• Газеты, часопісы і г.д.
  • Біблія як феномен культуры і літаратуры Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця Галіна Сініла

    Біблія як феномен культуры і літаратуры

    Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
    Галіна Сініла

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 451с.
    Мінск 2003
    124.72 МБ
    вёлы даюцца чалавеку ў ежу (Быц 9:3), чаго не было paHeft, у дапатопным свеце. Але хутчэй тут гучыць іншая думка: у недасканалага чалавека (а гэтая дасканаласць залежыць толькі ад яго самога) пакуль што не можа быць гарманічных стасункаў з усім жывым; каб гэта змянілася, павінен духоўна змяніцца сам чалавек, на што і спадзяецца Бог. Магчыма, як даводзіць да нас Мідраш, такое даволі жорсткае рашэнне Бога было прынятае таму, што дапатопнаму чалавецтву зашмат было падаравана лёгкага і радаснага ў жыцці, з-за чаго яно хутка разбэсцілася. Суровае ж і поўнае адказнасці жыццё павінна стаць асаблівай школай выхавання для новага чалавецтва. Вось як пераказвае гэтую мідрашысцкую думку рабі Машэ Вейсман: «Прычынай, якая ляжала ў падмурку распусты, што пацягнула за сабою патоп, было бясклопатнае жыццё, якое праходзіла ў суцэльнай асалодзе і дазваляла людзям хораша існаваць, не звяртаючыся да Ашэма. Яны ніколі не пакутавалі ні ад спякоты, ні ад сцюжы, ні ад хваробаў, ім была невядомая трагедыя заўчаснай смерці, яны ніколі не ведалі болю, а ўраджаю аднаго году ім хапала на сорак гадоў. У выніку людзі вырашылі, што могуць абысціся без Усявышняга. I вось цяпер, пасля патопу, усё змяняецца: людзям з гэтага часу прыйдзецца памятаць пра свайго Творцу і звяртацца да Яго за дапамогай. Яны будуць перажываць трагедыю смерці дзяцей і таму будуць вымушаныя звяртаць свой позірк да Неба. Яны будуць пакутаваць ад летняй спякоты, ад зімовай сцюжы, ад хваробаў, выкліканых зменаю пораў года, — і таму скарацца. 3 года ў год прыйдзецца ім сеяць і жаць, а калі так, то будуць яны залежаць ад дажджу і таму стануць маліцца свайму Творцу. Рабі Шмуэля бар Нахмана стаў мучыць галаўны боль. Ён сказаў: “Паглядзіце, што зрабіла нам пакаленне патопу! Раней жыццё было дасканалым і прыгожым, у ім не было ні болю, ні хваробаў”»1. Такім з’яўляецца падыход іудзейскай класічнай каментатарскай традыцыі. Але яна ж падкрэслівае, як і сам тэкст Торы, што Бог змяняе жыццё чалавека, спадзеючыся на яго духоўнае адраджэнне і ўзыходжанне, і гэта не дазваляе бачыць у змяненні
    1 Вейсман М. Мндраш рассказывает: В 6 т. Т. 1. Берешнт. йерусалнм, 1990. С. 133-134.
    якасці жыцця і скарачэнні яго тэрміну для чалавека толькі дэградацыю, шлях ад «залатога веку» да «жалезнага», як у грэчаскага паэта Гесіёда. Калі Біблія і звяртаецца тут да агульнараспаўсюджанага архетыпу (уяўленні пра страчаны «залаты век» існавалі яшчэ ў шумераў), то, як заўсёды, кардынальна пераасэнсоўвае яго. На працягу ўсёй біблейнай гісторыі, якая доўжыцца і сёння (у гэтым не сумняваюцца вернікі розных канфесіяў), Бог не пакідае галоўную Сваю задуму: зрабіць чалавека Сваім саўдзельнікам па ўдасканаленні свету і самога чалавека. Вось чаму Ён прапануе чалавеку Саюз, або, як гэта стала ўжо звычным у славянскай традыцыі, — Запавет.
    Пачатак 9-га раздзела Кнігі Быцця прысвечаны Запавету з Ноем і яго сынамі, — Запавету, які суадносіцца ў рэлігійнай традыцыі з Другім Днём Стварэння. Сам Бог настойліва падкрэслівае, што гэты Запавет тычыцца ўсяго чалавецтва, нават больш — усяго жывога на Зямлі: «I сказаў Бог Ноаху і сынам яго з ім так: // “Вось, Я ўсталёўваю Саюз Мой з вамі і з нашчадкамі вашымі пасля вас, // I з усялякай жывою істотаю, што з вамі: з птушак, са скаціны і з усіх звяроў зямных, якія ў вас, з усіх, хто выйшаў з каўчэга, з усіх жывёлаў зямных; // I ўсталёўваю Саюз Мой з вамі, і не будзе болей знішчаная ўсялякая плоць вадою патопу, і не будзе болей патопу на пагібель зямлі”» (Быц 9:8—11). У тэксце настойліва гучыць, паўтараючыся шмат разоў, прынцыпова важнае для біблейнага слоўніка слова Берыт — Саюз (па-грэчаску, у Сэптуагінце, яно было некалі перакладзенае з крыху змененым сэнсам: diatheke — «запавет», хаця патрэбна было б — syntheke — «дамова», «саюз», бо першае, паводле слушнай заўвагі С. С. Аверынцава, больш падкрэслівае ідэю аўтарытэтнага волевыяўлення Бога, чым ідэю раўнапраўнага саюзудагавору двух бакоў1). Нагадаем, што ідэя Саюзу паміж Богам і чалавекам (чалавецтвам) — адна з самых вызначальных для Бібліі2. I цяпер, для пасляпатопнага свету, яна артыкуляваная больш настойліва і выразна, чым гэта было на пачатку чалавечай гісторыі.
    1 Гл.: Аверннцев С. С. йстокн н развнтне раннехрнстнанской лптературы // йсторня мнровой лнтературы: В 9 т. М., 1983. Т. 1. С. 504.
    2 Гл. падрабязней ва «Уводзінах» (раздзел «Кніга, роўная сусвету»).
    Бог не толькі прамаўляе гэтыя важныя словы — «Вось, Я ўсталёўваю Саюз мой з вамі...», але і дае адвечны, неадмяняльны знак новага Саюзу — вясёлку, з’яўленне якой такое арганічнае на небе пасля страшэннай буры, што пранеслася па зямлі: «...вось знак Саюзу, які Я даю, паміж Мною і вамі, і паміж усялякаю душою жывою, якая з вамі, — на вечныя пакаленні. // Вясёлку Маю даю Я ў воблацы, і будзе яна знакам Саюзу паміж Мною і зямлёю. // I будзе, калі Я навяду воблака на зямлю, то з’явіцца вясёлка ў воблацы, // I Я ўспомню Саюз Мой, які паміж Мною і вамі, і паміж усялякаю душою жывою ва ўсялякай плоці; і не будзе болей вада патопам на пагібель усялякай плоці» (Быц 9:12—15). Як вядома, міфалогіі розных культураў давалі сваё тлумачэнне гэтай дзівоснай прыроднай з’явы — вясёлкі. Так, напрыклад, у грэчаскіх міфах Ірыда (грэч. «вясёлка») — весніца багіні Геры, жонкі Зеўса. Шмат якія язычніцкія культуры бачылі за вясёлкаю, як і за другімі прыроднымі з’явамі, тых ці іншых дапаможных багоў (багінь). I толькі Біблія дае сваю непаўторную інтэрпрэтацыю, якая рэзка разыходзіцца з язычніцтвам: вясёлка — адвечны напамін для Самога Bo­ra і для нас пра найстрашэннейшую катастрофу на зямлі і яе завяршэнне, пра надзею на аднаўленне ўсяго свету. Як лічыць іудзейская традыцыя, у вясёлцы свету з’яўляецца Шэхіна (літаральна з іўрыту — «прысутнасць», «прабыванне») — асаблівая тэафанія — Слава Божая; часцінка Духа Божага, якая сімвалізуе Яго прысутнасць у свеце людзей, Яго спачувальны ўдзел у чалавечай гісторыі, Яго прабыванне ў асяродку верных Яму людзей. Дарэчы, у словах Божых — «I Я ўспомню Саюз Мой... <.„> ...і не будзе болей вада патопам на пагібель усякай плоці» — нельга не пачуць Яго болю за грэшнае чалавецтва і адначасова раскаяння: пакаранне было неабходным, але вельмі жорсткім.
    Вельмі важна зазначыць, што на гэты раз Запавет Bo­ra з людзьмі суправаджаецца большай колькасцю запаведзяў, якія неабходна выконваць людзям, і яны ў асноўным з’яўляюцца забароннымі, дадзенымі ў негатыўнай форме (праз negatio — адмаўленне). Нагадаем, што першыя людзі, па сутнасці, мелі толькі адну забаронную запаведзь: не есці пладоў з Дрэва Пазнання дабра і зла (і тую не
    ўтрымалі, як сказаў адзін з яўрэйскіх мудрацоў-каментатараў). Асноўныя ж запаведзі, дадзеныя людзям «першага свету», мелі пазітыўны, прадпісальны характар (стварыць сям’ю, нараджаць дзяцей і г. д.). Цяпер забаронныя запаведзі пераважаюць — напэўна, таму. што ў вачах Бога чалавек, які дастаткова выявіў сваю здольнасць спараджаць зло і падпарадкоўвацца яму, мае патрэбу ў большай перасцярозе. Згодна з іудзейскай традыцыяй, Усявышні дае Ноаху і яго сынам сем запаведзяў (шэва міцвбт бнэй Ндах — «сем запаведзяў сыноў Ноаха»), якія маюць агульначалавечы характар і з’яўляюцца абавязковымі для ўсіх людзей, бо ў рэшце рэштаў усе яны, на думку Бібліі, паходзяць ад Ноаха і яго сыноў. Запаведзі сыноў Ноаха маюць з пункту гледжання мудрацоў Торы цывілізацыйны характар і адрозніваюць чалавека ад жывёлы. Яны ўяўляюць сабою мінімум маральных абавязкаў, якія Біблія ўскладае на ўсё чалавецтва. Безумоўна, у яўрэйскай традыцыі яны ўваходзяць у лік абавязковых 613 запаведзяў Торы, але калі для яўрэя абавязковыя ўсе 613, то для кожнага іншага чалавека — толькі гэтыя сем (Талмуд, Сангедрын 56а). Як мяркуе Мідраш, на колькасць запаведзяў сыноў Ноаха паказвае ўсё тая ж вясёлка, што складаецца з сямі асноўных колераў.
    Сем універсальных запаведзяў сыноў Ноаха непасрэдна вынікаюць ці апасродкавана выводзяцца са словаў Усявышняга, калі Ён заключае Запавет з Ноахам. Так, Бог пачынае з таго, што цяпер дазваляе чалавеку есці жывёльную ежу (Быц 9:3), у той час як Адаму было запаведана харчавацца раслінамі і пладамі дрэваў (Быц 1:29). Як слушна піша Дз. У. Шчадравіцкі, гэта адбываецца таму, што «чалавек вельмі аддаліўся ад вобраза, уласцівага яму пры стварэнні, стаў больш плоцевай істотай, і таму Бог дапускае, каб ён з гэтага часу харчаваўся мясной ежай. Бог наогул шмат што дапускае, шмат да чаго ў Сваёй міласэрнасці ставіцца паблажліва...»1 Але, дазваляючы есці мяса жывёлаў, якія знаходзіліся пад аховаю Ноя і яго сыноў у каўчэгу, Бог патрабуе ад людзей: «Толь-
    1 ІЦедровнцкіій Д. В. Введенне в Ветхяй Завет: В 8 т. Т. 1—3. Пятякннжне Монсеево. М.: Теревянф, 2001. С. 105.
    кі плоці з душою яе [плоці пры жыцці яе], з кроўю яе не ешце» (Быц 9:4). Гэта і ёсць першая з сямі Ноевых запаведзяў, якая мае падвойны сэнс. Па-першае, гэта строгая забарона на ўжыванне крыві ў ежу. Паводле ўяўленняў многіх старажытных культураў, у крыві знаходзіцца душа кожнай жывой істоты (тое, што Тора называе нэфеш, маючы на ўвазе жывёльную душу, якая ажыўляе кожны біялагічны арганізм, у тым ліку і чалавека; але чалавеку дадзеная яшчэ і разумная душа — нешама). Таму ўжыванне ў тым ці іншым выглядзе ў ежу крыві разглядаецца, з аднаго боку, як замах на жыццё, дадзенае Богам кожнай істоце (кроў — паняцце сакральнае, святое), а з другога боку — як прыпадабненне жывёле, як прылучэнне да «жывёльнай душы». Гэтая запаведзь вельмі строга выконваецца ў іудзейскай традыцыі: мяса тых жывёлаў, якія дазволеныя ў ежу чалавеку (а дазволеныя не ўсе, а толькі тыя, што жуюць жвачку і маюць раздвоеныя капыты), павінна быць абяскроўленае; кроў павінна сцячы, і яе трэба прыкрыць зямлёю, г. зн. пахаваць. Далей у Кнізе Левіт будзе сказана ўжо канкрэтна сынам Йісраэля (Ізраіля), г. зн. яўрэйскаму народу: «...ні адзін з вас не павінен есці кроў; і прышэлец, які жыве сярод вас, не павінен есці кроў. Ц I ўсялякі з сыноў Йісраэлевых і з прышэльцаў, якія жывуць сярод іх, хто на лоўлі зловіць звера ці птушку, якую можна есці, павінен выпусціць кроў яе і пакрыць зямлёю. // Бо душа ўсялякай істоты — гэта кроў яе. Яна душа яе; і сказаў Я сынам Йісраэлевым: крыві аніякай плоці не ешце, бо душа ўсялякай плоці — гэта кроў яе; усялякі, хто есць яе, вынішчаны будзе» (Лев 17:12—14). Па-другое, выраз «плоць з душою яе» можна зразумець і як «жывая плоць»; таму запаведзь адначасова забараняе адразаць ад яшчэ жывой жывёлы кавалкі і есці іх. Так рабілі многія дзікія плямёны, і гэты атавістычны звычай яшчэ застаецца дзе-нідзе ў тых культурах, што знаходзяцца на архаічнай ступені развіцця, а таксама можа праяўляцца як адхіленне ад нормы ў цывілізаваным грамадстве. У першай Ноевай запаведзі нельга не ўбачыць клопат пра ўсё жывое, якому чалавек павінен прыносіць як мага менш пакутаў — нават тады, калі прымушаны дзеля свайго харчавання забіваць жывёлаў і птушак сабе на ежу. Роздум