• Газеты, часопісы і г.д.
  • Біблія як феномен культуры і літаратуры Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця Галіна Сініла

    Біблія як феномен культуры і літаратуры

    Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
    Галіна Сініла

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 451с.
    Мінск 2003
    124.72 МБ
    ных сістэмаў іншых народаў Старажытнасці», які выпрацавала старажытнаяўрэйская культура і які настойліва абвяшчае свае правы «менавіта тады, калі біблейны міф бярэ самыя традыцыйныя міфалагічныя матывы, перабудоўваючы іх унутраную структуру і змяняючы іх сэнс на процілеглы» (тое ж тычыцца і сюжэта пра сусветны патоп)1.
    Бог жа, бачачы, што Яго загады і парады чалавецтву не выконваюцца, скарачае тэрмін жыцця чалавека, бо занадта шмат ліха можа ён нарабіць за сваё доўгае жыццё: «I сказаў Гасподзь: не вечна Духу Майму быць у загане ў людзей, бо яны — плоць; няхай будуць дні іх сто дваццаць гадоў» (Быц 6:3). Такім чынам, Бог не карае адразу, даючы чалавеку (і чалавецтву) час на роздум і выпраўленне грахоў. Больш таго, Ён адпускае ўсё яшчэ даволі доўгі тэрмін чалавеку на зямлі; дарэчы, менавіта адсюль — традыцыйнае яўрэйскае зычэнне чалавеку дажыць да ста дваццаці гадоў: Ад мэа вэ-эсрім! («Да ста дваццаці!»). I сам выраз «няхай будуць дні іх сто дваццаць гадоў» можна разумець не як указанне на жорстка абмежаваны тэрмін жыцця (далей у Кнізе Быцця паўстануць героі, якія будуць жыць значна больш), а як тое, што Бог дае сто дваццаць гадоў чалавецтву для асэнсавання сваіх грахоў і пакаяння. Але, як кажа паданне, пакаяліся толькі праведнікі — Мафусаіл і Ной. Да таго ж, паводле логікі Кнігі Быцця, нараджэнне волатаў ад «сыноў Божых» і «дачок чалавечых» прыводзіць да такога павелічэння зла, што Бог не вытрымлівае і вырашае вельмі жорстка пакараць «пакаленне патопу» (так завецца яно ў іудзейскіх каментарах), каб амаль усё пачаць спачатку: «I ўбачыў Гасподзь, што вялікая разбэшчанасць чалавека на зямлі і што ўсе думкі і памкненні сэрца яго ёсць ліха ва ўсялякі час. // I раскаяўся Гасподзь, што стварыў чалавека на зямлі, і засмуціўся ў сэрцы Сваім. // I сказаў Гасподзь: знішчу з твару зямлі людзей, якіх Я стварыў, ад чалавека да жывёлаў, і гадаў, і птушак нябесных знішчу, бо Я раскаяўся, што стварыў іх» (Быц 6:5—7). Так пачынаецца ўласна аповед пра патоп.
    1 Аверянцев С. С. йуданстнческая мнфологня // Мнфы народов мпра: Энцнклопедня: В 2 т. М., 1991 — 1992. Т. 1. С. 585.
    Паданне пра патоп, даволі вялікае (Быц 6—9) на фоне папярэдніх кароткіх прыпавесцяў у Кнізе Быцця і адносна самастойнае па сваім паходжанні і сэнсу, але арганічна ўключанае ў цэласную нізку біблейнага сюжэта пра гісторыю чалавецтва, зразуметую як дыялог (ці спроба яго ўсталяваць) паміж Богам і людзьмі, уяўляе сабою самастойную старажытнаяўрэйскую апрацоўку агульнасеміцкага ці нават — шырэй — агульнамесапатамскага падання пра патоп, якое ў сваю чаргу, безумоўна, узыходзіць да рэальных падзеяў — пэўнай катастрофы, што здарылася калі не ў сусветным маштабе, дык дакладна ў месапатамскім рэгіёне. Так, калі знакаміты англійскі археолаг Леанард Вуллі праводзіў раскопкі на тым месцы, дзе знаходзіўся легендарны горад Ур, адзін з найстаражытнейшых цэнтраў цывілізацыі, ён знайшоў так званыя шахтныя могільнікі шумерскіх цароў, пабудаваныя ў 3-м тыс. да н. э., а пад імі, як падалося яму напачатку, — слой глебы, што на мове археолагаў завецца «дзявоцкім», «некранутым», бо ў ім не было аніякіх прыкметаў прысутнасці чалавека. Вуллі быў вельмі здзіўлены, бо звычайна археолагі не могуць дайсці да гэтага слою. Яго здзіўленне яшчэ болып павялічылася, калі пры даследаванні выявілася, што знойдзены «дзявоцкі» слой з’яўляецца самым сапраўдным ілам. Слой ілу складаў прыкладна восем метраў (як доўга павінен быў трымацца высокі ўзровень вады, каб утварыўся такі слой!), а пад ім — і гэта сталася найбольшай сенсацыяй — адкрыўся новы, ужо з наяўнымі прыкметамі нейкай незнаёмай, яшчэ дашумерскай (проташумерскай) цывілізацыі. Так стала зразумела, што сапраўды нейкі свет людскі быў затоплены вадою, занесены ілам, а потым на гэтае месца прыйшлі шумеры, у памяці якіх захаваліся ўспаміны пра страшэнную бяду, што здарылася на зямлі, і склалася паданне пра патоп. Міфолагі канстатуюць агульнараспаўсюджанасць сюжэта пра патоп1, за выключэннем міфалогіяў народаў Афрыкі, Аўстраліі і Японіі, дзе гэты сюжэт адсутнічае ці прадстаўлены выпадкова. Як адзна-
    1 Адным з першых звярнуў на гэтае ўвагу і даследаваў тыпалагічныя сыходжанні міфаў пра патоп у самых розных культурах знакаміты міфолаг Дж. Фрэзер (Фрэзер Дж. Фольклор в Ветхом Завете / Пер. с англ. М„ 1989).
    чае У. М. Тапароў, «разнастайныя вырыянты тэмы патопу дэманструюць складаную карціну змяшэння звестак аб рэальных патопах з пазнейшымі сюжэтамі, якія ўзніклі ўжо з прычыны чыста міфалагічнай логікі»1. Пацверджаннем таго, што нейкае рэальнае стыхійнае бедства велізарнага маштабу спасцігла Зямлю, з’яўляюцца не толькі знаходкі Вуллі (патоп, сляды якога ён адкапаў, датуецца 4-м тыс. да н. э.), але і наяўнасць незалежных версіяў сюжэта ў культурах індзейцаў Амерыкі. У самой жа Месапатаміі, адкуль, паводле агульнапрынятай зараз навуковай канцэпцыі, разыходзіліся разнастайныя версіі сюжэта пра патоп, перадусім у суседнія арэалы — заходнееўрапейскі і паўднёваазіяцкі, падчас археалагічных раскопак былі знойдзеныя сляды катастрафічных паводак на поўдні і ў цэнтральнай частцы, прынамсі ў горадзе Шурупак, дзе жыў Зіусудра, герой шумерскага «Падання пра патоп», і ў горадзе Кіш (абедзве паводкі датуюцца XXIX ст. да н. э.). Пад уплывам шумерскіх паданняў узнікаюць семіцкія варыянты — акадскі, ханаанейскі, яўрэйскі; яны ж у сваю чаргу паўплывалі на элінскі (грэчаскі) міф пра Дэўкаліона і Піру, якія выратаваліся падчас патопу, насланага Зеўсам. Аднак у грэчаскай версіі ў адрозненне ад блізкаўсходніх патоп не мае сусветных рысаў і служыць этыялагічным тлумачэннем пачатку элінскай цывілізацыі. У некаторых культурах сюжэт пра сусветны патоп у адрозненне ад біблейнага мае эсхаталагічны сэнс і звязваецца або з поўнай пагібеллю свету (старажытнаіранская версія, дзе свет знішчаецца не толькі вадою, але і агнём, холадам, снегам), або з яго пагібеллю напрыканцы вялізных светавых цыклаў (як ва ўяўленнях індуізму, дзе ў фінале кожнага з чатырох светавых перыядаў — юга — патоп знішчае свет). Да апошняй версіі належыць і пераказаны Платонам міф пра Атлантыду.
    Шумерскае паданне пра патоп, такім чынам, з’яўляецца найстаражытнейшай вядомай нам версіяй агульнараспаўсюджанага сюжэта, — версіяй, якая раней за ўсе іншыя была зафіксаваная на пісьме і якая, безумоўна, паўплывала на тое, што мы чытаем зараз у Бібліі. Тое, што
    1 Топоров В. Н. Потоп // Мнфы народов ммра: В 2 т. М., 1992. Т. 2. С. 324.
    біблейнае паданне пра патоп мае ў сваёй аснове больш старажытную крыніцу, стала зразумела тады, калі Джордж Сміт расшыфраваў адзінаццатую таблічку вавілонскага эпасу пра Гільгамеша («Пра таго, хто ўсё бачыў...»), найстаражытнейшая (старававілонская) версія якога датуецца канцом 3 — пачаткам 2-га тыс. да н. э., а самая поўная (нінэвійская) — сярэдзінай 2-га тыс. да н. э. Але ў 1914 г. слынны шумеролаг, адзін з заснавальнікаў шумералогіі як навукі, Арно Пёбэль надрукаваў ніжнюю частку моцна пашкоджанай шумерскай таблічкі з Ніпурскай калекцыі Музея Пенсільванскага універсітэта, і стала відавочна, што вавілонская версія падання пра патоп узыходзіць да шумерскай, якая на добрае тысячагоддзе (а можа, і болей) старэйшая за вавілонскую і была запісаная ў 3-м тыс. да н. э. I сёння гэтая таблічка застаецца унікальнай: археолагі не змаглі знайсці аніводнага, нават маленькага, фрагмента, які б дубліраваў аповед пра патоп і дазволіў бы запоўніць лакуны ў таблічцы, знойдзенай А. Пёбэлем.
    Шумерская паэма (усе шумерскія тэксты, нават юрыдычныя, медыцынскія, гістарычныя надпісы маюць паэтычны вершаваны характар) пра патоп, ці (у адпаведнасці з імем галоўнага героя) «Паэма пра Зіусудру», змяшчае важныя звесткі пра касмагонію і антрапагонію і пачынаецца з аповеду пра тое, як была ўсталяваная светабудова, пра той час, «калі Ан, Энліль, Энкі і Нінхурсага // Чарнагаловых стварылі, // Чатырохногія стварэнні памнажаліся...» (тут і далей — паводле перакладу В. Афанасьевай)1. Тут відавочная тыпалогія з біблейным тэкстам: у апошнім таксама аповед пра патоп шчыльна звязаны з пачаткам свету і чалавечай гісторыяй; але на фоне гэтай тыпалогіі тым відавочней і прынцыповыя адрозненні ў інтэрпрэтацыі сюжэта (гл. ніжэй). Перагукаючыся з шумерскім жа «Царскім спісам», паэма паведамляе пра тое, што з нябёсаў на зямлю спусцілася нам-лугаль (літаральна — «царская ўлада») — згодна з уяўленнямі шумераў, нейкая магічная субстанцыя, якой багі надзяляюць валадароў («карона магутная, трон улады царскай з нябё-
    1 От начала начал: Антологня шумерской поэзнн / Вступ. ст., перевод коммент., словарь В. К. Афанасьевой. СПб., 1997. С. 295. Далей спасылкі даюцца па гэтым выданні, у дужках — старонка.
    саў спушчаны былі»), былі ўсталяваныя ме — боскія законы («сутнасці магутныя»), заснаваны гарады (тэкст называе пяць у літаральным сэнсе дапатопных гарадоў: Эрэдуг, Бадцібіра, Лараг, Сіпар, Шурупак). Потым, з прычынаў незразумелых (таблічка ў гэтым месцы моцна пашкоджаная), багі вырашылі знішчыць усё на зямлі і далі клятву нікому не паведамляць пра гэтае рашэнне рады багоў: «Багі нябёсаў і зямлі імем Ана пакляліся, імем Энліля пакляліся». Але, як можна зразумець з тэксту, не ўсе багі былі згодныя з такім жорсткім рашэннем: так, напрыклад, «светлая Інана лямант пачала за сваіх чалавекаў» (Інана — багіня кахання, урадлівасці і вайны; яна вельмі шанавалася шумерамі і стала прататыпам акадскай Іштар; яе пастаянны эпітэт — «светлая»), Больш за ўсіх спачуваў людзям Энкі, бог мудрасці і прэснаводнага акіяна; ён шукаў спосаб папярэдзіць людзей («Энкі сам з сабою раіўся»), А далей на авансцэне з’яўляецца Зіусудра, імя якога літаральна значыць «той, хто знайшоў [доўгае] дыханне», г. зн. несмяроцце; гэта і ёсць першы «месапатамскі Ной». Менавіта Зіусудра апынаецца за сцяной нейкай хаціны і чуе таямнічы голас, звернуты да сцяны, які папярэджвае аб будучай бядзе:
    Вугалок сцяны, дай скажу табе слова, Mae словы прымі з увагай!
    На тое, што скажу я, звярні ўвагу! Патоп пранясецца над усім светам, Каб знішчыць чалавекаў семя. Такое канчатковае рашэнне рады...
    (296)
    Таямнічы голас належыць, хутчэй за ўсё, таму ж Энкі (у тэксце гэта нельга зразумець дакладна). Ён раіць пабудаваць вялізны карабель (прататып Ноевага каўчэга), каб уратавацца ад стыхіі (у гэтым месцы, на жаль, вялізная лакуна, якая не дае магчымасці супаставіць параметры каўчэгаў у шумерскай паэме і ў Бібліі, дзе ён апісаны вельмі дакладна). Далей мы бачым ужо гатовы вынік: патоп абрынуўся на зямлю і лютуе сем дзён і сем начэй (у Бібліі таксама будзе ўказаная сакральная лічба, але іншая — сорак):