Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 451с.
Мінск 2003
Ёсць яшчэ адзін істотны аспект тлумачэння, чаму ў ролі спакусніка выступае змей. Справа ў тым, што ва ўсіх старажытных язычніцкіх культурах змей быў атрыбутам самага значнага для іх культу — урадлівасці, таксама і цесна звязанай з ёй сексуальнасці (напэўна, важную ролю адыграў той момант, што змей — урэй — знешне падобны на фалас, які абагаўляўся язычнікамі ў так званых фалічных культах і рытуалах). Так, у егіпцянаў змяя была святой жывёлінай Ісіды, таксама і багіні ўрадлівасці Рэненуцет; крылатая калясніца грэчаскай багіні ўрадлівасці Дэметры ўяўлялася як павозка, якую імчаць змеі, і г. д. Таму да змяі ставіліся з вялікай пашанай, з піетэтам. Вось тут і палягае прынцыповая спрэчка паміж біблейнай і астатнімі культурамі: тое, што ў апошніх было са знакам плюс (дакладней, было амбівалентным), у Бібліі набывае негатыўнае значэнне. Сцэна грэхападзення, калі людзі пакланіліся змею, і напісаная на зразумелай для чалавека ста-
ражытнасці мове — як адпадзенне ад Адзінага Бога і ўпадзенне ў язычніцтва.
Змей, што з’явіўся ў Эдэмскім садзе, быў, безумоўна, асаблівым — хаця б таму, што меў ногі, хадзіў прама і ўмеў размаўляць. Біблія называе яго нахаш — ад дзеяслова, слоўнікавая форма якога таксама гучыць як нахаш і мае значэнне «шыпець», «шаптаць», «варажыць». Нахаш — той пачатак, што нашэптвае чалавеку, схіляе яго да непатрэбнага, да варажбы, і сам змей у Бібліі ўмее абваражыць, прываражыць, як сапраўдны гіпнацізёр ці нейкі «экстрасэнс»... Сказана пра яго загадкава: «Нахаш быў хітрэйшы за ўсіх звяроў палявых, якіх стварыў Гасподзь Бог» (Быц 3:1). Што азначае «хітрэйшы» (у арыгінале — арум, што можна зразумець і як «мудры»)? Гэта значыць, што шмат якімі сваімі якасцямі, і перадусім сваім розумам, гэты змей падняўся над астатнімі жывёламі, але не дасягнуў вышыні чалавечага розуму. Тады гэта намёк на суб’ектыўную матывіроўку яго ўчынку — на зайздрасць да чалавека. Як мы памятаем, змей будзе пакараны тым, што страціць свае ногі і будзе адвечна поўзаць (безумоўна, перад намі яшчэ і этыялагічнае паданне, якое тлумачыць, чаму змяя поўзае на жываце). Ён страціць і сваю здольнасць гаварыць, будзе толькі шыпець. Зададзім пытанне: навошта караць таго, хто не валодае свабоднай воляй? Безумоўна, змей ёю валодаў. Старажытны яўрэйскі каментар кажа, што змей быў створаны як уладар звяроў і дзеля таго, каб служыць Адаму. Але ён адхіліўся ад волі Божай, стаў збіваць чалавека са шляху праўды і ўзвёў паклёп на Самога Бога. За гэта ён быў жорстка пакараны — і не толькі стратай здольнасці хадзіць прама і здольнасці гаварыць, але і тым, што ён носіць у сваёй галаве смяротны яд, есць прах (не толькі пыл і бруд, але і ўсё сатлелае, мёртвае), у пакутах раз у сем гадоў мяняе скуру, выклікае да сябе агіду і варожасць. 3 другога боку, нахаш у прыпавесці пра грэхападзенне, безумоўна, выступае як сродак Божага выпрабавання.
Над загадкаю змея-спаскусніка, над яго прыродай будуць думаць шматлікія пакаленні экзэгетаў, навукоўцаў, проста людзей, што ўчытваюцца ў кожнае слова Бібліі. Хто ён усё ж такі? Мы ведаем, што Пісанне размаўляе з
намі не толькі канкрэтнаю моваю, але перадусім сімвалічнаю. I ўжо вельмі старажытныя тлумачэнні пераконваюць нас у тым, што нахаш — не проста жывёліна. Гэта — персаніфікацыя, увасабленне таго злога пачатку, які здольны нараджацца ў душы чалавека, — йёцэр га-ра (літаральна — «злы інстынкт», «злы намер»). Падкрэслім, нараджацца ў выніку свабоднага выбару чалавека, гэтага найвялікшага і ў той жа час небяспечнага, рызыкоўнага дару Божага, без якога чалавек — не чалавек. Гэта нейкі «цьмяны» бок чалавечай душы, можа — падсвядомае, непадлеглыя розуму інстынкты, але нават думка недапушчальная, што гэтая «цьмянасць» (дакладней, яе панаванне ў чалавечай асобе) жорстка «запраграмаваная» Богам: чалавек сам спараджае зло, сам нясе за яго адказнасць. Можа, менавіта таму ў Кнізе Быцця, як наогул у старажытных тэкстах Торы, няма аніякага ўспаміну пра сатану, з якім будзе пазней атаясамлены змей-спакуснік. Сатана — антыпод і антаганіст Бога. Заўважым, што гэтай рэзкай палярызацыі, праявы дуалізму быцця звонку, няма ў Торы: зло мае іманентную прыроду, яно — спараджэнне волі чалавека, гэтай воляй яно можа быць і ўтаймаванае.
Але ж менавіта ў той жа іудзейскай традыцыі яшчэ ў глыбокай старажытнасці быў зроблены крок да атаясамлення змея-нахаша з тым анёлам-скептыкам, які ў Кнізе Іова асмельваецца судзіць Божае стварэнне і прапаноўвае Усявышняму выпрабаваць чалавека. Гэты таксама таямнічы персанаж кнігі завецца сатан, што ў перакладзе з іўрыту значыць «той, хто супярэчыць», «апанент», «абвінаваўца», «пракурор» (дарэчы, так называлі абвінаваўцу ў судзе). У Кнізе Іова гэта яшчэ не сатана (параўн. мусульманскае шайтан) у больш познім кананічным хрысціянскім сэнсе; гэта анёл, у якога сваё, асаблівае меркаванне наконт чалавека. Але ўжо ў Сэптуагінце, перакладзе на грэчаскую мову, выкананым у Александрыі ў III ст. да н. э. яўрэйскімі мудрацамі-тлумачальнікамі, слова сатан было перакладзена як SiaPoXog (діаболос, адсюль — д’ябал) — «той, хто ўзводзіць паклёп», «паклёпнік». У Дабравесці ад Іаана Ісус Хрыстос назаве яго «бацькаю хлусні» {Іаан 8:44), таксама «чалавеказабойцам ад пачатку» (Тамсама), бо праз яго першыя людзі страцілі бессмяроцце. Словам катруоро<;
(катэгорос) — «абвінаваўца», «пракурор» будзе вызначаны гэты злы дух у Адкрыцці Іаана Багаслова (12:1). Але шмат стагоддзяў да гэтага ў 28-м раздзеле Кнігі прарока Йехэзкэля (Іезэкііля) распаведзена пра падзенне вельмі вялікага анёла, які быў «памазаным херувімам» Бога, знаходзіўся ў Эдэме і адзенне якога было ўпрыгожана мноствам каштоўных камянёў. Вуснамі прарока Бог кажа пра гэтага херувіма: «...Бездакорным ты быў на шляхах сваіх з дня стварэння твайго датуль, пакуль не выявілася беззаконне тваё. // ...Заганарылася сэрца тваё ад прыгажосці тваёй; раскошай сваёй загубіў ты мудрасць сваю. Я на зямлю абрынуў цябе... // Усе, хто ведаў цябе сярод народаў, жахнуліся з-за цябе, жахам стаў ты, і не будзе цябе на вякі» (Іез 28:15, 17—18, 19). Гэтага анёла-херувіма з ганарыстым сэрцам, які адрынуў Божую любоў і волю, старажытная яўрэйская экзэгеза назвала Самаэлем (ад сам — «яд», «атрута», эль — у дадзеным выпадку «сіла», «моц») і атаясаміла з сатанам. У больш позніх тэкстах Самаэль — уладар над усімі сатанамі. Таксама, улічваючы этымалогію імя Самаэля, ён атаясаміўся са змеям-спакуснікам, паводле Мідраша — ператварыўся ў яго. У хрысціянскай экзэгезе (мы бачым, як шчыльна ўзаемазвязаныя гэтыя працэсы) змей таксама зліўся з сатаною, д’яблам, які канчаткова стаў полюсам зла, галоўным антаганістам Бога.
Як бы там ні было (складаныя шляхі і перакрыжаванні культураў!), змей падсцярог ля Дрэва Пазнання жанчыну. Як сапраўдны псіхолаг, ён пачынае з «апрацоўкі» жаночай свядомасці, ведаючы, напэўна, што менавіта жаночая псіхіка больш рухавая, больш уражлівая, жаночая душа — больш эмацыянальная. I вельмі прыкметныя тыя словы, з якіх ён пачынае сваю ліслівую гаворку, небяспечную тым, што яна — напалову праўда, а напалову — хлусня: «Аф кі амар Элогім...» — «Ці так сказаў Бог...» [«Хаця б і сказаў Бог...»] (Быц 3:1). Змей пачынае з таго, што ўносіць сумненне ў душу чалавека — сумненне ў справядлівасці і праўдзівасці слова Божага, у мэтазгоднасці Яго запаведзяў. Для злога духа гэта вельмі важна, бо толькі ў слове Божым — несмяротнасць для чалавека. Сеючы сумненне, змей робіць крок, каб адняць вечнае жыццё ў чалавека. I на самой справе гэтая сцэна — парадыгма таго, што будзе
далей адбывацца ў чалавечай гісторыі: зноў і зноў унутры нас будуць узнікаць пытанні (падкрэслім, у наш складаны час — асабліва), спароджаныя йецэр га-ра («злым намерам»): ці праўду сказаў Бог? ці справядлівы Ён? ці існуе Ён?
Заўважым далей, што змей вельмі наўмысна перакручвае словы Бога, робячы іх абсурднымі, — можа, дзеля таго, каб хутчэй уцягнуць жанчыну ў размову: «1 сказаў змей жанчыне: ці сапраўды сказаў Бог: не ешце ні ад якога дрэва ў садзе?» (Быц 3:1). I жанчына адразу абвяргае змея, але і сама кажа праўду толькі напалову: «I сказала жанчына змею: плады з дрэваў мы можам есці, толькі пладоў з дрэва, якое пасярод саду, сказаў Бог, не ешце іх і не дакранайцеся да яго, каб вам не памерці» (Быц 3:2—3). Гэта складанае месца выклікала шмат інтэрпрэтацыяў, яно і цяпер прымушае разважаць, і перадусім над такім пытаннем: як разумеем мы словы другога? А калі гэты Другі — Бог? Як небяспечна скажаць Яго словы! Па-першае, жанчына не ўдакладняе, што Бог дазволіў есці плады з Дрэва Жыцця, якое пасярод Саду. Па-другое, Ён не забараняў дакранацца да Дрэва Пазнання, a толькі забараняў есці плады з яго. Чаму так робіць жанчына? Спрабуючы гэта зразумець і шкадуючы жанчыну, яўрэйскія мудрацы некалі падкрэслілі, што яна чула словы забароны не з вуснаў Самога Бога, а ад Адама, на якога спадзяваўся Гасподзь. Напэўна, тады Адам не вельмі добра выканаў сваё даручэнне? I ён жа паводле азначэння нясе адказнасць за жанчыну: яна — частка яго, яна больш слабая... Частка іудзейскіх каментатараў пагадзілася з тым, што Адам крыху заганарыўся сваёй «першасцю» і вырашыў — ад суб’ектыўна добрага намеру — «перавыканаць» заданне Бога: не ва ўсім давяраючы жанчыне, ён забараніў не толькі есці плады з Дрэва Пазнання, але і дакранацца да яго. Як часта мы, думаючы, што робім лепш, прыводзім да горшых вынікаў — і перадусім таму, што дазваляем сабе хоць кроплю эгаізму і ганарлівасці, a галоўнае — лічым, што мы лепш разумеем словы Божыя, чым Сам Бог. Паданне кажа, што змей падштурхнуў жанчыну да Дрэва, яна датыкнулася да яго, а змей усклікнуў: «Бачыш, ты не памерла!» I гэта ізноў хлусня, бо Бог і не
казаў пра імгненную смерць, а толькі пра тое, што людзі спазнаюць смерць (так, мы даведаемся потым, што Адам памёр, пражыўшы 930 гадоў).
Далей змей ужо свядома ўзводзіць паклёп на Бога, і яго словы падаюць на падрыхтаваную глебу: «I сказаў змей жанчыне: не, не памрэце. // Але ведае Бог, што ў той дзень, у які вы паспытаеце ад яго (дрэва. — Г. С.), адкрыюцца вочы вашы, і вы будзеце як багі (можна перакласці як «вялікія», «моцныя». — Г. С.), што ведаюць дабро і зло» (Быц 3:4—5). Такім чынам, змей кажа пра зайздрасць Бога, перакручвае ў сваіх словах Яго бязмежную любоў да людзей у падазронасць і нянавісць, у страх, што людзі пераўзыдуць Яго. Змей спакушае людзей ганарыстасцю, раздзімае іх эгаізм і імкненне да самасцвярджэння. Да таго ж, як было сказана вышэй, змей падбівае да язычніцтва: ён нагадвае, што ёсць шмат «сілаў», ці «багоў» (слова элогім можа быць зразуметае і як «сілы», і як «багі»), якія не горшыя і не ніжэйшыя за Адзінага Bora, і людзі могуць стаць такімі. Яшчэ адзін нюанс: Элогім можна зразумець і як Бог, і тады, магчыма, у вуснах змея перад намі першая дактрына атэізму: чалавек ні кропелькі не горшы за Бога, ён наогул можа абысціся без Яго. Што з гэтага вынікае — вядома, і вельмі добра пра гэтае піша Дз. У. Шчадравіцкі: «Змей прыйшоў і зноў задаў сваё пытанне: “Ці праўду сказаў Бог?..” Ён пасеяў сумненне ў веры; ён стаў выкараняць рэлігію; ён стаў ствараць свае філасофскія школы, выбіраць сваіх адэптаў, якія прапаведавалі яго вучэнні — матэрыялізм, прагматызм, цёмныя культы, аж да адкрытага сатанізму. I сказаў ён людзям: “Адкрыюцца вочы вашы”. Паспытайце, маўляў, плод з Дрэва пазнання добра і зла; займіцеся спасціжэннем рэчыўнага свету, спасціжэннем “прыроды” на шкоду духоўнаму свайму развіццю; займіцеся стварэннем бездухоўнай тэхнічнай цывілізацыі — і “вы будзеце, як багі”. I вось чалавецтва вялізныя сілы страціла на тое, каб спазнаць таямніцы рэчыўнага свету, паглыбіцца ў атам — і стварыла атамную і вадародную бомбы, хімічную і бактэрыялагічную зброю... I “адкрыліся вочы іх”, але не сталі людзі, як багі: яны толькі “ўбачылі галізну сваю” — убачылі, што зямля знаходзіцца на мяжы знішчэння, што і прырода, і