• Газеты, часопісы і г.д.
  • Біблія як феномен культуры і літаратуры Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця Галіна Сініла

    Біблія як феномен культуры і літаратуры

    Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
    Галіна Сініла

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 451с.
    Мінск 2003
    124.72 МБ
    1 ІЦедровнцкмй Д. В. Введенне в Ветхнй Завет: В 8 т. Т. 1. Кннга Бытня. С. 45.
    патрэбна ўспрымаць перш за ўсё як наяўнасць адначасова імкнення да дабра і імкнення да ліха, якія суіснуюць у нашай душы»1.
    Як бачым, узнікненне чалавека ў сапраўдным сэнсе гэтага слова палягае, на думку Бібліі, за межамі антрапалогіі ў яе біялагічным сэнсе. У чалавеку злучаюцца дзве велічныя сферы — Прырода і Дух, і, магчыма, парадокс першага аповеду, калі чыста духоўнае стварэнне «паводле вобраза і падабенства Божага» тычыцца «фізічнага» чалавека як часткі Сусвету, атрымлівае тлумачэнне ў другім аповедзе: здзейсніць духоўнае прызначэнне чалавек можа толькі ў дваістасці і адначасова адзінстве плоці і духу. Чалавеку ў адрозненне ад усіх жывых істотаў дадзеная «іскра Божая» — яго несмяротная душа, яго высокі розум, яго свядомасць. Дарэчы, і сёння застаецца найвялікшай таямніцай праца нашага мозгу — пры тым, што добра вывучаны яго рэчыўны склад, тыя хімічныя рэакцыі, што ў ім адбываюцца. Чаму чалавек мысліць і стварае, калі не мысліць і не стварае прымат, у якога мозг такой жа вагі і аб’ёму? Можа, справа ў асяроддзі? Навукоўцы-антраполагі ішлі на дзёрзкія эксперыменты: бралі толькі што народжанага прымата і выхоўвалі з чалавечым немаўлём (сваім дзіцём). Дзіўна: да трох месяцаў яны супадалі ў сваім развіцці і сваіх рэакцыях, але пасля гэтага тэрміну дзіця чалавечае рабіла такі рэзкі скачок наперад, што назаўжды пакідала ззаду беднага прымата... Сёння навуцы зразумела, што бездань, якая палягае паміж свядомасцю чалавека і свядомасцю найвышэйшых малпаў, такая ж непераадольная, як паміж свядомасцю апошніх і якой-небудзь інфузорыяй-туфелькай. Зразумела таксама, што свядомасць чалавека — вынік грандыёзнага мутацыйнага скачка. Але хто б сказаў, чым (ці кім) ён выкліканы! Застаецца ўслухоўвацца ў біблейныя словы ці прыслухацца да словаў Гілберта Кійта Чэстэртана: «Узнікненне чалавека — гэта не эвалюцыя; гэта, хутчэй, рэвалюцыя».
    Асаблівае стаўленне Бога да чалавека падкрэсленае тым, што менавіта для яго, Свайго ўлюбёнца, Гасподзь стварыў асаблівую прастору — дзівосны Сад, Ган Эдэн («сад асалоды»), знакаміты Эдэм. Чалавек павінен быў захоўваць і
    1 Полонскмй П. Две нсторнн Сотворення мнра. С. 133.
    апрацоўваць яго. Што сімвалізуе гэты Сад? Можа, тую гармонію духу і цела, унутраную гармонію душы, якую не павінен згубіць чалавек ці да якой ён мусіць прыйсці? Адразу ўзгадваецца вальтэраўскае: «Кожны мусіць апрацоўваць свой сад...» Але ж Эдэмскі сад свядома проціпастаўлены астатняй прыроднай прасторы як прастора культурная і як месца асаблівага іспыту, што будзе пасланы чалавеку. Эдэм выступае, безумоўна, сімвалам шчаслівага няведання — можа, блажэннага, а можа — блазнаватага. Сапраўды, няведанне дае жыць проста і лёгка, a веды прыносяць страту цэласнасці, даюць адчуць складанасць сябе самога і свету, трагізм быцця. Нездарма мудры Эклесіяст сказаў: «...у шматлікай мудрасці шмат смутку, і той, хто памнажае веданне, памнажае тугу» (Экл 1:18). Менавіта ў Эдэме і адбудзецца пераход да ведання, да пазнання — пераход, які, здаецца, наканаваны чалавеку і без якога ён не стане чалавекам, без якога немагчымае яго вечнае жыццё. Нездарма ж Сам Бог пасадзіў там два таямнічыя дрэвы — Эц га-Хайім (Дрэва Жыцця) і Эц га-Даат тов вэ-pd (Дрэва Пазнання дабра і зла). Самі іх назвы гавораць пра тое, што іх нельга ўспрымаць толькі як канкрэтныя дрэвы, яны сімвалізуюць таямніцу жыцця і таямніцу пазнання. I Усявышні, як вядома, дазваляе чалавеку есці плады ад усялякага дрэва, акрамя Дрэва Пазнання дабра і зла. Чым выкліканая гэтая забарона? Тым больш што яна, магчыма, можа толькі падштурхнуць чалавека яе парушыць. Як вядома, адзін з найстаражытнейшых архетыпаў, вядомых у сусветнай культуры, — забарона і яе парушэнне. Ды і навошта забараняць веды? Мы прывыклі, што гэта паняцце высокае, святое. Як можа чалавек без ведаў? Вядома, не можа. Дзе ж тут логіка? Дробязна і банальна тлумачыць забарону «рэўнасцю» Бога, Які «баіцца», што чалавек, паспытаўшы пладоў з Дрэва Пазнання, стане роўным Яму. Роўным Яму стаць немагчыма паводле азначэння. Больш таго, калі Бог мог гэтага «баяцца», то навошта было ствараць чалавека? Відаць, справа тут у іншым. Бясконца любячы сваё самае дасканалае стварэнне, Усявышні хоча перасцерагчы яго і адначасова даць яму адчуць сваю свабодную волю — свабоду быць верным і свабоду адхіляцца ад веры. Перасцерагчы, бо пазнанне
    сапраўды тоіць у сабе небяспеку і можа далёка завесці чалавека і ўсё чалавецтва — нават да самазнішчэння. Здаецца, Бог хоча на пэўны час ахаваць свайго ўлюбёнца ад несвоечасовых ведаў, як мы жадаем абараніць сваіх яшчэ малых дзяцей ад ведання жахлівых і незразумелых ім бакоў жыцця. Душа чалавека павінна была падрыхтавацца да ўспрымання такога няпростага, можа, нават жорсткага спазнання дабра і зла. Чалавек жа паспяшаўся... Але пра гэтае — пазней.
    Пакуль жа, менавіта ў дзівоснай прасторы Эдэмскага саду, чалавек востра адчуў сваю самоту. «I сказаў Гасподзь Бог: нядобра быць чалавеку аднаму; зраблю яму памочніка да пары яму [памочніка, які адпавядае яму]...» (Быц 2:18). Упершыню прагучала з вуснаў Божых ло тов — «нядобра». Чаму ж нядобра, калі раней было сказана тов мэод — «добра вельмі»? Верагодна, справа ў тым, што настала пара чалавеку ўсвядоміць сваю самоту, сваю тугу па іншаму чалавеку, перажыць самоту як духоўную прагу. Як тлумачыць рабі Ё. Д.-Б. Салавейчык, «слова левадо («самотны») мае два значэнні: аб’ектыўную самоту і суб’ектыўнае адчуванне самоты. Чалавек можа знаходзіцца ў натоўпе ў гарадскім парку і быць самотным. У рэальнасці прысутнасць натоўпу можа толькі ўзмацніць пачуццё самоты. Самотнае існаванне — гэта духоўны стан. Чалавек унікальны ў сваёй самоце — адчуванні, што яго не разумеюць. ...“Фізічны чалавек” ненавідзіць самоту і не спасцігае яе. Людзі, што ўсведамляюць сябе, ведаюць, што такое самота. Гэтае адчуванне ўзнікае з глыбіняў асобы»1. Так, можна пагадзіцца, што чалавек становіцца асобаю, калі ўсведамляе сваю самоту, сваю унікальнасць, а гэта значыць — немагчымасць быць зразуметым да канца. Можа, таму ў «метафізічнай» прасторы Саду чалавек першапачаткова унікальна самотны і тым самым адчувае прагу і тугу па такім жа самотным, як ён. 1 Бог здзяйсняе яго мару.
    Узнікае пытанне: чаму Бог стварае аднаго Адама, а не адразу ўсё чалавецтва? Чаму аднаго Адама, а не асобна мужчыну і жанчыну? I хоць у першым аповедзе мы чы-
    1 Соловейчнк Й. Д.-Б. Обшнна Завета. С. 26.
    таем, што Адам створаны захар у-нкева («мужчынам і жанчынаю», або «самцом і самкаю»), аднак разумець гэта можна па-рознаму, і ў Эдэме мы бачым толькі аднаго Адама. Вельмі важна тое, што чалавецтва, паводле логікі Святога Пісання, паходзіць ад аднаго агульнага продка, ад адных прабацькоў (дарэчы, Біблія была першай кнігай у сусветнай культуры, якая ўказала на агульны выток рода чалавечага). Як гаворыцца ў Агадзе, зробленае гэта для таго, каб ніхто на ўсёй зямлі не гаварыў другому: «Мой продак лепшы за твайго». Тым самым здымаюцца адразу ўсе магчымыя і немагчымыя расавыя тэорыі. 3 пункту гледжання Бібліі яны не маюць пад сабою аніякай глебы: усе людзі — дзеці Божыя, усе роўныя перад Богам. Немагчыма весці гаворку пра біялагічную ці інтэлектуальную перавагу аднаго народа над другім, а ўсе разыходжанні абумоўленыя шляхамі, якія мы выбіраем, гістарычнымі лёсамі, нашай здольнасцю ці няздольнасцю адгукнуцца на заклік Божы. Немагчыма весці гаворку і пра перавагу мужчынаў над жанчынамі ці наадварот, бо ўсе яны — людзі. Безумоўна, ствараючы аднаго чалавека, Бог падкрэслівае яго унікальнасць і тым самым унікальнасць кожнага з нас. Кожны чалавек — непаўторны свет, няма двух абсалютна падобных людзей, і чалавека немагчыма кланіраваць, немагчыма «штампаваць» ці збіраць на канвееры. Кожны чалавек нясе ў сабе ўвесь род чалавечы, як нёс яго Адам. Пагэтаму яўрэйскія мудрацы пасля абмеркавання раздзелаў Торы, якія апісваюць стварэнне чалавека, прыйшлі да высновы: «Чалавек — гэта цэлы свет, і той, хто губіць хаця б адну душу, губіць цэлы свет. Той жа, хто ратуе хаця б адну душу, ратуе цэлы свет».
    Ёсць яшчэ адно тлумачэнне таго, чаму ў Эдэме змешчаны адзін Адам. Як ужо адзначалася, менавіта таму, каб ён адчуў сваю самоту і тугу па роўным сабе, па другой чалавечай асобе, па такому ж, як ён, але іншаму. Толькі ў стасунках з іншым раскрываецца чалавек і адкрывае самога сябе, у самім сабе знаходзіць здольнасць да самаахвярнай любові, праз любоў да бліжняга вучыцца самааддана і шчыра любіць Бога. Таму Усявышні гаворыць: «Нядобра быць чалавеку аднаму...» Наконт гэтага ло тов («нядобра») Дз. У. Шчадравіцкі піша: «...звязанае
    яно з самотай, замкнёнасцю, адарванасцю чалавечай асобы, бо ў такім стане душа адлучаецца ад усеагульнай любові Божай, страчвае магчымасць самааддачы і самапапаўнення, і ліхія намеры могуць атрымаць да яе доступ. Так і органу цела, якому бракуе крывацёку, пагражае амярцвенне...»1 Усявышні прыводзіць да Адама ўсіх створаных Ім жывых істотаў, каб той даў ім імёны (г. зн. не толькі стварыў мову, але і класіфікацыю ўсяго жывога), a таксама вырашыў, ці знойдзе ён між імі тую істоту, з якой зазнае паўнату і гармонію быцця. Вядома, што чалавек не знаходзіць яе сярод жывёлаў, бо яму неабходны не толькі фізічны, але і духоўны партнёр. I тады Усявышні стварае жанчыну — як вядома, з рабра Адама.
    Як жа зразумець гэта? Як першапачатковую падначаленасць жанчыны мужчыну? Але ці быў Адам Першапачатковы мужчынам у прамым сэнсе гэтага слова? Так, у першым аповедзе сказана, што Бог стварыў Чалавека «мужчынам і жанчынаю». Аднак тое, што стаіць у арыгінале — захар у-нкева — хутчэй азначае мужчынскі і жаночы род, злучаныя ў Адаме Першапачатковым (дарэчы, на іўрыце гэтыя словы — захар і нкева — і выкарыстоўваюцца для абазначэння граматычнай катэгорыі роду), a таксама наяўнасць у душы кожнага чалавека мужчынскага і жаночага пачаткаў. Як кажа старажытны каментар, мужчына і жанчына былі першапачаткова створаныя злітымі ў адно і, вядома, не паводле прынцыпу гермафрадытызму: чалавек меў андрагінную прыроду, гэта значыць, што два пачаткі ў ім былі злучаныя ў недасягальнай цяпер гармоніі. Але гармонія непазбежна павінна была парушыцца, як толькі чалавек усвядоміў сваю адзіноту. Таму Бог ускладняе «праграму» — падзяляе чалавека на мужчыну і жанчыну. Справа ў тым, што слова цэла, якое традыцыйна перакладаецца, пачынаючы з Сэптуагінты, як рабро, рабрына, мае на іўрыце яшчэ некалькі значэнняў: «кант», «старана», «частка», нават «палавіна». У адным з сучасных перакладаў Торы на рускую мову так і сказана: «I стварыў Гасподзь Бог з той часткі, якую [Ён] узяў з