Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 451с.
Мінск 2003
сябе ўвагу наступнае: хоць Творца і чалавеку — мужчыне і жанчыне — кажа: «пладзіцеся і размнажайцеся», у дачыненні да чалавека не гучыць славутае тов — «добра». Можна толькі сумна ўсміхнуцца: можа, Святы, Благаславёны Ён (Кадош Барўх Гў), з самога пачатку разумеў, што не ўсё будзе вельмі добра і гладка з асаблівай істотай, якой Ён — па літасці Сваёй найвышэйшай — падараваў самы каштоўны і ў той жа час небяспечны падарунак — свабоду волі? Зразумела, што толькі чалавек будзе сваімі ўчынкамі парушаць гармонію Боскага Стварэння. Але, з другога боку, менавіта пасля таго, як быў створаны чалавек, Бог і палічыў усю вялікую Сваю працу завершанай, прыведзенай у стан найвышэйшай раўнавагі. Паказальна, што цяпер, аглядаючы створанае, Бог вымаўляе: тов мэод — «добра вельмі».
Што ж было на Сёмы Дзень? Сказана, што ў гэты Дзень Бог адпачываў ад сваёй вялікай і таямнічай працы і асобна благаславіў яго. I калі ўсе астатнія дні на іўрыце завуцца парадкавымі іх нумарамі, то Дзень Сёмы атрымаў асаблівую назву — Шабат — «адпачыванне», таму што напісана: «I благаславіў Бог дзень сёмы, і асвяціў яго, бо ў гэты дзень адпачываў ад усёй працы Сваёй (шават міколь мелахтб), якую стварыў» (Быц 2:3). Шабат — тое ж слова субота, вядомае нам праз пасрэдніцтва старажытнагрэчаскай мовы. Вядома, адпачынак Бога не трэба разумець у вульгарным фізічным сэнсе, бо, як памятаем, прырода Яго наскрозь духоўная. Таму і Дню Сёмаму нададзены асаблівы духоўны змест: як тлумачылі старажытныя каментатары, вылучыўшы Суботу з будняў, Усявышні тым самым стварыў само паняцце «святасць», і Субота дадзеная чалавеку дзеля таго, каб ён набліжаўся да святасці, каб ніколі не страчваў сваёй найвялікшай здольнасці «аддзяляць». Вось чаму ў адной з Дзесяці Запаведзяў, што атрымаў Майсей на Сінаі, сказана: «Памятай дзень Суботні, каб свяціць яго. Ц Шэсць дзён працуй і рабі ўсялякую справу сваю, // а Дзень Сёмы — Субота — Госпаду Богу твайму: не рабі аніякай справы ні ты, ні сын твой, ні
1 Тыповая формула ў вызначэнні Усявышняга для талмудычных тэкстаў і рабіністычнай літаратуры.
дачка твая, ні раб твой, ні рабыня твая, ні скаціна твая, ні прышэлец твой, які каля варот тваіх. // Таму што ў шэсць дзён зрабіў Гасподзь неба і зямлю, мора і ўсё, што ў іх, і адпачыў у Дзень Сёмы» (Зых 20:8—11). Заўважым, што ўпершыню ў старажытнасці з’явіўся строга фіксаваны на тыдні дзень адпачынку, які да таго ж мае асаблівы духоўны сэнс. 3 запаведзі Божай на Скрыжалях вынікае вельмі важны ў іудзейскай традыцыі звычай — бадай што найстаражытнейшы ў культуры гэтага старажытнага народа, пранесены праз бездань больш чым трох тысячагоддзяў — звычай сустрэчы і праводзінаў Суботы. Суботу сустракаюць запальваннем суботніх свечак — у напамін пра тое, што першым было створанае святло, якое разлілося па прасторы сусвету. У Суботу не можа быць аніякіх сварак, мір і згода павінны ўсталявацца ў сям’і, у душы чалавека. Субота — выспачка гармоніі ў свеце чалавечай мітусні, дадзеная Богам магчымасць набліжацца да першапачатковай гармоніі Дня Сёмага. I хаця законы Суботы святыя для кожнага іудзея, традыцыя гаворыць, што іх можна і нават неабходна парушыць, калі патрэбна прыйсці ў цяжкай сітуацыі на дапамогу чалавеку, выратаваць жыццё. Тут дзейнічае правіла пікўах нэфеш — «выратавання душы (жыцця)». Так і Ісус Хрыстос кажа: «Не чалавек дзеля Суботы, але Субота дзеля чалавека...» Дарэчы, першыя хрысціяне таксама святкавалі Суботу (і сёння ў хрысціянстве існуюць адвентысты Сёмага Дня, якія шануюць Суботу). Толькі пазней дзень адпачынку, звязаны з Уваскрэсеннем Хрыста, быў перанесены на першы дзень іудзейскага тыдня — на нядзелю, бо, згодна з евангельскімі тэкстамі, Ісус быў раскрыжаваны ў шосты дзень іудзейскага тыдня і ўваскрэс на трэці дзень пасля смерці. «Вось гэтае і не падзялілі — які дзень лічыць днём адпачынку», — сумна жартаваў калісьці Марк Шагал. Але Субота застаецца — хаця б з прычыны неадменнасці словаў і абяцанняў Божых — паняццем важным і для хрысціянскай свядомасці. Ва ўсведамленні еўрапейскай культуры гэта — амаль недасягальная гармонія, да якой мы несупынна крочым. Рускі паэт Мікалай Гумілёў напісаў: «Смотрю в века, жнву в мннутах, // Но жду Субботы нз Суббот...» Увесь свет чакае гэтай Суботы, што сімвалізуе
Валадарства Божае на зямлі. Вось як піша пра гэта прарок Ісая, гаворачы пра надыход Месіянскай эры — эры любові і літасці, эры вечнай гармоніі: «Бо, як новае неба і новая зямля, якія Я ствару, заўсёды будуць перад тварам Маім, гаворыць Гасподзь, так будзе і семя ваша і імя Barna. // Тады з месяца ў месяц і з Суботы ў Суботу будзе прыходзіць усялякая плоць перад твар Мой на пакланенне, гаворыць Гасподзь» (Іс 66:22—23). Старажытныя экзэгеты пісалі, што менавіта Сёмае тысячагоддзе ад Стварэння свету будзе Суботнім Тысячагоддзем, прынясе ўсяму свету спакой і гармонію. Згодна са старажытным біблейным лічэннем часу, зараз ідзе 5761-шы год. Можа, усё спраўдзіцца?
Чым больш мы чытаем аповед пра Стварэнне, тым больш ён пакідае загадак. Пра стварэнне свету і чалавека апавядаецца двойчы, і кожны раз па-рознаму. I калі ў першым аповедзе чалавек паўстае як частка светабудовы, то ў другім — як яе цэнтр. Чаму так? Як звесці тут канцы з канцамі? Гэта патрабуе асобнага разгляду. Застаецца дадаць, што ў геніяльна кароткую, сціслую і напоўненую неверагодна глыбокімі сэнсамі біблейную паэму пра стварэнне свету будуць услухоўвацца людзі, як услухоўваліся на працягу тысячагоддзяў, будуць захапляцца прыгажосцю і адмысловасцю Божага Стварэння разам з аўтарам Псальмы: «Якія шматлікія справы Твае, Госпадзі! Усё мудрасцю стварыў Ты, поўная зямля стварэннямі Тваімі. // ...Пашлеш Дух Твой — ствараюцца яны, і аднаўляеш Ты твар зямлі» (Пс 104/103:24, 30).
«ЧЫМ ЁСЦЬ ЧАЛАВЕК?»
(Два аповеды пра стварэнне чалавека)
Калі назіраю нябёсы Твае — Справу далоняў Тваіх, Месяц ды зоркі, што ўсталяваў Ты, |Тады думаю я|: Чым ёсць чалавек,
Што Ты памятаеш аб ім, I сын чалавечы, Што Ты ўспамінаеш аб ім? Ты няшмат меншым за анёлаў зрабіў яго, Славаю і раскошай каранаваў яго.
Ты ўладаром над стварэннямі рук Тваіх Зрабіў яго,
1 ўсё паклаў да ног яго...
(Пс 8/7:4—7)
Сярод вялікай колькасці таямніцаў стварэння, безумоўна, таямніцай з таямніцаў застаецца стварэнне чалавека, які з самага пачатку, згодна з задумай Божай, выдзелены з усяго астатняга жывога свету. Чым больш тысячагоддзяў жыве чалавек на зямлі, тым больш углядаецца ён у сябе самога і тым больш разумее: з таго, што існуе паводле волі Божай на зямлі, няма нічога, што пераўзышло б чалавека па сваёй складанасці і дасканаласці, па вышыні яго духу, але ж, з другога боку, і па жудасных безданях яго душы... I парадокс: чым больш спасцігае сябе чалавек, тым больш таямніцаў. Што застаецца? Можа, толькі паглыбляцца ў радкі Вечнай Кнігі, спрабаваць зразумець яе ўрокі, сэнс замацаваных у ёй духоўных парадыгмаў.
Як ужо адзначалася раней, пра стварэнне чалавека ў Кнізе Быцця апавядаецца двойчы, і аповеды гэтыя настолькі розныя, што, здаецца, яны супярэчаць адзін аднаму. 3 гэтай прычыны ў так званай біблейнай крытыцы ўзнікла гіпотэза, што гэтыя аповеды ўзятыя з розных крыніцаў і механічна злучаныя (гл. першы раздзел). Паспрабуем зразумець, што гэта не так, што два аповеды толькі знешне, для павярхоўнага позірку, уступаюць у спрэчку і
ўтрымліваюць у сабе алагізмы, што на самой справе ўсё гэта мае асаблівы — і вельмі глыбокі — сэнс. Нагадаем: у першым аповедзе (Быц 1—2:3) чалавек створаны на Шосты Дзень разам з усялякімі жывёламі, што насяляюць зямлю, дакладней — пасля іх стварэння. Пра ўзнікненне чалавека тут сказана вельмі лаканічна, але адначасова і вельмі важка: «I сказаў Бог: зробім чалавека паводле вобраза Нашага, паводле падабенства Нашага, і няхай уладараць яны [людзі] над рыбамі марскімі, ды над птушкамі нябеснымі, ды над скацінаю, ды над усёй зямлёй, ды над усімі гадамі, што поўзаюць па зямлі. // I стварыў Бог чалавека паводле вобраза Свайго, паводле вобраза Божага стварыў яго, мужчыну ды жанчыну стварыў іх. // I благаславіў іх Бог, і сказаў ім Бог: пладзіцеся і памнажайцеся, і напаўняйце зямлю, і валодайце ёю...» (Быц 1:26—28). Відавочна, што тут чалавек асэнсоўваецца як арганічная частка велічнага Сусвету, створанага Богам. I хоць чалавек пастаўлены ўладарыць над Прыродаю, ён павінен заўсёды ўсведамляць сваю роднасць з ёй, бо менавіта ад яе — паводле волі Божай — ён атрымаў сваю цялесную абалонку, свае першапачатковыя адчуванні. Нездарма далей будзе сказана: «I стварыў Гасподзь Бог чалавека з праху зямнога...» (Быц 2:7). «3 праху зямнога» — «з самой зямлі», хаця старажытны каментар адзначае, што ўсе прыродныя элементы, усе матэрыяльныя стыхіі ўдзельнічалі ў фарміраванні чалавека, але Пісанне паведамляе толькі пра галоўны з іх — пра «зямлю». Але гэтая «зямля» не проста глеба ці гліна ў прамым сэнсе слова, як гэта было ў язычніцкіх антрапаганічных паданнях, асабліва месапатамскіх, — хаця б таму, што Бог паводле вызначэння не можа нічога фармаваць «сваімі рукамі» ў адрозненне ад шумерскага Энкі ці вавілонскага Мардука. У той сістэме каардынатаў, дзе Бог адкрывае Сябе як маральны Абсалют і чыстую духоўнасць, такое разуменне немагчыма. Таму выраз «з пылу зямнога» патрэбна разумець як тое, што чалавек — «дзіця зямлі», г. зн. стварэнне Прыроды, але, не будзем забывацца, — Прыроды, што сама створаная Богам і атрымала ад Яго адпаведны імпульс. Такім чынам, Біблія дае нам магчымасць зразумець, што ў пэўнай ступені чалавек — прадукт эвалюцыі Прыроды, чалавек — істота біялагічная
і не можа жыць па-за межамі прыроднай прасторы. Дарэчы, адсюль вынікае і неабходнасць захоўваць гэтую прастору, берагчы яе. Чалавек створаны, каб клапаціцца пра ўсё жывое, бо ён сам — арганічная частка ўсяго жывога.
Такім чынам, у першым аповедзе даволі яскрава падкрэслены біялагічны, натуральны пачатак у чалавеку: ён створаны разам з жывёламі, адразу за імі (хоць і выдзелены тым загадкавым, што толькі ён — адпаведна вобразу і падабенству Божаму). Старажытны каментар падкрэслівае: чалавек таму створаны апошнім, каб не заносіўся высока, каб памятаў, што які-небудзь камар — і той створаны раней за яго, што ўсе жывыя істоты патрэбныя Богу і служаць агульнай гармоніі. Як і ўсіх жывёлаў, Бог благаслаўляе чалавека і наказвае яму, як і ім, пладзіцца і памнажацца. Першы аповед можна назваць космацэнтрычным, бо ў цэнтры ўвагі Госпада — і чытача тэксту — універсум, яго станаўленне, законы яго развіцця, якім падпарадкаваны і чалавек. Хоць ён і пануе над прыродным светам, але адначасова і абслугоўвае прыродны свет.