• Часопісы
  • Беларусь у абрадах і казках  Павел Шпілеўскі

    Беларусь у абрадах і казках

    Павел Шпілеўскі

    Выдавец: Літаратура і Мастацтва
    Памер: 304с.
    Мінск 2010
    73.29 МБ
    Аксён назваў вёску і слова за словам распавёў Коржыку аб усіх прыгнятаннях і крыўдах камісара, прычым не забыўся згадаць моцным слоўцам Хапункевіча за тое, што той перашкодзіў яму выкупіць сына. Коржык падзякаваў Аксёну і пайшоў па знаёмай яму сцежцы. Але яму было ўжо не да палявання. Словы Аксёна кранулі яго да глыбіні душы, яшчэ не зусім зачарсцвелай.
    Хто б мог падумаць, што выпадковая гутарка ў лесе з простым чалавекам радыкальна падзейнічае на разгульнага Коржыка, які не слухаў нічыіх парад і засцярог, і зробіць рашучы пераварот у яго далейшым жыцці? Тры дні хадзіў Коржык журботны і маўклівы, ніхто не мог зразумець яго адчужэння ад грамадства. Ён не пускаў да сабе нікога з гасцей. Прыяцелі весяліліся без яго.
    На чацвёрты дзень Коржык запатрабаваў камісара. Гэта было ў нейкае вялікае свята.
    — Сёння я хачу схадзіць у царкву, — спакойна сказаў ён. — У якой вёсцы царква?
    — У Красным Слупе, — адказваў збянтэжаны камісар.
    — У Красным Слупе? А як там жывуць сяляне?
    — У вялікім дастатку, — зманіў Хапункевіч.
    — Добра, загадайце зараз падаць каляску, я еду адзін.
    Што рабіць камісару? Як выдаліць Аксёна? Усё скончана. Аксён не пашкадуе шэльму, не пабаіцца нават выкрыць яго пры ім жа. Так і здарылася.
    Коржык прыехаў у краснаслупскую царкву і пасля абедні з натоўпу сялян выклікаў Аксёна Кошаля. Аксён і ўсе краснаслупцы разам прасілі Коржыка, каб ён пазбавіў іх ад Хапункевіча. 3 Краснага Слупа Коржык паехаў у іншыя вёскі і ўсюды чуў адны і тыя ж скаргі на камісара.
    У двары таксама ўсе абвінавацілі Хапункевіча. Лёша першым адкрыў Коржыку выхадкі камісара, прадставіў усе рахункі, ілжыва складзеныя камісарам, і распавёў, як камісар нават у апошні час паспеў усё лепшае быдла перавесці ў сваю вёску.
    Коржык выгнаў Хапункевіча, прымусіўшы яго спачатку вярнуць нарабаваную маёмасць, Лёшу ўзяў з сабой у Пецярбург і аддаў ва ўніверсітэт. Пасля з гэтага простага вясковага хлопчыка выйшаў прафесар.
    Ад'язджаючы, Коржык па агульным жаданні даверыў кіраванне маёнткам Аксёну, а пасля заканчэння вучобы Лёшы, па просьбе свайго гадаванца, які стаў яго сябрам, адпусціў на волю ўсіх краснаслупцаў.
    Такім чынам спраўдзілася жаданне Аксёна: Красны Слуп ізноў вольнае мястэчка, а жыхары яго вольныя хлебаробы.
    ДУДАР
    Заходнерускія дудары, як і маларасійскія кабзары, — гэтыя прамыя нашчадкі старажытных баянаў — некалі складалі цікавую з’яву ў вёсках. Бывала, расказваюць старажылы, кожная акруга, усякае вялікае сяло мела свайго дудара, які пад восень і потым усю зіму пераходзіў з хаты ў хату і спяваў пад гукі дуды народныя песні. Там, дзе ён спяваў па вечарах, збіраліся цэлыя сем’і старых і маладых. Першыя любілі пад гукі дуды,
    якія зліваліся з матывамі знаёмай роднай думкі1*, успамінаць сваю маладосць і часта пад уплывам гэтай самабытнай музыкі заседжвацца ў суседа да позняй ночы. Маладыя хлопцы і дзяўчаты завучвалі на памяць песні дудара, якія, нярэдка, ён сам і складаў, і потым самі спявалі тыя сумныя песні і цэлыя балады. Дудары заўсёды карысталіся павагай і ласкай усёй сваёй акругі і нават суседніх наваколляў, куды яны заходзілі як вандруючыя артысты. У мінулыя часы дударамі, звычайна, былі старыя, якія паняволі, іншы раз у сувязі са стратай голасу абмяжоўваліся адной ігрой на дудзе, якая заўсёды складала неабходную прыладу такога баяна. Гэтая дуда выраблялася са скуранога меха, іншы раз вывернутага поўсцю наверх, у якім з аднаго боку прымацоўвалася драўляная, рэдка — металічная трубка, а з другога — нешта падобнае на флейту. Затое, ва ўзнагароду за страчаную магчымасць спяваць, старыя дудары, як людзі бывалыя, забаўлялі сабраны вакол іх натоўп расказамі аб пабачаным і пачутым. Іх навіны знаёмілі жыхароў той ці іншай вёскі з бытам суседзяў і нават аддаленых народаў. У гэтым выпадку яны былі сапраўднымі вестунамі для сваёй вёскі і часам даносілі да яе норавы, звычаі, паданні, павер’і, легенды і нават песні з іншых мясцовасцей.
    У наш час старыя дудары складаюць выключную з’яву ў Заходнерускім краі. На змену ім прыйшлі бойкія маладыя народныя спевакі, якія, не маючы свайго жытла, пад тым жа імем дудароў вандруюць па розных вёсках. Гэта, большай часткай, сіроты, якія засталіся без роду і племені, але гэта людзі з паэтычным самародным талентам, у якіх, іншы раз, у сувязі са знаёмствам з жыццём пазней развіваецца граматнасць і звычкі да ахайнасці і прывабнасці. Гэта ўжо, нейкім чынам, свядомыя народныя спевакі, якія перадаюць братам-сялянам свае шчырыя думкі і меркаванні аб жыцці продкаў, аб цяжкай нядолі і горы прыгоннага сялянскага жыцця, аб панах і войтах, аб гараджанах і дварчанах. Гэта спрытныя апавядальнікі, вясёлыя пабрацімы на вясковых сходках, любімцы маладзіц і дзяўчат, у асяроддзі якіх яны становяцца бойкімі і з ахвотай распяваюць для іх старажытныя легенды і песні.
    Але і маладыя дудары пакрысе становяцца рэдкасцю і ў апошні час амаль знікаюць. З’яўленне маладога дудара ў вёсцы складае падзею, і наведваннем яго, як выбраннікам цэлага
    народа, вельмі ганарацца. Такіх дудароў нямала сустракаецца ў Нясвіжскім маляўнічым, паэтычным, апетым нават сучаснымі мясцовымі паэтамі краі, які славіцца галасістымі хлопцамі і стройнымі прыгожымі дзяўчатамі. У нясвіжскіх наваколлях было шмат дудароў, аб якіх між сялянкамі захаваліся сардэчныя ўспаміны, аднак ні ў адным з гэтых народных паданняў не апаэтызавана так асоба гэтых заходнерускіх баянаў, як у рамантычнай прыгодзе любімага дудара Петруся, па мянушцы Красны Сіротка.
    Пятрусь, на самой справе, з ранняга дзяцінства быў круглым сірацінай. Сын пастуха-бабыля, ён яшчэ дзіцем любіў разам з бацькам блукаць па лугах і лясах і прыслухоўвацца да бацькавай жалейкі і спеву птушак. Яму падабалася гадаваць птушанят, вучыць іх спяваць і самому імітаваць іх. Застаўшыся сіратой, ён не змог развітацца са сваімі птушкамі і, пражываючы ў хаце бабулі, далёкай радні, якая са спагады дала яму прытулак, ён лета і вясну праводзіў у лясах і толькі нанач вяртаўся ў вёску. Хутка ён зусім не стаў паказвацца ў старой, і яго палічылі загінуўшым дзе-небудзь у пушчы, у якой вяліся драпежныя звяры.
    Прайшло шмат год, і вось дарослы дзяцюк, сірата Пятрусь, пачаў з’яўляцца пад Нясвіжам з дудой на розных вясковых ігрышчах. Вясёлыя дзяўчаты і паслужлівыя хлопцы ўсюды з ласкай прымалі новага дудара. Пятрусь быў статным прыгожым хлопцам, умеў бойка весці размову, а спяваў так, як даўно не спявалі дудары ў Нясвіжскім краі. Вочы дзяўчат разгараліся, як толькі яны бачылі гэтага дудара, і хутка празвалі яго Красным Сіроткам. Аб яго сірочай долі і беднасці даведаліся з яго ж песень, у якіх ён сам склаў цэлую аповесць аб сваім гаротным жыцці. Яшчэ болей выяўлялася яго самотная аповесць у жаласлівых павольных думках, слухаючы якія, маладыя дзяўчаты надрываліся ад шчырых уздыхаў і нават слёз. У гэтых тужлівых думках неаднойчы ўзгадвалася імя Ганусі, аднак ніхто не ведаў, хто гэтая Гануся і дзе яна жыве. Большасць меркавала, што гэта імя проста ўстаўлена ў спеўках — не выкідваць жа слова з песні, і таму не адна з прыгожых несвіжанак старалася звярнуць на сябе ўвагу Петруся на працягу некалькіх дзён, праведзеных ім у тутэйшых ваколіцах. Але Пятрусь быў абыякавы да ўсіх пяшчотаў нава-
    кольных прыгажунь. Яго сэрца сумавала па мілай Ганусі, дачцэ багатага селяніна Засвіслацкай акругі. Вандруючы з вёскі ў вёску, Пятрусь, нарэшце, амаль пасяліўся ў сяле Чуркі, дзе жыла яго каханая, прадмет пастаянных думак і песень. Для яе ён прыдумваў новыя матывы і да іх прыкладваў свае вершы. Дзеля Ганусі Пятрусь забываў пабрацімскія сходкі прыяцеляў, якіх у яго было шмат і якія, любячы дудара за добрае сэрца, запрашалі яго на свае сяброўскія зборышчы. Бывала, Петруся клічуць у якую-небудзь іншую вёску на вячоркі, дзе так часта ўспаміналі яго ігру і расказы, і прапаноўваюць за гэта вялікую плату, але Пятрусь адмаўляецца ад любых грошай і застаецца ў Чурках, сумуючы па любай, з якой яго разлучылі.
    А тужыць было па кім. Гануся лічылася прыгажуняй на ўвесь Засвіслацкі край. На ўсіх вечарынах яе звалі краляй і без яе не абыходзіліся ніводныя вячоркі ў Чурках. Статная, жвавая, са свежым тварам, з добрай адкрытай душой, яна адметна выдзялялася паміж сяброўкамі сваёй пяшчотай, ветлівасцю і ўменнем загаварыць любога з балбатуноў. Яе прыгажосць была прадметам размоў суседскіх хлопцаў. У яе бліскучых чорных вачах адлюстроўваўся розум і нейкі асаблівы сэнс, які так рэдка выяўляецца ў здрабнелых фізіяноміях нашых зацюканых сялян. У яе выглядзе кідаўся ў вочы светла-папялісты колер раскошных густых валасоў, якія, дарэчы, яна, па большай частцы, асабліва на людных сходках, закрывала завязанай хусцінай.
    Пятрусь упершыню ўбачыў яе ў суседняй вёсцы Бялесы на вялікім святочным ігрышчы. Гануся, як заўсёды, была вясёлай і гаварлівай. Яе абступалі хлопцы і наперабой шукалі яе пяшчотнага погляду, але з усімі яна абыходзілася аднолькава ветліва. Яе сэрца было вольным і нікому не аддавала перавагі. На гэтае ігрышча яна прыйшла дзеля таго, каб паслухаць спеў дудара, аб якім ёй так многа нагаварылі сяброўкі-суседкі. Ганусі спадабаўся спявак. Яна не адыходзіла ад Петруся, калі ён спяваў або граў, але не сказала яму ніводнага слова. А ўсё ж такі Пятрусь заўважыў, што яе чорныя вочы глядзелі на яго больш міла, чым на іншых хлопцаў, што яе грудзі ўздымаліся вышэй у час яго спеваў, чым у час ліслівай пахвалы іншага дзецюка. Спадабалася Петрусю Гануся, і ён пачаў часцей хадзіць у Бялесы. У гэты час на ігрышчах пачалі часцей гучаць яго песні. Яго аповеды рабіліся больш працяглымі і займальнымі. Так прайшло некалькі
    зімовых вечароў. Гануся не прапусціла ніводнага з іх. Але Петрусю не ўдавалася пагутарыць з ёй. Яна чамусьці пазбягала размоў з дударом, нават не ўдзельнічала ў тых гульнях, якія ладзіў Пятрусь з мэтай бліжэй сысціся з ёй.
    А між тым, кожны раз, вярнуўшыся з бялесаўскага ігрышча, Гануся расказвала сваёй маці аб дудары такія падрабязнасці, што нельга было не заўважыць, як паступова расло яе пачуццё да сіраты-музыкі. Маці слухала гэтыя аповеды і пакутліва ўздыхала: бязмерна любячы сваю дачку, яна здагадвалася, што гэтае каханне не прынясе радасці яе дарагой Ганусі. Маці баялася, што круты нораў бацькі стане суперак волі дачкі. Бацька Улас рыхтаваў у жаніхі сваёй дачцэ аднаго дварчаніна, якога велічалі ў вёсцы Цітам Сцяпанавічам, які быў любімцам чуркоўскага пана. Улас быў багатым і па-свойму славалюбівым: яму хацелася парадніцца з панскім лёкаем і праз яго трапіць у павагу пры двары. На дудароў ён глядзеў як на бадзяг, што спакушаюць даверлівых дзяўчат, і лічыў іх шкоднымі людзьмі. Дакладна так ён адзываўся і аб дудары Петрусі, аб якім даведаўся ад паслужлівага Ціта Сцяпанавіча, які непрыязна глядзеў на Петруся, адчуваючы ў тым саперніка.