Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры  Сямен Падокшын

Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры

Сямен Падокшын
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 316с.
Мінск 2003
66.7 МБ
нямецкіх рыцараў. Гэта з’явілася прычынай трэцяга крызісу, выхад з якога Ягайла знайшоў у саюзе з Польшчай. Любаўскі лічыць, што Крэўская унія 1385—1386 гг. была абумоўлена гістарычнай неабходнасцю, яна дапамагла захаваць дзяржаўнае адзінства ВКЛ і абараніць яго ад нямецкай агрэсіі. Аднак за гэта Ягайла заплаціў вялікую цану: часткова паступіўся суверэнітэтам, прыняў каталіцтва, пайшоў на вялікія фінансавыя страты. На думку вучонага, Крэўская унія па сутнасці прадугледжвала інкарпарацыю ВКЛ у Польскае каралеўства, яна больш поўна, чым Люблінская унія 1569 г., інтэгравала абедзьве дзяржавы. Ад­нак на практьщы гэтага не адбылося [77, с. 45—46]. I не адбылося таму, мяркуе Любаўскі, што Ягайла пайшоў на кампраміс з беларуска-літоўскай апазіцыяй, якую ўзначальвалі Вітаўт, Андрэй Полацкі і інш. Паводле Крэўскага дагавора, вялікае княжанне не прадугледжвалася, аднак згодна з Востраўскай дамовай (5 жніўня 1392 г.) Вітаўт пажыццёва быў прызнаны вялікім князем і ВКЛ такім чынам набыло пэўную аўтаномію. «Островское соглаше­ние, — лічыць вучоны, — положило начало восстановле­нию независимости и самобытности литовско-русского государства» [77, с. 49].
Вітаўт і яго роля ў станаўленні беларуска-ўкраінскалітоўскай дзяржаўнасці. У апошні час у шэрагу публікацый робіцца спроба трактаваць вялікага князя Вітаўта як беларускага патрыёта, заснавальніка беларускай дзяржаўнасці, абаронцу беларускага суверэнітэту і г. д. Такая характарыстыка толькі часткова супадае з пунктам гледжання Любаўскага. Канцэптуальная сутнасць яго бачання данай праблемы заключаецца ў наступным: Вітаўт з’яўляецца выразнікам дзяржаўнага суверэнітэту ВКЛ у цэлым, аднак у сваёй практычнай дзейнасці ён абапіраўся перш за ўсё на каталіцкае, галоўным чынам літоўскае баярства (Любаўскі атаясамлівае паняцці «літоўскія баяры» і «каталіцкія баяры», між тым як літоўскія баяры маглі быць і праваслаўнымі, а каталіцкія — беларусамі або ўкраінцамі). Гэты саюз быў замацаваны Гарадзельскім прывілеем 1413 г., які даў ВКЛ права мець свайго вялікага князя, а каталіцкім прэлатам, панам, шляхце — выбіраць караля, вялікага князя, а таксама засядаць у гаспадарскай Радзе. Пераважна
католікі прызначаліся на пасады велікакняжацкіх намеснікаў і ў «рускіх абласцях». Старажытныя беларускія і ўкраінскія княжацкія і нават літоўскія роды пры Вітаўце пачалі адціскацца. Гарадзельскі прывілей 1413 г. Любаўскі назваў «хартыяй правоў і вольнасцей літоўскага баярства», якое пры Вітаўце стала асноўнай сацыяльнай базай велікакняжацкай улады [77, с. 61]. Крэўская унія, і асабліва Гарадзельскі прывілей, на думку вучонага, «внесли в не­дра литовско-русского государства национально-полити­ческий антагонизм» паміж «Литвой» і «Русью». Тэты антаганізм пасля смерці Вітаўта стаў прычынай «внутренних потрясений» у 30—40-х гадах XV ст. [77, с. 62—64]. Вітаўт, мяркуе Любаўскі, многа зрабіў для сцвярджэння незалежнасці ВКЛ, умацавання і захавання дзяржаўнага суверэнітэту. Яму ўдалося абараніць краіну ад знешніх ворагаў і максімальна пашырыць яе межы. Вітаўт у значнай ступені аб’яднаў дзяржаву і кансалідаваў грамадства. Любаўскі высока ацэньвае тэрытарыяльна-адміністрацыйную рэформу вялікага князя.
Вытокі беларуска-ўкраінска-літоўскай палітычнай традыцыі. Існуе пункт гледжання, адзначае Любаўскі, згодна з якім уніі — ад Крэўскай да Люблінскай — накіравалі гісторыю ВКЛ «в новом направлении» [77, с. 62], г. зн. радыкальна аднавілі яго палітычны менталітэт (дарэчы, так мяркуюць і некаторыя сучасныя польскія і расійскія гісторыкі). Вучоны не згаджаецца з такой катэгарычнай ацэнкай, хоць і не адвяргае пэўнага ўплыву польскага палітычнага фактару на дзяржаўны лад ВКЛ. Любаўскі звяртае ўвагу на пераемнасць сацыяльна-палітычных інстытутаў ВКЛ і Кіеўскай Русі, у прыватнасці Полацка, Віцебска і інш. Зразумела, лічыць вучоны, уніі праклалі дарогу засваенню некаторых ідэй і форм польскай дзяржаўнапалітычнай сістэмы. Але ж многія з гэтых ідэй і форм арганічна вынікалі з унутранага развіцця ВКЛ. Задоўга да уній ў беларуска-ўкраінска-літоўскіх землях практыкаваўся прынцып выбарнасці велікакняжацкай улады, адбываліся з’езды князёў і баяр, якія потым ператварыліся ў сеймы; гаспадарскай Радзе папярэднічала дума і г. д. Такім чынам, рэзюмуе сваю думку вучоны, уніі, якія ўплывалі на станаўленне дзяржаўнага ладу ВКЛ, улічвалі характар яго
папярэдніх палітычных інстытутаў, «накладывая на них клеймо польской государственности» [77, с. 63].
Чыёй дзяржавай было Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае? Як вядома, гэта пытанне з’яўляецца дыскусійным і ў наш час. Існуюць тры асноўныя пункты гледжання. ВКЛ з’яўлялася: 1) літоўскай (Л. Абэцэдарскі і інш.), 2) беларускай (М. Ермаловіч і інш.), 3) літоўскабеларуска-ўкраінскай дзяржавай. Прыхільнікам апошняй канцэпцыі быў Любаўскі: ВКЛ ён называў «літоўскарускай дзяржавай». Які змест вучоны ўкладваў у паняцце «рускі», мы ўжо ведаем: ён меў на ўвазе этнасы, якія ў наступным паслужылі падставай фарміравання белару­скай і ўкраінскай народнасцей.
Прыхільнікі канцэпцыі «літоўскай дзяржаўнасці» звычайна спасылаюцца на Крэўскую унію, Гарадзельскі прывілей і некаторыя іншыя юрыдычныя акты, якія замацавалі палітычны прыярытэт літоўскіх, каталіцкіх паноў і баяр. Між тым Любаўскі ў сваёй фундаментальнай працы «Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно» пераканаўча паказаў, што пытанне дзяржаўнасці ВКЛ трэба разглядаць у дынаміцы, а не ў статыцы. На першым этапе станаўлення палітычнай сістэмы ВКЛ вядучую ролю адыгрываў славянскі элемент. Потым, пасля Крэўскай уніі, дамінаваць пачынаюць літоўскакаталіцкія паны і баяры. Аднак у выніку напружанай барацьбы на працягу XV—XVI стст. беларуска-ўкраінская, праваслаўная, а потым і пратэстанцкая часткі феадалfaнага класа дабіваюцца палітычнага парытэту і дзяржаўная ўлада больш ці менш прапарцыянальна размяркоўваецца паміж магнатамі і шляхтай славянскага і балцкага паходжання.
Вялікія князі, сведчыць Любаўскі, у рэшце рэшт зразумелі, што дзяржаўны суверэнітэт і грамадскую стабільнасць немагчыма захаваць, спадзяваючыся толькі на сілу, што неабходны кампраміс, пэўны грамадскі дагавор паміж існуючымі феадальнымі этна-рэлігійнымі суполкамі. Карацей кажучы, што патрэбна новая, адметная ад характэрнай для Кіеўскай Русі і Маскоўскай дзяржавы ўнутраная палітыка. Прэцэдэнты такой палітыкі ўжо былі створаны пры Міндоўгу, Гедыміну, Альгерду. Дднак толькі Ягайла
і яго нашчадкі зрабілі палітыку дамовы, кампрамісу не выключэннем, а правілам. I галоўнай прыладай гэтай палітыкі стала права, закон. Менавіта кіруючыся данай палітычнай лініяй, кароль Ягайла пайшоў на ўступкі беларускаўкраінскай праваслаўнай партыі. 15 кастрычніка 1432 г. ад яго імя і са згоды вялікага князя Жыгімонта быў апублікаваны прывілей, паводле якога «рускія» князі і баяры, грамадзяне ВКЛ, ураўноўваліся ў правах з католікамілітоўцамі. Прычым выразна сфармулявана яго мэта: каб у будучым паміж абодвума народам! не было няроўнасці, якая можа нанесці шкоду дзяржаве, і каб у грамадстве зацвердзіліся аднадушнасць, згода, клопат пра агульнае дабро, аўтарытэт каралеўскай улады.
Калі паўночна-заходняя частка была задаволена зместам прывілея, то ўсходняя і паўднёва-ўсходняя сталі ў апазіцыю, якую ўзначаліў Свідрыгайла. Пачалася сапраўдная грамадзянская вайна. Да таго ж на тэрыторыю ВКЛ уварваліся войскі Ордэна. Ягайла і Жыгімонт вымушаны былі пайсці на новыя ўступкі, выдаўшы 6 мая 1434 г. прывілей, у якім пацвярджаліся ўсе вольнасці і правы, дадзеныя беларускім і ўкраінскім князям і баярам. Акрамя таго, ім давалася права мець гербы. Прывілей змяшчаў у сабе важнае палажэнне, якое сведчыла пра тое, што ў ВКЛ нараджаюцца элементы прававой дзяржавы: ніхто не можа быць прыцягнуты да адказнасці без пастановы суда, які павінен адбывацца па «обычаю земли».
Значны крок насустрач беларуска-ўкраінскай апазіцыі зрабіў сын Ягайлы Казімір (з 1440 — вялікі князь, з 1444 — польскі кароль). Як адзначае Любаўскі, ён вельмі ўдала спалучаў сілу з палітычнымі ўступкамі. Смаленскай зямлі была выдадзена грамата, якая пацвердзіла правы і вольнасці яе жыхароў. Тое ж самае Казімір учыніў адносна Жмудскай і Кіеўскай зямель [77, с. 75—76]. Аднак вяршыняй палітычна-кансалідацыйнай дзейнасці Казіміра было выданне прывілею ад 2 мая 1447 г., які канцэптуальна вызначыў унутраны лад ВКЛ у сваіх асноўных напрамках: 1) палітычная самастойнасць абласцей; 2) істотныя сацыяльна-палітычныя правы землеўладальнікаў-феадалаў; 3) выбарная і абмежаваная велікакняжацкая ўлада. «На этом фундаменте, — падкрэслівае вучоны, — создавалась
и вся дальнейшая стройка литовско-русского государства» [77, с. 80]. Дзякуючы прывілею 1447 г., мяркуе Любаўскі, у ВКЛ пачаў фарміравацца палітычны лад, «имеющий много сходного со средневековым западно-европейским феода­лизмом» [77, с. 78].
Такім чынам, Любаўскі пераканаўча паказаў, як паступова, крок за крокам, год за годам, дзесяцігоддзе за дзесяцігоддзем беларуская і ўкраінская шляхта заваёўвала свае палітычныя правы, сцвярджала сябе ў якасці раўнапраўнага партнёра сацыяльна-дзяржаўнай сістэмы ВКЛ.
Палітычную гісторыю ВКЛ XV—XVI стст. Любаўскі дзеліць на два перыяды. Першы (40-я гады XV — 40-я гады XVI ст.) — час вялікага княжання Казіміра і яго сыноў. Вядучая палітычная роля ў грамадстве ў тэты перыяд на­лежала беларуска-ўкраінска-літоўскай арыстакратыі — князям, панам. Баярства, шляхта адыгрывалі дапаможную ролю. Другі перыяд — час вялікага княжання Жыгімонта Аўгуста (1548—1572). Шляхта, якая ўступіла ў сеймавую барацьбу з арыстакратыяй і велікакняжацкай уладай, дабіваецца ўраўнавання ў правах, перабудоўвае заканадаўства, мясцовае кіраванне, прадстаўнічую ўладу, дзякуючы чаму палітычны лад ВКЛ у значнай ступені набліжаецца да польскага. Каб замацаваць сваё палітычнае становішча, беларуская, украінская і літоўская шляхта падымае пы­тание аб уніі з Польшчай. Люблінская унія 1569 г., лічыць Любаўскі, паклала канец самастойнаму існаванню «ли­товско-русского государства» [77, с. 80].
Дзяржаўнасць і лёс народа. Вопыт гісторыі абумовіў прынцыповую палітычную выснову вучонага, якую ён зрабіў у сваёй працы «Основные моменты истории Бело­руссии»: галоўнай перашкодай на шляху натуральнага гістарычнага развіцця беларускага народа з’яўлялася адсутнасць уласнай, нацыянальнай дзяржаўнасці. Любаўскі звяртае ўвагу не толькі на станоўчыя, але і на адмоўныя моманты інтэграванай беларуска-ўкраінска-літоўскай дзяржавы — ВКЛ. У прыватнасці, ён адзначае, што шмат жыццёвых сіл беларускага народа пайшло на будаўніцтва не нацыянальнай, а агульнай дзяржаўнасці, грамадскасці, культуры. Трагічным вынікам адсутнасці ўласнай беларускай дзяржаўнасці як у эпоху ВКЛ, так і ў пазнейшыя