Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 451с.
Мінск 2003
Узнікае пытанне: чаму Бог адразу не пакараў Каіна па прынцыпу «мера за меру», чаму не адняў у яго жыццё? Адказ адзін: Бог судзіць свет па найвялікшай літасці; тут жа гаворка ідзе пра самых першых людзей, якіх Ён не хоча караць смерцю, прынамсі адразу; Святы, Благаславёны Ён, не хоча адняць у Адама і Евы апошняга сына (пакуль што апошняга), бо аднаго яны ўжо страцілі. Магчыма, яшчэ цепліцца надзея, што пакаянне прачнецца ў жорсткай душы Каіна. Мы ізноў маем справу з адным з вельмі складаных фрагментаў старажытнага тэксту. Каін адказвае Богу: «Вялікі грэх мой, недаравальны [невыносны]» (Быц 4:13). Здаецца, Каін прызнае сваю страшэнную віну, і менавіта тады, калі ўсведамляе, наколькі залежыць яго жыццё і ўратаванне ад Бога; таму Усявышні і пакідае яму жыццё, наканаваўшы несці цяжар недаравальнай віны. Так
чытае гэты біблейны верш іудзейская традыцыя. Дарэчы, Марцін Лютэр, перакладаючы тэкст з арыгіналу, зразумеў яго менавіта так: «Меіпе Suende ist groesser, denn dass sie mir vergeben werden moege» («Мой грэх большы, чым можна мне дараваць»). «Пакаранне маё большае, чым знесці можна», — так разумее пераважна традыцыя хрысціянская, і гэта звязана з блізкасцю напісання слоў «грэх» і «пакаранне» на іўрыце і з рознасцю перадачы іх у арыгінальным тэксце Танаха і ў Сэптуагінце (перакладзе Танаха на грэчаскую мову). Пры такім прачытанні ў словах Каіна няма пакаяння, ёсць толькі страх перад адплатай. Праўда, і Мідраш кажа, што хоць на словах Каін і выказаў пакаянне, яно не было поўным. Але і ў гэтым выпадку Бог залічыў Каіну нават такое падабенства пакаяння і зрабіў пакаранне мякчэйшым.
Біблейны тэкст вельмі тонка зазначае, што злодзей баіцца пакарання, адэкватнага яго злачынству, бо на самой справе душы ўсіх людзей звязаныя адна з адной, хоць і не заўсёды ўсведамляюць гэта. Яны былі аб’яднаныя ў Ддаме Першапачатковым, таму сапраўдны чалавек перажывае смерць другога чалавека як сваё няшчасце, як сваю смерць (узгадаем Джона Дона: «Смерць кожнага чалавека робіць меншым мяне, таму не пытайся ніколі, па кім звоніць звон: ён звоніць па табе»), Менавіта таму і сказана далей у Пісанні: «...любі бліжняга твайго, як самога сябе...» (Лев 19:18). Пад гэтым бліжнім як іудзейская, так і хрысціянская традыцыі разумеюць кожнага чалавека. Ддпаведна той, хто губіць бліжняга, губіць сябе самога. Напэўна, нават Каін адчуў, што ён сам паставіў сябе ў становішча адрынутага ад Бога і грамадства; само жыццё яму не ў радасць, бо ён баіцца, што кожны, хто сустрэнецца з ім, заб’е яго, бо Бог прысудзіў яму доўгае жыццё з адчуваннем сваёй адрынутасці, адзіноты, віны. Каін скардзіцца Богу: «Вось Ты цяпер зганяеш мяне з твару зямлі, і схаваюся я ад твару Твайго, і буду выгнаннікам і вандроўнікам на зямлі, і першы, хто сустрэнецца са мной, заб’е мяне» (Быц 4:14). I тады Бог паставіў нейкі таямнічы знак на Каіну, каб ніхто не забіў яго, і сказаў не вельмі зразумелае: «За тое ўсялякаму, хто заб’е Каіна, адпомсціцца ўсямёра [у сем разоў]» (Быц 4:15). Але гэтае
«ўсямёра» — шыватайім — можна прачытаць і як «у сёмым пакаленні», а ўвесь выраз — як забарону забіваць Каіна, бо яму (Каіну) адпомсціцца ў сёмым пакаленні. I хоць выраз «Каінава пячаць» даўно і нездарма разумеецца як адбітак на чалавеку страшэннага граху, віны, што не можа быць змытая, як знак забойцы, усё ж відавочна, што ў вуснах Бога гэты знак меў таксама і сэнс абароны Каіна ад людзей. Чаму так? Па-першае, тым самым Бог дае нам зразумець, што суд чалавечы — заўсёды адносны, часта вельмі павярхоўны і хуткі. Ён рэдка высвятляе ісціну ў поўным яе аб’ёме, даволі часта проста памыляецца, a гэта вельмі небяспечна, калі справа тычыцца жыцця чалавека. Сапраўдны суд — Суд Божы. Толькі Бог можа здзейсніць прынцып «мера за меру» — прынцып адэкватнай адплаты злачынцу, і вельмі страшна, калі чалавек бярэ на сябе ролю «апошняй інстанцыі». Яшчэ небяспечней гэта, калі чалавек асмельваецца на індывідуальную помсту ці вырашае знішчаць «непатрэбных» грамадству, тых, хто «перашкаджае» нармальнаму жыццю. Вось чаму ніхто не можа ўзняць руку на Каіна. Па-другое, гэта робіцца, як мы ўжо адзначалі, дзеля Адама і Евы, а таксама дзеля ўсяго роду чалавечага, для развіцця культуры (сярод нашчадкаў Каіна, як ужо ўзгадвалася, будуць так званыя культурныя героі, заснавальнікі рамёстваў і мастацтваў) — і робіцца з надзеяй, што нашчадкі будуць асэнсоўваць і пераадольваць грэх свайго продка. Кожны раз кожнаму чалавеку, кожнаму пакаленню Бог дае волю выбіраць паміж дабром і злом. Па-трэцяе, грэх Каіна такі жудасны, што падлягае толькі Суду Божаму, і Бог карае Каіна непрыкаянасцю (вельмі сімвалічна супадзенне ў гучанні гэтых слоў у славянскіх мовах; а можа, слова «непрыкаяны» і ёсць вытворнае ад «Каін»?), немагчымасцю поўнага пакаяння (бо не захацеў гэтага сам Каін), адсутнасцю душэўнага спакою і гармоніі, адчужанасцю ад людзей. Ці можа быць пакаранне цяжэйшым? Можа, гэта горш за смерць? Можа, таму і наш сучаснік, знакаміты паэт-бард Булат Акуджава, напісаў: «Канну дай раскаянье н не забудь про меня...»
Але, як мы сказалі, у выніку пакаранне Каіну было крыху мякчэйшае, таму што Бог убачыў пэўныя, хоць і
вельмі нязначныя, зрухі ў яго душы. Мідраш даводзіць да нас, што зямля працягвала не даваць яму харчавання, не нараджала там, дзе сеяў Каін, расчынялася пад ім, ён павінен быў бясконца мяняць месца свайго прытулку, але з цягам часу яму дазволена было выбраць для сябе пэўнае месца, дзе ён мог спыніцца. Асабліва абмяркоўваецца ў Мідрашы і той знак, што зрабіў Каіну Бог. Наконт гэтага існуе некалькі думак. Магчыма, знак, дадзены Каіну, — праказа, якая і не дазваляе людзям падняць на яго руку (ці з прычыны страху перад хваробай, ці таму, што ён ужо атрымаў ад Бога пакаранне, роўнае смерці). Па іншай версіі, Бог даў Каіну асаблівага сабаку, які ахоўваў яго і папярэджваў аб усялякай небяспецы. Была думка, што на лбе Каіна вырас рог (ці рогі), які дазваляў яму змагацца з тымі, хто нападаў на яго. Нарэшце, агульнапрынятым яўрэйскімі каментатарамі стала меркаванне, што Бог паставіў на лбе Каіна адну з літараў Свайго невымаўляльнага Святога Імя (Тетраграматона, бо на пісьме пішуцца толькі чатыры літары, што абазначаюць зычныя гукі гэтага таямнічага Імя).
«I пайшоў Каін ад Твару Госпада, і пасяліўся ў зямлі Нод [зямлі блукання], на ўсходзе ад Эдэма» (Быц 4:16). «Пайшоў... ад Твару Госпада...» Гэта можна растлумачыць па-рознаму: і як усё ж такі праяву сумлення ў цьмянай душы Каіна — сораму, які не дазваляў яму больш бачыць Твар Бога і прыносіць Яму ахвяры (ён лічыў сябе нявартым гэтага), і як адвечнае жаданне чалавека з нячыстым сумленнем хавацца ад Твару Божага, як схаваліся пасля грэхападзення Адам і Ева. Як тлумачыць Мідраш, Каіну дазволена было застацца ў межах адной тэрыторыі, але бясконца блукаць па ёй. Дз. У. Шчадравіцкі лічыць, што зямля (краіна) Нод на ўсходзе ад Эдэма можа быць ідэнтыфікавана са старажытнай Месапатаміяй, дзе ў даліне Тыгра і Еўфрата ўзнікла найстаражытнейшая ў гэтым рэгіёне цывілізацыя — Шумер, які дасягнуў росквіту ў 4— 3-м тыс. да н. э. Рака Перат, альбо Прат, г. зн. Еўфрат, сапраўды згадваецца сярод рэк, што выцякаюць з Эдэма; апошні, згодна з уяўленнямі старажытных яўрэяў, знаходзіўся недзе ля вытокаў Тыгра і Еўфрата. Шчадравіцкі лічыць таксама (і гэта вельмі цікавая і слушная думка), што невыпадкова назва аднаго з дапатопных гарадоў (што
існавалі да сусветнага патопу) — Эрэду (Ірыду) — супадае з гучаннем імя ўнука Каіна — Ірада. «I пазнаў Каін жонку сваю, і яна зацяжарыла і нарадзіла Ханоха...» (Быц 4:17). Імя сына Каіна Ханох (грэчаская яго версія — Энох) літаральна азначае «выхаванец», бо ён сапраўды выхаванец Каіна. Але якое выхаванне можа даць свайму сыну Каін? Мы паўтараемся ў той ці іншай ступені ў нашых дзецях, і, магчыма, у тым і справа, што сын Каіна робіцца падобным да Каіна. Чаму ж тады — ізноў узнікае пытанне — Бог дазволіў працягвацца гэтаму роду? Паўторым, хаця няма ніякай упэўненасці ў тым, што мы ведаем дакладны адказ: каб давесці да іх, нашчадкаў Каіна, і да нас, вельмі-вельмі далёкіх нашчадкаў Адама і Евы, што ёсць свабода волі, што чалавек можа, калі прыкладзе ўсе намаганні, стаць іншым. Бог дае шанц гэтаму роду і сцвярджае найвялікшую нашу адказнасць перад дзецьмі, перад гісторыяй, перад абліччам будучага свету.
Каін жа будуе першы горад, які называе імем свайго сына — Ханох. Чаму Каін выступае як пачынальнік горадабудаўніцтва? Ён баіцца людзей і імкнецца адгарадзіцца ад усяго астатняга свету. Здаецца, горад, які будаваў Каін, з самага пачатку становіцца сімвалам няправеднага, тупіковага шляху развіцця цывілізацыі. Нездарма ў тэксце гаворыцца «будаваў», а не «пабудаваў»: гэта азначае, што Каіну не дадзена было давесці да канца ніводнае са сваіх пачынанняў, што створаная ім цывілізацыя была ў рэшце рэштаў асуджаная на пагібель. А пакуль што ў Каіна нараджаюцца дзеці, і іх імёны як адно сведчаць пра дэградацыю: Ірад — «той, хто не дрэмле ў спуску», г. зн. не перастае ўсё больш і болып апускацца ў духоўным сэнсе; Мехіаэль — адначасова і «той, хто забыўся на Бога», і «той, каго выкрэсліў [на каго забыўся] Бог»; Метушаэль — «той, хто просіць смерці». «Вось “духоўная біяграфія” нашчадкаў Каіна, адбітая ў іх імёнах, — піша Дз. У. Шчадравіцкі. — Выхаванец Каіна Энох — духоўна заняпалы Ірад — Мехіаэль, які забыўся на Бога... Нарэшце з’яўляецца Мафусал, што просіць смерці (сабе і іншым?), — чалавек, які цалкам пакінуў Бога, і таму пакінуты Ім. Усё гэта сімвалічна тычыцца і ўнутранага развіцця цялеснага чалавека, які ідзе па слядах Каіна: усё больш апускаючыся ма-
ральна, ён нарэшце ўжо не хоча жыць, ён просіць сабе смерці»1.
I вось нараджаецца пятае пакаленне ад Каіна, а гэта значыць — сёмае ад Адама, і ў гэтым пакаленні павінен загінуць Каін (як мы памятаем, яму павінна адпомсціцца ў сёмым пакаленні). Метушаэль (Мафусал) нараджае Лэмёха (Ламеха), імя якога можна прыкладна перакласці як «да слабасці», г. зн. «прызначаны для слабага, нестаноўчага жыцця». Гэты Ламех ажаніўся з дзвюма жанчынамі — Адай і Цыляй. «I нарадзіла Ада Йаваля — ён быў родапачынальнікам тых, хто жыве ў шатрах са статкамі. // А імя брата яго — Йуваль, ён быў родапачынальнікам усіх, хто грае на гуслях і жалейцы. // А Цыля, яна таксама нарадзіла — Туваль-Каіна, [майстра] усялякіх прыладаў з медзі і жалеза; сястра [ж] Туваль-Каіна — Наама» (Быц 4:20—22). Як ужо адзначалася, дзеці Ламеха — нашчадкі Каіна — становяцца культурнымі героямі. Але ў гэтым тэксце ёсць пэўны падтэкст, бо справа ў тым, што развіваюць нашчадкі Каіна ўсё тую ж «каінаву» цывілізацыю, пачынаюць у ёй нешта асаблівае. Там, дзе ў перакладзе гучыць слова «статкі», у арыгінале стаіць мікнэ — «скаціна», «жывёла» (у сэнсе — «статкі свойскай жывёлы»), Але гэтае слова азначае таксама «маёмасць», «тое, што набыта», «купленае» (той жа корань, што ў імені «Каін»). Такім чынам, магчыма, гэта ўказанне на тое, што ў нашчадкаў Каіна прынцып служэння багаццю, маёмасці стаў асноўным. Да таго ж, як кажа традыцыйны каментар, Йаваль быў першы, хто пачаў ствараць язычніцкія капішчы, а яго брат Йуваль граў падчас язычніцкага богаслужэння на музычных інструментах. Імя Туваль-Каін, як узгадвалася, можна перакласці як «супольнік Каіна», а гэта значыць, што ён удасканаліў «рамяство» Каіна, вырабляючы розныя прылады для забойства, для вайны. Імя Наама («прыемная», «прывабная»), магчыма, сімвалізуе пагоню гэтай цывілізацыі за асалодай, сувязь паміж гэтай пагоняй і гвалтам, забойствамі, войнамі (але наконт ролі Наамы ёсць і іншыя меркаванні).