Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 451с.
Мінск 2003
яўрэйскіх мудрацоў, як зрабіць, каб жывёла не пакутавала, прывёў да ўзнікнення ў іудзейскай традыцыі асаблівага рытуальнага зарэзу дамашняй скаціны. як мага меней балючага, — так званай шхіты, а таксама да з’яўлення асаблівай прафесіі ў яўрэйскай абшчыне: шохет, або шойхет, — чалавек, які ажыццяўляе шхіту, рэзнік. Ён бярэ на сябе грэх вымушанага забойства жывёлы і замольвае гэты грэх у сінагозе. Але вельмі важна, што ніякі іншы член абшчыны не можа па ўласнай волі забіваць дамашнюю скаціну ці птушку; вельмі важна, каб чалавек наогул як мага менш забіваў. Вось чаму і паляванне на дзікіх жывёлаў лічыцца ў яўрэйскай традыцыі грахом, бо гэта звязана з пакутамі жывой істоты; мяса нават кашэрных (дазволеных Богам у ежу сынам Ізраіля) жывёлаў, забітых на паляванні, нельга ўжываць у ежу, яно становіцца некашэрным. Страшэнны грэх перад Богам — забойства жывёлы без важкай прычыны (неабходнасці ежы ці пагрозы для чалавечага жыцця), а ў іудзейскай традыцыі — і забойства дамашняй скаціны не па правілах шхіты. На аснове першай Ноевай запаведзі і іншых прадпісанняў Tophi будзе прынятая ў іудаізме запаведзь, якая забараняе жорстка ставіцца да жывёлаў, наогул да жывых істотаў, загадвае клапаціцца пра іх, спачуваць ім і дапамагаць ім у бядзе, — запаведзь цаар баалёй хайім («прадухіленне бязлітаснасці да жывых істотаў»). Так, у Кнізе Другазаконня сказана, што нельга забіраць з гнязда птушку-маці, якая сядзіць на яйках ці знаходзіцца там з птушанятамі; трэба яе адпусціць (Друг 22:6). Славуты Рамбам (Майманід, XII ст.) пісаў, што «боль жывёлаў пры такіх абставінах вельмі вялікі» {Морэ нэвухім 3:48). Талмуд забараняе дарослым есці, пакуль не накормленыя жывёлы, і г. д.
Запаведзь неўжывання ў ежу аніякай крыві строга вытрымліваецца ў іудаізме і ісламе, але, на жаль, не вытрымліваецца ў свеце хрысціянскім, бо хрысціянству, якое прыйшло на язычніцкія тэрыторыі ў Еўропе, так ці інакш прыйшлося лічыцца з мясцовымі звычаямі. У цэлым жа ў першай Ноевай запаведзі нельга не ўбачыць больш глыбінны, далёкі сэнс: думку пра тое, што калі-небудзь чалавецтва, якому, як сведчаць біёлагі, неабходна было на пэўным этапе развіцця мясное харчаванне, прыйдзе да думкі
наогул не забіваць братоў нашых меншых, шкадаваць і берагчы ўсё жывое.
Бог працягвае гаварыць з Ноем і яго сынамі, і ў Яго словах гучыць і падбадзёрванне, і адначасова грознае папярэджанне: «Асабліва ж кроў вашага жыцця спаганю Я: ад усялякага звера спаганю Я яе, і ад рукі чалавека, ад рукі брата яго спаганю душу чалавека» (Быц 9:5). Тым самым Бог напамінае чалавеку, што найвялікшая каштоўнасць у свеце — чалавечае жыццё, на якое ніхто не мае права рабіць замах. Гасподзь пакарае і жывёлу, і чалавека, якія адбіраюць жыццё чалавека, праліваюць яго кроў. Выраз «ад рукі брата яго» нагадвае, што ўсе людзі — браты і павінны заўсёды пра гэта памятаць, а таксама грозна адсылае да горкай гісторыі першага забойства — гісторыі Каіна і Авеля. Гэтыя словы Божыя папярэднічаюць другой Ноевай запаведзі — забароне гвалту над чалавекам, забойства, праліцця крыві чалавека: «Хто праліе кроў чалавека, таго кроў праліецца чалавекам, бо паводле вобраза Божага створаны чалавек» (Быц 9:6). Без сумневу, яшчэ ніколі і нідзе раней так настойліва і з такой сілай не падкрэслівалася каштоўнасць чалавечага жыцця і адказнасць чалавека за ўчыненае злачынства.
3 забароны праліцця крыві чалавечай, забароны забойства, якая рыхтуе нас да яшчэ больш лаканічна і патрабавальна сфармуляванай запаведзі «Не забі» на Скрыжалях Запавету, арганічна выцякае і яшчэ адна з Ноевых запаведзяў: неабходнасць справядлівага суда, наогул усталявання жыцця на заканадаўчых пачатках. Гэта важна для выканання ўсіх Ноевых запаведзяў, але, безумоўна, найбольш важна ддя тых выпадкаў, якія тычацца праліцця крыві, забойства чалавека. Тут суд павінен быць вельмі асцярожны і справядлівы, бо і ў злачынцу, як бы ні зацямнялі яго душу грахі, захоўваецца вобраз Божы — той духоўны патэнцыял, які Бог даў кожнаму чалавеку і які нельга знішчыць да канца. Калі падабенства Богу (не ў язычніцкім сэнсе, а ў сэнсе рэалізацыі духоўнага патэнцыялу, набліжэння да духоўнай дасканаласці) чалавек павінен несупынна дасягаць сам, то вобраз Божы нават ён сам не можа вынішчыць у сваёй душы. Вось чаму ніводны, нават самы страшэнны, злачынец не можа быць забіты без суда, хаця сапраўдным судом, які адплаціць яму поўнай мерай, стане толькі Суд Божы.
Запаведаючы Ною і яго сынам пладзіцца і памнажацца (Быц 9:7), працягваць род, Бог на гэты раз, як вынікае з агульнай логікі Торы і як даўно ўжо трактавалі яўрэйскія мудрацы, забараняе (і гэта чацвёртая з Ноевых запаведзяў) як незаконны працяг роду пралюбадзейства і інцэст, г. зн. кровазмяшэнне, шлюб паміж самымі блізкімі па крыві людзьмі — напрыклад, роднымі братамі і сёстрамі. Як мы памятаем, на пачатку чалавечай гісторыі такія шлюбы дазваляліся, таму што ўсё чалавецтва ў прамым сэнсе было адной першасям’ёй. Як сцвярджаюць даследчыкі, інцэст быў прыкметай самага архаічнага грамадства; памяць пра гэта захоўваюць амаль усе міфалогіі народаў свету. Цяпер жа Усявышні забараняе інцэст, бо гэта няварта годнасці чалавека і можа прывесці да выраджэння чалавецтва. Усе культуры так ці інакш прыходзілі да такой высновы, але біблейная культура была першай, якая жорстка на пісьме аформіла гэтую забарону (далей заканадаўчыя кнігі Торы шмат увагі прысвецяць гілўй арайдт, што літаральна на іўрыце значыць «агаленне цела», «адкрыццё галізны» і абазначае розныя віды інцэсту). Цяпер, пасля патопу, калі чалавецтва пачынаецца на новай і, як спадзяецца Бог, больш маральнай аснове і калі ў кожнага з сыноў Ноаха ёсць свая жонка, калі няма патрэбы ў блізкароднасных шлюбах, чалавецтва павінна памнажацца іншым шляхам. Дарэчы, указанне Бібліі на тое, што ў сыноў Ноаха было толькі па адной жонцы, сведчыць пра іх праведнасць і імкненне да манагамнага шлюбу ў разбэшчаным пакаленні патопу.
Яшчэ адна запаведзь сыноў Ноевых — забарона крадзяжу і рабунку, бо Бог кажа пра ўсіх жывых істотаў, што выйшлі з каўчэга: «...у вашы рукі аддадзеныя яны» (Быц 9:2). Тым самым, як памеркавалі яўрэйскія мудрацы, Усявышні стварае інстытут прыватнай уласнасці і не дазваляе яе парушаць. Пазней на Скрыжалях, сярод Дзесяці Запаведзяў, таксама будзе запісана: «Не крадзі» (Зых 20:15), «Не дамагайся дома бліжняга твайго... нічога, што ў бліжняга твайго» (Зых 20:17).
3 саміх асноваў Запавету, заключанага Богам з Ноем, вынікаюць яшчэ дзве фундаментальныя запаведзі, якія Тора лічыць абавязковымі для кожнага высокамаральнага, цывілізаванага чалавека: I) вера ў Адзінага Бога і адмаў-
ленне служэння іншым багам, адмаўленне ідалапаклонства; 2) забарона блюзнерства і ганьбавання святога Імя Божага, знявагі да Бога (тое, што ў іудзейскай традыцыі завецца хілўль га-Шэм — «ганьбаванне Імя [Божага]», процілегласцю якому з’яўляецца кідўш га-Шэм — «асвячэнне Імя [Божага]», перш за ўсё праз міласэрныя справы і самаахвярныя ўчынкі чалавека, а калі патрэбна — нават і праз смерць за веру ў Адзінага Бога1).
Яўрэйская традыцыя падкрэслівае, што ў адрозненне ад яўрэяў астатнія сыны (нашчадкі) Ноаха не павінныя ахвяраваць сваім жыццём нават у імя выканання забаронаў ідалапаклонства, кровапраліцця і кровазмяшэння (Талмуд, Сангедрын 746). Згодна з талмудычным заканадаўствам, неяўрэй, які выконвае Запаведзі сыноў Ноевых, мае вялікую пашану і асаблівы статус гер-mouide («прышэльцапасяленца»), пра які гавораць і старажытныя тэксты Tophi. Гэтага прышэльца, які жыве сярод народа Божага, патрэбна «любіць, як самога сябе»: «I калі будзе жыць у цябе прышэлец у зямлі вашай, не прыгнятайце яго. // Як тутэйшы сярод вас няхай будзе ў вас прышэлец, які жыве ў вас; любі яго, як самога сябе...» (Лев 19:33—34). I яшчэ: «Адзін суд павінен быць у вас як для прышэльца, так і для тутэйшага; бо Я Гасподзь, Бог ваш» (Лев 24:22). Так Тора і Біблія ў цэлым процістаяць усялякім формам ксенафобіі і расізму (прыклады можна прыводзіць бясконца). Майманід лічыў, што ўсе народы свету павінны прыняць Запаведзі сыноў Ноевых, а кожны неяўрэй, які іх выконвае, увойдзе ў Царства Нябеснае (Мішнэ Тора, Гільхот мелахім 8:11). Запаведзі сыноў Ноевых як нельга лепш акцэнтуюць агульначалавечы, універсальны характар іудзейскай традыцыі, старажытнай біблейнай культуры. Такія буйныя яўрэйскія і адначасова еўрапейскія мысляры Новага часу, як Мозэс Мендэльсон (1729—1786) і Герман Когэн (1842—1918), падкрэслівалі, што канцэпцыя сямі запаведзяў сыноў Ноевых служыць агульным рацыяналь-
1 Такі від смерці ўпершыню з’явіўся ў Іудзеі падчас праследаванняў Антыёха IV Эпіфана, калі сілком уводзіліся язычніцкія звычаі, язычніцкая (грэчаская) рэлігія і многія іудзеі лнчылі за лепшае падпарадкаванню загадам Антыёха смерць за веру. Гл. падрабязней раздзел «Шляхамі Вечнай Кнігі».
ным падмуркам як яўрэйскай, так і агульначалавечай маралі. А шмат стагоддзяў да гэтага рабіны-законавучыцелі Талмуда выказалі думку, што гэтыя запаведзі настолькі універсальныя, што амаль усе яны — за выключэннем забароны ўжывання ў ежу крыві і забароны інцэсту — былі дадзеныя яшчэ Адаму і толькі паўтораныя і больш дэталёва растлумачаныя Ною.
Такім чынам, заключаны праз Ноя і яго сыноў новы Запавет паміж Богам і чалавецтвам, і пачынаецца новая старонка чалавечай гісторыі. Усе мы, сённяшнія людзі, на думку Бібліі, паходзім ад аднаго з трох сыноў Ноя, ад самога Ноя. Важна падкрэсліць, як захапляюча ўпарта Біблія даводзіць да нас зноў і зноў сваю вялікую, асноватворную думку пра адзінства ўсяго чалавецтва, яго роднасць і еднасць (такім чынам даецца зразумець, што яно калі-небудзь ізноў прыйдзе — на новым узроўні — да гэтай еднасці, перш за ўсё еднасці праз Бога, праз Дух Божы). Але цяпер новае чалавецтва павінна распаўсюдзіцца па зямлі, каб апрацоўваць яе, падняць яе з занядбання. I Біблія дае першую вядомую нам універсальную і — што асабліва дзівосна! — адпаведную ў асноўным погляду сучаснай навукі, і перадусім этналогіі і лінгвістыкі, класіфікацыю народаў і моваў. Як пісаў у свой час слынны рускі ўсходазнаўца Барыс Тураеў, старажытнаяўрэйская культура была першай, якая «дадумалася» да адзінства роду чалавечага і адначасова да першай універсальнай класіфікацыі народаў.