Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 451с.
Мінск 2003
Другі аповед пра Стварэнне свету (Быц 2:4—25) можна вызначыць як антрапацэнтрычны, бо ў дадзеным выпадку менавіта чалавек — і чалавек як асоба — у цэнтры Божай задумы, усё астатняе падпарадкавана асэнсаванню месца чалавека ў сусвеце. Пра Стварэнне свету сказана вельмі сцісла, а галоўная ўвага аддадзеная чалавеку і яго ўнутраным праблемам — праблемам яго экзістэнцыяльнай самоты і яго душэўных супярэчнасцяў. Паводле другога аповеду, чалавек быў створаны яшчэ да ўзнікнення расліннага і жывёльнага свету, а апошні быў аддадзены Госпадам пад асаблівы клопат чалавеку і на карысць яму. Больш таго, менавіта ў другім аповедзе распавядаецца, як чалавек дае назвы-імёны ўсім жывым істотам, г. зн. надае ім сэнс, вызначае лёс і тым самым удзельнічае ў станаўленні тварнага свету. У другім аповедзе чалавек не толькі ўключаны ў прыродную прастору, але і проціпастаўлены ёй: для яго «агароджаная» Богам асаблівая культурная прастора — Эдэмскі Сад, і квіценне гэтага Саду павінен падтрымліваць чалавек. У «культурнай прасторы», проціпастаўленай «прасторы натуральнай», чалавек адчувае сваю непазбыўную самоту, пранізлівую тугу па іншым чалаве-
ку — па Другім, у стасунках з якім наша жыццё набывае сэнс. I тут, у гэтым таямнічым Садзе, з’явіцца жанчына, будзе ўсталяваная Госпадам інстытуцыя шлюбу і сям’і, a потым адбудзецца падзея, якая стане пачаткам і вытокам складанай, амбівалентнай — жахлівай і высокай — гісторыі чалавецтва. Гэтая падзея, пра якую мы даведваемся ўжо за межамі аповеда пра Стварэнне свету і чалавека, — пераход ад няведання да ведаў, пераход, звязаны з парушэннем Запаведзі Божай, так званае грэхападзенне.
Мы пераканаліся, наколькі розныя два аповеды. Дарэчы, самая старажытная экзэгеза — іудзейская — лічыць, што яны абсалютна супадаюць у часе: распавядаюць не пра тое, што адбылося адно за адным, але менавіта пра тое самае, толькі па-рознаму. Больш таго, яўрэйскія мудрацы лічаць, што і падзеі, звязаныя з грэхападзеннем, адбыліся ў межах Сямі Дзён Стварэння, дакладней — Адам і Ева паспрабавалі плод з Дрэва Пазнання яшчэ ў Дзень Шосты, за тры гадзіны да надыходу святой Суботы. I да яе надыходу яны былі выгнаныя з Эдэмскага Саду, пасля чаго Бог ужо нічога не перарабляў, не змяняў у Сваёй задуме наконт свету. Вось і адно з магчымых тлумачэнняў наяўнасці двух аповедаў: першы дае агульны план Божай задумы, другі — яе непасрэдную рэалізацыю, звязаную з некаторымі зменамі і ўдакладненнямі. Але, можа, яшчэ больш важна тое, што два аповеды даюць розныя праекцыі аднаго і таго ж працэсу, высвятляюць розныя яго бакі, падпарадкоўваючыся не элементарнай, а духоўнай логіцы. Невыпадкова і Бог выступае тут у розных сваіх праявах, з якімі суаднесеныя розныя Яго імёны: Элогім («множная вялікасць») — праяўленне Бога як Творцы і Уладара універсуму — і невымаўляльны Тэтраграматон, які сімвалізуе літасць і міласэрнасць у адносінах Бога да свету, і перадусім — да чалавека (у нашым зямным досведзе адлюстраванне гэтай любові Бога да чалавека можна знайсці толькі ў самаахвярнай любові маці да свайго дзіцяці).
Але і чалавек, як мы ўжо адзначалі, паўстае ў гэтых аповедах у розных сваіх праявах. Вельмі слушна рабі Ё. Д.-Б. Салавейчык вызначыў чалавека першага аповеду як «чалавека фізічнага» («чалавека прыроднага»), а чалавека
другога аповеду — як «чалавека метафізічнага». Мысляр пісаў: «“Фізічны чалавек” вядзе інстынктыўнае біялагічнае існаванне, якое з матэматычнай дакладнасцю абмежавана біялагічнымі законамі. Ён экстрэмальна прагматычны і не здольны да рэзкіх зменаў. Толькі тады, калі чалавек парывае з фізічнай прыродай, адмаўляючыся прызнаваць межы, калі ён марыць, калі ён прагне бязмежнасці, толькі тады ён можа дасягнуць велічы. У другім раздзеле паказаны чалавек “метафізічны”, які цягнецца да бязмежнасці і прагне шчасця. “Фізічны чалавек” самазадаволены, “метафізічны” — заклапочаны»1.
Працягваючы разважанні свайго папярэдніка і настаўніка, сучасны каментатар Пінхас Палонскі заўважае: «...з пункту гледжання першага аповеду пра Стварэнне, свет валодае незалежнай каштоўнасцю... 3 пункту гледжання другога аповеду, каштоўнасцю валодае выключна чалавек, а іншы свет не заслугоўвае нават падрабязнага апісання. ...У сувязі з гэтым адрозненнем у ацэнцы свету парознаму даецца таксама апісанне ролі чалавека: Адам першага аповеду — гэта “валадар”, а Адам другога аповеду — “свет у сабе”»2.
Несумненна, два аповеды ўзаемадапаўняюць адзін аднаго. Паспрабуем разабрацца, наколькі гэта магчыма, і ў тым, што іх аб’ядноўвае, і ў тым, што іх адрознівае, і ў тым, як усё гэта разам уплывае на наша разуменне прызначэння і сутнасці чалавека. Па-першае, скажам, што стварэнне чалавека адзначана як трэцяя якасная ступень усяго працэсу велічнай і асаблівай працы Божай: менавіта тут гучыць непаўторны дзеяслоў бара, які не мае дакладнага лексічнага адпаведніка ні ў адной з вядомых нам моваў і можа быць перакладзены толькі апісальна: стварыў тое, што не існавала раней (нешта якасна новае), стварыў з нічога. Паказальна, што ўпершыню слова бара гучыць на пачатку Стварэння, калі свет узнікае як цэлае, другі раз — калі ствараецца жывое жыццё (арганічная матэрыя — у процілегласць неарганічнай), трэці раз — калі ствараецца чалавек. Тым самым біблейны тэкст адзначае для нас
1 Соловейчнк Й. Д.-Б. Обшнна Завета. Нерусалнм, 1989. С. 24—25.
2 Полонскнй П. Две нсторнн Сотворення мнра. Нерусалнм, 1999. С. 96.
тры асноўныя моманты касмагенэзу. Больш таго, у другім аповедзе ў дачыненні да чалавека ўжываецца дзеяслоў ваййіцэр — «вырабіў» з асаблівым напісаннем — з падвойнай літарай йод (і кароткім). Згодна са старажытным тлумачэннем, гэта сведчыць, што стварэнне чалавека кардынальна вылучанае з усяго жывога: раслінны і жывёльны свет узнік паводле Слова Бога апасродкавана — са стыхіяў вады і зямлі, чалавек жа быў «выраблены» Самім Богам. Дзве літары йод сімвалізуюць тое, што чалавек створаны адразу для двух светаў — для зямнога, матэрыяльнага, a таксама для іншага, будучага свету, дзе ён — і толькі ён у адрозненне ад усіх жывёлаў — паўстане перад Госпадам і будзе трымаць адказ за свае ўчынкі, і набудзе жыццё вечнае. I яшчэ: як ужо адзначалася раней, толькі пасля стварэння чалавека, напрыканцы Шостага Дня Стварэння, было сказана Богам тов мэод («вельмі добра», дакладней — «добра вельмі») у дачыненні да ўсяго створанага. Хаця гэтыя словы — і нават простае тов («добра») — не вымаўленыя непасрэдна пасля апісання стварэння чалавека, але ж сусвет набывае стан тов мэод толькі тады, калі ў ім прысутнічае чалавек. Цікава, што тоячы ў сабе шматмерныя сэнсы, тэкст уключае нас у дзівосную славесную гульню. Так, слова мэод на іўрыце складаецца з трох літараў (ад пачатку на гэтай старажытнай мове не пішуцца галосныя): мэм, алеф, далет (так гучаць іх назвы ў алефбэце — алфавіце). Але гэта — тыя самыя літары, якія складаюць у арыгінале слова «чалавек»: адам — усё тыя ж, хоць і ў іншым парадку, алеф, далет, мэм. Гэта яшчэ раз падкрэслівае, што без Адама — Чалавека — немагчыма дасягненне завершанасці і гармоніі універсуму; толькі ён спараджае асаблівую гармонію, без якой Сусвет не мае сэнсу, але ён жа, чалавек, як пакажа нам далейшы тэкст, можа самым небяспечным чынам парушаць гармонію Боскага быцця. Заўважым, што слова адам ужываецца ў тэксце (асабліва ў першым аповедзе) хутчэй не як імя асабістае, а як вызначэнне прынцыпова новага роду, створанага Богам, як радавое імя чалавека. Яно нават пішацца ў тэксце з пэўным артыклем (няпэўнага ў іўрыце няма), які ніколі не ставіцца перад імёнамі ўласна асабовымі: «Вэйівра Элогім га-адам...» («I стварыў Бог чалавека...» (Быц 1:27);
йівра — асаблівая форма сучаснага часу, звернутага ў мінулае, усё ад таго ж дзеяслова бара). Але, вядома, услед за традыцыяй (іудзейскай і хрысціянскай) мы будзем з пашанай пісаць гэтае імя з вялікай літары: Адам — наш агульны бацька, родапачынальнік усяго чалавецтва. Адам Кадмон (Адам Першапачатковы) — так называе яго Кабала, яўрэйская містычная традыцыя. Адам Кадмон — першавобраз усіх рэчаў, увасабленне ўсяго роду чалавечага; ён увабраў у сябе бязмежна добрыя якасці Божыя: мудрасць, веданне, прыгажосць, сілу. Містычная традыцыя дадае, што ў ім ужо існавалі ўсе душы людзей, якія з’явіліся ці з’явяцца на зямлі.
I з першага, і з другога аповеду вынікае, што стварэнне чалавека — галоўная мэта ўсяго Стварэння. I зноў зразумець дзёрзкі, наватарскі погляд Бібліі нам дапамагае параўнанне з навакольнай культурнай прасторай. Усе вядомыя нам старажытныя пісьмовыя культуры Блізкага Усходу асэнсоўвалі чалавека як свайго кшталту падручны сродак для абслугоўвання багоў. Асабліва яскрава гэта выявілася ў шумерскай і акадскай (вавілонскай) культурах. Да нас дайшло некалькі розных паданняў пра ўзнікненне чалавека, але ўсе яны падобныя ў пэўных асноўных момантах: чалавек ствараецца праз фізічныя намаганні божышча з гліны (у шумерскіх паданнях) альбо з гліны, змяшанай з крывёю забітага божышча (у вавілонскай «Паэме пра стварэнне свету»); стварэнне чалавека вынікае з неабходнасці ўзяць каму-небудзь на сябе «цяжкія кашы багоў» (цяжкую, чорную, няўдзячную працу), сачыць за «хлявамі багоў» — іншымі словамі, забяспечваць у першую чаргу багоў ежай і адзеннем, а ўжо потым клапаціцца аб сабе. Так ці інакш, толькі ў Бібліі Чалавек пачынае сапраўды вымаўляцца «з вялікай літары», толькі ў ёй ён становіцца не сродкам, а мэтаю, тым, дзеля каго створаны зямны свет.
У аповедзе пра «першага Адама» мы інтуітыўна адчуваем, што ключавымі для разумення Божай задумы наконт чалавека з’яўляюцца наступныя словы: «Зробім чалавека паводле вобраза Нашага, паводле падабенства Нашага...» (Быц 1:26). У такой кароткай фразе — такое мноства загадак! Першая: да каго звернута гэтае «зробім» — наасэі Са-
праўды, дзеяслоў стаіць у арыгінале ў першай асобе і множным ліку. Як сумясціць гэта з нашым веданнем пра Божае Адзінства? Ужо ў сівой старажытнасці на гэтае пытанне шукалі адказы і дзівосна тое, што знаходзілі самыя розныя — яшчэ адно пацверджанне здольнасці Вечнай Кнігі спараджаць розныя прачытанні, не вычэрпваючыся да рэшты (на думку слыннага пісьменніка Умбэрта Эка, гэта і ёсць паказчык «мастацкасці» тэксту). Цікава, што адзін з самых старажытных яўрэйскіх каментараў да Кнігі Быцця асабліва вылучае гэтае месца, падкрэслівае яго для нас. Паводле падання, калі прарок Майсей запісваў Тору з вуснаў Усявышняга, ён спыніўся, пачуўшы «зробім чалавека», і спытаў: «Божа, чаму ж ты кажаш “зробім”, калі я ведаю, што Ты — Адзін? Ці не спатыкнуцца на гэтым недасканалыя галовы?» На гэта Бог сказаў Свайму прароку: «Пішы, пішы! Той, каму наканавана спатыкнуцца, спатыкнецца, а людзі разумныя — паразважаюць...» Тым самым старажытны каментар запрашае нас паразважаць і перш-наперш адкінуць недарэчнае і прымітыўнае тлумачэнне гэтага слова як паказальніка «рэліктаў» язычніцкай свядомасці ў біблейным тэксце ці наогул адсутнасці Адзінабожжа: «зробім» — значыцца, шмат багоў рабілі ці «асіставалі» галоўнаму. Такое тлумачэнне прымітыўнае хаця б таму, што літаральна ў наступным вершы цвёрда сказана: «I стварыў Бог чалавека...» (Быц 1:27). He «стварылі» — «стварыў»... Яшчэ адзін яўрэйскі каментар сцвярджае, што Бог сказаў так таму, што раіўся з анёламі, якія нябачна прысутнічалі пры стварэнні чалавека. Пры такім падыходзе дзеянне Бога становіцца парадыгмаю для кожнага чалавека: перад сур’ёзным крокам у жыцці патрэбна параіцца з іншымі людзьмі, нават з тымі, чые парады табе не вельмі патрэбныя. Дарэчы, згодна з паданнямі, анёлы ўстрывожыліся, калі пачулі пра задуму Бога і асабліва — пра свабоду волі, якую Ён вырашыў даць чалавеку. I нават папярэджвалі, што гэта можа прывесці да цяжкіх наступстваў і пакутаў Самога Бога. Але Ён — Святы, Благаславёны Ён — выслухаў усё гэта і стварыў чалавека.