• Часопісы
  • Барыс Кіт — Грамадзянін свету

    Барыс Кіт — Грамадзянін свету


    Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
    Памер: 432с.
    Мінск 2004
    112.97 МБ
    Па маёй просьбе доктар Кіт напісаў уступныя артыкулы для дзвюх маіх кніг, за што я бязмерна яму ўдзячны. 3 усяго навуковага свету я не ведаю іншага чалавека, да якога я ставіўся б з большай павагай і захапленнем.
    Павел Саўчанка, сябра Таварыствсі Беларускай культуры ў Вільні, супрацоўнік рэдакцыі газеты «Рунь»(Літва)
    Б. Кіт прыклад служэння чалавецтву
    Дзяцінства майго пакалення апалена жорсткай вайной, а само яно ўзгадоўвалася і выхоўвалася савецкай школай і ідэалогіяй. Мы раслі прыхільнікамі гэтай сістэмы і яе патрыётамі. Гісторыю Беларусі мы ведалі толькі з часоў Рэвалюцыі. Да гэтага часу ўсё было пакрыта цемрай.
    Хутка і рашуча нашы погляды сталі мяняцца ў часы перабудовы. I тады мы пачалі разумець, чаму нашы бацькі і дзяды вельмі негатыўна адносіліся да піянераў, камсамольцаў, бальшавікоў і сцішана папярэджвалі нас не сябраваць з імі. Дзяды калі-нікалі ўспаміналі былыя часы, цяжкую працу і са смуткам паказвалі свае былыя шнуры, якія цяпер складалі калгаснае поле. Уздыхалі, гледзячы на збягаючых у горад вяскоўцаў. На вачах гінула жыццё, знікала прырода.
    У часы перабудовы я аказаўся ў Вільні і праз некаторы час уключыўся ў беларускі адраджэнскі рух. «Недабіткі»— беларусы-адраджэнцы стваралі новыя грамадскія арганізацыі і пачалі выхаваўчую і адраджэнскую працу.
    Вось тады я ўпершыню пачуў і пра Вільню — як калыску беларускай культуры і пра беларускую гімназію, яе выхаванцаў, настаўнікаў, літаратараў. Тады ж я ўпершыню пачуў і пра Барыса Уладзіміравіча Кіта — настаўніка, дырэктара Віленскай Беларускай гімназіі. Пра яго ўспаміналі былыя гімназісты, калегі, знаёмыя. У Вільню пачалі наведвацца эмігранты з-за мяжы. Уражанні ад сустрэч, ад гутарак былі ашаламляльнымі. Аказваецца, бальшыня гэтых людзей шчырыя, сапраўдныя патрыёты Бацькаўшчыны, якія сэнс свайго жыцця бачылі і бачаць у адраджэнні незалежнасці Радзімы. Якія і сёння змагаюцца далёка ад Радзімы за ідэалы сваёй маладосці, многія з іх не дажылі да цяперашніх часоў, але эстафету, мэту свайго жыцця перадалі дзецям і ўнукам.
    Віленскія адраджэнцы (Л. Луцкевіч, Л. Кароль, М. Русак, А. Анішчык, Шышэя і інш.) пазнаёмілі нас завочна з дзеячамі міжваеннага і ваеннага часу адраджэнскага жыцця, а неўзабаве некаторыя з іх пачалі прыязджаць у Вільню.
    У 1992 годзе Барыс Кіт наведаў Мінск, Наваградак і Гародню, аў 1993 і 1995 гг. Вільню. У Вільні Барыс Кіт сустрэўся са сваімі былымі сябрамі і вучнямі, агледзеў горад, мясціны, дзе вучыўся і працаваў. Многае змянілася ў лепшы бок, а мясціны працы выклікалі засмучэнне — не гучаць тут галасы беларускіх дзетак, абшарпаныя сцены базыльянскіх муроў паціху паміраюць, няма беларускага музея.
    У час сустрэчы ў ТБК заля не ўмяшчала ўсіх сяброў і знаёмых Барыса Кіта. Яго віталі сябры, былыя гімназісты — усе ссівелыя і сагнутыя цяжарам гадоў, але як яны маладзелі на вачах, калі спадар Дырэктар і Настаўнік узгадваў іх кожнага па імені і прозвішчы. А як яны былі яму ўдзячны за веды, за выхаванне, за ўрокі жыцця, якія ён ім даў калісьці і дае сёння ўсім сваім жыццём. Віленскія беларусы са здзіўленнем слухалі яго чыстую беларускую мову, незагубленую амаль 50-гадовай эміграцыяй і не засмечаную еўрапейскімі мовамі, якія ён ведае дасканала.
    Барыс Кіт атрымаў добрыя веды ў матэматыцы, хіміі, фізіцы і медыцыне. Ён закончыў Віленскі універсітэт імя Стэфана Баторыя і цяпер з’яўляецца сябрам шматлікіх навуковых таварыстваў свету. Вялікую ролю ён адыграў у стварэнні касмічнай праграмы ЗША, распрацаваўшы новае паліва да касмічных караблёў, выкладаў ва універсітэтах Амерыкі і Германіі матэматыку і фізіку. Зрабіўшы вялікую навуковую кар’еру, ніколі не губляў сувязей з простымі людзьмі. Вельмі многа дапамог суайчыннікам, якія аказаліся ў лагерах перамешчаных асоб у Германіі, перасяліцца ў ЗША, аказваў матэрыяльную дапамогу, уладкоўваў на працу, дапамагаў і ствараў беларускія арганізацыі, асяродкі. 3 яго дапамогай працягвалі творчую працу беларускія дзеячы-пісьменнікі, паэты, навукоўцы замежжа.
    I хоць звычайна эміграцыя сілкуе краіны пражывання, з цягам часу яна асімілюецца: губляецца для Радзімы, Барыс Уладзіміравіч даказаў адваротнае — дзякуючы яго шматлікім талентам увесь свет даведаўся пра Беларусь, пра яе людзей, пра яе інтэлектуальныя магчымасці.
    Краіна, якая на працягу больш 50 год замоўчвала факт эміграцыі ці аплёўвала яе, можа сёння ганарыцца яе дзеячамі. Гэта залаты фонд навукі і культуры, які яшчэ адэкватна не ацэнены дзяржавай. Імя Барыса Кіта было вырвана з гісторыі Беларусі, замоўчвалася, а сёння ён увайшоў у шэрагі знакамітых беларусаў Айчыны.
    Яго багатае на ўзнёслыя і адначасова трагічныя моманты жыццё вельмі важнае для ўсіх нас — і людзей старэйшага веку і асабліва моладзі. Гэта прыклад служэння Айчыне, служэння лепшаму жыццю, служэння чалавеку і чалавецтву. Прыклад хрысціянскага жыцця. Сваім жыццём і дзейнасцю Барыс Уладзіміравіч пацвярджае прымаўкі — лёс чалавека ў яго руках і чалавек — каваль свайго шчасця.
    Нішто яго не зламала, а ламала многа разоў і ламала балюча: ні гады, ні праследванні, ні, здавалася вечнай, эміграцыя. Ён і сёння на дзесятым дзесятку сваіх год малады духам, энергіяй, светлым розумам і з яснай памяццю, рашучы, хуткі, уважлівы і зацікаўлены, патрэбны людзям. I дай, Усемагутны Божа, заставацца нашаму Барысу Уладзіміравічу такім яшчэ многія лета.
    Гарумі Такака, прафесар англійскай мовы і літаратуры Нагойя Універсітэта
    Сустрэчыз Барысам Кітам уЯпоніі, ЗША, Германіі
    Гарумі Танака
    Доктар Барыс Кіт і я былі добрымі сябрамі на працягу больш сарака гадоў. Першы раз Барыс Кіт прыехаў у Японію ў 1961 годзе для ўдзелу ў Міжнародным кангрэсе астранаўтыкі. Па прапанове свайго сябра доктара Джунджы Озакі, калегі па працы з Лос-Анджэлеса (Каліфорнія), адшукаў ягонага сваяка, хірурга Ёшыюкі Кікута, які быў маім шваграм. А паколькі Ёшыюкі слаба валодаў англійскай мовай, то папрасіў мяне, каб я стаў іх перакладчыкам. Так адбылося наша знаёмства, якое мы адзначылі ў адным з найлепшых рэстаранаў Гінзы; запрасілі да нашага стала прыгожых гейшаў, шмат расказвалі спадару Кіту пра звычаі, традыцыі японцаў і я ледзь паспяваў перакладаць на англійскую гэтыя расказы.
    Пазней Барыс наведваў Японію некалькі разоў, сустракаўся з японскімі інжынерамі і вучонымі, якія працавалі ў галіне астранаўтыкі, выступаў з дакладамі і лекцыямі. Мясцовая прэса шмат пісала пра гэта. Я заўсёды сустракаў Барыса Кіта, суправаджаў яго ў паездках па Японіі, прыгарадах Токіо.
    Аднойчы мы паехалі на Фудзіяму, найвышэйшую гару Японіі. Ехалі аўтобусам прыблізна да сярэдзіны гары, дзе канчаўся лес, далей ехаць было забаронена, бо ўвесь верх пакрываў пясок. Усё тут уражвала нябачнай экзотыкай, незвычайнай прыгажосцю і засталося, як адзначыў Барыс, у памяці на ўсё жыццё.
    Ён удзельнічаў таксама ў навуковай канферэнцыі ў Кіото, ранейшай сталіцы Японіі, а потым ужо самастойна калясіў па іншых славутых мясцінах і гарадах маёй краіны. Перад ад’ездам у ЗША, пасля адной з такіх вандровак па Японіі, Барыс Кіт звярнуўся да мяне з наступнай прапановай: «Гарумі, ты ўжо маеш японскі
    дактарат па англійскай мове і літаратуры і гэта вельмі добра, але ці не варта было б табе прыехаць у ЗША і здабыць амерыканскі дактарат? Усім, чым змагу, я абавязкова дапамагу і падтрымаю цябе».
    Я паслухаўся яго рады, аформіў усе неабходныя дакументы, атрымаў амерыканскую стыпендыю (адну з рэкамендацый на яе атрыманне даў Б. Кіт), і змог шукаць адпаведны універсітэт у ЗША, пачаць вучобу ў дактарантуры. Я выбраў універсітэт імя Браўна ў горадзе Правідэнс (Providence), штат Род-Ісланд (Rod-Island), які знаходзіцца на поўдзень ад Нью-Йорка. У гэтым універсітэце быў вельмі моцны факультэт англійскай мовы, ды і наогул універсітэт Правідэнса належыць да найбольш выдатных універсітэтаў ЗША, стаіць у адным радзе з Гарвардам, Стэнфордам і іншымі прэстыжнымі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі.
    У жніўні 1963 г. я быў афіцыйна залічаны ва універсітэт, а ў верасні шчасліва спыніўся ў г. Нью-Гэвен, штат Канектыкут, дзе трэба было на падрыхтоўчых курсах прайсці першапачатковую арыентацыйную праграму, а потым пераехаць у Правідэнс. Пачаўся першы семестр вучобы.
    У адзін з лістападаўскіх дзён мне патэлефанаваў з Вашынгтона Барыс Кіт, павіншаваў з паступленнем і паабяцаў прыехаць у Правідэнс мяне адведаць. Гэта была радасная неспадзяванка!
    Праз некалькі дзён ён сапраўды прыехаў. Мы былі вельмі рады зноў пабачыцца, гіра ўсё перагаварыць. Гулялі па горадзе і тэрыторыі універсітэта. Ён даваў мне шмат карысных парадаў. Я быў захоплены, што гэты высокі амерыканскі ўрадовец знайшоў час адведаць мяне — беднага і адзінокага замежнага студэнта; я быў бязмежна ўдзячны гэтаму чалавеку за ягонае сяброўства, дабрыню і зацікаўленасць маім лёсам.
    Падчас летніх канікулаў я сам адведаў Барыса ў Вашынгтоне, дзе ён выказаў найбольшую ўвагу і гасціннасць да мяне, звычайнага студэнта, пазнаёміў са сваёй сям’ёй, паказаў Вашынгтонскія славутыя мясціны і неаднойчы паўтараў: «Гарумі, можаш лічыць, што мая хата — гэта твая хата ў ЗША. Можаш заўсёды прыязджаць сюды і тутака спыняцца».
    Тры гады маіх студыяў прайшлі паспяхова і цікава. Я абараніў доктарскую дысертацыю, атрымаў дыплом доктара ў адным з найбольш славутых універсітэтаў ЗША, вярнуўся ў Японію і перада мною адчынілася дарога для далейшай прафесарскай кар’еры. Я пачаў працаваць ва універсітэце Токіо, дзе змог з часам заняць вышэйшую пасаду, займаючыся таксама публікацыяй англійска-японскіх падручнікаў, але не забываў і сваё хобі — займаўся музыкай, ігрой на раялі.
    Прайшлі многія гады, але ўвесь час я не губляў сувязі з Барысам — мы часта размаўлялі па тэлефону, ліставаліся. Калі ён выйшаў з дзяржаўнай
    працы ў Вашынгтоне, то атрымаў прапанову стаць прафесарам матэматыкі ў еўрапейскім філіяле Вашынгтонскага універсітэта Мэрыленд і пераехаў у Германію ў горад Франкфурт-на-Майне. Але гэта перамена месца жыцця Барыса не спыніла нашых спатканняў. Я часта прыязджаў у Еўропу для ўдзелу ў розных Міжнародных кангрэсах і кожны раз наведваў Барыса Кіта ў Франкфурце. Са мною заўсёды была мая жонка Сачыко. Барыс вазіў нас па цікавых гістарычных мясцінах Германіі і з ім заўсёды была яго чароўная спадарожніца Тамара, з якой я любіў у яе доме іграць на раялі ў чатыры рукі. Мы адведвалі Бон (дом Бетховена), Гайдэльберг, Вісбадэн, Дармштадт, Бад Гомбург, прыгожыя ваколіцы Франкфурта, іншыя славутыя гарады Нямеччыны. Мы былі шчаслівыя разам і гэта замацавала наша сяброўства назаўсёды.