• Газеты, часопісы і г.д.
  • Беларусь у абрадах і казках  Павел Шпілеўскі

    Беларусь у абрадах і казках

    Павел Шпілеўскі

    Выдавец: Літаратура і Мастацтва
    Памер: 304с.
    Мінск 2010
    73.29 МБ
    Я хачу гаварыць аб крывіцкай прошчы.
    У Мінскай губерні, Слуцкім павеце, у Заўшыцкім прыходзе ёсць вёска Крйвйчй, якая належыць князям Вітгенштэйнам.
    Я не буду распаўсюджвацца аб старажытных каранях гэтай вёскі, назва якой так нагадвае аб рэштках аселішчаў руска-славянскіх крывічоў, — аб гэтым будзе сказана ў асобным артыкуле аб Беларусі. Варта толькі заўважыць, што вёска гэтая носіць першабытную назву Кунйчная, дадзеную ёй яшчэ ў XIII стагоддзі. Суседнія сяляне дагэтуль завуць крывічан кунічнымі.
    Вёска ляжыць на ўзлеску хвойніку. Ля яе падэшвы сцелецца раскінутае покрыва лугоў, палёў і драбналістых хмызнякоў, дзе-нідзе абрамленых раўчукамі і малюсенькімі пратокамі.
    Амаль ля самай вёскі на даволі значным узвышэнні, акружаным дашчаным плотам, сціпла выглядае з-за высокіх, даволі старых хвой і бяроз маленькая драўляная двухкупальная царква на каменным падмурку.
    Направа ад царквы ўладкавана маленькая, як кажуць у Беларусі, каплйца, якая складае неабходную прыналежнасць усякай прошчы. Капліцы гэтыя звычайна без дзвярэй, але з адчыненым акном, праз якое бачна копія таго цудатворнага абраза, арыгінал якога захоўваецца ў самой царкве.
    Налева— невялікі будынак, што завецца стпарожовкою, у якім начуе вартаўнік.
    Вакол царквы па ўсім цвінтары растуць незлічоныя дрэвы, амаль лес. Нават дарожкі і сцяжынкі такія ж маркотныя і змрочныя, як і тыя, што звычайна сустракаюцца ў здзічэлых гаях. Дзенідзе паміж дрэвамі навалены груды камянёў, аброслых мохам. Месцамі сустракаюцца невялікія насыпы, пагоркі і долы, акружаныя кустамі дзікай ружы і шэрымі драўлянымі крыжамі.
    Такое размяшчэнне цвінтара надае прошчы нешта таямнічае. і мімаволі згадваецца беларускае народнае паданне, паводле якога, усе прошчы ў Беларусі, па волі Промыслу, самі сабой з'явіліся на тых месцах, дзе ў паганьскія часы нашых продкаў здзяйсняліся розныя язычніцкія служэнні і ахвярапрынашэнні ў капішчах, храмах, або на адкрытым паветры, у густых, таямніча-змрочных лясах, або, нарэшце, на ўзгорках і значных узвышэннях, вядомых як городзшцй. У пацвярджэнне такога факта можна прывесці тую акалічнасць, што пры раскопванні падобных гарадзішчаў не раз знаходзілі прылады, якія некалі ўжывалі славяна-рускія язычніцкія жрацы пры абрадах кумірнага богаслужэння’. Пасля, з увядзеннем хрысціянства, жадаючы прыцягнуць язычніцкі народ да хрысціянскага богаслужэння, урад будаваў на месцах ранейшага паганскага служэння храмы і капліцы2.
    Па-за агароджай цвінтара, ля падножжа гары, з аднаго боку, менавіта з самага праезду да прошчы, стракацяць дзікія хмызнякі і рунеюць лугі. Дзе-нідзе прабіваюцца ўчасткі апрацаваных сялянскіх палёў, паміж якімі выгінаецца даволі гладкая дарога, пракладзеная да царквы з сяла Завшйчь.
    3 другога боку адкрываецца від густога асінавага гаю, аддзеленага ад падэшвы ўзвышэння прошчы выбоістымі і быццам бы перакапанымі берагамі нейкай пратокі3. 3 трэцяга працягваецца ўзвышэнне, яшчэ больш зарослае дзікім лесам, чым сам цвінтар. 3 чацвёртага, ля самага абрыву ўзвышэння красуюцца квяцістыя, духмяныя пашы, пры выглядзе якіх лёгка ўявіць асалоду тых жывёл, якім дазваляецца сілкавацца такой духмянай травой.
    На досвітку ўся заўшыцкая дарога напаўняецца багамольцамі. Перш за ўсё з суседніх вёсак: Чыжэвіч, Чапліч, ІДаровец, Раманава, Іваніч, Прус, Пагоста, Даросіна — цягнуцца вазы і брычкі з сялянамі, аднадворцамі і навакольнай шляхтай. Потым з'яўляюцца карафашкі і буды з гараджанамі і гараджанкамі са Слуцка, Грозава, Пырашава, Хатлян, Ігумена і нават Мінска. Нарэшце, у 10 гадзін раніцы, праязджаюць і калыскі, а часам і карэты з суседніх іуберняў. Зрэшты, галоўную частку малельшчыкаў складаюць жыхары і памешчыкі згаданых вёсак і гарадоў.
    Большая частка люду размяшчаецца ля пратокі, і пакуль звон не пакліча да малітвы, пераапранаецца і шпацыруе вакол прошчы па яе прыгожых, квітнеючых ускраінах4.
    Але вось пачуўся першы гук звона. Народ мітусіцца, спяшаецца з усіх бакоў, нібы мурашы, і прабіраецца да цвінтара.
    Гук звона ўзмацняецца. Цвінтар усё больш і больш напаўняецца народам, так што, нарэшце, становіцца цесна, і запознены багамолец павінен здавольвацца месцам па-за агароджай прошчы.
    У царкву пападаюць нешматлікія, таму што ўсім немагчыма змясціцца ў маленькай царкве.
    Унутры царква асвятляецца незлічонымі агнямі васковых свечак, прывезеных або прынесеных стараннымі багамольцамі. Народу гэтулькі, што, літаральна, нельга птушачцы праляцець між плячэй і нават галоў людзей, якія моляцца. Святар з цяжкасцю выходзіць на сярэдзіну для здзяйснення вядомых абрадаў.
    Царкоўныя дзверы расчынены настеж. На цвінтары не меней народу, чым у самім храме.
    Усе моляцца, усе ўкленчылі і палі ніцма перад Усемагутнай Заступніцай. Адны стаялі са звернутым да абразоў поглядам і, удараючы сябе рукамі ў грудзі, са ўздыхам паўтаралі
    малітву мытніка. Іншыя, большай часткай жанчыны, ляжалі ніцма з распасцёртымі рукамі і шапталі пакаянныя псалмы. Нават дзеці білі паклоны і старанна, шчыра паўтаралі малітву Гасподню.
    Уцешна і весела было на душы сярод такой шчырай, чыстай малітвы народа да Прамудрага і Усеблажэннага Стваральніка. Я даўно не адчуваў такога дзівоснага захаплення ў душы. Жыццё сталічнае надоўга разлучала мяне з роднымі мясцінамі Беларусі, дзе я правёў цудоўныя гады дзяцінства, дзе ўпершыню зведаў гэтулькі радасцей і асалод сярод родных і блізкіх сэрцу людзей. Як невыказна ўцешна было аддавацца гэтаму дзіцячаму абаянню, даступнаму сэрцам беларусцаў на працягу ўсяго жыцця, да самай магілы!
    Мне ўспомніліся тыя цудоўныя дні, поўныя невыказнай весялосці, зразумелай толькі таму, хто сам гэта адчуў. Дні, у якія я спяшаўся з губернскага горада на канікулы ў аддалены павет і мог з поўнай свабодай раз’язджаць па вёсках і сёлах, дзе па якойсьці трапяткой неўсвядомленай ахвоце да вывучэння народных павер’яў і казак прыслухоўваўся да гукаў гарманічнай, пявучай роднай мовы, запісваў словы і аповеды з вуснаў сялян — дамарослых баянов і знахарей, прабіраўся ў беларускія хаты і клетй, знаходзіў задавальненне гутарыць за сціплай вясковай трапезай з сівавалосымі старымі і маршчыністымі бабулямі... Што цягнула мяне туды, у гэтыя хаціны бедных людзей? He ведаю... Я любіў гэтых добрых людзей, я знаходзіў уцеху ў іхняй павольнай, лянівай гаворцы, у іх песнях, прыказках і прымаўках. Мне было весела жыць з імі, дзяліцца чыстым захапленнем іх душ. Мне не хацелася пакідаць іх хат, мне шкада было развітвацца з іх кутамі, дзе я пачуў столькі дзівосаў і цудаў пра заварожаных князёў і зачарованных князёўнаў, пра недаступныя скарбы і пачвар, што іх пільнуюць, пра чароўныя лёхі і знахароў-ведзьмароў... Колькі новага, чаго нельга даведацца за школьнай лаўкай, я спасціг у гэтым народным вучылішчы, багатым разнастайнымі прадметамі і навукамі аб роднай зямлі і мове, аб старажытным жыцці-быцці продкаў, дзядоў, аб пераваротах у розныя эпохі гісторыі Заходняй Русі.
    I я забываў з імі пра губернскі горад, пра таварышаў па школе, пра знаёмых і нават сваякоў. Я жыў з імі, я рос сярод іх.
    I я часта маліўся з імі ў адным прытулку, дзе-небудзь у глухмені, удалечыні ад усіх свецкіх кнйжнйков і мудрацоў, у сціплым, адасобленым вясковым храме. Я быў шчаслівы, я быў захоплены, таму што мог маліцца шчыра і горача. А як часта потым на душы ў мяне было цяжка: я быў у свеце, весяліўся, але маліцца не мог ужо так, як маліўся ў роднай Беларусі, пад хваёвым дахам, ахінутым векавымі дубамі і густымі елкамі. Як усё змянілася з тых часоў... Колькі бур і непагадзяў праляцела над маёй галавой! Быў час — я пакутаваў няўцешна, сэрца не знаходзіла супакою, і ў бліскучых салонах я не бачыў уцехі. Як цяжка было тады!
    Але зараз я ізноў у родным краі, удалечыні ад сталіцы, ля даўно бачанага мною алтара, і ў душы маёй абуцзіліся першыя захапленні юнацкасці-дзяцінства. Мне ўцешна, весела... Я ізноў магу маліцца між родных людзей, беларускіх господарей. Адкуль у душы ўзялася ранейшая цеплыня ?! У сэрцы кроў ажыла! Я маліўся ў беларускім вясковым храме. Які светлы ўспамін!..
    Але вось натоўп завагаўся, рассунуўся, і ў храме ўтварылася пустэча. Усе сталі выходзіць, каб даць месца прайсці духавенству і прычту з харугвамі і крыжамі: то быў хрэсны ход па канчатку літургіі.
    Наперадзе ішоў шаноўны пастыр з Евангеллем у руках. Перад ім два малодшыя святары неслі цудатворную выяву Божай Маці. Народ пры з’яўленні гэтай выявы ўпаў ніцма, і шэсце на некалькі хвілін спынілася.
    Жадаючы аказаць ласку старанным багамольцам, пастыр даў народу час выказаць сваю адданасць Нябеснай Заступніцы і стаў чытаць Евангелле. Укленчаны народ з паднятымі ўверх рукамі моўчкі і глыбока-захоплена слухаў чытанне старца і ўпіваўся поглядамі ў іканапіснае аблічча цудатворнай выявы.
    Чытанне скончылася. Ход працягваўся, але народ, не паднімаючыся, сачыў за абразом, які хаваўся ў гушчары дрэў, і ў набожным настроі чакаў вяртання пастыра на ранейшае месца. Некаторыя, асабліва жанчыны, па дадзеным зароку, на каленях ішлі за абразом, прымушаючы тое ж рабіць і сваіх малютак дзяцей.
    Ход паўтарыўся тройчы, і вось пастыр з клірам спыніўся ў капліцы і стаў чытаць Евангелле. Народ валам прымкнуў да капліцы і на паважлівай адлегласці ад пастыра прыпаў да зямлі.
    Нарэшце пастыр праспяваў услаўленне Найсвяцейшай Божай Маці, і народ, падрыхтаваны спевам да высокага, поў-
    нага глыбокай пашаны пачуцця, абвясціў усё паднябессе над прошчай вядомым па ўсёй Беларусі гімнам: под покров твой, Богородйце, прйбегаем!
    Карціна была такая велічная, якую толькі можна сустрэць у Беларускім краі падчас маладзіковых нядзель.
    Мною авалодала нейкае незразумелае, даўно забытае пачуццё. У душы адбывалася нешта асаблівае, незвычайнае. Калені мімаволі сагнуліся, і я стаў спяваць знаёмы мне з дзяцінства гімн. Які шчаслівы я быў у гэтыя хвіліны!
    Па заканчэнні хрэснага ходу некаторыя з прыезджых адправіліся дадому, але большая частка народу, пераважна простага, засталася тут жа — на цвінтары і па-за цвінтаром, па ўскраінах узвышэння — і вярнулася дадому ўвечары.
    За агароджай цвінтара з'явіліся некаторыя прамыслоўцы з таварамі, з ласункамі, пернікамі, нават з жывымі курамі, гусакамі і таму падобным. Словам, імправізаваўся невялікі сельскі кірмаш, без шуму, без крыку, ані, зрэшты, не падобны на апісаны мной5. Мэта гэтага кірмашу вельмі простая — даставіць магчымасць сялянам, якія прыехалі з далёкіх месцаў, у выпадку патрэбы, купіць што-небудзь для надзённага харчавання.