх заела, і яны пачалі пацвельвацца і задзірацца. «Адкуль гэта,— талкавалі яны між сабою,— y гэтых пешых шалаганаў (а яны прынялі нас за мушкецёраў, бо няма такой другой на свеце жывёліны, якая была б больш падобная на мушкецёра, чым драгуны, і калі драгун падае з каня, дык устае мушкецёр), y іх завяліся грошы?» Другі адказаў: «Вунь той запанелы сысунок раскабыліўся, як падстрэшны шляхцючок, якому мамка прыслала некалькі пфенігаў на малако, і во — разагнаўся на цэлы банкет сябрам, каб яны яго потым выцягвалі з гаўна ці пераносілі цераз канаву». Яны яўна цалялі ў мяне, мяне ж яны і мелі за падстрэшнага шляхцючка,— мне пра гэта шыкнула тракцірная служанка, але як што я не чуў сам на свае вушы, дык і не мог зрабіць нічога іншага, як з вялікага дзіва наліць замест піва поўны куфаль віна і пусціць яго ўкругавую за здароўе ўсіх сумленных мушкецёраў, і хлопцы нарабілі такога тарараму, што нельга было разабраць ні слова. Гэта яшчэ больш разабрала нашых суседзяў, і яны — y хамуты! — пайшлі ў адкрытую: «I якога
    ♦
    Тут: y значэнні «удосталь, поўніцан» (лац.).
    чорта гэты пехадрал так разбушаваўся?» Гізуйчмут адказаў: «А табе, халява зашмуляная, што да таго?» Гэта, відаць, таго моцна застрэміла, бо твар y яго быў такі страшны, так яго перакрывіла, што лепш не займай і не руш. Але тых ужо панесла, асабліва аднаго, маладога, дробненькага дзецючка, які сказаў: «А, дзе ім, загуменным дрыстунам (ён, відаць, думаў, што мы адседжваліся ў нейкім гарнізоне, раз наша вопратка не выгарала, як y мушкецёраў, якія дзень і ноч y полі), сябе паказаць? Хто не ведае, што ў чыстым полі ў баі кожны з іх стане нашай здабычай, як галубка шуляку». Я адказаў яму: «Мы бяром гарады і крэпасці і потым ахоўваем іх, a вось вы, райтары, не можаце выманіць нават плюгавага сабакі з яго пацучынай буды. Дык чаму ж бо нам і не павесяліцца ў месцы, якое больш наша, чым ваша». Райтар адказаў: «Хто майстар y полі, таму і крэпасці здаюцца; a як што мы перамагаем y адкрытых баях, дык з гэтага вынікае, што я такіх трох цыпачак, як ты, з мушкетамі разам, не толькі не баюся, a яшчэ двух на капялюш замест пер’я насаджу і толькі ў трэцяга папытаюся, адкуль ты такі рызыкант узяўся на пару пляг па голай срацы. A каб сядзеў я з табою,— дадаў ён ужо зусім глумліва,— дык раскулешыў бы гладкарыламу шляхцючку морду, каб юхай умыўся, каб ведаў, што ёсць праўда». Я адказаў яму: «Думаю, y мяне таксама знойдзецца пара пістоляў, як y цябе, і хоць я не райтар, a нешта гермафрадыцкае паміж вамі і мушкецёрамі, але ж ты бач — y дзіцяці хопіць адвагі, каб з адным мушкетам стаць супроць цябе ў адкрытым полі і пеша памерацца з такім выхвалякам, як ты, на кані з усёй тваёй збруяй і мэтлахамі».— «Ах ты, coujon,— закіпеў дзяцюк,— вахлаком будзеш, калі, як сапраўдны шляхціц, не пацвердзіш сваіх слоў». На гэта я кінуў яму пальчатку і сказаў: «Глядзі, калі ты пешы ў адкрытым полі не падымеш яе і не падасі мне, на што змусіць цябе мой мушкет, дык права і сіла мая аб’явіць цябе ўсюды тым, кім мяне абазвала тваё нахабства». Пасля гэтага мы расплаціліся з тракціршчыкам, a райтар, мой антаганісты супраціўнік, зрыхтаваў карабін і пістолі, a я мушкет; і калі ён выправіўся з прыяцелямі ў назначанае месца, дык сказаў Гізуйчмуту, каб загадзя выкапаў мне магілу. A той адказаў, што гэта ягоны клопат выкапаць магілу свайму прыяцелю; мне ж ён выгаварыў за лішнюю рызыку і шчыра сказаў, што пабойваецца, каб я не сыграў y дуду. Я засмяяўся, бо даўно ўжо абдумаў, як мне след сустрэць гэтага выдатна экіпіраванага райтара, калі ён супастатам кінецца ў адкрытым полі на пешага з мушкетам. I
    калі мы прыйшлі на тое месца, дзе мела адбыцца ўся гэтая закалотка, я заладаваў свой мушкет дзвюма кулямі, падклаў свежага запальнага труту, змазаў салам вечка на палічцы, як гэта робіцца ў абачлівых мушкецёраў, калі яны ў сырую макрэдзь хочуць уберагчы сухі трут і порах на палічцы.
    Перш чым сысціся, пастанавілі між сабою нашыя сябры, што памераемся мы на роўным полі і на такі выпадак кожны зойме адведзенае яму месца, адзін на ўсходзе, другі на захадзе, a тады ўжо няхай кожны спрыціцца, як сам хоча, каб адолець другога, як яно і след рабіць спраўнаму жаўнеру, калі ён бачыць перад сабою непрыяцеля. I ніхто з абодвух бакоў ні перад двабоем, ні падчас, ні пасля не павінен ні пасабляць свайму прыяцелю, ні помсціць за яго смерць або за магчымае калецтва. I калі мы ў гэтым далі адзін аднаму слова г перабілі рукі, я і мой праціўнік таксама падалі адзін аднаму руку і даравалі сваю смерць; гэта было самае дурное глупства, на якое толькі здольны разумны чалавек, каб даказаць перавагу аднаго роду жаўнераў над другім, нібыта ад выніку нашай д’ябальскай і ў вышэйшай ступені нікчэмнай задумы залежалі гонар і рэпутацыя тых альбо іншых, A калі я стаў на вызначаным мне месцы смертаноснага поля з двума запаленымі кнатамі твар y твар з маім антаганістам, дык зрабіў выгляд, што насыпаю стары порах; гэтага, аднак, я не зрабіў, a толькі памацаў порах на вечку мушкетнай палічкі ды ўзяў шчэпцю, як гэта звычайна робіцца; і, перш чым мой праціўнік, які ўсё гэта добра трымаў на воку, мог убачыць белае воблачка, я прыклаўся да мушкета і падпаліў упустую свой падманны порах на вечку. Мой кручаны праціўнік падумаў, што мушкет схібіў, і ашалела кінуўся напрасткі, каб паквітацца і завінціць апошнія кранты. Але не паспеў ён агледзецца, як я адчыніў палічку і зноў пальнуў і прывітаў яго такім зарадам, што і стрэл і падзенне адбыліся адначасова.
    Пасля гэтага я рэціраваўся да сваіх сяброў, якія заціскалі і зацалавалі мяне; a сябры праціўніка вызвалілі таго са страмёнаў і абышліся з ім і з намі, як тое і належыць y сумленных людзей, калі ўжо крывасць між імі пайшла, бо, датрымаўшыся ў годнасці, прыслалі мне памянёную пальчатку. Але, як толькі адчуў я сябе на вяршыні славы, явіліся з Рэнэна дваццаць пяць мушкецёраў і ўзялі пад варту мяне і маіх таварышаў. A на мяне неўзабаве наклалі ланцугі і ковы і адправілі на суд генералітэту, бо пад страхам цялеснага пакарання і нават смерці ўсякія двабоі былі строга забаронены.
    РАЗДЗЕЛ ДЗЕСЯТЫ
    Сімпліцы з пішчаляй, барылай, калодай — фартэцыяй ворага завалодаў
    Як што наш генерал-фэльдцойгмайстар стараўся за строгую ваенную дысцыпліну, я вельмі непакоіўся за сваю галаву на плячах. Тым не меней была надзея неяк выблытацца хоць бы ўжо з тае прычыны, што я ў такой ранняй маладосці паказваў крутую адвагу супроць непрыяцеля і здабыў сабе немалую славу і імя. Аднак надзея была даволі няпэўная, бо такія штодзённыя разборкі патрабавалі строгай адахвоткі на ўзорным прыкладзе. Нашыя тым часам якраз абселі моцнае пацучынае гняздо і запатрабавалі ў праціўніка здацца, але той адмовіўся, бо ведаў, што ў нас няма абложных гармат. Таму наш граф фон дэр Валь рушыў супраць памянёнага гнязда з усім войскам і, паслаўшы сурмачоў, зноў закамандаваў здачы, прыгразіўшы штурмам; аднак і гэта не дало ніякага выніку, апрача вось такога закручанага паслання:
    «Высакародны граф, etc. etc. 3 прычыны Вашай графскай Эксэленцыі я ўразумеў, чаго Светласць дамагаюцца ад мяне імем Яго Вялікасці Свяшчэннай Рымскай імперыі. Аднак Вашай Высакаграфскай Эксэленцыі ў сілу Вашай высокай эрудыцыі не можа быць не вядома, наколькі непрыстойна і ганебна гонару і званню жаўнера без адмысловай на тое крайнасці здаваць праціўніку такую пазіцыю, як гэтая; таму Эксэленцыя, спадзяюся, не будзе мець да мяне прэтэнзій, калі я запабягацьму гэтаму ўсёй маёй руплівасцю і дбаннем, пакуль зброя Вашай Эксэленцыі не змусіць мяне да іншага! Аднак калі Вашай Эксэленцыі прыпадзе нагода, недачынная да маёй пасады, зыскаць y майго нікчэмства рахманай пакоры, я застаюся
    Вашай Эксэленцыі найпакорлівейшы паслужэнец
    Н.Н.».
    Пасля гэтага ў нашым лагеры было шмат дыскусій, бо адмяняць акцыю было б неразумна, a браць умацаванне на прыступ, не прабіўшы праходу, каштавала б вялікай крыві, ды да таго ж і не без сумнення ці ўдасца ўзяць верх, ці не. A цягнуць сюды з Мюнстэра ці Гама гарматы з усім іх рыштункам — гэта шмат часу, намогаў і траты. A тым часам, як усе, і старое і малое, лезлі пад рукі са сваімі радамі і парадамі, дык і стрэліла мне да галавы неяк абярнуць гэта сабе на карысць, каб выдабыцца на волю. I я сабраў
    увесь свой цям і розум і пяць пачуццяў і добра падумаў, як бы перахітрыць ворага, бо ўсё ў нас было, апрача гармат. I як толькі даўмеўся, дзе тут шукаць рады, я і давёў да ведама майго падпалкоўніка, што прыдумаў-такі, як нам забраць тую крэпасць без тратаў і вялікіх турбацый, калі толькі я мецьму пардон і свабоду. Некаторыя старыя бывальцы пасмейваліся і казалі: «Шыбенік і за вяроўку хапаецца! Дзяцюк мае рацыйку да пана, адбрахацца думае!» Аднак падпалкоўнік і ўсе, хто мянс ведаў, прынялі мае словы за сімвал веры, a таму ён асабіста выправіўся да генерал-фэльдцойгмайстра і далажыў таму пра мой намысел, расказаўшы яму пры гэтым усё, што толькі мог і ведаў. A як што граф і да гэтага шмат чаго чуў пра Лавайчыка, дык распарадзіўся прывесці мяне і на той час зняць з мяне ковы. Калі я прыйшоў, y графа якраз быў стол, і мой падпалкоўнік расказаў яму, як я летась увесну першы раз стаяў на пасту каля брамы св. Якава ў Зёсце, і якраз пайшоў вялікі дождж з громам і бурай, a таму ўсе, хто быў y полі ці ў садзе, ратаваліся ўцёкамі, і вось y браме збілася маса людзей і коннікаў, але ў мяне ўжо тым часам хапіла клёку заклікаць варту да зброі, бо ў такой сумятні сама лёгка захапіць горад, што й не кожнаму старому жаўнеру-бывальцу прыйшло б y галаву. «Нарэшце,— сказаў далей падпалкоўнік,— прывалаклася да брамы нейкая старая, уся да рубчыка прамоклая, і, ідучы міма егера, сказала: «У мяне гэта надвор’е ўжо два тыдні ў горбе сядзела!» Калі егер пачуў гэтыя словы, a ў руках y яго быў кій, ён сперазаў старую па гарбаціне і сказаў: «Дык што ж ты, чапяла старая, не магла яго раней выпусціць? Табе што, канечне было чакаць, калі мне ў каравул?» A калі ягоны афіцэр заступіўся за тую старую, сказаў: «А так ёй і трэба; старая падла чатыры тыдні чула, што ўсе просяць-моляць спорнага дожджыку, чаго ж яна рансй добрым людзям нс адшкадавалася? Тады, можа, лепш урадзілі б ячмень і хмель!» — з чаго генерал-фэльдцойгмайстар, няма што быў чалавек даволі сур’ёзны, a от жа ад душы парагатаў. A я сабе падумаў: «Калі падпалкоўнік расказвае пра такія блазноты і вычуды, дык напэўна ж не змоўчаў і пра ўсё іншае, што я панавычвараў!» Але тут мяне прынялі.