• Газеты, часопісы і г.д.
  • Біблія як феномен культуры і літаратуры Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця Галіна Сініла

    Біблія як феномен культуры і літаратуры

    Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
    Галіна Сініла

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 451с.
    Мінск 2003
    124.72 МБ
    «ДЗЕ АВЕЛЬ, БРАТ ТВОЙ?»
    (Прыпавесць пра Каіна і Авеля)
    Мы разважалі пра тое, як інтэрпрэтавала сюжэт пра грэхападзенне першых людзей — Адама і Евы — постбіблейная культурная традыцыя, прынамсі — еўрапейская літаратура пачатку Новага часу. А тым часам доўжылася першая ноч, якую павінны былі правесці па-за Эдэмскім Садам нашы Прабацькі, каб надышоў першы дзень чалавечай гісторыі. Старажытны іудзейскі каментар сцвярджае, што ў Ган Эдэн (Садзе Асалоды) — Эдэмскім Садзе — Адам і Ева правялі толькі адну ноч: Сад быў створаны падчас надыходу Дня Сёмага — Шабата (Суботы), і ў гэты ж дзень чалавек саграшыў. Патрэбна было б адразу выгнаць людзей з Эдэма, але Бог злітасцівіўся над імі дзеля святасці Суботы і загадаў ім пакінуць Эдэм толькі тады, калі яна скончылася, г. зн. увечары на пачатку восьмага дня існавання свету (старажытная традыцыя адлічвае новыя суткі з моманту з’яўлення на небасхіле першай зоркі, бо сказана ў Пісанні: «I быў вечар, і была раніца», а не наадварот). Каментар сцвярджае, што Бог пасяліў першых людзей недалёка ад Эдэмскага Саду, на гары Морыя (тое месца, дзе адбудзецца пазней асаблівае выпрабаванне праайца яўрэйскага народа Аўраама, а яшчэ пазней уздымецца Іерусалімскі Храм). Бог спадзяваўся, што жыццё побач з Садам, які быў увасабленнем гармоніі на зямлі, стане своеасаблівай аховай чалавеку, дапаможа яму ўтрымацца ад іншых нядобрых учынкаў.
    Вядома, новае жыццё Адама кардынальна адрознівалася ад жыцця ў Эдэме. Ён страціў, згодна з тлумачэннем, шэсць цудоўных рэчаў, якія даў яму Бог: ззянне свайго твару, што было адлюстраваннем ззяння Твару Божага; бессмяроцце свайго цела, якое ў Эдэме — да грэха-
    падзення — наскрозь было адухоўленае; свой велічны рост; дрэвы сталі даваць значна менш садавіны; зямля стала вырошчваць пустазелле і калючкі; і, нарэшце, галоўнае — той асляпляльны свет, што створаны быў Усявышнім у самы Першы дзень, перастаў ззяць для людзей у сваёй паўнаце. Цяпер чалавека чакала цяжкая праца, нялёгкія выпрабаванні жыцця. Але патрэбна было жыць і несці адказнасць перад гісторыяй, што пачалася з першай чалавечай сям’і і даволі складаных стасункаў у ёй. Дарэчы, дзве традыцыі — іудзейская і хрысціянская — разыходзяцца ў думках наконт таго, калі з’явіліся першыя дзеці. Згодна з першай, ужо ў час надыходжання Шабата Хава (Ева) нарадзіла пяцёра дзяцей: спачатку Каіна з сястройблізніцай, потым Гэвеля (Авеля), што таксама з’явіўся на свет разам з дзвюма сёстрамі-блізнятамі. Такая думка зыходзіць з таго, што, стварыўшы чалавека, Бог даў яму запавет пладзіцца і памнажацца разам з усім жывым, a таксама з таго, што ў Эдэме не было яшчэ доўгага тэрміну цяжарнасці ў жанчыны, таму Ева нарадзіла хутка і лёгка; наяўнасць жа сясцёр, пра якіх нічога не гаворыць Тора, вынікае з неабходнасці абгрунтаваць магчымасць першых шлюбаў — інцэстуальных, што было далей сурова забаронена. Хрысціянская ж экзэгеза лічыць, што Адам і Ева сталі мужам і жонкаю і нарадзілі дзяцей толькі пасля выгнання з Эдэма, бо ў такой паслядоўнасці гэта распавядае Кніга Быцця: «Адам спазнаў Еву, жонку сваю; і яна зацяжарыла, і нарадзіла Каіна, і сказала: набыла я чалавека з Госпадам. // I яшчэ нарадзіла брата яго, Авеля. I быў Авель пастухом авечак, а Каін быў земляробам» (Быц 4:1—2).
    Так ці інакш, але з’яўляюцца на свет першыя дзеці, перадусім сыны, якія, пасталеўшы, працягваюць заняткі свайго бацькі Адама, найстаражытнейшыя прафесіі чалавека — земляробства і пастухоўства. I з імі, з першымі дзецьмі (дзеці заўсёды застаюцца для бацькоў дзецьмі, якога б узросту яны ні былі), звязаная найвялікшая трагедыя першай чалавечай сям’і — сумны вынік адхілення ад шляху Божага. Як памятаюць усе, гаворка ідзе пра першую страшэнную варожасць аднаго чалавека да другога, аднаго брата да другога (а Біблія нагадвае: усе людзі —
    браты), варожасць, што скончылася забойствам. Пра гэта і распавядае прыпавесць пра Каіна і Авеля ў чацвёртым раздзеле Кнігі Быцця. Як мы памятаем, першая кніга Бібліі прадстаўляе нам свайго кшталту парадыгмы духоўнага досведу чалавека, першапачаткі гэтага досведу. I цяпер, калі ў свядомасць чалавека (а разам з тым — і ў свет) увайшло зло, унутраная логіка тэксту вымагае даць першавобраз найстрашэннейшага зла, свядомага зла — злачынства, забойства, адняцця жыцця іншага чалавека (з пункту гледжання Бібліі — гэта адзін з найвялікшых грахоў, бо жыццё дае толькі Бог і толькі Ён можа яго забраць; нездарма і Адам створаны напачатку адзін, каб яшчэ больш выразна падкрэсліць абсалютную каштоўнасць жыцця, непаўторнасць і незамяняльнасць кожнай чалавечай асобы). Першавобразам свядомага злачынства і амаль абсалютнага граху і становіцца ў Бібліі Каін, менавіта пра якога яго маці Ева так таямніча і радасна кажа: «...набыла [прыдбала] я чалавека з Госпадам» (можна перакласці і як «набыла я чалавека ад Госпада»). Гэта значыць, што Бог удзельнічае непасрэдна ў нараджэнні новага чалавека: як тлумачыць старажытная традыцыя, ужо ў той момант, калі толькі завязваецца ў целе маці «кропелька» новага жыцця, Бог удзімае ў гэтую плоць новую душу, і гэтая, здаецца, яшчэ зусім неаформленая, аморфная «кропелька» — душа жывая з пункту гледжання рэлігійнай свядомасці, і забіваць яе, нават на самых ранніх стадыях цяжарнасці, — цяжкі грэх перад Богам. Такім чынам, кожнае дзіця, якое з’яўляецца на свет, — у высокім сэнсе дзіця Божае, і кожнаму Бог дае душу, здольную процістаяць злу. Чаму ж, калі гэта так, зноў і зноў праяўляецца ў новых пакаленнях «сіндром Каіна»? Чаму варожасць да падобнага сабе не пакідае чалавека? Чаму ў ім агрэсіўнасць захоўваецца, даволі часта прарываючыся вонкі ў найстрашэннейшай форме — забойстве? Сіндром гэты такі незразумелы, часта такі нематываваны, што нават арнітолагі, што назіраюць, як выштурхоўвае адно птушаня з роднага гнязда другое (пры тым, што абодвум даволі ежы і цяпла), назвалі гэты феномен «сіндром Каіна». Дык можа, ён закладзены ў чалавека? Можа, гэта наканаванне? Адплата за першародны грэх? Над усімі гэтымі пытаннямі
    прымушае разважаць прыпавесць пра Каіна і Авеля — адна з самых знакамітых у Бібліі. Прыгадаем часткова яе тэкст, адзначыўшы магчымыя варыянты перакладу найбольш складаных момантаў:
    «I быў Авель пастухом авечак, а Каін быў земляробам. // I было: праз нейкі час прынёс Каін ад плёну зямлі дар Госпаду. // I Авель таксама прынёс ад першародных авечак сваіх і ад тлушчу іх [ад тлустых з ix], I Гасподзь звярнуў увагу на Авеля і на дар яго, // а на Каіна і на дар яго не звярнуў увагі. I вельмі прыкра [крыўдна] стала Каіну [вельмі засмуціўся Каін], і схіліўся долу твар яго. // I сказаў Гасподзь Каіну: “Чаму прыкра табе [чаму засмуціўся ты] і чаму схіліўся долу твар твой? // Калі робіш добрае [калі станеш лепш], то ці не ўзнімаеш твар [то даруецца табе], а калі не — то ля ўваходу грэх ляжыць, і да цябе — жарсць яго [цябе вабіць ён], але ты — пануй над ім”. I сказаў Каін Авелю, брату свайму... // I было: калі яны былі ў полі, падняўся Каін на Авеля, брата свайго, і забіў яго» (Быц 4:2—8).
    Ужо пры самым першым поглядзе на гэты тэкст выяўляецца яго складанасць для разумення. Мы адчуваем у ім таямнічыя «правалы» і недамоўленасці, напрыклад: незразумела, як прыносілі ахвяру Богу Каін і Авель; які знак даў Бог, што прымае ахвяру Авеля і не прымае ахвяру Каіна (тое, што мы пераклалі як «звярнуў увагу», мае значэнне ў арыгінале «даў бачны знак»; параўн. у рускім Сінадальным перакладзе — «прнзрел»); незразумела і тое, чаму менавіта дар Авеля прыняты, а дар Каіна адхілены; што сказаў Каін свайму брату, калі былі яны ў полі; калі адбылося забойства — адразу пасля ахвярапрынашэння ці праз нейкі (мажліва, даволі доўгі) час; нарэшце — якім чынам быў забіты Авель? I што канчаткова было прычынай гэтага ўчынку? Як бачым, пытанняў зашмат. Да таго ж тэкст вельмі неадназначны для разумення і перакладу з прычыны асаблівых якасцяў старажытнага біблейнага іўрыту. Так, словы Бога, звернутыя да Каіна, можна перакласці і наступным чынам: «Калі станеш лепшы, памілаваны будзеш, а калі не, то каля ўваходу грэх ляжыць, ён вабіць цябе, але ты будзеш уладарыць над ім» (Быц 4:7). Ці так: «Калі робіш добрае, то ці
    не ўзнімаеш твар? А калі не робіш добрае, то ля дзвярэй грэх ляжыць; ён вабіць цябе, але ты пануй над ім». I што значыць на мове Бібліі гэтае ўзняцце твару і яго схіленне?
    Навукоўцы-біблеісты ў адзін голас сцвярджаюць, што прыпавесць пра Каіна і Авеля — адзін з найстаражытнейшых па паходжанні, найбольш цьмяных па сэнсу, найцяжэйшых для тлумачэння фрагментаў тэксту Пісання. 1 галоўная цяжкасць тычыцца нематываванасці (або слабай матываванасці) дзеянняў і ўчынкаў галоўных герояў прыпавесці, у тым ліку і Бога, што з’яўляецца пэўным законам для вельмі старажытных тэкстаў, перадусім сакральных (як ужо было адзначана, не зусім ясна з прамога сэнсу тэксту, чаму Бог прымае ахвяру Авеля і не прымае ахвяру Каіна). Безумоўна, у гэтай прыпавесці перад намі паўстае адна са шматлікіх варыяцыяў у сусветнай культуры так званага блізнечнага міфа — бадай што найстаражытнейшага архетыпу, які, як і іншыя архетыпы такога кшталту, згодна з канцэпцыяй К. Г. Юнга, утрымліваюць у сабе найбольш архаічныя абагуленыя мадэлі паводзінаў і ўяўленняў, караняцца ў калектыўнай прапамяці чалавецтва і, бясконца мадыфікуючыся, праходзяць на ўзроўні рытуалаў, міфалагічных і літаратурных сюжэтаў праз усю культуру. Блізнечны міф мае наступную сюжэтную схему: паміж двума братамі (у найстаражытнейшых версіях — менавіта блізнятамі; у больш позніх — проста братамі і неабавязкова двума) узнікае з той ці іншай прычыны (часцей — з-за зайздрасці) варожасць; дакладней, яе праяўляе той брат, што здольны на падступства і гвалт; два браты паўстаюць як антыподы, як полюсы дабрыні і ліха, і менавіта таму брату, які добры, мяккі, чалавечны, наканавана быць забітым (ці адданым на пакуты) па волі жорсткага і злога. Такім чынам, сам архетып нібыта нясе ў сабе канстатацыю неадмяняльнасці падобнай мадэлі паводзінаў у нашым жыцці, агрэсіўнасці і перамогі жорсткай сілы як нейкага наканавання, ад якога не можа пазбавіцца чалавецтва. Безумоўна, асэнсоўваючы гэты феномен на ўзроўні міфалагічнага мыслення і мастацтва, чалавек імкнецца ўсталяваць справядлівасць, хаця б постфактум: «узнагародзіць» маральна таго брата, які загінуў або прымушаны быў пакутаваць (ажывіць яго, адпомсціць за яго і