Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 451с.
Мінск 2003
само чалавецтва можа загінуць ад такога “пазнання”, што яму пагражае новае “выгнанне з раю” — выгнанне з гэтай напоўненай хараством, зялёнай, населенай птушкамі і кветкамі Зямлі... Спосаб дзеяння злога духа праз цэлыя эпохі застаецца тым жа»1.
А што ж жанчына? Яна ўжо іншымі вачыма стала ўглядацца ў Дрэва Пазнання: «I ўбачыла жанчына, што дрэва добрае для ежы, і што яно — асалода для вачэй, і жаданае яно для пазнання...» (Быц 3:6). Заўважым, што тут адзначаныя адразу тры галоўныя ўзроўні спакусы: «добрае для ежы» — спакуса для цела, плоці, плоцевыя інстынкты; «асалода для вачэй» — спакуса для душы, спакуса праз прыгажосць, праз эстэтычнае пачуццё, якое можа адарвацца ад этычнага; «жаданае яно для пазнання» — спакуса інтэлектуальная, духоўная, небяспека інтэлектуальнага і духоўнага снабізму. Гэта вечна адбываецца і з намі. А першая жанчына не толькі сарвала забаронены плод і ела яго, але і дала мужу свайму. Чаму ж паддаўся спакусе Адам, які сам, непасрэдна, чуў словы Божыя? Наконт гэтага ёсць розныя думкі, і асабліва ў мастацкіх творах, напісаных паводле слыннага сюжэта (пра гэта пойдзе гаворка ў асобным раздзеле). Але ўжо ў Агадзе і Мідрашах, у старажытным яўрэйскім постбіблейным каментары, узніклі, прынамсі, тры тлумачэнні: па-першае, Адам не ведаў, што гэта быў за плод, бо жанчына, якая заразілася хлуснёй ад змея, выціснула сок з плоду і дала мужу (да гэтай версіі вельмі добра стасуецца тая думка, што плод быў вінаградам); па-другое, жанчына, напалохаўшыся свайго ўчынку, моцна крычала, і Адам не вытрымаў і зрабіў так, як яна хацела; па-трэцяе, жанчына ўздзейнічала і на пачуцці, і на розум Адама: яна пераканала яго, што новай жонкі ў яго не будзе, што лепш яму падзяліць з ёю лёс, і тады Адам пагадзіўся ўзяць на сябе частку віны. У Мідрашу і містычнай традыцыі прыпавесць пра грэхападзенне мае і сімвалічны сэнс: Адам сімвалізуе дух і розум чалавечы; Ева — душу, эмацыянальны свет чалавека; змей — «злое памкненне», якое ідзе ад плоці, ад жывёльнай прыроды. Гэты «змей» уздзейнічае спачатку на пачуцці (Еву),
1 ІЦедровнцкнй Д. В. Введенне в Ветхнй Завет: В 8 т. Т. 1. С. 53—54.
а яны зацямняюць розум (Адама). Усё разам вядзе да смерці — духоўнай і фізічнай.
Першыя людзі, што паспыталі забаронены плод, адчулі сябе неяк інакш: «I адкрыліся вочы ў іх абодвух, і даведаліся яны, што голыя, і сшылі лісты смакоўніцы, і зрабілі сабе апярэзванні» (Быц 3:7). Што значыць гэтая галізна, якую раптам убачылі людзі? Яе не трэба разумець прымітыўна-канкрэтна, як тое, што людзі толькі цяпер заўважылі, што яны — істоты рознага полу, што яны ў гэты момант адкрылі для сябе сексуальнасць, уступілі ў інтымную сувязь. Мы ведаем, што запаведзь «пладзіцца і памнажацца» была дадзеная ім на самым пачатку стварэння чалавека. У чалавечым целе, створаным Богам, няма нічога агіднага, сорамнага. Агідным можа быць толькі стаўленне чалавека да свайго ці іншага цела. Магчыма, справа ў тым, што першыя людзі, даверыўшыся змею, апынуліся пад уладаю сексуальнай стыхіі (на сувязь паміж грэхападзеннем і адкрыццём, што сексуальны інстынкт можа запаланіць чалавечую істоту, паказвае тое, што людзі вырашылі прыкрыць лістамі менавіта органы, звязаныя перадусім з сексуальнасцю). Можа, гэта яшчэ адно пацверджанне, што на старажытнай сімвалічнай мове Святога Пісання грэхападзенне азначала ў тым ліку і звяртанне да культу сексуальнасці, які сімвалізуе змей.
Але гэтага тлумачэння недастаткова. Безумоўна, Біблія мае на ўвазе перадусім духоўную галізну, няздольнасць захоўваць веру і вернасць Адзінаму Богу. Як сказаў даўным-даўно адзін яўрэйскі рабі, «адна запаведзь у іх была, і тую не ўтрымалі». Людзі ўбачылі сваю слабасць перад абліччам страшэннага зла, сваю здольнасць паддавацца яму, здольнасць спараджаць яго ў сваёй душы. Старажытнае паданне кажа, што ў Эдэме людзі былі агорнутыя святым ззяннем, падобным таму, якое зыходзіць ад анёлаў. Цяпер яны страцілі гэтае ззянне, гэтую святасць і адчулі сябе «голымі», адчыненымі граху. Іудзейскі каментар кажа таксама, што, акрамя ззяння, першыя людзі былі апранутыя ў асаблівую прыродную «вопратку» — празрыстую, вельмі пяшчотную, цвёрдую і адначасова гібкую, якая абараняла іх ад усялякіх хваробаў, холада і спякоты (хаця іх і не было ў Эдэме). А цяпер яны страцілі гэтыя
хараство і абароненасць, і Бог Сам зрабіў ім адзенне са скуры — гэта і ёсць нашыя плоць і скура, не роўныя плоці і скуры першых людзей, прасветленых наскрозь духоўнасцю.
3 вялікай скрухаю і горыччу назіраў Бог за тым, што адбылося. Ён, бязмежна любячы Сваё стварэнне, вырашыў не знішчаць яго, не адхіснуцца ад яго, нават, магчыма, не выводзіць з Эдэма адразу. Чаму можа з’явіцца такая думка? Як вядома, Бог уступіў у дыялог з людзьмі, а гэта Ён робіць заўсёды, калі спадзяецца на чалавека. Гэты дыялог — яшчэ адзін іспыт, выпрабаванне на асэнсаванне свайго ўчынку, на здольнасць узяць на сябе адказнасць. Магчыма, каб людзі здолелі гэта зрабіць, усё было б інакш, іншай была б чалавечая гісторыя. Але, пачуўшы ў Садзе голас Бога, Адам, як памятаюць усе, схаваўся. Ці не ёсць гэта адвечная спроба людзей у кожным пакаленні бегчы, хавацца ад Твару Божага, бо так цяжка вытрымаць ззянне гэтага Твару, адчуваць сябе перад судом найвялікшай ісціны. I ўсё ж немагчыма ўтаіцца ад Бога, няма такога месца на зямлі. Нездарма Псальмаспеўца Давід сказаў: «Куды пайду ад Духа Твайго, і ад Твару твайго пабягу?» (Пс 139/138: 7). Адам і жонка яго хаваюцца, а голас Божы заве: «Дзе ты?» Вядома, гэта не патрэбна разумець як імкненне Бога даведацца, за якім дрэвам ці пад якім кустом схаваўся Адам. Гэта пытанне не для Бога — для Адама, і азначае яно наступнае: ці разумееш ты, чалавек, што адбылося з тваёй душой? Гэтае пытанне вечна гучыць для кожнага з нас, нашчадкаў Адама. Адам жа, як вядома, адказвае, што схаваўся, бо напалохаўся, убачыўшы сябе голым. Ён не можа (ці не хоча) зразумець сутнасць пытання. I тады Бог прама пытаецца: «...хто сказаў табе, што ты голы? Ці не еў ты ад Дрэва, з якога я забараніў табе есці?» (Быц 3:11). Замест таго, каб мужна і сумленна прызнаць сваю віну, Адам ківае на жанчыну: «... жанчына, якую Ты даў мне, яна дала мне ад Дрэва, і я еў» (3:12). Нельга не адчуць у падтэксце і эківок у бок Бога: Ты ж Сам мне яе даў, Сам і вінаваты. Гэтак жа адказвае і жанчына, ва ўсім абвінавачваючы змея. Так першыя людзі прадэманстравалі, можа, самую галоўную сваю слабасць, якая бясконца паўтараецца і ў нас: няздольнасць несці адказнасць. Нам намнога лягчэй, калі вінава-
ты хто-небудзь, увесь свет, Сам Бог, але толькі не мы. I толькі нешматлікія мужныя да канца нясуць адказнасць, часта ўзвальваючы на сябе і чужую віну, адчуваючы сорам за яе як свой сорам.
Дарэчы, пра сорам. Здаецца, сорам узнікае там, дзе ёсць віна. Таму сорам — гэта дрэнна. Першыя людзі не ведалі сораму, і ў свой час у хрысціянскай цывілізацыі ўзнікла секта так званых адамітаў, якія меркавалі, што можна жыць без сораму, патрэбна вярнуцца да стану людзей да грэхападзення, таму неабходна хадзіць без адзення, голымі... Гэта наіўнае разуменне і галізны першых людзей, і сораму. Так, сорам з’явіўся як вынік граху, але ён жа, сорам, стаў выратаваннем для чалавека, бо быў галоўным аргументам у яго абарону ў вачах Бога. Калі чалавек можа адчуваць сорам, ён яшчэ не згублены перад вачыма Божымі. Вось чаму рускі паэт Вячаслаў Іванаў у свой час прамовіць: «Совестн хранктель — стыд». Гэта сказана афарыстычна і вельмі дакладна. Што наша жыццё без сораму, неадрыўнага ад сумлення? I як сказаў адзін з яўрэйскіх мудрацоў, можа, там, дзе болей адчування сораму, болей і сумлення, бо толькі скончаны грэшнік сораму не ведае.
Убачыўшы няздольнасць несці адказнасць, няздольнасць да поўнага пакаяння, сумленнага прызнання віны, Бог карае і змея, і людзей. Змею сказана: «...за тое, што ты зрабіў гэта, пракляты ты з усіх жывёлаў і звяроў палявых; на жываце сваім ты будзеш хадзіць і прах будзеш есці ўсе дні жыцця твайго. I палажу варожасць паміж табою і жанчынаю, паміж нашчадкамі тваімі і нашчадкамі яе; яны будуць паражаць цябе ў галаву, а ты будзеш джаліць іх у пяту» (Быц 3:15). У гэтых грозных словах ёсць вялікае суцяшэнне для чалавека: зло ўздзейнічае на нас праз «пяту» — гэта значыць, праз самую нізкую частку нашай сутнасці, але мы, умацаваўшы свой дух, зможам змагацца са злом, паражаць «змея» ў галаву. I яшчэ больш важкае прароцтва ёсць у гэтых словах Божых: зло ў рэшце рэштаў будзе адоленае, і адна з дачок першай жанчыны, што паддалася на правакацыю змея, народзіць Збавіцеля, Памазаніка Божага — Месію, у хрысціянскім разуменні — Ісуса Хрыста. Ён, Месія, канчаткова пераможа змея-
сатану, выратуе род людскі ад зла, увядзе яго ў Месіянскую эру — эру дабрыні, справядлівасці, гармоніі, дасць людзям ізноў жыццё вечнае. Але доўга, страшэнна доўга будзе працягвацца чалавечая гісторыя, напоўненая пакутамі. Пакуты перадусім зазнае жанчына: «...памнажаючы памножу пакуты твае ў цяжарнасці тваёй; у пакутах будзеш нараджаць дзяцей, і да мужа будзе прыхільнасць твая, і ён будзе ўладарыць над табою» (Быц 3:16). Так, тыя пакуты, што церпіць жанчына, нараджаючы дзіця, невядомыя ніякім іншым жывым істотам. Некаторыя біёлагі і фізіёлагі мяркуюць, што гэта сапраўды адплата за тое, што чалавек дазволіў сабе вылучыцца з свету прыроды, проціпаставіць сябе ёй. Прыходзячы ў гэты свет, чалавек прыносіць вялікія пакуты сваёй маці і пакутуе сам, церпячы вялікі боль у самы момант нараджэння. Нарэшце, Адаму сказана: «...праклятая зямля за цябе; у пакутах будзеш карміцца ад яе ўсе дні жыцця твайго. // I калючкі і ваўчкі вырасціць яна табе; і будзеш карміцца палявою травою. // У поце твару твайго будзеш есці хлеб, пакуль не вернешся ў зямлю, бо з яе ты ўзяты; бо прах ты, і вернешся ў прах» (Быц 3:17—19).
Пасля гэтага людзі страчваюць Эдэм, бо Гасподзь Бог непакоіцца, што чалавек, які праявіў сябе як няўстойлівы, недасканалы, можа зноў есці плады з Дрэва Жыцця і зрабіць сваю недасканаласць і грэшную сутнасць вечнай. А гэта супярэчыць задуме Божай. Людзі ў Эдэме, якія жылі ў такой духоўнай блізкасці ад Бога, адчувалі Яго дыханне, чулі Яго слова, маглі есці ад Дрэва Жыцця. Зрабіўшы свой выбар, яны страцілі гэтае права: «I выгнаў Адама, і паставіў на ўсходзе каля Саду Эдэнскага керуваў [херувімаў] і вастрыё мяча, што варочаўся, каб ахоўваць шлях да Дрэва Жыцця» {Быц 3:24). Слова «вастрыё» на іўрыце гучыць гэтак жа, як слова «полымя», і канец гэтага верша можна прачытаць наступным чынам: «...і палымяны меч, што варочаўся [вярцеўся], каб ахоўваць шлях да Дрэва Жыцця». Згодна з тлумачэннем евангеліста Марка, гэты «палымяны меч» — сімвал пякельнага полымя, што карае грэх. Паводле іншых тлумачэнняў, гэта сонца, якое, як уяўляецца нам, варочаецца вакол зямлі, высвятляючы нашы грахі. Пакуль мы бачым і чуем толькі