Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 415с.
Мінск 1997
падбухторваюць цябе рабіць псоту і шкоду іншым людзям, каб утрымаць тваю ласку і ўпадабанне ды заграбаць пад сябе ўсё болей і болей».
«Ах ты, нехлямяга, ах ты, неабольнік, ах ты, агуднік! — закрычаў мой пан.— Хто навучыў цябе так языком бразгаць?» Я адказаў: «Даражэнькі паночку, ці ж я няпраўду сказаў, што ты так спачвараны сваімі крытыкамі і шаптунамі, дармаедамі і... (s. v.) гаўнаедамі, аж бо ўжо табе і рады не дасі? Тым часам людзі вельмі добра бачаць твае заганы і пахібы ды судзяць пра цябе не толькі па тваіх вынёслых і важных справах, але і ў тваіх простых учынках знаходзяць шмат чаго, каб дакараць і асуджаць. Ці ж не мала табе прыкладаў з высокімі славутымі асобамі, якія жылі за даўніх часоў? Афіняне наракалі на Сіманіда толькі за тое, што ён гаварыў надта гучна; фіванцы скардзіліся на свайго Панікула, што ён пляваў; спартанцы лаялі свайго Лікурга за тое, што ён вечна хадзіў, унурыўшы голаў; рымляне думалі, што Сцыпіёну вельмі дрэнна таму, што ў сне ён моцна хроп; ім здавалася агідным, калі Пампей пачухваўся толькі адным пальцам; Юлія Цэзара яны высмейвалі за тое, што не ўмеў прыгожа заперазаць пояс; утыцейцы плявузгалі на свайго добрага Катона за тое, што ён, як ім здавалася, занадта прагна еў, за абедзве шчокі; a карфагенцы ліхасловілі Ганібала, што той ходзіць, бачыце, расхрыстаны і з голымі валасатымі грудзьмі. Як табе здаецца цяпер, што я памяняюся з тым, хто, маючы дванаццаць альбо трынаццаць застольнікаў, падлізнікаў, лісахвостаў ды прыматкабожаных падсуседаў, мае больш за сто альбо, дапусцім, больш за дзесяць тысяч тайных альбо яўных ворагаў, плявузнікаў і зайздрослівых незычліўцаў? A яшчэ якое шчасце, якая радасць і ўцеха галаве, пад аховай якой, y клопаце і даглядзе якой жыве столькі народу? Ці ж не трэба, каб ты сам над усімі імі чуваў, турбаваўся пра іх і ўбольваўся душою, выслухваючы ад кожнага скаргі і ўсялякія бздуры? Ці ж аднаго гэтага не дастаткова, каб агрэбціся і ад непраталяў і ад сяброў? Бачу, як табе гэта бывае непрыемна і колькі ўсякай халеры на цябе кладзецца. Дарагі пане, чаго ж урэшце варціцца тая аддзяка табе? Скажы мне, што ты маеш з яе? Калі ты гэтага не ведаеш, дык хай табе скажа грэк Дэмасфен, які, пасля таго як ён, на агульную карысць усталяваўшы ў Афінах права і законнасць, адважна ацаляў і абараняў той закон, сам супрацьзаконна і несправядліва пазбыўся ўсіх правоў як чалавек, які дапусціў грознае злачынства і быў высланы з краіны і ўкінуты ў галечу. Сакрату было аддзячана атрутай; Ганіба-
лу так адплацілі свае ж прыяцелі, што ён y страшэннай нэндзы мусіў выправіцца ў свет, уцякаць і бадзяцца, як валацуга і туляга. A як заплацілі рымляніну Камілу, грэку Лікургу і Салону — першага з іх пабілі камянямі, другога, спярша выкалупаўшы яму вока, выгналі як забойцу з краіны. Сама гэтак і Майсей і іншыя святыя мужы зведалі ятру, шаленства і лютасць чэрні. A таму заставайся, паночку, пры сваёй пасадзе і пэнсіі, якую мецьмеш з яе; табе няма ніякай патрэбы дзяліцца ёю са мною; бо калі ў цябе ўсё абыдзецца, калі ўсё і закончыцца дабром, дык не атрымаеш з таго сабе анічога, акрамя ліхога сумлення. Калі ж ты захочаш паслухаць голасу свайго сумлення, дык, як чалавека няздатнага, цябе сапхнуць з тваёй пасады, нібыта ўжо і ты сам сцяляціўся».
РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ
Сімпліцы бліскуча прыкладвае голаў да мазгоў «неразумных» жывёлаў
Пад час усяго майго дыскурсу ўсе госці глядзелі на мяне і дзіву даваліся, што я выказваю такія думкі, як яны лічылі, пахвальныя нават y разумнага чалавека, калі б той так з ходу выступаў і гаварыў так мудра. A я закончыў, сказаўшы: «Таму вось, мой любасны пане, я і не хачу з табою мяняцца! Зрэшты, і патрэбы ў гэтым ніякай няма, бо крыніцы даюць мне здаровае пітво замест тваіх дарагіх вінаў, a той, каму заўгодна было пакінуць мяне ў стане цяляці, павінен умець дабраславіць мне на спажытак і плады зямныя так, каб яны мне, як Навухаданосару, не сталіся залішне нястраўнымі ў спажыванні і падтрыманні імі майго жыцця. Так, прырода яшчэ дала мне прыгожую футру, якая цябе, пэўна, проста гідзіць, віно чмурыць табе галаву і даводзіць да той ці іншай хваробы».
Мой пан адказаў: «Не ведаю, што я ў табе знайшоў; як на цяля ты мне здаешся занадта разумным; я мяркую, пад тваёй цялячай скурай павінна быць яшчэ скура добрага прайдохі». Я абурана ўгневаўся і сказаў: «Дык вы, людзі, думаеце, што мы, жывёлы, зусім ужо дурныя? A й не думайце і не мысліце. Я лічу, што калі б старэйшыя за мяне жывёлы ўмелі, як я, гаварыць па-чалавечы, вой бы яны вам утнулі. Калі вы нас зусім за дурных маеце, дык скажыце мне, хто навучыў дзікіх лясных галубоў, соек, жоўнаў і
курапатак, як ім ачышчацца лаўровым лісцем, a галубоў, горлінак і курэй — святаяннікам. Хто вучыць сабак і катоў есці росную траву, каб ачысціць перапоўнены жывот? A чарапах, каб яны лячыліся ад укусаў змеяў бледнай паганкай, a параненага аленя — бадзянам і дзікім палеем? Хто навучыў суслікаў, каб ужывалі руту, калі на іх нападае кажан або які гад? Хто навучыў дзікоў пазнаваць плюшч, a мядзведзяў мандрагору і падказаў, што гэта прыдатна ім на добрыя лекі? Хто параіў арлу знайсці арліную скалу, каб класці там свае яйкі? I хто даўмеў ластаўку лекаваць хворыя вочы сваім птушаняткам чысцікам? Хто настрэнчыў гадзюку, што калі падаспее пара скідаць скуру, дык, каб высвеціць пагаслыя вочы, трэба есці фенхель і кроп? Хто вучыць бусла клісціравацца, пелікана адчыняць сабе жылу, a мядзведзя дазваляць пчолам пускаць яму кроў, ці, так бы мовіць,— ставіць яму банькі? Што? Ды я проста настойваю, што вы, людзі, усе вашыя мастацтвы і ўмельствы перанялі ў нас, жывёл! Вы жараце і п’яце да ўпаду і да смерці; a мы, жывёлы, гэтага не робім. Леў альбо воўк, калі лішне ўтлусцее, посціцца, аж пакуль зноў не стане худы, свежы і здаровы. Хто ж тады мудрэйшы? A падзівіцеся на птаства нябеснае! Паглядзіце, як па-рознаму ў іх складзены іх цудоўныя гнёзды! A як што ніхто з людзей не ўмее пераймаць іх y працы, дык вы павінны прызнаць, што ўсе яны разумнейшыя і здольнейшыя за вас, людзей. Хто кажа летнім птушкам, калі ўвесну ляцець да нас з выраю і выседжваць дзетак, a пад восень, калі зноў трэба ляцець y цяпло? Хто назначыў ім зборнае месца? Хто вядзе іх альбо хто ім паказвае дарогу, альбо ж, можа, вы, людзі, пазычаеце ім компас, каб яны з дарогі не збіліся? Не, мілыя людцы, яны і без вас ведаюць свае дарогі, і колькі ім па іх вандраваць, і калі і з якога месца адлятаць, ім не патрэбныя ні вашы компасы, ні календары. A то яшчэ паглядзіце на рупліўца-павука, яго ж тканіна — гэта чысты цуд, подзіву варты! Паглядзіце ж, ці знойдзеце вы ў яго творы хоць адзін вузельчык! Які такі лавец альбо рыбак вучыў яго, як трэба напінаць сетку, a пасля падпільноўваць сваю дзічыну ў самым бяспечным куточку альбо ў самым цэнтры? Вы, людзі, ахаеце з крумкача, пра якога Плутарх сведчыць, што, каб дастаць вады з паглыблення, ён кідае туды столькі камення, пакуль вада не падымецца і ён тады ўсмак нап’ецца. Што вы рабілі б, калі б жылі сярод звяроў і назіралі за іх паводзінамі, учынкамі і вынікамі іх дзеянняў? Мабыць, прызналі б, што звяры маюць нейкія свае прыродныя сілы і цноты, што выяўляюцца
ва ўсіх іхніх affectus animi* і схільнасцях духу — абачлівасці, асцярожлівасці, самазапабеглівасці, моцы, мяккасці, баязлівасці, дражлівасці, улеглівасці, дзіклівасці, здольнасці вучыць і вучыцца; адзін звер ведае другога, яны адрозніваюцца адно ад аднаго, дападаюць да таго, што ім найбольш карыснае, унікаюць шкоднага, уцякаюць ад небяспекі, збіраюцца разам, калі гэта спрыяе пракорму, a часам нават дураць вас, людзей. Ці не таму старыя філосафы сур’ёзна ўзважвалі ўсё гэта і не саромеліся распытвацца і дыспутаваць — ці ёсць розум y неразумных жывёл. Але што пра гэта доўга разводзіць! Мудры цар Саламон пасылае вас да нас y школу, кажучы ў «Прытчах», 30: «Вось чатыры малыя на зямлі, але яны мудрэйшыя за мудрых: мурашкі — народ не дужы, але ўлетку назапашвае ежу сваю; горныя мышы — народ слабы, але ставяць дамы свае на скале; y саранчы няма цара, але выступае ўся яна ройна; павук лапкамі чапляецца, але бывае і ў царскіх харомах».
Але я не буду далей гаварыць пра такія рэчы; ідзіце да пчол і падзівіцеся, як яны робяць соты і мёд, a тады ўжо скажаце мне, што вы пра ўсё гэта думаеце».
РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ
Сімпліцы расказвае шмат; вы б ведаць хацелі, пра што? — прачытайце ў гэтым раздзеле
Пасля гэтай маёй прамовы ў панавых застольнікаў былі самыя розныя меркаванні пра мяне. Сакратар стаяў, што мяне трэба лічыць не кепам, a дурнем, раз я і сам сябе выдаю за неразумную жывёлу, бо тыя, каму не хапае клёпкі ў галаве, усё-такі маюць сябе за разумных, a насамрэч бываюць 'такія прыбзікнутыя, што проста чыстае дзіва дзівіцца на іх. A іншыя — што калі б не гэтыя мае фантазіі і ўявы, быццам я — цяля, альбо калі б уталкаваць мне, што я не цяля, a што зноў зрабіўся чалавекам, дык чаму ж? — можна пагадзіцца, што я дастаткова дасціпны і вынаходлівы хлопец. A мой пан сказаў: «Што да мяне, дык ён дурань, бо не баіцца казаць кожнаму праўду ў вочы; і разам з тым ягоныя дыскурсы такія дасціпныя, што як і не дурным казаныя». I ўсё гэта яны гаварылі на латыні, каб я не зразумеў. Ён спытаўся ў мяне, ці прайшоў я якія штудыі за часы, калі быў чалавекам. Я не ведаў, што такое
Душэўныя хваляванні (лац.).
«штудыі», і адказаў: «Але ж, дарагі пане, скажы мне, што гэта за «штуды» такія, што іх праходзіць трэба? Можа, так ты называеш кеглі, якія ўвогуле трэба збіваць?» На гэта адказаў кручаны фэндрык: «Ну, чаго вы хочаце ад гэтага хлопца, y ім д’ябал засеў, гэта той, y ім седзячы, брэша ўсялякія талабасы». Гэта дало зачэпку майму пану папытацца ў мяне, ці, зрабіўшыся цялём, малюся я, як іншыя людзі, і ці спадзяюся спадобіцца нябеснай даброці. «Вядома,— адказаў я,— я ж яшчэ маю несмяротную чалавечую душу, якую, як ты можаш лёгка здагадацца, не забраў яшчэ нуд па тваім пекле хоць бы таму, што ўжо аднаго разу мне там не дужа добрая дагода выйшла. Я толькі змяніўся, як калісьці Навухаданосар, але, можа, сваім часам я яшчэ зноў на чалавека выпнуся».— «Я табе гэтага вельмі зычу»,— сказаў мой пан, уздыхаючы, з чаго я лёгка мог вывесці, як ён раскайваецца, што зрабіў з мяне блазна. «Але ж пакажы нам,— сказаў ён далей,— як ты молішся?» Тут я адразу ўкленчыў, узвёў вочы і рукі да неба, як гэта рабіў пустэльнік, і як што панава літасць, якое я не мог не заўважыць, напоўніла мне сэрца ўцехай і жалем, я не мог стрымаць слёз: я маліўся, як усім было відаць, са шчырай пабожнасцю, я казаў «Войча наш» за даброці ўсяму хрысціянству, за маіх сяброў і ворагаў і каб Гасподзь Бог даў мне жыць y ягоным царстве так, каб я быў годны славіць яго ў вечным шчасці, балазе мой пустэльнік навучыў мяне патрэбным пабожнасцям. Ад гэтага некаторыя размяклыя сэрцам госці-гледачы ледзь не заплакалі ўголас ад шчырай спагады мне; нават майму пану слёзы нагарнуліся на вочы, і, як мне здалося, сам засаромеўся іх і перапрасіўся, кажучы, што, маўляў, яму сэрца кроіць напалам y целе, калі бачыць такую замаркочанасць, якая яму адразу нагадвае пра страчаную сястру.