• Газеты, часопісы і г.д.
  • Авантурнік Сімпліцысімус  Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Авантурнік Сімпліцысімус

    Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 415с.
    Мінск 1997
    128.03 МБ
    сяча прыдуркаў. Сярод іх прыгробся адзін такі, які яшчэ летась y Ханаў трапіў y палон, служыў там, a пазней зноў перакінуўся да імперцаў. Дык вось гэты падышоў да мяне і будзе казаць: «Хо-хо, гэта ж камендантава цяля з Ханаў!» Палкоўнік распытаўся ў яго, што і як пра мяне; але хлопец не ведаў нічога такога пэўнага, акрамя таго, што я ўмею іграць на лютні, item, што крааты захапілі мяне каля крэпасці Ханаў, што памянёны камендант вельмі шкадаваў па страце, бо я быў дужа ўпраўны і дасціпны блазан. Пасля гэтага пані палкоўнічыха паслала да другой пані палкоўнічыхі, якая даволі няблага іграла на лютні і таму заўсёды вазіла інструмент пры сабе; папрасіла пазычыць лютню; лютню прынеслі, уручылі мне і загадалі іграць. Але, на маю думку, след было спярша накарміць мяне, бо запалы жывот, як y мяне, і пузатая лютня не дужа добра кладуцца ў гармонію. Так і зрабілі, і пасля таго як я добра набатаваў валляк і выпіў ладны куфаль цэрбскага піва, зайграў ім і заспяваў, што ўмеў; пры гэтым яшчэ й талдоніў налева і направа, што да галавы лезла, і такім чынам без лішняй намогі ўвёў людзям y вушы, каб паверылі мне, што я якраз y той якасці і пробе, на якую выдае мяне мая цялячая вопратка. Палкоўнік спытаўся, куды мне хацелася б далей, і калі я адказаў, што адна мне халера, пагадзіліся на тым, што я застануся ў яго за пахолка. Яшчэ ён хацеў ведаць, куды падзеліся мае асліныя вушы. «Так,— сказаў я,— калі б ты ведаў, дзе яны, рады быў бы сам начапіць іх». Але ўтоіў, што з імі сталася, бо ў іх было ўсё маё багацце.
    Наўзабаве сярод вышэйшых афіцэраў, a таксама ў курфюрсцкім і імператарскім табарах я стаў вядомы, асабліва сярод жанчын, якія ўпрыгожылі ўсялякіх фарбаў шаўковымі стужкамі маю шапачку, рукавы і абарваныя вушы, так што я нават думаю, ці не адсюль павялася сучасная мода. A грошы, якія мне далі афіцэры, я дзяліў і раздаваў; прапіваў іх да апошняга гелера з добрымі кампанейцамі і на гамбургскім і цэрбскім піве, якое мы жлукцілі вельмі смакавіта; і гэта нягледзячы на тое, што ўсюды, куды я заходзіў, я мог пачаставацца і на дурніцу.
    Калі ж мой палкоўнік расстараўся на ўласную лютню, ён рашыў, што я буду з ім вечна і што няма чаго мне бадзяцца па абодвух табарах, ён прыставіў да мяне аднаго гофмайстра, апекавацца мною, a я павінен быў яго слухацца. Гэты чалавек прыйшоўся мне па сэрцы, бо ён быў рахманы, разумны, адукаваны, добра гаварыў, але не залішне многа, a што найбольш і найлепш — вельмі богабаязны,
    багата начытаны і ўхвацісты ў самых розных навуках і мастацтвах. Ноччу я спаў y ягоным намёце, a ўдзень мусіў быць y яго на вачах. Быў ён радца і ўрадовец нейкага высокага князя, але і сам не з убогіх; але як што шведы зруйнавалі яго да нішчаты, a жонку зямля сырая прыбрала, a сын ад цяперашняй беднасці не мог выбіцца вышэй і служыў пісарам y саксонскім войску, дык і затрымаўся ў таго палкоўніка на пасадзе штальмайстра ці, правільней — канюшніка, чакаючы перамен да лепшага ў ваенных падзеях на Эльбе, калі яму заззяе сонца былога шчасця.
    РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАТЫ
    Сімпліцы ходзіць па гульнёвым полі, дзе д’ябал грэшных людзей паняволіў
    Мой гофмайстар быў хутчэй стары, чым малады чалавек, таму ён не мог праспаць цэлую ноч; гэта было прычынай, што ўжо на першым тыдні ён дасачыў мяне і добра зразумеў, што я быў не такі дурань, якога з сябе строіў, хоць і сам крыху раней заўважаў і з майго твару зрабіў зусім сваю выснову, бо няблага разбіраўся ў фізіягноміцы. Аднаго разу я прачнуўся апоўначы і задумаўся пра сваё жыццё і ўсякія дзіўныя здарэнні, я паведаў усё Богу ўсемагутнаму і падзякаваў яму за ўсе даброці, якія ён мне спасылае, за небяспекі, ад якіх ён мяне асланяе, даверыў яму ўсе свае будучыя ўчынкі і папрасіў дараваць грахі, a таксама папрасіў, каб Гасподзь літасціва вызваліў мяне з майго блазенскага ўбрання, каб міласэрнай і мілажальнай воляю сваёю далучыў мяне да іншых разумных людзей. Пасля гэтага я цяжка ўздыхнуў, лёг і заснуў.
    Мой гофмайстар усё чыста чуў, але прыкінуўся, што моцна спіць; і так было некалькі ночаў запар, пакуль ён дастаткова не ўпэўніўся, што розуму ў мяне больш, чым y каторага сталага мужа, які думае пра сябе, што-та ён, які ён адзін; але ў намёце ён не сказаў мне нічога, бо сцены былі занадта тонкія, і ён з пэўных сваіх прычынаў не хацеў, каб, да часу да пары і пакуль ён цалкам не ўпэўніцца ў маёй нявіннасці, хто-небудзь уведаў маю таямніцу. Аднаго разу я выйшаў пагуляць за табар, што ён ахвотна дазволіў, каб мець зачэпку пашукаць мяне потым і, знайшоўшы, пагутарыць са мною сам-насам. Ён, як і хацеў Ta­re, знайшоў мяне ў зацішным месцы, дзе я даваў аўдыенцыю сваім думкам, і сказаў: «Любасны мой дружа, як што
    я пастаўлены дбаць пра тваё дабро, дык цяпер вельмі рады, што магу пагутарыць з табою на самоце. Я ведаю, што ты зусім не такі дурань, якога з сябе ўдаеш, і што ты не хочаш жыць далей y такім гаротным і смяхотным стане. Калі табе дарагая мая дружба, калі ты шчыра прагнеш таго, за што кожнае ночы шчыра молішся Богу, калі адорыш мяне як сумленнага чалавека сваім даверам, тады можаш расказаць пра свае нягоды, a я, наколькі будзе магчыма, паспрыяю табе радай і чынам вылузацца з блазенскага маскараду».
    Тут я кінуўСя яму на шыю і з вялікай радасцю павёў сябе інакш, быццам прыняўшы яго ледзь не за анёла альбо прарока, які пасланы з неба вызваліць мяне з блазенскага каўпака; мы селі на зямлю, і я расказаў яму ўсё сваё жыццё; ён паглядзеў на мае далоні і падзіваваў з мінулых і будучых прыгодаў y маім жыцці, але зусім не хацеў, як сказаў, каб я ў бліжэйшы час скідаў з сябе блазенскае ўбранне, бо, як сказаў, хірамантыя падказвае яму, што фатум выракае мне вязніцу ў спалучэнні з пагрозай жыццю і здароўю. Я падзякаваў яму за яго добрую волю і за параду ды папрасіў Бога, каб ён узнагародзіў яго за сардэчнасць, a яго самога прасіў, каб мяне, забытага ўсім светам, не пакінуў y бядзе і застаўся шчырым настаўнікам і бацькам.
    Пасля мы ўсталі і пайшлі на гульнёвы пляц — гэта такое гульбовіска, дзе гуляюць y косці — касцярства! — дзе акладаюць адзін аднаго кленічамі ў тры столкі і лаянкай на пяць кален, пахершчынай, пасцяганай з усіх караблёў, карветаў і брыганцін, тонамі важанай маскальшчыны з усіх гарадскіх памыйніц і сметнікаў. Пляц быў такі вялікі, як стары рынак y Кёльне, усюды столікі, плашчы (замест сталоў), абсаджаныя гульцамі і раззявамі. Кожная кампанія мела па тры гульнёвыя косці, якім давяралася шчасце, бо гэтыя кубікі дзялілі і перадзельвалі іхнія грошы, аддаючы аднаму тое, што адабрана ў другога. I каля кожнага стала ці плашча стаяў свой шкурдзёр (вой, я хацеў сказаць «шундзер», a сказалася, можа, й правільней) — гэта такі адзін, які сачыў за парадкам, ён жа павінен быў і тварыць справядлівы суд, каб нічога такога ніякага; яны ж, шкурдзёры (цьху, зноў!), шундзеры, пазычалі грошы, столікі і косці, за што мелі свой барыш з выйгрышаў, і ў выніку выходзіла, што калі ў кожным коне ўсё адно нехта выйграваў, іх доля і іхні луп былі найбольшыя; але і ў іх, як тое шчасце ў рукі ішло, так яно і сплывала; a грошы іх не дужа казыталі — выйгравалі, прайгравалі — даставалася ўсё маркітантам альбо хірургам, бо менавіта ім найчасцей праломвалі чарапы.
    Глядзець на гэтых ёлупаў была шчырая пацеха: кожны меціў, ды не кожны цаляў, a ўсе ж ладзіліся на выйгрыш, a гэта проста немагчыма, бо ўсё выйгранае трэба браць з чужое кішэні; і хоць кожны светлай надзеяй сэрца сваволіў, a выходзіла — колькі галоў, столькі розуму, і кожная галава шукала сваю рахубу, a ў выніку на бочку — каму луста, каму пуста, хто з гразі ў князі, a хто з шаты ў шматы. A таму адны лаяліся, другія кляліся, трэція шулеравалі і шмуглявалі, чацвёртыя зноў жа шыліся ў дурні. Пераможцы рагаталі, як з гары едучы, a прайгранцы сціскалі зубы, кусалі губы; адны прадавалі адзенне ці што там y іх было каштоўнага, другія зноў адыгрывалі свае грошы; адным падавай непадробленыя косці, другія, наадварот, спадзяваліся на фалыпывыя і непрыкметна падкладвалі іх y гульню, a трэція іх вылоўлівалі, разбівалі, разгрызалі і білі морду шундзерам. Сярод фалыпывых касцей былі «галандцы»; іх кідалі нізам, унакатку, бо ў іх былі вострыя горбікі — з «пяцёркамі» і «шасцёркамі» — як хрыбціны ў худых аслоў, на якіх саджалі за правіну салдат. Былі «оберлэндцы», ім падавай баварскія горы, іх накочвай з горкі, калі хочаш выйграць. Некаторыя былі з аленевых рагоў, лёгкія зверху і цяжкія знізу. Другія залітыя «жывым срэбрам» — ртуццю альбо волавам, a яшчэ — напханыя сечаным воласам, трутам, парахнёй і тоўчаным вугалем; y тых былі вострыя рэбры, y іншых, наадварот — закругленыя, сточаныя; адны — даўжманыя барылкі, другія шырокія і пляскатыя. I ўсе яны былі вырабленыя дзеля спрытнейшага падману; і яны рашалі сваю задачу, на якую і былі нацэлены, няважна, ці іх ціхенька качаць, ці кідаць згары: супраць іх не памагалі ніякія хітрыкі, не кажучы пра такія, на якіх увогуле было па дзве «пяцёркі» ці дзве «шасцёркі» альбо, наадварот, па два разы ачко ці па дзве «двойкі». I вось гэтымі махлярскімі касцямі людзі абкрадвалі адзін аднаго, абіралі, абдзіралі і рабавалі грошы, мабыць, таксама нарабаваныя альбо ж, прынамсі, урваныя з вялікай пагрозай жыццю і здароўю альбо зысканыя якім-небудзь іншым цяжкім клопатам.
    I калі я так стаяў слупам, сузіраючы «гульбовіска», гульцоў і ўсе іхнія мудрагошчы, мой гофмайстар спытаўся, ці падабаецца мне тое, што тут робіцца. Я адказаў: «Мне не падабаецца, што тут так страшна блюзнераць і зневажаюць імя Госпада Бога, a што да астатняга, дык не магу нічога сказаць, ні так, ні гэтак, бо я ў такіх справах неабазнаны, і многае мне тут дзіўна!» На гэта гофмайстар сказаў мне: «А ведай, што гэта самае агіднае і самае пахібнае месца ў лагеры; тут дояць з людзей грошы і мар-
    нуюць свае. Як толькі хто-каторы толькі нагою паткнецца сюды, каб згуляць, лічы — ён прапашчы, бо пераступае дзесятую запаведзь, якая наказала нам — не зажадай сабе дабра твайго блізкага. Калі ты гуляеш і выйграеш, асабліва з ашукаю і фалыпывымі касцямі, ты пераступаеш сёмую і восьмую запаведзі. I можа дайсці да таго, што ты станеш забойцам ці ворагам таго, каго абыграеш, асабліва калі страта ягоная будзе такая вялікая, што ён упадзе ў галечу, y скрайнюю нэндзу, роспач ці ў яшчэ які пахібны грэх; і тут табе не ратунак, калі скажаш: «Я сумленна паклаў на кон усё сваё і сумленна выйграў», бо ўсё адно ты махляр і прыйшоў сюды з намерам пакарыстацца на шкодзе іншага чалавека. Калі прайграеш, усё адно ты саграшыў, не толькі тым, што страціў сваю маёмасць, a як багаты чалавек, яшчэ стражэй адкажаш перад Богам, бо ты напуста прамантачыў тое, што было дадзена табе і тваім блізкім на здаровы пражытак. Хто ідзе на пляц гуляць, той ідзе на рызыку страціць не толькі свае грошы, але і цялеснае здароўе, жыццё і, што самае страшнае, душэўнае выратаванне. Я кажу табе гэта, дарагі Сімпліцы, дзеля асцярогі, бо ты ж кажаш, што не абазнаны ў гульні, каб, колькі жыцьмеш, столькі асцерагаўся яе».