Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 451с.
Мінск 2003
«I было, у шэсцьсот першы год, к першаму дню першага месяца скончылася вада на зямлі. I зняў Hoax страху з каўчэга, і ўбачыў, што вось, абсохла паверхня зямлі»
(Быц 8:13). Такім чынам, патоп скончыўся канчаткова роўна праз год — к святому святу Рош-га-Шана, Пачатку rofla, або яўрэйскага Новага года. (Гэта свята будзе далей усталяванае ў Торы Самім Богам і названае «святам Трубаў», бо пачыналася яно з трублення ў святыя срэбраныя трубы святарамі, што служылі пры Каўчэгу Запавету1 ў Скініі2, а потым у Іерусалімскім Храме.) «I ў месяц другі, у дваццаць сёмы дзень месяца, высахла зямля. I сказаў Бог Ноаху так: // “Выйдзі з каўчэга ты і жонка твая, і сыны твае, і жонкі сыноў тваіх з табою. Усіх жывёлаў, якія з табою, ад усялякай плоці, з птушак, са скаціны, з усіх гадаў, што поўзаюць па зямлі, выведзі з сабою, і няхай разводзяцца яны на зямлі, і няхай пладзяцца і размнажаюцца на зямлі”» (Быц 8:16—17). Гасподзь невыпадкова пачынае менавіта з такога наказу: тым самым Ён падкрэслівае, што жыццё на зямлі амаль што пачынаецца нанова (паводле Мідраша, выжылі па-за сценкамі каўчэга толькі рыбы ў акіяне), таму, як у першыя Дні Стварэння, дае жывым істотам і чалавеку запаведзь працягу роду і засялення зямлі. Пакінуўшы каўчэг, Hoax будуе ахвярнік і прыносіць ахвяру ўсеспалення Богу — «ад усялякай скаціны чыстай і ад усіх птушак чыстых» {Быц 8:20). Гэта першае апісанае ў Бібліі ахвяраванне ўсеспалення, калі ахвярная жывёліна пасля заклання цалкам спальвалася на ахвярніку (нагадаем, што ў выпадку з ахвяраваннем Авеля і Каіна такога ўдакладнення ў тэксце няма, і невядома, як яны прыносілі свае ахвяры). Такое ахвяраванне было шырока распаўсюджанае ва ўсіх культурах Старажытнага свету. Але Біблія кардынальна пераасэнсоўвае сэнс ахвяры: яна патрэбная не столькі для Бога (тым больш, што Ён у адрозненне ад язычніцкіх багоў не вымагае ні мяса, ні крыві ахвярных жывёлаў), колькі для самога чалавека — як знак яго гатоўнасці да служэння Богу, падпарадкавання Яго волі. Смерць жывёліны сімвалізуе смерць жывёльнага пачатку ў самім чалавеку, яго падпарадкавання па-
1 Спецыяльнае пераноснае сховішча для Скрыжаляў Запавету з Дзесяццю Запаведзямі.
2 Скінія Адкрыцця, або Скінія Запавету, — паходная палатка, якая ўяўляла сабою пераноснае свяцілішча да збудавання Іерусалімскага Храма; у Скініі захоўваўся Каўчэг Запавету.
чатку духоўнаму. Ахвяраванне — назіральны вобраз пакаяння і выкуплення, без якіх чалавек не можа быць чалавекам у свеце Адзінабожжа, а сама гэтая назіральнасць вельмі неабходная на ранніх стадыях развіцця рэлігійнай свядомасці. Аднак ужо ў VIII ст. да н. э. яўрэйскія прарокі скажуць, што сапраўдныя ахвяры Богу — добрыя справы і малітвы, «ахвяры вуснаў нашых» (Ос 14:3). Акрамя таго, у іудзейскай традыцыі ўпершыню ў Старажытным свеце ахвяраванне было лакалізаванае ў прасторы і ў часе: яно магло адбывацца толькі перад Скініяй Запавету ці, пазней, ва ўнутраным святым двары Іерусалімскага Храма, дзе стаяў ахвярнік Адзінаму Богу, і сам абрад мог выконваць толькі святар-кагэн з дапамогаю левітаў. Звычайны чалавек ніяк не мог па ўласнай волі забіваць жывёлу і прыносіць яе ў ахвяру. Пасля ж разбурэння Другога Храма ў іудзейскай традыцыі спыняюцца ўсякія ахвяраванні; іх канчаткова замяняе ў сінагагальным богаслужэнні малітва — шчырая і ўзнёслая падзяка Богу ці пранізлівая, споўненая тугі, скрухі (перадусім з-за сваёй духоўнай недасканаласці) і пакоры просьба аб дапамозе і выратаванні. Такое ж найважнейшае значэнне набывае малітва і ў хрысціянскай традыцыі, якая ў цэнтр сваёй ментальнасці ставіць вялікае ахвяраванне Бога ў імя выратавання людзей. Каментуючы эпізод з ахвяраваннем Ноя, Дз. У. Шчадравіцкі ўзгадвае радок Псальмы — «Ахвяры Богу — дух скрушаны; сэрцам скрушаным і журботным ты, Божа, пагарджаць не будзеш» (Пс 51/50:19) — і піша: «Скрушаны дух — вось ахвяра Богу. Гэтыя словы як нельга больш падыходзяць да Ноя: уявім сабе ўнутраны стан таго, хто перажыў патоп і ўбачыў знішчэнне ўсяго чалавецтва. Ной больш за год правёў у каўчэгу, падвяргаючыся смяротнай небяспецы, і ўсё ж застаўся цвёрдым у сваёй веры. Ён поўнасцю спадзяваўся на Бога, бо ніякай іншай дапамогі, ніякай іншай надзеі ў яго не было. Стан Ноя — стан непахіснага ў сваёй веры праведніка. Але ў той жа час Ной — чалавек спагадлівы. Праведнік жа — гэта той, хто шкадуе людзей, моліцца за іх, упрошвае Бога злітавацца над імі; і бачыць яму, як пакаранне спасцігае людзей, няхай сабе нават і грэшнікаў, якія цалкам пакаранне заслужылі, усё роўна вельмі цяжка. I вось гэтая барацьба, гэтае існаванне ў
душы Ноя замілавання перад Богам, Які выратаваў яму жыццё, і спачування, спагады да ўсіх загінуўшых “скрушваюць” яго дух у момант ахвяравання. Ахвяраю Ной ухваляе Бога за выратаванне: “Табе прынясу ахвяру хвалы, і імя Госпада заклічу” (Пс 115:8)»1.
Вельмі важна, што Бог прыхільна прымае ахвяру Ноя, тым самым прымаючы ўзыходжанне яго духу да Сябе. У тэксце Торы сказана: «I адчуў Бог прыемны пах ахвяры, і сказаў у сэрцы Сваім: не буду больш праклінаць зямлю за чалавека, таму што намер сэрца чалавека злосны ад [з-за] юнацтва яго; і не буду болын паражаць усё, што жыве, як Я зрабіў» (Быц 8:21). «...адчуў ... пах ахвяры» — безумоўна, метафарычны антрапамарфізм у дачыненні да Бога; да таго ж старажытнаяўрэйскае слова рэйах («прыемны пах», «духмянасць») мае той жа корань, што і рўах («вецер» і адначасова «дух»), Таму «адчуванне» Богам «духмянасці» ахвяры — гэта бачанне Ім шчырага духоўнага памкнення Ноаха, узыходжання яго духу. За гэтую шчырую падзяку Бог і дае «ў сэрцы Сваім» клятву не праклінаць зямлю за чалавека і не караць больш так жорстка чалавецтва, тым больш што толькі пачынаецца новы яго шлях; вядома, на гэтым шляху чалавецтва будзе рабіць памылкі, бо яно яшчэ ў юнацкім узросце, яно яшчэ не сцвердзілася ў Законе Божым. Скрытым у словах Божых спадзяваннем, што чалавецтва будзе ўзыходзіць у сваёй сталасці і мудрасці, a таксама ўсталяваннем нармальнага цыркулявання дня і ночы, пораў года, кола жыцця чалавечага завяршаецца аповед уласна пра патоп: «Надалей ва ўсе дні зямлі сяўба і жніво, і сцюжа і цяпло, і лета і зіма, і дзень і ноч не спыняцца» (Быц 8:22). Новая ж старонка чалавечай гісторыі пачнецца з благаславення Божага Ною і яго нашчадкам, з усталявання новага Саюзу-Запавету з усім чалавецтвам, пра што і пойдзе гаворка ў наступным раздзеле.
Ной і патоп узгадваюцца і ў іншых кнігах Танаха, напрыклад у Псальмах (Пс 29/28:10), у кнігах прарокаў. У Кнізе прарока Йешаягу (Ісаі) гучыць напамін пра абяцанне Бога «не наводзіць больш патопу», якое суадносіцца з
1 ІЦедровнцкнй Д. В. Введенне в Ветхнй Завет: В 8 т. Т. 1—3. Пятмкннжне Моясеево. С. 96.
благаславеннем Госпада Свайму народу і з абяцаннем надыходу месіянскіх часоў, сапраўднага Валадарства Божага на зямлі. У цяжкі час звяртаючыся да Абшчыны Ізраіля (Кнэсэт Йісраэль) і метафарычна прыпадабняючы Сябе Жаніху і Мужу, а яе — Нявесце і Жонцы, Гасподзь гаворыць: «Не бойся, бо не будзеш ты аганьбаваная, і не саромейся, бо не будзеш абняслаўленая, бо пра сорам юнацтва свайго забудзеш і пра няслаўе ўдаўства свайго ўспамінаць больш не будзеш; // Бо Муж твой — Творца твой, Гасподзь Цэваот — імя Яго, і Збавіцель твой — Святы Йісраэля, Богам усёй зямлі назавецца Ён; // Бо як жонку пакінутую і духам засмучаную заклікаў цябе Гасподзь, і як жонку юнацтва, якой выракліся, — сказаў Бог твой. // На малое імгненне пакінуў Я цябе і з міласцю вялікаю сабяру цябе. // У запале гневу схаваў Я на імгненне твар Свой ад цябе і міласцю вечнаю памілую цябе, — сказаў Збавіцель твой, Гасподзь; // Бо гэта ў Мяне воды Ноаха: як кляўся Я, што воды Ноаха не пройдуць болей па зямлі, так пакляўся Я не гнявіцца на цябе і не ўпікаць табе; // Бо горы зрушацца і ўзгоркі затрасуцца, а міласць Мая не адступіць ад цябе, і запавет міру Майго не пахіснецца...» (Іс 54:4—10). У Кнізе прарока Йехэзкэля (Іезэкііля) імя Hoax узначальвае тройцу найвялікшых праведнікаў (у іх ліку — Іёў і Даніэль), якія, на думку прарока, сваёй праведнасцю ўратуюць свае душы нават тады, калі Бог з-за грахоў зробіць Зямлю Абяцаную пустэчай (Іез 14:14—20). Ноя ўзгадвае і знакаміты Йегауа бэн Сіра (Ісус, сын Сірахаў) у сваёй Кнізе Мудрасці, якая ўвайшла на правах другакананічнай у хрысціянскую Біблію, — узгадвае як адзін з найвыдатнейшых узораў дасканалай праведнасці: «Ной аказаўся дасканалым, праведным; у час гневу ён быў суцяшэннем; // таму зрабіўся астаткам на зямлі, калі быў патоп; // з ім заключаны быў адвечны запавет, што ніякая плоць не знішчыцца болып патопам» (Сір 44:16—18).
Прыпавесць пра патоп у Кнізе Быцця — адзін з самых слынных фрагментаў біблейнага тэксту. Няма дзіцяці, якое б не чула пра патоп і пра Ноя, нават ні разу не адкрыўшы Біблію. Таму не трэба здзіўляцца, што гэты сюжэт шырока распрацоўваўся далей у розных рэчышчах
і традыцыях. Па-першае, аповед пра патоп стаў прадметам глыбокіх разважанняў яўрэйскіх мудрацоў і стрыжнем, вакол якога складаліся шматлікія яўрэйскія паданні. Агада і Мідраш, з аднаго боку, больш падрабязна і глыбока раскрываюць маральны сэнс сюжэта (і частка гэтых каментараў ужо прыводзілася), з другога — прыбаўляюць шмат дзівосных, часам нават казачных падрабязнасцяў у жыццяпіс Ноя і ў апісанне падзей, звязаных з патопам. Так, Агада распавядае, што адразу пасля нараджэння Ноаха ўсё цела немаўляці заззяла яркім святлом і асвяціла ўсю хату. Цудоўнае дзіця адразу стала на ногі і пачало маліцца (відавочныя тыпалагічныя сыходжанні з паданнямі пра іншых правідэнцыяльных немаўлятаў — Аўраама, Майсея і інш.). Уражаны гэтым дзед Ноаха, Метушэлах, паводле эфіопскай версіі Кнігі Эноха, ідзе на самы край зямлі ддя таго, каб сустрэцца з Ханохам (Энохам) і даведацца ў яго пра наканаванне хлопчыка, а потым дае яму лёсавызначальнае імя Hoax. У Мідрашы падкрэсліваецца, што Hoax — адзін з трох праведнікаў-цадзікаў, на праведнасці якіх трымаецца свет, — разам з Адамам і Аўраамам. Мідраш настойвае, што гэта трэба разумець літаральна, бо кожны з трох пералічаных праведнікаў выратаваў свет ад пагібелі. Менавіта да Ноаха, лічаць яўрэйскія мудрацы, мае дачыненне першы слынны радок першай Псальмы: «Шчаслівы муж, які не ходзіць на раду зладзеяў, не стаіць на шляху грэшных і не сядзіць у сабранні глумлівых» (Пс 1:1). Насуперак страшэнна грэшнаму, глумліваму, бязбожнаму свайму пакаленню Hoax непахісна захоўваў веру і выконваў усе запаведзі Божыя. (3 другога боку, як ужо адзначалася раней, мудрацы паставілі ў памылку Ноаху тое, што ён не хадайнічаў актыўна перад Богам за выратаванне людзей.) Агада дадае, што, выразна ўсведамляючы ўсю разбэшчанасць свету, Hoax доўга не хацеў жаніцца, каб не мець дзяцей, якія прымушаныя будуць жыць у такім бязбожным свеце. Але пасля ён усё-такі ўзяў шлюб з праведнай Наамаю, якая і нарадзіла яму трох сыноў — Шэма, Хама і Йефэта, і яны таксама хадзілі шляхамі Госпада, як вучылі іх бацька і дзед. Нібыта рэабілітуючы сябе за тое, што не папрасіў Бога злітавацца над чалавецтвам, Hoax (а праз яго — Сам Бог) спрабаваў папярэдзіць чалавецтва.