Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 451с.
Мінск 2003
«I былі сыны Ноаха, што выйшлі з каўчэга, — Шэм, Хам, Йефэт. ...Гэтыя тры былі сыны Ноаха, і ад іх насялілася ўся зямля» (Быц 9:18, 19). 10-ты раздзел Кнігі Быцця, што пачынаецца словамі «А вось радавод сыноў Ноаха — Шэма, Хама і Йефэта» (Быц 10:1), справядліва называюць «табліцай народаў». Менавіта тут і даецца першая універсальная класіфікацыя адзіных у сваім вытоку народаў, а значыць, і іх моваў, што ўтварыліся пасля «змяшэння» першапачатковай адзінай мовы падчас разбурэння Вавілонскай вежы (гл. ніжэй), а потым яшчэ больш разышліся ў працэсе рассялення па зямлі нашчадкаў Шэма (Сіма), Хама і Йефэта (Іафета, або Яфета). Дарэчы, невыпадкова лінгвісты з таго самага моманту (з XIX ста-
годдзя), калі стала зразумела, што шматлікія мовы народаў свету аб’ядноўваюцца ў сем’і, а ўнутры апошніх — у групы, калі нарадзілася параўнальна-гістарычнае мовазнаўства, выкарыстоўваюць у сваёй тэрміналогіі імёны сыноў Ноя і абапіраюцца на біблейную класіфікацыю. Так, паводле Кнігі Быцця, ад Шэма (Сіма), паходзяць семіцкія народы і мовы (семіцкая група ў складзе семіта-хаміцкай моўнай сям’і), што падзяляюцца на ўсходнесеміцкія (акадскую, або вавілона-асірыйскую) і заходнесеміцкія (арамейскую, яўрэйскую, арабскую); ад Хама — хаміцкія мовы (напрыклад, егіпецкая, копцкая, эфіопская і інш.); ад Йефэта (Яфета) — так званыя яфетычныя, г. зн. індаеўрапейскія, народы і мовы (грэчаская, лацінская, іранская, санскрыт, большасць сучасных еўрапейскіх моваў). Як бачым, Біблія ўтрымлівае ў сабе ўказанне на тое, што найстаражытнейшыя культуры і пісьмовыя цывілізацыі на Блізкім Усходзе і ў Міжземнамор’і звязаныя з семітахаміцкай і індаеўрапейскай сем’ямі народаў, што пацвярджаецца вывучэннем культураў Старажытнага свету і археалагічнымі раскопкамі. Больш таго, у Бібліі знаходзім і напамін пра адну з найбольш старажытных і загадкавых цывілізацыяў, чыя мова дасюль не суаднесеная ні з адной моўнай сям’ёй, — найстаражытнейшую ў Месапатаміі шумерскую цывілізацыю, хаця ў «табліцы народаў» яна ўпісваецца ў радавод нашчадкаў Хама — праз яго сына Куша (Хуша), ад якога пайшлі народы Паўночнай Афрыкі: Міцраім — родапачынальнік-эпонім егіпцянаў, Пут (Фут) — лівійцаў, Кенаан (Ханаан) — ханаанеяў, або фінікійцаў. Сярод нашчадкаў Куша называецца і моцны правадыр Німрод (пра яго яшчэ пойдзе гаворка пазней): «I было, царствам яго напачатку былі Бавэль і Эрэх, і Акад, і Кальнэ ў зямлі Шын’ар» (Быц 10:10). Бавэль — гэта біблейнае імя Вавілона, больш сугучнае аўтэнтычнай (вавілонскай) назве — Бабілу, або Баб-Ілані; Эрэх, без сумневу, — Урук, адзін з найстаражытнейшых шумерскіх гарадоўдзяржаваў; Акад — семіцкі горад-дзяржава, пад уладай якога аб’ядналася тэрыторыя Шумера ў канцы 3-га тыс. да н. э. Знойдзены пры археалагічных раскопках і горад Кальнэ (Калнэ; у славянскай Бібліі — Халнэ). I, нарэшце, гучыць вызначэнне «зямля Шын’ар» (у славянскай Бібліі
традыцыйна — Сенаар), і сёння гісторыкі і лінгвісты не сумняваюцца, што гаворка ідзе пра Шумер — агульную назву той тэрыторыі паміж Тыграм і Еўфратам, населенай шумерамі, якія сябе называлі «чарнагаловым народам» і ўжо ў 4-м тыс. да н. э. стварылі там высокаразвітую гарадскую цывілізацыю, утварылі сістэму гарадоў-дзяржаваў. Пра Ашура (Асура), продка асірыйцаў, сказана, што ён выйшаў з зямлі Шын’ар і пабудаваў Нінэвэ, або Нінвэ (у славянскай традыцыі — Нінэвія; Быц 10:11). Сапраўды, семіты-акадцы (вавілоняне і асірыйцы), як вядома, размаўлялі на прынцыпова іншай мове, не шумерскай (хаця менавіта вавілоняне ўвабралі ў сябе вялікую колькасць шумерскіх этнічных і культурных элементаў). Пра Ашура і гаворыцца як пра нашчадка Шэма, а не Хама.
Такім чынам, прасочваючы радавод кожнага з сыноў Ноя, можна ўбачыць яго адпаведнасць навуковым гістарычным і культуралагічным дадзеным. Напрыклад, з сынамі Йефэта, прабацькі ўсіх індаеўрапейцаў, звязваецца паходжанне вядомых у старажытнасці індаеўрапейскіх народаў: ад Гамера — кімры, або кімерыйцы (магчыма, менавіта гэтае імя паўтараецца ў імені вялікага грэчаскага паэта Гамера); ад Магога — скіфы; ад Мадая — мідзійцы; ад Йавана (Іавана), імя якога, безумоўна, роднаснае назве Іонія, — іанійцы, грэкі; ад Мешэха (у славянскай Бібліі — Масох) — мосхі, старажытны народ Закаўказзя (адсюль — Месхеція, вобласць Грузіі). Існуе паданне, што Масох дайшоў да паўночных межаў зямлі і заснаваў там пасяленне, названае яго імем, — Масква (вядома, гэта толькі паданне, але ў ім ёсць пэўнае рацыянальнае зерне, бо этымалогія назвы Масква дагэтуль не растлумачаная канчаткова). Шэм (Сім), «старэйшы брат Йефэта» (Быц 10:21), названы «бацькам усіх сыноў Эвера» (Тамсама), хаця, паводле генеалогіі, Эвер — праўнук Шэма, а сыны апошняга: Элам (старажытная дзяржава, якая займала частку сённяшняй тэрыторыі Ірана); Ашур (як ужо адзначалася, эпонім асірыйцаў); Арпахшад (Арфаксад; імя не ідэнтыфікавана, але магчыма — указанне на старажытны народ хурытаў), Луд (Лідзія), Арам (арамейцы, якія жылі ў горнай частцы Паўночнай Месапатаміі, у Арам-Нагараім, і чыя мова стала першай lingva franca — мовай міжнарод-
ных стасункаў; яна была дзяржаўнай мовай Асірыі напрыканцы яе існавання, потым — афіцыйнай мовай персідскай дзяржавы Ахеменідаў; яна шырока распаўсюдзілася — праз розныя свае дыялекты — у Ханаане, Егіпце, Індыі, Закаўказзі; менавіта ад арамейскага алфавіта паходзяць шмат якія іншыя — арабскі, грузінскі). Чаму ж Шэм вызначаны перадусім як «бацька ўсіх сыноў Эверавых»? Безумоўна, гэта ўказанне Святога Пісання на найважнейшую генеалагічную лінію, ад якой пойдзе святы народ, выбраны Богам для ажыццяўлення Яго задумы, — народ Аўраама, яўрэйскі народ, бо сам Аўраам — нашчадак Шэма праз Эвера. Паводле падання, у гонар Эвера, вялікага праведніка, і названы яўрэйскі народ — племя іўрьш, дакладней — іврім; тут той жа корань, што і ў імені Эвер — са значэннем пераходу, прыходу «з іншага боку» (магчыма, з іншага берагу Еўфрата, адкуль Аўраам з яго бацькам прыйшлі ў Ханаан, а магчыма — у духоўным сэнсе — пад «іншым бокам», як ужо ўзгадвалася раней, маецца на ўвазе процістаянне Адзінабожжа язычніцтву). Для рэлігійнай свядомасці неабвержным фактам з’яўляецца тое, што асновы сапраўднага Богапазнання перайшлі ад Ноаха да Шэма, а потым праз Эвера — да Аўраама (дарэчы, калі супаставіць указанні тэксту на ўзрост герояў, прасачыць унутраную біблейную храналогію, то выявіцца, што Шэм і Эвер жылі яшчэ ў дні Аўраама і перадавалі яму сваю мудрасць).
У славутай «табліцы народаў» названыя 70 старажытных народаў, якія потым і атрымалі назву «язычніцкіх», г. зн. тых, якія пачалі гаварыць на розных мовах пасля «змяшэння» Богам моваў падчас разбурэння Ім Вавілонскай вежы. А потым на фоне гэтых сямідзесяці, якія так ці інакш ухіліліся ад шляху Божага, народзіцца народ Аўраама — як «інструмент» у Божых руках для выпраўлення свету, народ свядомага Адзінабожжа. Вядома, што пазней, паводле Закона Божага, дадзенага Майсею, яўрэйскі народ кожны год у старажытнасці прыносіў у Іерусалімскім Храме ў свята Сукот (свята Буданоў, або Шатаў) у ахвяру Адзінаму Богу 70 цяльцоў — па аднаму за кожны народ, які ўзгадвае Тора, каб жылі ў благаславенні Божым, у дабрыні і шчасці ўсе нашчадкі Ноаха. Ці не праяўляец-
ца ў гэтым вельмі яскрава універсалізм старажытнай яўрэйскай традыцыі, яе бясконцы клопат за ўсё чалавецтва? Нездарма «табліца народаў» завяршаецца словамі, якія ізноў нагадваюць аб адзінстве роду чалавечага: «Вось сем’і сыноў Ноаха паводле радаводу іх, у народах іх. I ад іх рассяліліся народы па зямлі пасля патопу» (Быц 10:32). Менавіта наконт гэтых словаў Дз. У. Шчадравіцкі піша: «Мы мусім з усёй упэўненасцю сказаць, што на Зямлі і ў дадзены момант не існуе ніводнага народа, ніводнага племені, ніводнай сям’і і ніводнага чалавека, якія не паходзілі б ад трох сыноў Ноевых. Ужо адно гэта робіць грэшнымі якія б то ні было расісцкія погляды, шавінізм, узнясенне адных народаў і расаў над іншымі. Усе людзі з’яўляюцца нашчадкамі Ноя, яны роўныя перад Богам ва ўсіх сваіх чалавечых правах. Біблія змяшчае вельмі яскравыя перасцярогі супраць якога б то ні было расізму, яскравы наказ ставіцца да кожнага чалавека як да носьбіта вобраза Божага»1.
Адкуль жа тады, можна спытацца, узніклі адрозненні ў культурах і ментальнасці народаў? Чаму адны апынуліся, адпаўшы ад Адзінабожжа, ва ўлонні язычніцтва, а некаторыя пайшлі іншым шляхам? Ці не супярэчыць уяўленню пра адзінства чалавецтва ідэя «выбранага народа Божага»? Хутка мы ўбачым у тэксце Торы, як рэалізуецца і якім сапраўдным зместам напаўняецца паняцце «выбранасці», а цяпер можна толькі сфармуляваць наступнае: Біблія дэманструе, што ўсе разыходжанні паміж народамі і культурамі не маюць пад сабою ніякіх біялагічных падставаў (у адрозненне ад расісцкіх тэорыяў, якія цалкам абапіраюцца на біялагічную і інтэлектуальную перавагу, якая нібыта існуе, адной расы над іншымі). Усе разыходжанні нашчадкаў Ноя, раўнапраўных членаў адной вялікай сям’і народаў, абумоўленыя як гістарычнымі абставінамі, так і шляхамі, якія яны свабодна выбіраюць; гэтыя разыходжанні, на думку Бібліі, залежаць перадусім ад свабоднай волі людзей, ад іх духоўных пошукаў і памкненняў (і перш за ўсё ад ступені Богапазнання, якой яны ў
1 ІЦедровнцкнй Д. В. Введенне в Ветхнй Завет: В 8 т. Т. 1—3. Пятнкннжне Монсеево. С. 114.
пэўны момант дасягнулі, ступені ўхілення ад Бога ці набліжэння да Яго).
Безумоўна, для Бібліі найгалоўнейшым у падыходзе да гісторыі народаў з’яўляюцца рэлігійна-духоўны і непарыўна звязаны з ім маральны крытэрыі, асобасны выбар чалавека і яго асабістая адказнасць за гэты выбар, што Вялікая Кніга і дэманструе нам у глыбока сімвалічнай форме. У сувязі з гэтым вельмі цікавую інфармацыю да разважання дае сэнс імёнаў сыноў Ноаха (патрэбна памятаць, што імя ў Бібліі ніколі не з’яўляецца выпадковым, заўсёды нясе ўказанне на лёс і прызначэнне чалавека'). Шэм на іўрыце значыць «імя», і гэта можна зразумець як указанне на тое, што нашчадкам праведнага Шэма, і перадусім Аўрааму і яго народу, будзе адкрыта Святое Імя Божае, што яны асабліва прасунуцца наперад на шляху Богапазнання, што менавіта ў асяроддзі нашчадкаў Шэма народзяцца тры вялікія монатэістычныя рэлігіі — іудаізм, хрысціянства, іслам. Хам — «спякотны», «гарачы», «палкі», і гэта ўказанне не толькі на тое, што нашчадкі Хама будуць жыць у гарачым клімаце Афрыкі і Ханаана, але што ўвесь строй афрыканскай культуры, мастацтва, музыкі і абрадаў звязаны з накалам жарсці, з неўтаймаваным палкім тэмпераментам. Імя Йефэт звязанае з коранем йафэ — «прыгожы», «поўны хараства», а таксама «распаўсюджаны», і гэта, магчыма, указанне, што нашчадкі Йефэта, перадусім грэкі, будуць шукаць перш-наперш хараство і гармонію, прынцыпы «залатога сячэння» (на гэтым сапраўды будуецца элінскае мастацтва), што індаеўрапей-