Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 415с.
Мінск 1997
Калі ж настала 26 ліпеня, ён наказаў мне і аднаму стралку, якога мне па яго жаданні даў палкоўнік, каб y гэты дзень мы нікога да яго ў намёт не пускалі. Стары ляжаў адзін і бесперастанку маліўся; было ўжо пад полудзень, калі прыскакаў з райтарскага табара адзін лейтэнант і папытаўся палкоўнікавага канюшніка-штальмайстра. Яго паслалі да нас, a мы яму адразу адмовілі; ды ён не паслухаўся, a папрасіў стралка ўпусціць яго да штальмайстра, з якім яму, сказаў, яшчэ да вечара мусова трэба перагаварыць. Але як што і гэта не дапамагло, той пачаў лаяцца, клясціся громам і градам, казаў, што ўжо столькі разоў меў ласку прыязджаць да штальмайстра і ні разу яго не заставаў; a як што ён вось якраз тут, дык ці не будзе яму зроблены гонар сказаць таму толькі адно слоўка; лейтэнант злез з каня і, не даўшыся, сам адшчапіў намёт; я ўкусіў яго за руку і атрымаў за гэта добрую засвістку. Увайшоўшы і ўбачыўшы майго старога, ён сказаў: «Прашу пана
дараваць мне маю дзёрзкасць, калі я скажу вам адно слова».— «Кажы,— адказаў штальмайстар,— што пану наўме?» — «Нічога,— сказаў лейтэнант,— апрача толькі таго, што я хачу папрасіць y пана, каб пану заўгодзілася зрабіць мне расклад планет». Штальмайстар адказаў: «Хачу спадзявацца, высокашаноўны пан даруе мне, што з увагі на маю цяперашнюю нядугу я пану не магу зрабіць гэтай ласкі; a як што праца вымагае вялікіх разлікаў, мая затлумленая галава сёння зрабіць іх не можа; калі ж пану не абыдзе патрываць да заўтрага, я ахвотна дам пану дастатковае адшкадаванне».— «Пане,— сказаў на гэта лейтэнант,— тады скажыце мне што-небудзь з рукі».— «Мой пане,— адказаў стары Хэрцбрудэр,— гэтая штука вельмі няпэўная і няўпраўная; таму жывым Богам прашу пана злітавацца; заўтра я ахвотна зраблю ўсё, чаго пан ад мяне жадае». Але лейтэнант не хацеў выходзіць, a падступіўся да самага ложка, сунуў яму пад нос руку і сказаў: «Пане, я прашу толькі некалькі слоў пра канец майго жыцця, скажыце, калі будзе гэтае ліха, каб я мог панавыя словы лічыць Божай перасцярогай і як мае быць лепей убяспечыцца; таму прашу, напрамілы бог, хай пан адразу і шчыра адкрые мне ўсю праўду, нічога не ўтойваючы!» Мілы старац адказаў яму на гэта коратка: «Ну што ж, будзьце тады вельмі абачлівыя, каб вас, пане, y гэтую гадзіну не павесілі».— «Што? ах ты, халабуда старая,— сказаў лейтэнант, ужо не могучы стрымаць шалу,— думаеш, ты так можаш гаварыць з кавалерам?» — выхапіў меч і закалоў майго дарагога старога Хэрцбрудэра да смерці. Я і стралок нарабілі крыку і гвалту, усе кінуліся да зброі; a лейтэнант доўга не збіраўся, адразу лахі пад пахі і — ходу; і ён напэўна ўцёк бы, калі б тут якраз не нахапіўся праездам сам саксонскі курфюрст з райтарамі; лейтэнанта дагналі і ссадзілі. Убачыўшы, як усё абярнулася, ён павярнуўся да фон Хацфэльда, нашага генерала, і сказаў літаральна так: «Дрэнная дысцыпліна ў імператарскім войску, калі нават хворы ў ложку не пэўны за сваё жыццё!» Гэта была рэзкая сентэнцыя і дастатковая, каб каштаваць лейтэнанту жыцця; наш генерал тут жа загадаў павесіць лейтэнанта за далікатную шыю і падняць яго цела ў паветра.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЯТЫ Сімпліцы — служанка; не меў турботы, як адбіваць дурныя залёты
3 гэтай праўдзівай гісторыі відаць, што не ўсе прадказанні трэба паняверыць, як гэта робяць некаторыя пустадомкі, упадаючы ў пустую гарэзу. 3 гэтага можна вывесці, што чалавеку цяжка заступіць назначаны яму кон, калі нават на няшчасце яму ўсе было прадказана загадзя і наперад. На пытанне, якое тут магло б паўстаць, a ці патрэбна, ці карысна і ці добра чалавеку, калі яму ўсе прадказана, калі разлічаны планеты, я скажу толькі тое, што стары Хэрцбрудэр казаў мне шмат разоў,— што я часта жадаў і яшчэ жадаю, каб ён утоіў, бо нешчаслівыя выпадкі, якія ўжо былі, я ніколі не змагу адмяніць і абярнуць назад, a тымі, якія яшчэ наперадзе, мы толькі дарма будзем дадаваць сівізны ў валасы праз свае марныя спробы не дапусціць іх, бо і будучыя, і мінулыя — мусовыя і няўхільныя, незалежна ад таго, прадбачу я іх альбо не. Што ж да здарэнняў шчаслівых, пра якія чалавеку гавораць наперад, дык я лічу, што часцей за ўсе яны — чысты блізір і ашука альбо, прынамсі, не такая ўжо і талань, як прароцтвы на няшчасце. Які толк з таго, што сгары Хэрцбрудэр бажыўся мне ўсімі святымі, быццам я народжаны і выхаваны высакароднымі бацькамі, калі з бацькоў я ведаў толькі татуся і мамусю, простых і нягеглых шпэсэрцкіх сялян? Item, што толку і чым дапамагло герцагу фрысляндскаму фон Валенштайну, што яму было напрарочана, быццам ен будзе каранаваны пад ігру на лютні? Хто не ведае, як ен сышоў на ліхі канец y Эгеры? Але хто хоча, таму хай і ў галаве роіцца, a я пераходжу зноў да сваёй гісторыі.
Калі я, як ужо тут расказана, страціў абодвух Хэрцбрудэраў, збрыдзеў мне ўвесь табар пад Магдэбургам, які я заўсёды называў вераўчаным горадам са стрэхамі і глінянымі мурамі. Я ўжо да смерці стаміўся і па горла быў сыты і сваім блазенскім уборам, і станам, быццам еў я ўсе гэта вялікім жалезным палоўнікам; карацей, я рашыў — не дамся, каб мяне кожнае чмурыла дурыла, а, дасць Бог, пазбудуся, як мне казаў стары Хэрцбрудэр, сваіх блазенскіх шатаў, нават калі гэта мне каштавацьме жыцця і здароўя. Правеў я гэты план самым банальным чынам, бо ніякай лепшай магчымасці проста не выпала.
Олівер, сакратар, які пасля смерці старога Хэрцбрудэра стаў маім гофмайстрам, часцяком дазваляў мне выязджаць з кнэхтамі на фуражоўку. Калі мы аднаго разу прыехалі ў
вялікае сяло, y якім ужо стаялі райтарскія вазы, і ўсе пайшлі шастаць па хатах, шукаць, што дзе на вока падвернецца, я таксама пачаў. нышкарыць, дзе б гэта выцібрыць якое старое сялянскае адзежыны, на якую мог бы памяняць сваё блазенскае. Але не знайшоў, чаго хацеў, a мусіў задаволіцца нечым там бабскім. Я надзеў яго, бо быў якраз адзін, a сваё выкінуў y прыбіральню, думаючы сабе, што з гэтай хвіліны я вольны ад усіх сваіх нягодаў. У гэтай вопратцы я пайшоў па вуліцы да некалькіх афіцэрых і ступаў, ідучы, так дробненька, як Ахіл, калі ягоная маці вяла яго да Лікамеда. Ледзь толькі я выйшаў з-пад даху, як некалькі фуражыраў згледзелі мяне і момантам дадалі маім нагам жвавасці і шустрыні. Яны закрычалі: «Стой, стой!» — a я прыпусціў яшчэ шпарчэй, быццам мяне падсмальвала геена вогненная, і першы падаспеў да тых афіцэрых; я кінуўся перад імі на калені, молячы ў імя жаночага гонару і дабрадзеўства заступіцца за маю дзявоцкасць перад гэтымі пажаднікамі, і мая просьба не толькі была ўважана, але яшчэ адна ротмайстрыха ўзяла мяне за служанку, і я тоўкся ў яе, аж пакуль нашыя не ўзялі Магдэбурга, a потым шанцы пад Вэрберам, Хавэльбэрг і Пэрлебэрг.
Гэтая ротмайстрыха не была дзіця горкае, хоць і маладая яшчэ, каб дацца ў ашуку праз мой гладкі твар і станістасць; так і гэтак, дзе намекам, дзе прыпёкам, a дзе па-нямецку ўсырамяць яна нарэшце патлумачыла, дзе ёй чаравічак цісне. Я тым часам быў яшчэ занадта сумленны і рабіў усё так, быццам нічога не заўважаў, і строіў з сябе дзяўчыну-нячэпу самага цнатлівага і пабожнага замесу. Ротмайстар і ягоны кнэхт улягалі на тую самую хваробу; таму ён загадаў сваёй жонцы справіць мне прыстойныя ўборы, каб яна не саромелася маёй грубай і простай сялянскай апраткі. A тая пайшла яшчэ далей, чым ёй было загадана, выстраіла мяне, як французскую ляльку; гэта яшчэ больш распаліла жар, і нарэшце ён так разгарэўся, што і пан і слуга на ўсю палкасць сваю жадалі ад мяне таго, чаго якраз я і не мог ім ушчырыць і ў чым з прыгожай манернасцю адмовіў нават сваёй пані. Нарэшце ротмайстар рашыў прыхапіць зручны выпадак і сілком узяць ад мяне тое, чаго яму атрымаць усё-такі было немагчыма. Гэта змеціла ягоная жонка, і як што яна ўсё-такі спадзявалася зыскаць сваю выгоду, дык перабегла яму дарогу і паблытала планы, абсекла ўсе ягоныя мацкі, аж ён падумаў, што ад усяго гэтага хутка здурэе.
Ніводнага з іх траіх мне не было так шкада, як нашага няздару-слугу, беднага дурашлёпа, бо калі пан і пані маглі
і паміж сабою ўскароміць той свой дурны пахацімчык, дык гэты бязмен такое выгоды не меў. Аднаго разу, калі пан і пані пайшлі спаць, слуга ўпрогся ў падводу, на якой я кожнае ночы спаў, з гарачымі слязьмі бедаваў над сваім горкім каханнем і горача прасіў умілажаліцца з яго. Але я ўпёрся, як кол асовы, і паказаў яму, што хачу захаваць сваю нявіннасць да самага шлюбу. I як што ён тысячу разоў згаджаўся на той шлюб, але нічога ўзамен усё-такі не атрымаў, акрамя маіх слоў, што не, што цяпер немагчыма пашлюбіцца з ім; ён зусім даўся ў роспач ці, можа, толькі хітра напусціў на сябе, бо дастаў шпагу, прыставіў вастрыё да грудзей, a тронку да воза, быццам вось-вось ужо й праткнецца наскрозь. Я падумаў — пляга яго ведае, можа, і прапорацца, з чортам благія жарты; загаварыў з ім і суцешыў, што скажу канчатковае рашэнне ўраніцы. Гэта яго супакоіла, і ён пайшоў спаць; a я не спаў, я чуваў, разважаючы пра свой дзіўны стан. I так сабе прыкінуў, што прыгода мая ўдоўжкі не развінецца на добры лад, бо ротмайстрыха чым далей, тым больш дацірае сваім юрам, ротмайстар смялее, a конюх усё больш даціскае сваім непагасным каханнем; я і сам ужо не ведаў, як мне выцерабіцца з гэтага лабірынту.
Я часта мусіў y ясны дзень лавіць блох на пані толькі дзеля таго, каб глядзець на яе алавастрава белыя грудзі, каб мацаць яе далікатнае цела, што мне — a я ж усё-такі таксама быў з крыві і плоці — доўга вытрымаць будзе цяжка. Дасць святога спакою жонка, як прымаецца за пытку ротмайстар, a калі, здавалася б, ноч прынясе збавенне ад гэтых дваіх, лезе са сваёй мілосцю слуга — так што жаночае адзенне мне ўелася ў вантробы больш, чым блазенскі каўпак. I вось тады, але ўжо занадта позна, я задумаўся над прадказаннем і перасцярогай майго святога Хэрцбрудэра і ўявіў сабе, што вось якраз я ў той самай напрарочанай турме, тут табе й небяспека жыццю і здароўю, пра якія ён таксама казаў, бо жаночая вопратка трымала мяне ў палоне, і вырвацца з яго я не мог, і ротмайстар ліхія жарты са мною згуляе, калі даведаецца, хто я такі, і калі застане мяне на лоўлі блох на сваёй жонцы. Што рабіць? I я рашыўся гэтае самае ночы адкрыцца слузе, як толькі развіднее, бо падумаў: «Яго любоўны шал астыне, a калі я адшпілю яму крыху са сваіх дукатаў, дык ён яшчэ і падбае пра мужчынскі ўбор, a тым самым паможа аслабаніцца ад усякіх закалотаў з тымі тваімі другімі». Было б гэта як усё роўна нарочна выдумана, калі б шчасцю яно заўгодзілася так; але не, не заўгодзілася.