• Часопісы
  • Беларусь у абрадах і казках  Павел Шпілеўскі

    Беларусь у абрадах і казках

    Павел Шпілеўскі

    Выдавец: Літаратура і Мастацтва
    Памер: 304с.
    Мінск 2010
    73.29 МБ
    Хапункевіч даўно чакаў новай эпохі для свайго кіравання, і яна надышла. Малады Коржык, як і ўсе сынкі выпадковых багацеяў, не жадаў нават ведаць, што будзе з яго маёнткам і хто ім будзе кіраваць: яму было цікава толькі, колькі грошай будзе даваць ён на яго мантачанне. Хітры, пранырлівы камісар супакоіў Коржыка словамі аб тым, што яго маёнтак у цудоўным стане і што ён кожны год будзе мець значную суму.
    — Я еду за мяжу на некалькі гадоў, — сказаў Коржык, развітваючыся з Хапункевічам. — Прашу без напамінаў высылаць мне патрэбную суму і не пярэчыць. Я давяраю вам маёнтак на час маёй адсутнасці і ўпаўнаважваю вас цалкам заняць маё месца.
    Хапункевіч прасіў усё гэта замацаваць форменным чынам на паперы і, атрымаўшы патрабуемае, з трыумфам вярнуўся ў запаветную зямлю, дзе неадкладна прыступіў да неабмежаванага распараджэння. Каб адвесці ўсякае падазрэнне і нават найменшы сумнеў наконт спусташэння сялян, Хапункевіч акуратна, у прызначаны час высылаў Коржыку за мяжу столькі грошай, колькі той патрабаваў. А паміж тым спусташэнне сялян станавілася ўсё больш прыкметным і адчувальным для памешчыка.
    Адны краснаслупцы трымаліся мацней за іншых і не паддаваліся крыўдам камісара. Яны па-ранейшаму вялі жыццё, цалкам адасобленае ад суседніх сялян: апраналіся чысцей, знаёмства вадзілі з засцянковымі15 шляхціцамі і чужаліся грубіянскіх оргій і кабацкіх гулянак. Гэтым краснаслупцы жадалі падтрымаць сваё старадаўняе паходжанне.
    Дарэмна сяляне імкнуліся як-небудзь пераслаць скаргу свайму памешчыку, дарэмна некаторыя з іх жадалі прабрацца ў губернскі горад, каб даведацца, дзе жыве Коржык. Хапункевіч закрыў усе шляхі незадаволеным і «падбухторшчыкам», як ён на іх лаяўся. Ён сышоўся з усімі патрэбнымі людзьмі і дзёрзка абкрадваў маладога, даверлівага памешчыка, які нічога не ведаў аб гэтым і гойсаў у чужых землях з горада ў горад. Мала-памалу ў Хапункевіча сталі з'яўляцца недалёка ад маёнтка Коржыка розныя заводы, даржнікі, фальваркі і, нарэшце, вёсачкі.
    Але як ні прыбіраў да рук камісар сялян Коржыка, усё-ткі слых аб яго рабаванні разносіўся далёка. Гэтаму слыху Хапункевіч больш за ўсё быў абавязаны краснаслупцам, якія ненавідзелі рабаўніка і рабілі ўсе спробы выкрыць яго гнюсныя ўчынкі.
    Асабліва моцна паўставаў супраць Хапункевіча пажылы краснаслупец Аксён Кошаль, якога ўсе паважалі ў вёсцы і нават суседняя шляхта вадзіла з ім хлеб-соль. Аксён утаворваў краснаслупцаў ісці ў горад жаліцца на прыгнятанні камісара. Нарэшце адна акалічнасць яшчэ больш падахвоціла яго да гэтага.
    У Аксёна быў адзіны сын, але такі бойкі і кемлівы, што бацька вырашыў навучыць яго грамаце. Аксёну, як прадстаўніку краснаслупцаў, прыйшла думку, што яго адукаваны сын з часам
    дойдзе да Пецярбурга і там выклапача жыхарам Краснага Слупа старажытную вольнасць. Параіўшыся з жонкай, Аксён аддаў свайго Лёшу вучыцца ў Засценак да знаёмага шляхціца, сын якога вучыўся ў губернскай гімназіі і па заканчэнні курса займаўся бацькоўскай гаспадаркай. Ён ахвотна ўзяў пад сваю апеку бойкага хлапчука. Лёша рабіў вялікія поспехі і ў 16 гадоў мог ужо параўнацца ў ведах з настаўнікам. Аксён не мог нарадавацца, што яго мары спраўджваюцца. Ён ужо прыдумаў, як адправіць сына ў які-небуцзь горад для далейшай адукацыі. Настаўнік гімназіі, які гасцяваў у знаёмага шляхціца, растлумачыў Аксёну, што яго сын з такімі здольнасцямі можа паступіць ва ўніверсітэт, калі толькі памешчык вызваліць яго ад прыгону. Кроў прыліла да галавы няшчаснага бацькі, калі ён гэта пачуў, у душы абудзіліся горкія думкі і ён быў гатовы прадаць апошнюю адзежу, каб купіць сыну вольную для далейшай вучобы ў вышэйшай установе.
    Вярнуўшыся дадому, Аксён распавёў усё жонцы і загадаў ёй заўтра рыхтавацца ў дарогу.
    — Пойдзем, — сказаў ён, — да камісара, аддамо яму ўсё, што маем, хай ён выклапача ў пана вольную Лёшку. Я не жадаю, каб ён заставаўся ў такой жа нядолі, якую нясём мы.
    На другі дзень краснаслупцы бачылі, як Аксён з жонкай, апранутыя ў святочныя строі, спяшаліся ў галоўную адміністрацыю (месца рэзідэнцыі памешчыка, а ў яго адсутнасць — камісара). Аксён надзеў старадаўні жупан з светла-сіняга сукна, перацягнуўся шаўковым поясам працы старажытнай нясвіжскай фабрыкі, замест звычайнай фуражжі надзеў высокую футравую шапку, падобную на старажытную рускую баярскую. Жонка апранулася ў каляровы глазетавы гарсэт, галаву павязала шаўковай хусткай. Судзячы па такой прыбранасці, можна было меркаваць, што Аксён збіраўся на якое-небудзь свята. Выкуп сына быў для яго сапраўдным святам. Краснаслупцы пажадалі яму поспеху.
    Але камісар і слухаць не захацеў Аксёна, ён ужо даўно чуў, што Лёша не па гадах разумны. Яму не падабалася, што хлопец усё, што даведваецца ў Засценку з кніг і разнастайных газет, якія прывозіў яму знаёмы настаўнік, адразу перадае бацьку, а бацька распавядае ўсім краснаслупцам.
    — Гэтак, мабыць, —думаў камісар, —хлопчык навядзе калі-небудзь сялян на думку дзейнічаць супраць мяне.
    Камісар баяўся, што Лёша з часам можа давесці да ведама памешчыка ўсе яго выхадкі.
    Скончылася тым, што камісар аблаяў Аксёна і рашуча адмовіў у яго просьбе. Аксён разлютаваўся. «Сябе мне не шкада, — казаў ён, — але чаму ж Лёшы праз навуку не зрабіцца чалавекам? Дзе ж праўда пасля гэтага? Няўжо ніякага суда не знойдзецца на камісара?»
    Аксён параіўся з краснаслупцамі, і ўсе ў адзін голас вырашылі ісці ў горад прасіць за Лёшу.
    Але іх клопаты не мелі поспеху. Аксёна разам з прыхільнікамі пратрымалі ў розных месцах некаторы час, выцягнулі ў іх усё, што было, і адпусцілі толькі з абяцаннямі. Аксён, вярнуўшыся дадому, не ведаў, што рабіць. А тут яшчэ жонка сустрэла з маркотнай весткай.
    — Вось ужо два тыдні, як камісар забраў Лёшу і зрабіў яго сваім пісцом.
    Аксён кінуўся было да камісара, але той не жадаў яго бачыць. Аксён прасіўся да сына, і тут адмова. Змучаны і засмучаны бацька выбіўся з сіл і перастаў хадзіць да камісара. Спрабавала хадзіць і жонка, але таксама дарэмна.
    Раптам прыйшла вестка, што малады Коржык на днях прыедзе ў свой маёнтак. Прыезд Коржыка спалохаў камісара, ён быў заспеты знянацку, не ведаў, за што ўзяцца, каб залатаць усе прарэхі свайго ганебнага кіравання. 3 другога боку, яму хацелася хутчэй прадаць свой маёнтак. Ён думаў, што такі прыезд памешчыка без папярэдняга апавяшчэння мог быць з выпадку якога-небудзь даносу. А справа была вось у чым: Коржык занадта размашыста зажыў за мяжой і нарабіў столькі дурасцяў, што павінен быў вярнуцца ў Пецярбург. Прыяцелі параілі яму адправіцца на нейкі час у вёску, у яго ж, дарэчы, велізарныя лясы, дзе можна папаляваць. Час набліжаўся да восені.
    Калі Коржык прыехаў у вёску, Хапункевіч не паспеў прадаць сваіх вёсак. Спачатку яго гэта мучыла, але потым, калі ён даведаўся, што Коржык не мае намеру нікуды ўмешвацца, то адклаў свае справы да ад'езду памешчыка і імкнуўся толькі ўсяляк адводзіць вочы Коржыка ад усяго, што магло паказаць нядобрасумленнасць яго кіравання.
    Мінуў месяц. Коржык з прыяцелямі праводзіў дні ў лесе на паляванні, а ночы ў замку (так завуць панскую хату ў Заходне-
    рускім краі) у папойках, разгуле, калі не сказаць больш. Хапункевіч быў вельмі задаволены такімі паводзінамі памешчыка. Але яно засмучала сялян і асабліва краснаслупцаў. «Хоць бы ўспомніў пра нас, — казалі яны паміж сабой, — хоць бы раз сабраў нас на сваім двары і пагутарыў з намі, як, бывала, рабіў яго бацька».
    Бачачы, што Коржык не думае аб сваіх сялянах, што ён прыехаў не з-за іх, а для ўласнай забаўкі, краснаслупцы параілі Аксёну прабрацца ў двор пад маркай адведаць сына і там даведацца, ці сапраўды памешчык на днях з'язджае, не пабачыўшыся з сялянамі. Аксён пайшоў у маёнтак, але яго не пусцілі да сына, ён даведаўся толькі аб ад'ездзе памешчыка.
    Журботны вяртаўся Аксён дадому, заняты думкай аб сваім горы. Ён павольна праходзіў праз густы гушчар лесу і набліжаўся да ракі, праз якую яму трэба было пераправіцца. I калі ўжо хацеў увайсці ў лодку, як яго хтосьці спыніў.
    — Гэй, пачакай! —закрычаў незнаёмец у паляўнічай апратцы з даволі вялікай барадой.
    Аксён махнуў рукой і хацеў крануць лодку, ён пакрыўдзіўся на грубіянскі загад паляўнічага.
    — Ды пачакай жа, мой мілы, — паўтарыў паляўнічы больш ветліва, падышоўшы бліжэй да лодкі.
    Аксён спытаў, што яму заўгодна.
    Паляўнічы папрасіў перавезці яго на гой бок.
    Калі паляўнічы сеў у лодку і Аксён крануў яе, паміж імі завязалася размова, якая мела самыя неспадзяваныя вынікі. Аксён прыняў паляўнічага за аднаго са шляхціцаў Засценка, яго зблытала барада незнаёмца. Ён і не меркаваў, што пан можа насіць мужыцкую бараду.
    — Чый ты? — спытаў Аксёна паляўнічы, усё больш і больш узіраючыся ў разумны твар мужыка.
    — А вашец (вы) адкуль? — спытаў яго Аксён замест таго, каб адказаць на пытанне.
    — Я тутэйшы, з засценка Марок, недалёка адгэтуль. А ты чый?
    — Няма чым хваліцца. Коржыка, каб яму дабра не было, — адказаў Аксён, знаходзячыся пад уражаннем свайго гора.
    — Што такое?
    — Ды так: каб яму дабра не было.
    — Завошта ж так?
    — А за тое, што Коржык нягодны пан. He жадае нас ведаць. Прыехаў ужо з месяц, шпацыруе, банкеты спраўляе, а ні разу не зазірнуў ні ў адно сяло. He спытаў нават, як жывуць яго мужыкі, як абыходзіцца з імі камісар. Нягодны пан.
    — А няўжо нядобра вам у Коржыка? Няўжо камісар крыўдзіць вас?
    — Што і казаць. Быў час, за бацькам яго добра жылося, і камісар нас не крыўдзіў Зараз, за чатыры гады абабраў нас камісар, як вавёрак. Спытайце, чые жабракі просяць на дарогах міласціну? Скажуць: «Коржыка». А Коржыку і гора мала. Яму на паляванні некалі падумаць пра нас. Ён, кажуць, нічога не ведае, камісар намовіў, што ўсё добра. А паглядзеў бы ён сам ды спытаў, дык не паверыў бы сваім вушам.
    Паляўнічы, а калі ўжо сказаць прама, Коржык, прызадумаўся. Першы раз у жыцці прыйшлося пачуць яму горкую праўду ды яшчэ ад мужыка, які не ведаў з кім ён размаўляе, і такім чынам не меў прычыны хаваць ад сустрэчнага незнаёмца тое, што накіпела ў душы. Выпадак навёў яго на Аксёна. Коржык заблукаў на паляванні, не ведаў, як выйсці да замка, хацеў пераправіцца праз раку, а там накіравацца да паляўнічага шатра па знаёмай дарозе.
    Калі Аксён прычаліў да берага, Коржык ізноў у яго спытаў: «3 якой ты вёскі?»