Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 415с.
Мінск 1997
Неўзабаве я яшчэ лепей разгледзеў, што палкоўнікаў пісар страшэнна зайздросціць майму новаму брату, бо быў занепакоены, каб яго не апярэдзілі ў прэтэнзіях на сакратарскае месца; я добра бачыў, як ён часам засмучаўся, як яго гняла злосць, як ён уздыхаў y цяжкім роздуме, калі ба-
чыў старога альбо маладога Хэрцбрудэра. 3 гэтага я заключыў і не сумняваўся, што ён каваў планы, як падставіць нагу, як паваліць суперніка. 3 добрай ласкі і братэрскай вернасці я расказаў свайму прыяцелю ўсё, чаго апасаўся, каб ён мог хоць неяк засцерагчыся ад гэтага Юдавага братанца. Але ён усё гэта прымаў на лёгкую вагу, бо пераважаў таго пісара як пяром, так і шпагай, a апрача ўсяго таго меў ласку і прыхільнасць палкоўніка.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДРУП
Сімпліцы бачыць, як праз закляцце чалавека можна ўвесці ў няшчасце
Як тое ёсць ужо звычаем на вайне, старых вопытных жаўнераў ставяць прафузамі*; дык вось і мы ў сваім палку мелі аднаго такога, ды з такога шумавіння, такога пацяробка і ачоса, такога кандовага мардаварота, пра якога можна сказаць, што ўжо спанатраны ў розных справах больш чым трэба; ён быў сапраўдны чорных штук майстар, чарнадзей — чорную курыцу поначы дасочыць і нячыстым закляне, a сам жа сабою не тое каб са сталі, a такі дзяцюк, што і каго хоч стрымаць мог і паставіць y поле гуф** райтараў здольны быў. Ягоны партрэт можна пабачыць y натуры, калі ўявіць сабе, як мастакі і паэты падаюць Сатурна, без таго, вядома, што не было ў яго ні касы, ні драўляных ног. I хоць небаракі-жаўнеры, якія ірапляліся ў яго бязлітасныя рукі праз гэтую ягоную ўласцівасць і вечную прысутнасць, давалі яму самую знішчальную ацэнку, былі і такія людзі, якія ахвотна вадзіліся з гэтай пачварынай, асабліва Олівер, наш пісар; і чым больш закіпала ў ім зайздрасць да маладога Хэрцбрудэра, які быў вельмі прыветлівага нораву, тым большай была і даверлівая прыязнасць паміж ім і прафузам. 3 гэтага я вельмі лёгка зрабіў выснову, што ад суполкі Сатурна з Меркурыем ніякага дабра нашаму міламу Хэрцбрудэру не будзе.
Якраз тою парою мая палкоўнічыха была ўшчаснена сынком, і з нагоды хрэсьбінаў наладзілі каралеўскую гасціну, на якую, каб памагчы ў абслузе, папрасілі прыйсці і маладога Хэрцбрудэра; і калі ён з ветлівасці ахвотна
Вайсковы наглядчык над вязнямі і выканаўца судовых выракаў; profous (лац.), адсюль — прафос, прахвост.
** •
Конны атрад (сіпар. бел).
згадзіўся, таму Оліверу далася ў рукі нагода паказаць свету свае падступныя штукі, якімі ён даўно быў цяжарны. I вось, калі ўжо па гасціне выявілася, што прапаў вялікі пазалочаны кубак майго пана, якога яму вельмі не хацелася проста страціць, бо ён жа яшчэ стаяў на стале, калі ўсе госці разышліся. Пахолак сказаў, праўда, што апошні раз ён яго бачыў y руках y Олівера, але той не прызнаў гэтага. Гукнулі даць рады прафуза, a нішкам яму, дарэчы, было сказана, каб ён сваім умельствам вывеў на святло крадзеж так, каб злодзей стаўся вядомы адной толькі пані, бо тут былі палкавыя афіцэры і не дужа былі б радыя, калі б сярод іх агнездавалася ганьба.
Усе ведалі пра сваю невінаватасць, усе мы весела пайшлі ў вялікі палкоўнікаў намёт, дзе чарадзей меўся даследаваць справу. Усе пераглядваліся, стараючыся адгадаць, як усё павернецца і дзе той кубак аб’явіцца. Калі прафуз прамармытаў некалькі слоў, тут раптам пачалі выскокваць — y аднаго тут, y другога там, адно, два, тры, вой, шмат-шмат шчанюкоў з калашын, рукавоў, ботаў, прарэхаў, з усіх прарэзаў y вопратцы. Яны шнарылі тут, там, па ўсім намёце, усе яны былі прыгожыя, розныя, і кожнае пасвойму размаляванае, так што атрымаўся вельмі вясёлы спектакль. A мне ў мае вузкія краацкія цялячыя штонікі столькі паналазіла гэтых начараваных шчанюкоў, што я мусіў скінуць штонікі, a як што мая кашуля яшчэ ў лесе сатлела на целе, дык я стаяў голенькі, і ўсе бачылі, што там y мяне спераду і ззаду. Нарэшце адзін шчанюк выскачыў з прарэхі ў Хэрцбрудэра, шчанюк самы ўвішны з залатым нашыйнікам; ён паглытаў усіх астатніх шчанюкоў, колькі іх тут, y намёце, валтузілася, што нагой не пераступіць. I калі ён управіўся з усімі, не стаў ні большы, ні меншы, затое абручык на шыі пачаў павялічвацца і нарэшце ператварыўся ў палкоўнікаў кубак.
Тут ужо не адзін толькі палкоўнік, a ўсе ў намёце здагадаліся, што кубка ўкраў не хто там хто, a менавіта малады Хэрцбрудэр; і палкоўнік сказаў яму: «Бачыш вось, ты няўдзячны госць, ці ж заслужыўся я сваім дабрадзействам на такі крадзеж, якога я ніколі не чакаў ад цябе? Глядзі, я ж толькі-толькі хацеў зрабіць цябе з заўтрага сваім сакратаром, аж бач, ты заслужыўся, каб яшчэ сёння я павесіў цябе, што несумненна і было б зроблена, калі б я не паважаў твайго старога сумленнага бацьку. Выбірайся хутчэй прэч з майго табара і, колькі жыцьмеш, не паказвайся мне на вочы!» Хлопец хацеў перапрасіцца, але хто ж яго слухацьме, калі злачынства вось яно, было яснае, як божы
дзень; і калі ён пайшоў, старому добраму Хэрцбрудэру зусім зрабілася блага, ён самлеў, і давялося яшчэ доўга адхукваць яго і даводзіць да памяці, і нават сам палкоўнік суцяшаў яго і казаў, што пабожны бацька не павінен аж так убольвацца за сваё няздарнае дзіця. Так Олівер з д’яблавым падсобкам здабыў тое, чаго так даўно прагнуў, але чаго не мог дасягнуць сумленным спосабам.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ТРЭЦІ
Сімпліцы дае Хэрцбрудэру сто дукатаў і развітваецца, як з родным братам
Як толькі пра гэтую прыгоду даведаўся Хэрцбрудэраў капітан, ен адразу адабраў y яго пісарскае месца і выдаў яму пікавую масць, і з гэтага часу ім усе так пагарджалі, што любы сабака мог задраць на яго ножку, аж ён хацеў нават лепей памерці, чым жыць. Старому бацьку так далегла ад усяго гэтага, што ён даўся ў нядугу і ўжо рыхтаваўся да смерці. Як ён напрарочыў сабе, 26 ліпеня (а дзень гэты ўжо набліжаўся) ён стане перад пагрозай жыццю і здароўю, дык стары папрасіў y палкоўніка дазволу яшчэ раз пабачыцца з сынам, каб даць яму апошні бацькоўскі наказ і выказаць сваю апошнюю волю. Я быў сведкам іхняй сустрэчы, трэцім удзельнікам іхняй журбы. I я ўбачыў, што сыну не было ў чым апраўдвацца перад бацькам, бо бацька добра ведаў яго лагодны нораў і далікатнае выхаванне і быў пэўны за яго поўную невінаватасць. Ён, як чалавек мудры, кемны і глыбакамысны, лёгка вылічыў, што Олівер уладзіў лазню ягонаму сыну з прафузавай дапамогай; але што ён мог паставіць супроць чарадзея, якога толькі ўвядзе ў лішнюю злосць, калі той западозрыць спробу помсты? Да таго ж ён ужо прадбачыў сваю смерць і не мог памерці незаспакоены, душою няўрымшчаны, пакінуўшы сына ў такой ганьбе, y якой і сын жыць не мог, a таму прагнуў памерці раней за бацьку. Была такая скруха глядзець на гэтую болесць, што я шчыра заплакаў.
Нарэшце рашылі ў цярпенні і пакоры даверыць сваю долю Богу, a сын павінен быў падумаць пра сродкі на дарогу, як бы іх дастаць y сваім атрадзе і пашукаць свайго шчасця ў іншым месцы. Калі яны як след усё прыкінулі і ўзважылі, тут і выйшла на святло, што не хапае грошай, каб адкупіцца ад капітана, і пакуль яны тужылі і бедавалі, y якую нагоду загнала іх беднасць, як яна абцяла ўсе іхнія
надзеі палепшыць іх лёс, я ўспомніў пра свае дукаты, якія ўсё яшчэ насіў y асліных вушах, папытаўся, колькі ім трэба ў іхняй крайняй патрэбе. Малады Хэрцбрудэр сказаў: «Калі б хто прыйшоў і прынёс нам сто талераў, дык думаю, я выкараскаўся б з усіх маіх нягодаў». Я адказаў: «Браце, калі табе гэта дапаможа, дык я шчырай душою; я дам табе сто дукатаў».— «Ах, браце,— адказаў ен зноў,— што з табою? Альбо ты сапраўды дурны, альбо такі легкадумны, што яшчэ і збыткі строіш з нашае глыбокае жальбы?» — «Ды не ж,— сказаў я,— я табе зараз дам грошы»,— сцягнуў сваю камізэлю і дастаў адно вуха з рукава, распароў яго, адлічыў роўна сто дукатаў і аддаў яму; астатняе пакінуў сабе і сказаў: «А гэтымі я хачу памагчы твайму хвораму тату, калі яму будзе патрэба». Тут яны кінуліся мне на шыю, пацалавалі і ад радасці самыя не ведалі, што рабілі, называлі мяне анёлам-збаўцам, якога паслаў сам Бог на суцяшэнне, хацелі пакінуць мне паперу, каб ёю запэўніць мяне, што разам з сынам я стануся таксама спадкаемцам альбо што яны мяне, калі Бог спасобіць ім дастацца да сваіх, адшкадуюцца гэтакай самай сумай разам з інтэрасам і з вялікай падзякай, але я нічога не прыняў, a толькі цалкам даверыў сябе іхняй дружбе. Малады Хэрцбрудэр хацеў прысягнуць, што папомсціць Оліверу альбо сам памрэ. Але бацька забараніў яму гэта і сказаў, што той, хто заб’е Олівера, прыме смерць ад мяне, Сімпліцы. «Але ж,— сказаў ён,— я добра ведаю, што ніхто з вас абодвух не заб’е другога і ніводзін з вас не мае быць забіты зброяй». Потым ён настояў, каб мы абодва прысягнулі любіць адзін аднаго да смерці і ва ўсіх нягодах стаяць адзін за аднаго.
Малады Хэрцбрудэр паразумеўся са сваім капітанам за трыццаць рэйхсталераў, капітан па-добраму з ім развітаўся, a ён з астатнімі грашмі і пры добрай пагодзе выправіўся ў Гамбург, купіў сабе там два кані і ўступіў y шведскае войска добраахвотнікам-райтарам, даручыўшы мне свайго бацьку.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ЧАЦВЁРТЫ Сімпліцы расказвае, як прадказанні Хэрцбрудэраў лёс мазалём завязалі
Ніхто з палкоўнікавых людзей не прыдаўся на догляд за старым Хэрцбрудэрам лепей за мяне, і як што хворы таксама болып, можа, чым варта было, быў мною задаволены,
дык палкоўнічыха і ўсклала на мяне гэтыя абавязкі, якія далі яму шмат добрага, a ўлічыўшы, што разам з гэтым яшчэ і няблага ўклаўся лёс ягонага сына, дык з кожным днём стары папраўляўся, так што яшчэ задаль да 26 ліпеня ён ужо амаль зусім ачуняў. Але яму хацелася крыху патрымацца за хваробу, пакуль назначаны дзень, якога ён яўна баяўся, не мінецца. A тым часам да яго забягалі розныя афіцэры з абедзвюх армій, яны хацелі ўведаць сваё будучае шчасце і няшчасце, бо з увагі на тое, што ён быў добры матэматык, кеміў y планетах і быў выдатны фізіянаміст і хірамант, ягоныя прадказанні рэдка калі не збываліея; ён назваў нават дзень, калі дайшло да бітвы пад Вітштокам, таму якраз да яго і завітвалі многія, каму выпадала загроза гвалтоўнай смерці якраз на той час. Палкоўнічысе ён прадказаў, што пасля родаў яна яшчэ шэсць тыдняў прабудзе ў табары, бо да таго часу Магдэбург не будзе наш. Падступніку Оліверу, які строіў з сябе перад ім поўную нявіннасць і прыкідваўся такім добрым дурнікам, ён ясна сказаў, што той памрэ гвалтоўнай смерцю і што я, Сімпліцы, за яго смерць, калі б яна ні сталася, адпомшчу і заб’ю ягонага забойцу; таму Олівер з таго часу вельмі ставіў мяне за гэта. A самому мне стары распавёў увесь будучы распабег майго жыцця так грунтоўна, быццам жыццё маё ўжо прайшло ў яго на вачах, праўда, я не надаў гэтаму асаблівай вагі, хоць потым часта многае згадваў, пра што ён мне казаў наперад, але што ўжо альбо збылося, альбо якраз і спраўдзілася; найперш ён асцерагаў мяне ад вады, бо што менавіта ў ёй я і знайду сваю пагібель.