Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 451с.
Мінск 2003
г. д.). Так, у знакамітым егіпецкім міфе пра Асірыса і Сэта жорсткі і завідушчы Сэт з дапамогай сваіх слугаў забівае брата, але потым жонка Асірыса Ісіда знаходзіць яго цела (згодна з адной з версіяў, збірае яго кавалкі, раскіданыя па ўсім Егіпце па загаду Сэта) і нараджае ад мёртвага мужа (бог урадлівасці, вытворчых сілаў прыроды, Асірыс не можа памерці канчаткова) сына Гора. Ісіда прымушаная хавацца з сынам ад злоснага Сэта, які хоча іх знішчыць. Але надыходзіць час, калі Гор, пасталеўшы, здзяйсняе помсту за бацьку (таксама архетып — «сын — мсцівец за бацьку»): ён забівае ў бойцы Сэта і дапамагае ўваскрэснуць Асірысу. Варыяцыі на тэму блізнечнага міфа мы бачым у егіпецкіх літаратурных казках «Два браты», «Праўда і Крыўда» (паміж XVI—VIII стст. да н. э.). У апошняй Праўда і Крыўда і ёсць два браты, з якіх, як зразумела з іх імёнаў (словы мужчынскага роду ў старажытнай егіпецкай мове), менавіта Крыўда абыходзіцца вельмі жорстка са сваім братам: асляпляе яго (дакладней, асляпляе Энеада — Дзевятка багоў Геліопаля, якую просіць зрабіць гэта Крыўда, і язычніцкія багі выконваюць яго просьбу, ніяк не матывуючы свой учынак) і ставіць ахоўваць вароты сваёй хаты. Праўда пакутуе, але потым яго сын помсціць за бацьку. Гэтыя прыклады можна прыводзіць бясконца. Так, безліч сюжэтаў у сусветным казачным фальклоры (у тым ліку і ў славянскім) звязаная з тым, што малодшы брат апынаецца з-за нядобрых стасункаў у сям’і ў цяжкім становішчы, яму пагражае смерць, але ў фінале ён узнагароджваецца лёсам — атрымлівае жонку-прыгажуню і багацце. У Бібліі, асабліва ў Кнізе Быцця, не раз сустракаецца блізнечны міф: Каін і Авель, Ісаў і Іакаў, Іосіф і яго браты... Але Біблія істотна трансфармуе схему міфа і напаўняе яе перш-наперш этычным зместам. Да таго ж менавіта яна ў кантэксце Старажытнасці першай узнімае пытанне аб тым, ці з’яўляецца здольнасць да агрэсіі і гвалту наканаваннем чалавека, і дае на гэта адмоўны адказ (перадусім у слынным сюжэце пра Іосіфа і яго братоў, гаворка аб якім пойдзе ў асобным раздзеле). Біблія першай ставіць праблему асобаснай адказнасці чалавека перад Богам і іншым чалавекам за злачынства, гаворыць пра дадзеную кожнаму (кожнаму!) чалавеку мажлівасць
пазбягаць яго, імкнуцца да дабра і свядома выбіраць яго. I першыя найважнейшыя ісціны выказаныя якраз у прыпавесці пра Каіна і Авеля, дзе менавіта Каін — парадыгма злачынца — становіцца галоўным героем, прыцягвае да сябе максімальную ўвагу.
Чаму ж на ролю злачынца «прызначаны», калі так можна мовіць, Каін? Можа, таму, што ён земляроб? Чаму негатыўным характарам надзелены земляроб, а пазітыўным — пастух? Напэўна, павінная быць таксама нейкая суаднесенасць (карэляцыя) паміж імёнамі братоў і іх характарамі. Калі больш нічога непасрэдна ў тэксце не матывуе іх характары, то гэта павінныя зрабіць іх заняткі і іх імёны, бо вядома, што для старажытнай свядомасці (біблейнай — асабліва) імя — паняцце вельмі важнае і важкае, лёсавызначальнае. Скажам перадусім пра заняткі. Цікава, што апазіцыя «земляроб — пастух», у якой перавага аддаецца менавіта пастуху, вядомая з самай сівой старажытнасці. Так, ад шумераў дайшла паэма «Спрэчка паміж пастухом і земляробам», або «Сватанне да багіні Інаны» (канец 3-га тыс. да н. э; усё гэта — умоўныя назвы твора, які ў шумерскай традыцыі называўся па першым радку — «Размова. Ён сястры гаворыць ласкава...»), дзе вельмі шануемая шумерскай свядомасцю багіня кахання і ўрадлівасці Інана аддае ў рэшце рэштаў перавагу пастуху (дакладней, богу пастухоў) Думузі, пагаджаецца стаць яго жонкай. Спачатку Інана спыніла свой выбар на Энкімду — апекуну арашальных каналаў ды палёў (заўважым, што шумеры раней за ўсіх асвоілі як ірыгацыю, так і асушэнне балотаў). Але Думузі ў славеснай спрэчцы з Энкімду так ухваляе сваю пастухоўскую справу, малюе такую яркую карціну шчасця і багатага жыцця, што пераконвае багіню. Потым, калі, як гаворыцца ў тэксце, «пастух па палях палітых, // Авечак павёў па палях палітых»1, да яго падышоў земляроб Энкімду, «гаспадар равоў і каналаў». Паміж героямі ўжо гатовая пачацца нежартоўная сварка, што магла б скончыцца забойствам, але ўсё завяршаецца мірам: Энкімду прапаноўвае Думузі пасвіць яго авечак на сваіх арошаных землях, а Думузі за-
1 Гл.: От начала начал: Антологня шумерской поэзнн / Вступ. ст., пер., коммент. В.К. Афанасьевой. СПб., 1997. С. 130.
прашае Энкімду на сваё вяселле з Інанай. Безумоўна, перад намі найстаражытнейшая тыпалагічная паралель да сюжэта пра Каіна і Авеля, толькі з іншым фіналам і, безумоўна, з іншым філасофска-этычным напаўненнем. Але пры ўсіх істотных разыходжаннях відавочнае адно вельмі ўразлівае падабенства: перавага, аддадзеная пастуху. Далей менавіта з пастухом Думузі звязваецца ў шумерскай культуры гістарычна першы матыў нявіннай выкупляльнай (выратавальнай, збавіцельнай) ахвяры.
Даследчыкам найстаражытнейшых культураў зразумела, што менавіта з пастухом і пастухоўствам звязаліся пазітыўныя канатацыі аховы, абароны, ахвяравання, правадырства — нават ў тых культурах, дзе побач з жывёлагадоўляй развівалася актыўна земляробства (як у шумераў), ці нават у тых, дзе апошняе пераважала, і падобнай з’яве няма канчатковага рацыянальнага тлумачэння. Гэтыя пазітыўныя канатацыі яшчэ больш узмацняюцца і набываюць новае асэнсаванне ў старажытнаяўрэйскай культуры, сінтэзам якой сталі біблейныя тэксты. Узмоцненая ўвага да вобраза пастуха і яго заняткаў непасрэдна абумоўленая рэаліямі жыцця народа, прабацькі якога былі жывёлаводаміпаўкачэўнікамі і які, нават перайшоўшы да аседлага жыцця ў Ханаане пасля Зыходу з Егіпта ў ХШ ст. да н. э., у першую чаргу займаўся жывёлагадоўляй — развядзеннем авечак і козаў, чаму спрыяў сам прыродны ландшафт паўпустыні (у Бібліі мідбар — не голая пустыня без усялякіх прыкметаў жыцця, а скалістая паўпустыня, дзе можна пасвіць авечак і козаў). Мы ўбачым і далей, што менавіта пастухі пасля Авеля паўстаюць як пазітыўныя персанажы Бібліі. Пастух надзелены не толькі знешнім вострым зрокам і слыхам, але зрокам і слыхам унутраным: ён можа пачуць тое, што не чуюць іншыя, — заклік Божы. Пастухамі з’яўляюцца патрыярхі Аўраам, Ісаак, Іакаў. I Майсей, які пасвіць статкі свайго цесця Йітро (Іафора), атрымлівае ля падножжа Харыва (Сіная) Адкрыццё Божае і прызванне прарока. Абавязковы атрыбут пастуха — посах — становіцца сімвалам сапраўднай духоўнай улады, знакам добрага пастыра, які пасланы Самім Богам да людзей (узгадаем цуды, што адбываюцца з посахамі Майсея і яго брата Аарона — першасвятара і родапачынальніка ўсіх святароў Адзінага Бога). Топіка добрага пастухоўства,
што імпліцытна прысутнічае ў Торы (Пяцікніжжы Майсеевым), потым экспліцытна разгортваецца ў Кнігах Самуіла і Кнігах Цароў (1—4-й Царстваў), у прароцкіх кнігах: пастух Давід, улюбёнец Бога і людзей, памазаны на царства як пастыр народа Божага, пастух Амос, узяты «ад статкаў авечак», каб прарочыць народу Ізраіля... У кнігах прарокаў вобраз пастуха напаўняецца асаблівым сакральным зместам: Сам Бог паўстае як добры пастыр, што збірае і лечыць Сваіх авечак. Так, суцяшаючы свой народ, што апынуўся ў Вавілонскім палоне і пакутуе (падзеі VI ст. да н. э.), прарок Йехэзкэль (Іезэкііль) гаворыць ад імя Бога: «...вось, Я Сам адшукаю авечак Маіх і агледжу іх. // Як пастух лічыць статак свой, калі знаходзіцца сярод статка свайго рассеянага, так і Я перагледжу авечак Маіх і вызвалю іх з усіх месцаў, у якія яны былі рассеяныя ў дзень воблачны і змрочны. // I выведу Я іх з народаў, і збяру іх з краінаў, і прывяду іх у зямлю іх, і буду пасвіць іх на гарах Ізраілевых... // Я буду пасвіць авечак Маіх і Я буду ахоўваць іх, гаворыць Гасподзь Бог. Згубленую адшукаю, і выкрадзеную вярну, і параненую перавяжу, і хворую падсілкую... буду пасвіць іх па праўдзе» (Іез 34:11—13, 15—16). I далей: «...вы — авечкі Mae, авечкі паствы Маёй; вы — чалавекі, а Я — Бог ваш, гаворыць Гасподзь Бог» (Іез 34:31). 3 пастухоўствам у прароцкіх кнігах неадрыўна звязваецца гармонія будучай Месіянскай эры, калі, адпаведна слову прарока Йешаягу (Ісаі), «воўк будзе побач жыць з ягнём, і барс будзе разам ляжаць з казлянём; будуць разам цяля, леў і вол, і малое дзіця іх павядзе; // і карова пасвіцца будзе з мядзведзіцай, і дзеткі іх будуць ляжаць разам...» (/с 11:6—7).
Такім чынам, тое, што пазітыўны характар набывае Авель і што Бог прымае яго ахвяру, мае пэўнае абгрунтаванне ў старажытнай культуры наогул і ў духоўным сэнсе Святога Пісання ў прыватнасці. Але чаму такім негатыўным становіцца земляроб Каін (пры тым. што даволі мірна паводзіць сябе «гаспадар палёў» Энкімду ў шумерскай паэме)? Тут можа быць толькі адно частковае тлумачэнне: земляробства з самага пачатку звязалася ў яўрэйскай свядомасці з язычніцкімі культурамі, у цэнтры якіх — культы ўрадлівасці і сексуальнасці, як гэта было ў ханаанеяў. Таму ізраільцяне, пасяліўшыся ў Ханаане — Зямлі Абяца-
най (запаведанай Самім Богам у спадчыну Аўрааму і яго нашчадкам), адчувалі даволі востра напружанне і варожасць з боку язычніцкіх плямёнаў, яскрава ўсведамлялі іншасць свайго светапогляду, сваіх уяўленняў пра Бога. Нездарма вобраз Божы звязаўся ў старажытнаяўрэйскай свядомасці не з зямлёй, урадлівай глебай, а са стыхіямі агню і ветру, якія найменш рэчыўныя і сцвярджаюць імпліцытна пазапрыродную дамінанту біблейнай свядомасці. Як піша С. С. Аверынцаў, «цяжкая коснасць зямлі далей ад гэтай дамінанты», таму ў Бога «няма на зямлі месца, з якім Ён быў бы прыродна звязаны, — у адрозненне ад заходнесеміцкіх (ханаанейскіх. — Г. С.) баалаў (ваалаў), самі імёны якіх уключалі вызначэнне мясцовасці, што ім належала (Баал Пэор — “гаспадар Пзора”, Мелькарт — “цар горада”)»1. I далей: «Бытавым апірышчам для такіх уяўленняў было вандроўнае жыццё продкаў старажытных яўрэяў, а пазней — шматлікія перасяленні, “паланенні” і выгнанні»2. Такім чынам, чаму земляроб (не наогул, а ў прыпавесці пра Каіна і Авеля) набыў адмоўны характар у параўнанні з пастухом, крыху зразумела. Але чаму ён завецца Каін?
Лінгвісты перакананыя: агульнасеміцкі корань *qjn мае семантыку «каваць», «каваль» (дарэчы, магчыма, гэты корань можна лічыць настратычным, коранем агульначалавечай прамовы). Міфолагі і фалькларысты высветлілі, што амаль ва ўсіх народаў — старажытных і не вельмі — постаць каваля звязваецца з нечым таямнічым і адмоўным, небяспечным, з магіяй і варажбой (вядома, што кузні звычайна будаваліся па-за межамі вёсак). Таму адмоўны характар Каіна «падмацоўваецца» тым негатыўным пачаткам, які нясе ў сабе яго імя. Але чаму, паўторым ізноў, ён, каваль згодна з імем, з’яўляецца земляробам па сутнасці? Можа, Біблія «не ведае» пра семантыку старажытнага кораня ці не ўсведамляе гэтага? He, усведамляе, бо далей мы чытаем аповед пра нашчадкаў Каіна, што становяцца свайго кшталту «культурнымі героямі», родапачынальнікамі асноўных заняткаў людзей, рамёстваў і мас-