Беларусь у абрадах і казках  Павел Шпілеўскі

Беларусь у абрадах і казках

Павел Шпілеўскі

Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 304с.
Мінск 2010
73.29 МБ
Я пад'язджаў да Мазыра з рэчыцкага гасцінца і павінен быў перапраўляцца праз суднаходную, звілістую раку Прыпяць, якая доўгім, шырокім вэлюмам рассцілаецца ў самага
падножжа арыгінальна пабудаванага горада. У чаканні парома я любаваўся на Мазыр з прыстані, ля якой злёгку калыхаліся розныя судны с аснасткай, вядомыя пад назвай берлйнок', у тым ліку невялікі прыгожы параход са сцягам: з'ява рэдкая ў аддаленым глухім павеце Расіі.
Быў позні летні вечар... У хуткіх хвалістых водах Прыпяці адлюстроўваліся незлічоныя агні хат і будынкаў, раскінутых на пакатых берагах высокіх гор, з-за вяршыняў якіх віднеліся блішчастыя купалы і жалезныя крыжы цэркваў; а там — абрывістая даліна, ізноў горы, ізноў будынкі, ізноў хаткі, ізноў агеньчыкі. I так увесь горад, як бы сыходзячы ад імклівых прыліваў хуткай ракі, разпоўзся то ў далінах між уцёсамі, то на кручах і хрыбтах некалькіх пагоркаў. А гэтыя кручы, гэтыя хрыбты пагоркаў усе да аднаго абрамлены то густымі хмызнякамі дзікіх дрэўцаў, то хораша ўладкаванымі садамі з паўнаважкімі грушамі і слівамі, якімі славіцца Мазыр на ўсю губерню. Адразу відаць, што гэта не поўнач. I чыстае паветра, і раскошная расліннасць, і вясёлыя песні гаманкіх перавозчыкаў мімаволі прымушалі забыцца на халодны, паважны Пецярбург: цэлая тысяча вёрст адлучала яго ад маляўнічага, фантастычнага Мазыра, поўнага жыцця і адчужанага ад спекуляцый.
Праз паўгадзіны я ўжо ўзбіраўся на бясконцыя крутасці і потым з мазырскіх гор яшчэ раз зірнуў на пакінутую ўнізе Прыпяць: які добры і прыгожы горад!
He шмат такіх куткоў у Расіі. He дзіўна, што Мазыр апяваецца ў народных песнях і ў вершах мясцовых захопленых паэтаў. У гэтых песнях, складзеных у даўнія, глыбокія часы, згадваецца аб фантастычных прыгодах волатаў дагістарычнай эпохі, да якой адносяць першапачатковую пабудову Мазыра. Мазыр, як і вялікая частка старажытных заходнерускіх гарадоў, мае сваю дагістарычную легенду, якая, можа быць, упрыгожана выдумкай, але апіраецца на помнікі даўніны, якія захаваліся да цяперашняга часу. Паданне прыпісвае пачатак пабудовы Мазыра двум братам, кіеўскім выхадцам, якія пасяліліся на вышынях стромкіх берагоў Прыпяці з мэтай зарабляць рыбным тлушчам. Браты нядоўга жылі ў згодзе між сабой. Старэйшы быў страшны вырадак і ўзненавідзеў малодшага, статнага прыгажуна, за перавагу, аказаную яму маладой суседкай, а галоўнае — за хуткае ўзбагачэнне: малодшаму шанцавала ў гандлі,
і ён быў багацей за старэйшага. Каб пазбавіцца ад зайздроснага родзіча, малодшы брат вырашыў расстацца са старэйшым і пасяліцца далей ад яго. Гэта яшчэ больш раздражніла злога брата, і калі, сапраўды, малодшы абвясціў аб сваім намеры, старэйшы не пажадаў выдаць палову прыналежнага яму тавару (тлушчу) і загадаў сваім работнікам выкінуць яго вон без усяго. Малодшы брат сабраў дружыну і абвясціў вайну старэйшаму. Заспеты знянацку, старэйшы брат звярнуўся па дапамогу да чараўніцы (вядзьмаркі), якая жыла па суседстве на высокай востраканечнай гары, і чараўніца з'явілася да яго на дапамогу з незлічоным войскам падуладных ёй духаў. Бой завязаўся няроўны і малодшы брат павінен быў загінуць ад сілы чараўніцы. Але прыгажосць выратавала яго: падчас бою чараўніца да таго была здзіўленая дзівоснаю прыгажосцю малодшага героя, што загадала спыніць бітву і прапанаваць яму мір. Але старэйшы брат не пагадзіўся і патрабаваў вайны: «Мой жнр!»— крычаў ён. — Я не саступлю яму ні адной меркі!» 3 гэтымі словамі ён накіраваўся на полчышчы духаў. Абражаная чараўніца ўзмахнула чарадзейным мячом, і гара распалася на дзве часткі. У прорве, якая ўтварылася, загінуў старэйшы брат, не перастаючы крычаць: «Мой жнр!» «Не, мой жнр! — выклікнуў малодшы, стоячы на абрыве падзеленай гары. — Табе не ўдалося пакрыўдзіць мяне». Пасля гэтага чараўніца прапанавала пакінутаму брату перанесці сваю хату на яе гару, але ён адмовіўся, і ашуканая ў сваіх надзеях вядзьмарка, на ліха яму, сама пасялілася на другой палове рассечанай гары і доўга не пераставала мучыць яго сваімі чарамі і насланнямі. Нарэшце малодшы брат, па радзе жонкі, паставіў крыж на сваёй гары, і чараўніца не адважылася дакрануцца да святога месца. Адсюль назва Святая гора, якая дагэтуль прысвоена той мясцовасці, дзе ў цяперашні час знаходзіцца цудоўны жаночы кляштар Цйстерсок з царквой у імя св. Міхаіла. Кляштар гэты, са спрадвечных часоў пабудаваны з каменю і цагліны, красуецца ў цяністай даліне, амываемай рэчкаю Цістэркаю, паміж гарамі, зарослымі старадаўнім лесам. Агароджа таксама каменная з высокімі варотамі, упрыгожанымі рознымі статуямі каралёў, фундатараў і ахвярадаўцаў. Канчатковыя ўпрыгожванні кляштара належаць кіеўскаму падчашаму Сігізмунду Шукшце і княгіні Камароўскай, якія жылі ў канцы XVII стагоддзя.
У 1713 годзе кароль Аўгуст II яшчэ больш упрыгожыў кляштар дарагімі абразамі, а ў 1742-м Аўгуст III падарыў яму значны маёнтак і некалькі надзелаў зямлі, на якіх зараз разведзены велізарныя фруктовыя сады.
Тут жа па суседстве, з оўручскага гасцінца, віднеецца высокая востраканечная гара ў форме шара, па якой немагчымы доступ да яе вяршыні. На самой верхавіне гэтай змрочнай і адасобленай гары разрасліся неабсяжнай таўшчыні і надзвычайнай вышыні вечназялёныя хвоі, якія надаюць гары нейкі маркотны, тужлівы выгляд і мімаволі падтрымліваюць у народзе паданне, што там жыве чараўніца, якая загубіла старэйшага брата. Гара і завецца Чортовою. Месцам пагібелі старэйшага брата просты люд лічыць глухі, цёмны зараснік у непраходным гушчары, які выгінаецца між густымі лясамі суседняга наваколля кляштара Цістэрсок, — Кімбароўка, або Смеротная доліна2.
Як бачыце, народ вельмі ўдала звязаў паданні аб братах з захаванымі назвамі апісаных мясцовасцяў. У гэтай мясцовасці, змешчанай у чатырох вярстах ад цяперашняга Мазыра, народнае паданне шукае паходжанне назвы самога горада, якое паходзіць ад слоў: мой жйр — Мажыр, Мазыр; здагадкі свае засноўвае на сугуччы назвы блізкай прытокі (маленькай рэчкі, што ўпадае ў Прыпяць) — Монжйрье. Па народным паданні, пакінуты на Святой гары брат хутка зрабіўся багатым уладальнікам навакольных земляў і потым перанёс сваю рэзідэнцыю на тое месца, дзе зараз раскінуты горад Мазыр.
Такія вусныя дагістарычныя паданні аб Мазыры, непадмацаваныя вызначанай храналогіяй, але, без сумневу, узыходзяць да XI стагоддзя. Гістарычная летапісная эпоха гэтага горада пачынаецца з XII стагоддзя. На падставе летапісаў, Мазыр варта лічыць адным са старажытных славяна-рускіх паселішчаў. Як здабытак рускіх князёў, Мазыр спачатку лічыўся горадам Тураўскага княства, і нават князі тураўскія, як і біскупы, зваліся доўгі час тураўскімі і мазырскімі. Потым, з падзеннем Тураўскага княства, Мазыр разам з Туравам і, наогул, з усёй цяперашняй Мінскай губерняй падпаў пад уладу мацнейшага Кіеўскага княства. У 1158 годзе кіеўскі князь Ізяслаў Давыдавіч саступіў Мазыр разам з некалькімі іншымі гарадамі чарнігаўскаму князю Святаславу Ольгавічу3. Так пераходзіў Мазыр
ад аднаго княства да другога на працягу ўсіх удзельных смут паміж рускімі князямі, пакуль, нарэшце, разам са шматлікімі ўдзельнымі рускімі валадарствамі не падпаў пад уладу Літвы, якая забрала ў свае рукі ўвесь Заходнерускі край. У 1174 годзе вялікі князь літоўскі Скірмунт «зь звнтяжствомь велнкнмь пошель на русскую землю н взяль город-ь Мозырь, Черннговь н другіе»4. У XIII стагоддзі, падчас мангольскай няволі на Русі, Мазыр не раз падвяргаўся нападам гэтых нелюдзяў, якія наводзілі жах на ўсю Літву і ўвесь Заходнерускі край сваімі рабаваннямі і спусташэннямі. У 1227 годзе арда татараў спаліла паўгорада і ўсе прылеглыя да Мазыра наваколлі ўздоўж рэчкі Акунёўкі, а ў 1241-м войскі Батыя канчаткова разрабавалі і разбурылі ўвесь Мазыр5.
He паспелі адбудаваць горад, як тая жа ненасытная мангольская арда ўварвалася праз Валынь у Мазыр і зноў не пакінула ў ім каменю на камені. Мінула дзесяць гадоў, і цяжка было пазнаць у новаадбудаваным горадзе месцы спусташэння. З'явілася моцная крэпасць і некалькі абарончых замкаў, так што нямала каштавала высілкаў Менглі-Гірэю ажыццявіць свае планы, задуманыя па навету мяцежнага Глінскага ў 1508 годзе, калі Заходнерускі край мала-памалу пераходзіў ва ўладу Польшчы. Міхаіл Глінскі жадаў пры дапамозе гэтага хана зрабіцца ўдзельным князем мазырскім і валынскім, але, да злосці падбухторшчыка, хан не спраўдзіў яго надзей і Мазыр пакуль заставаўся пад уладай мангольскай. У пачатку XVI стагоддзя ў Заходняй Русі ўмацавалася панаванне Польшчы, і Мазыр павінен быў, паступова згладжваючы элемент рускай іерархіі, падпарадкоўвацца ўплыву польскай адміністрацыі і нават рэлігійных пераўтварэнняў (уніі). Польшча пераназвала ўсе старажытныя рускія княствы ў ваяводствы, і вось з'явілася ваяводства Мінскае, у склад якога ўвайшоў Мазыр як горад павятовы, пераўтвораны пасля, нароўні з іншымі гарадамі, у староство з прывілеямі магдэбургскага права. Што ж тычыцца рэлігійных пераўтварэнняў, то мазырскае праваслаўе ўмела цвёрда вынесці працяглае змаганне з каталіцызмам і абараніла свае старажытныя правы, так што Мазыр менш за іншыя заходнерускія гарады папакутаваў ад уніяцкай прапаганды. 3 актаў Мінскай губерні вядома, што ў Мазырскім краі праваслаўнае вучэнне падчас уніі захавалася ва ўсёй сваёй чысціні не толькі паміж
простым народам, але нават паміж гарадскімі абывацелямі (гл. Акты і граматы Мінскай губерні).
У першыя гады панавання Жыгімонта I перакопскія татары сталі нападаць на Заходнерускі край, і Мазыр адным з першых гарадоў патрапіў у лік ахвяр татаршчыны. Набегі татарскія на Мазыр спарадзілі герояў, паміж якіх народныя песні ўслаўляюць адважнага, бясстрашнага Базара, родам грэка. Базар не раз граміў татараў і ва ўзнагароду за свае заслугі атрымаў ад Жыгімонта маёнтак Нпогор паблізу Мазыра. Праз два гады Базар быў узяты ў палон татарамі і забіты6. Іпагор перайшоў у валоданне другога такога ж адважнага ваяра Дзямяна Ленка, які зваўся ў граматах Ленка-Іпагорскі. Тое ж прозвішча Ленка, пераўтворанае ў Лянкевіча, з цягам часу стала прыкметай старастскага звання на Мазыршчыне: адзін з Лянкевічаў быў першым мазырскім старастам7. Нягледзячы на з'яўленне такіх герояў, татары ўсё-ткі не пакідалі Мазыра ў спакоі і ў 1534 г. неміласэрна выпалілі горад і перарэзалі жыхароў.