Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры
Сямен Падокшын
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 316с.
Мінск 2003
дачы, якія на працягу многіх стагоддзяў стаялі перад беларускім народам і яго лідэрамі і ідэолагамі: захаванне ў той ці іншай форме дзяржаўнай незалежнасці, палітычнага суверэнітэту і стварэнне ўласнай, нацыянальнай беларускай культуры. Гэтыя дзве задачы вырашаліся беларускім народам у цяжкай, шматгадовай барацьбе з супрацьстаячымі сіламі. На цярністым шляху барацьбы за ўласную дзяржаўнасць і духоўнасць народ Беларусі не толькі атрымаў пэўныя, даволі значныя вынікі (стварэнне агульнай, беларуска-ўкраінска-літоўскай дзяржавы, росквіт беларускай культуры і мовы ў XVI ст. і інш.), але, як вядома, нанёс значныя страты (страта ў другой палове XVIII ст. інтэграванай дзяржаўнасці, дэнацыяналізацыя значнай часткі пануючага класа і інтэлігенцыі, забарона ў XIX ст. афіцыйнага ўжывання беларускай мовы і да т. п.).
Адзначым, што пад «эміграцыяй» мы разумеем не толькі перасяленне, ад’езд пэўнай часткі беларускага народу, інтэлігенцыі з роднай краіны, але і пераход у іншую культуру, іншую ментальнасць. Менавіта «культурная эміграцыя» разбурала змацоўваючую падставу беларускай нацыі — яе дух. Як вядома, «эміграцыя» беларускай інтэлігенцыі на працягу XVII—XX стст. часткова ў польскую, часткова ў рускую культуру прывяла па сутнасці да народнай трагедыі — істотнай дэнацыяналізацыі духоўнага жыцця беларусаў. У сувязі з гэтымі гістарычнымі абставінамі і па сённяшні дзень так востра стаіць пытанне нацыянальнага Адраджэння, і ў першую чаргу пытанне грамадскай рэабілітацыі роднай мовы.
Беларуская эміграцыя ў шырокім сэнсе слова — і звычайная, і культурная — вынік спалучэння розных гістарычных абставін, але ж галоўная яе прычына — у адсутнасці ўласнай, нацыянальнай дзяржаўнасці, немагчымасці чалавека рэалізаваць у існуючых умовах свае здольнасці. Менавіта да такой высновы прыйшоў вядомы рускі гісторык, рэктар Маскоўскага універсітэта М. К. Любаўскі (1860—1936) у сваёй працы «Основные моменты истории Белоруссии» (М., 1918).
Этапы беларускай эміграцыі. У сітуацыі адсутнасці нацыянальнай дзяржаўнасці (ВКЛ з’яўлялася дзяржавай інтэграванай, г. зн. беларуска-ўкраінска-літоўскай), войнаў, паў-
станняў, іншых сацыяльна-палітычных катаклізмаў адбывалася безупынная, прагрэсіруючая эміграцыя беларусаў у іншыя рэгіёны, краіны, культуры. Разам з тым можна вылучыць некаторыя яе этапы, знітаваныя з тымі або іншымі падзеямі або катаклізмамі. Мацей Любаўскі ў якасці аднаго з першых этапаў беларускай эміграцыі адзначае інтэнсіўны зыход у XV—XVII стст. значнай часткі мужчынскага насельніцтва ў Запарожскую Сеч. Другая эміграцыя, пераважна духоўна-культурная, знітавана з пачаткам Контррэфармацыі і прыпадае на апошнія дзесяцігоддзі XVI — першую палову XVII ст. Менавіта ў гэты перыяд вялікая колькасць пануючага класа і інтэлігенцыі Беларусі пераходзіць у каталіцтва і паланізуецца. Трэцяя беларуская эміграцыя звязана з вайной 1654—1667 гг., у вышку якой у Маскоўскую дзяржаву, па даных Г. Сагановіча, было «выведзена», г. зн. прымусова пераселена, болей за 300 тысяч сялян, рамеснікаў, шляхты: палонныя, жыхары непакорных гарадоў, мястэчак, вёсак [134]. Вялікая колькасць беларусаў была размешчана ў маскоўскім пасадзе, галоўным чынам высокакваліфікаваныя рамеснікі, кнігадрукары, настаўнікі, перакладчыкі, святары, якія адыгралі вялікую ролю ў развіцці рускага рамеснага майстэрства, мастацтва, кнігадрукавання, дойлідства, асветы. Аднак не ўсе эмігравалі пад прымусам. У гэтай эміграцыі было шмат «добраахвотнікаў», калі іх можна так назваць, якія ад’язджалі з радзімы з прычыны голаду, рэлігійных праследаванняў, немагчымасці рэалізаваць свае здольнасці ў спустошанай краіне. Даследчыкі мяркуюць, што ў канцы XVII ст. беларусы складалі да 20 працэнтаў насельніцтва Масквы. Так, у Збройнай палаце Крамля ў 1660 г. працавала 68 полацкіх высокакваліфікаваных рамеснікаў, між тым як у самім Віцебску ў той час іх налічвалася не больш 70. Трэцяя эміграцыя з’яўлялася катастрафічнай для беларускай культуры «ўцечкай мазгоў і талентаў». За межамі Бацькаўшчыны апынуліся такія інтэлектуалы, як Сімяон Полацкі, Ян Белабоцкі, Ілля Капевіч і многія, многія вядомыя і невядомыя беларускія інтэлігенты.
Драматычны лёс Сімяона Полацкага. Выдатны паэт, мысліцель, асветнік Сімяон Полацкі — не толькі наш нацыянальны гонар, але і наш боль. Ён адзін з першых знакамітых беларусаў, хто вымушаны быў эміграваць не толькі
ў іншую краіну, але і ў іншую, хоць і роднасную, культуру, хто па ўласнай волі стаў аддана служыць таму рэжыму, які так жорстка абышоўся з яго народам, хто прыклаў вялікія намаганні, каб уславіць расійскае самадзяржаўе, імперскія амбіцыі цара Аляксея Міхайлавіча. Паэт і мысліцель аддаў многа інтэлектуальных, творчых сіл дзеля выпрацоўкі і абгрунтавання чужых, не ўласцівых свайму народу каштоўнасцей і паняццяў. Ён павінен быў таіць многія свае перакананні, прыстасоўвацца да маскоўскага менталітэту. У Маскве Сімяон Полацкі вымушаны быў адмовіцца ад роднай мовы, на якой складаў свае першыя вершы, і перайсці на расійскую літаратурную мову. Разам з тым Сімяон Полацкі стаў першым расійскім асветнікам, адыграў вялікую ролю ў развіцці грамадзянскай самасвядомасці рускага народа, пашырэнні і распаўсюджванні ў Расійскай імперыі школьнай справы, кнігадрукавання і наогул высокай духоўнай культуры.
Беларуская эміграцыя ў XIX—XX стст. Масавы характар працэс духоўна-культурнай эміграцыі набыў пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і ўключэння Беларусі ў склад Расійскай імперыі. Гэта па сутнасці чацвёрты, самы разбуральны перыяд для нацыянальнай беларускай культуры, калі на працягу другой паловы XVIII—XIX ст. лепшыя інтэлектуальна-творчыя сілы беларускага народа з прычыны адсутнасці ўласнай, нацыянальнай дзяржаўнасці і неадэкватнай самасвядомасці «эмігравалі» або ў польскую (Адам Міцкевіч і інш.), або ў рускую («заходнерусы», Міхаіл Каяловіч і інш.) культуру.
Інтэнсіўная «эміграцыя», у тым ліку і культурная, зняволенні, ссылкі ў Сібір, прымусовае перасяленне былі абумоўлены паўстаннямі 1830—1831 гг., 1863 г., Кастрычніцкай рэвалюцыяй і Вялікай Айчыннай вайной, пра што ўжо даволі многа напісана. Праблема духоўна-культурнай эміграцыі актуальная для Беларусі і ў нашы дні, паколькі некаторыя яе перадумовы, на жаль, захаваліся.
Вышэйсказанае дае магчымасць зрабіць выснову, што толькі ўласная нацыянальная і дэмакратычная дзяржаўнасць зводзіць да мінімуму «культурную эміграцыю», стварае аптымальныя ўмовы для захавання духоўнага суверэнітэту народа, развіцця нацыянальнай культуры.
Беларусь. 1998. № 2.
Мацей Любаўскі: канцэпцыя гісторыі Вялікага княства Літоўскага і Беларусі (XIII — першая палова XVI ст.)
Праблема філасофіі айчыннай гісторыі з’яўляецца, на наш погляд, адной з самых важных праблем сучаснай гуманітарнай навукі Беларусі. Як вядома, існуе вельмі багатая гістарыяграфія ВКЛ і Беларусі — ад першых летапісаў і «Хронікі» Мацея Стрыйкоўскага да прац Іахіма Лялевеля, Ігната Даніловіча, Іосіфа Ярашэвіча, Міхаіла Каяловіча, Мацея Любаўскага, Мітрафана Доўнар-Запольскага і інш. Усе гэтыя творы насычаны не толькі вялікім фактычным матэрыялам, але змяшчаюць вельмі цікавае і даволі глыбокае канцэптуальнае бачанне айчыннага гістарычнага працэсу, не страціўшае сваёй навуковай актуальнасці. Аднак канцэптуальны змест беларускай гістарыяграфіі амаль што не даследаваны. У свой час мы звярталі ўвагу грамадскасці на вострую неабходнасць вывучэння філасофіі гісторыі Беларусі, падкрэсліваючы, што нашай беларускай гістарычнай навуцы не стае філасофскай канцэптуальнасці, тэарэтычных абагульненняў [88].
Неабходнасць даследавання праблемы філасофіі айчыннай гісторыі абумоўлена і тым вострым канцэптуальным канфліктам, які ў апошні час існуе ў асяроддзі беларускіх гісторыкаў. Вырашыць яго навукова дапамогуць тэарэтычныя напрацоўкі папярэднікаў. Адзін з іх, Мацей Кузьміч Любаўскі (1860—1936), — зорка першай велічыні.
Погляды яго часткова з’яўляліся прадметам даследавання У. I. Пічэты, Дз. У. Карава і інш. Высока ацэньваючы ролю Любаўскага як гісторыка-канцэптуаліста, Пічэта адзначаў, што гістарыяграфія Беларусі «прямо или косвенно идет по пути, проложенному Любавским» [122, с. 178]. Спынімся на некаторых аспектах гістарычнай канцэпцыі Любаўскага, абапіраючыся ў асноўным на дзве яго працы: «Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно» (М., 1915) і «Основные моменты истории Белоруссии» (М., 1918).
Змест паняцця «літоўска-руская дзяржава». На думку Любаўскага, Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (ВКЛ) «с самого начала» было дзяржавай «не просто
литовской, а литовско-русской» [77, с. 16]. Які сэнс укладваў вучоны ў паняцце «русский»? Пад ім ён разумеў славянскі этнас, які жыў у басейне рэк Заходняя Дзвіна і Днепр, у княствах Полацкім, Турава-Пінскім, Смаленскім, Чарнігава-Северскім, Валынскім, Кіеўскім і інш. і стаў асновай фарміравання беларускай і ўкраінскай народнасцей. «Это была, — піша Любаўскі, — исконная Русь, существовавшая на старом корню, медленно эволюционирующая, но не срывавшаяся со своих жизненных устоев» [77, с. 1].
Процілегласцю ёй, мяркуе вучоны, была Русь Суздальская, якая размяшчалася ў вярхоўях Волгі і яе прытокаў. Славянскі этнас гэтай Русі пабудаваў сваё жыццё на новых пачатках, што адрозніваліся ад пачаткаў Прыдняпроўскай і Падзвінскай Русі. На думку Любаўскага, гісторыя ВКЛ «явилась в известном смысле прямым продолжением, дальнейшим развитием истории Киевской Руси», у ёй «можно подметить гораздо больше традиций, архаичных черт киевского периода, чем в жизни Суздальской Руси» [77, с. 1]. Сцвярджэнне вучонага ўскосна было накіравана супраць прэтэнзіі расійскага самадзяржаўя лічыцца адзіным нашчадкам тэрытарыяльнай і духоўна-культурнай спадчыны Кіеўскай Русі.
Стварэнне беларуска-ўкраінска-літоўскай дзяржавы — ВКЛ. На думку Любаўскага, з самага пачатку гісторыі Кіеўскай Русі выявілася «некоторая обособленность» плямёнаў, якія з’явіліся падставай фарміравання беларускай народнасці. Перш за ўсё гэта тычыцца тэрытарыяльнадзяржаўнага стварэння, вядомага пад назвай Полацкай зямлі [77, с. 10—11]. Адной з перадумоў фарміравання новай дзяржавы — ВКЛ — з’яўляецца, мяркуе вучоны, беларускалітоўскі этна-палітычны сінтэз, які адбываўся на тэрыторыі Чорнай Русі з гарадамі Новагародкам (Навагрудкам), Валкавыскам і Слонімам. Магчыма, гэта тэрыторыя была «полоцкой колонией в литовской земле» [77, с. 18], «колонией кривичей и дреговичей на литовской земле» [76, с. 13—14]. Полацкая зямля, адзначае вучоны, з даўніх часоў узаемадзейнічала з «Літвой». У XI—XII стст. полацкія князі неаднаразова рабілі набегі на ўладанні літоўскіх плямёнаў, у літоўскія землі мігрыравалі мірныя беларускія сяляне. У сваю чаргу з сярэдзіны XII ст. на Полацкую зямлю