Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры
Сямен Падокшын
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 316с.
Мінск 2003
Але ж не надоўга, паколькі час працаваў на яго, «эпоха застою» прагрэсіравала. Дзеля справядлівасці належыць сказаць, што Л. С. Абэцэдарскі праявіў зайздросную аператыўнасць у сцвярджэнні сваіх канцэптуальных поглядаў на беларускі гістарычны працэс, надрукаваўшы ў 1969 г. ужо цытаваную вышэй працу «У святле неабвержных фактаў». Менавіта ў ёй змешчана яго гісторыка-тэарэтычнае крэда, канцэптуальная ўстаноўка па пытаннях паходжання беларускага народа, дзяржаўнасці Вялікага княства Літоўскага, беларускай культуры і рэлігійнага жыцця XVI— XVII стст., узаемаадносін Беларусі з Расіяй, Захадам і інш. Не будзем падрабязна аналізаваць гістарычныя погляды Л. С. Абэцэдарскага, паколькі не ў гэтым сэнс данай публікацыі. Скажам толькі, што па свайму характару гэта праца публіцыстычная, а не навуковая. Факты падбіраліся аўтарам тэндэнцыйна, падганяліся пад зададзеную канцэпцыю. Самі па сабе канцэптуальныя ўстаноўкі вучонага не з’яўляліся сур’ёзнай перашкодай для развіцця беларускай гістарычнай навукі, наадварот, яны маглі б стымуляваць гэта развіццё, стаўшы прадметам дыскусіі, але ж пры ўмове: трэба было выслухаць другі бок.
Другі бок у тых абставінах не мог публічна выказвацца. Праўда, праз некаторы час у Інстытуце гісторыі АН БССР была запланавана тэма «Беларусь у складзе Вялікага княства Літоўскага». На працягу некалькіх гадоў была падрыхтавана праца, у якой праблема дзяржаўнасці Вялікага княства Літоўскага вырашалася больш-менш кампрамісна. Аднак гэтая праца не апублікавана і па сённяшні дзень.
Канцэптуальныя палажэнні Л. С. Абэцэдарскага набылі адыёзны характар у пік «застойнага перыяду». Яскравай праявай «абэцэдаршчыны» як духоўнага феномена гэтага часу з’явіўся артыкул «Нужны точные оценки» (Советская Белоруссия. 1973. 17 мая). За дзень да гэтага ў Аддзяленні грамадскіх навук АН БССР пад старшынствам акадэміка АН БССР К. П. Буслава ішло абмеркаванне першага тома «Гісторыі Беларускай ССР». Л. С. Абэцэдарскі выступіў з крытыкай цэлага шэрага трактовак гэтага выдання, якія разыходзіліся з яго канцэптуальнымі ўстаноўкамі. Аднак ён адмовіўся слухаць сваіх апанентаў і дэманстратыўна пакінуў залу. Усё растлумачылася на наступны дзень, калі выйшаў свежы нумар «Советской Белоруссии» з артыкулам «Нужны точные оценки». У лепшых традыцыях вульгарнага сацыялагізму 30-х — пачатку 50-х гадоў XX ст. Л. С. Абэцэдарскі выкрываў шэраг аўтараў, у прыватнасці пісьменніцу Вольгу Іпатаву, а таксама аўтара гэтых радкоў, за тое, што яны ў сваіх творах апавядалі пра жыццё і аналізавалі погляды выдатных мысліцеляў і культурных дзеячаў Беларусі — Ефрасінні Полацкай і Лаўрэнція Зізанія Тустаноўскага, — якія, на «няшчасце», былі ў «злачыннай сувязі» з царквою, паколькі першая з’яўлялася манашкай, а другі — багасловам. Сутнасць справы не ў тым, што Л. С. Абэцэдарскі грэбаваў бясспрэчным фактам, што Ефрасіння была асветніцай, арганізатарам рукапіснага кнігавыдання ў Полацкім княстве, а Лаўрэнцій Зізаній — знакамітым вучоным-філолагам; і не ў тым, што пры яго ацэнцы даных дзеячаў культуры груба парушаўся прынцып гістарызму; нават не ў тым, што аўтар спрабаваў ідэалагічна дыскрэдытаваць сваіх апанентаў. Вось некаторыя «перлы» з артыкула Абэцэдарскага: «церковь — злейший враг науки и просвещения»; «Ефросинья Полоцкая была враждебна подлинной науке и подлинному просвещению»; «Ольга Ипатова выписала сусаль
ный образ-этакой княжны-демократки, томящейся от неудавшейся любви... Правда, Ольга Ипатова показывает, что смиренную монахиню время от времени, даже в преклонном возрасте, одолевают греховные помыслы»; «пересказ «житий святых», даже с гарниром любовной интриги ... не отвечает ни задачам коммунистического воспитания молодежи, ни требованиям, которые предъявляются к историческому жанру художественной литературы»; «имя Ефросиньи Полоцкой всегда служило реакции»; «нельзя забывать, что и Мелетий Смотрицкий, и Лаврентий Зизаний и другие защитники православия прежде всего были богословами, стремившимися упрочить господство своей церкви над народными массами. Всякая идеализация этих защитников феодально-религиозной идеологии является в то же время и идеализацией церкви, преступления которой перед разумом, перед наукой, перед человечеством слишком велики». I гэта пісалася ў 1973 годзе!
Іронія сітуацыі заключалася ў тым, што яшчэ зусім нядаўна, у працы «У святле неабвержных фактаў», Л. С. Абэцэдарскі сцвярджаў нешта супрацьлеглае. «Беларуская культура, — пісаў ён, — дасягнула ў XIV—XVII стст. высокага для свайго часу ўзроўню. Хіба ж можа хто адмаўляць, што XVI—XVII стст. — гэта часы Скарыны, Буднага і Цяпінскага, Зізаніяў і Сматрыцкага, часы бліскучых палемістаў, уздыму школьнай і кнігавыдавецкай справы, развіцця перадавой грамадска-палітычнай думкі?» [2, с. 81]. Усё гэта правільна, і цытата цудоўная, але якая крывадушнасць! Змянілася грамадская кан’юнктура і тут жа, «ничтоже сумняшеся», не лічачыся з маральнымі і навуковымі прынцыпамі, вучоны змяняе свае ацэнкі са знака плюс на знак мінус! (...)
Сёння, у перыяд аднаўлення духоўнага жыцця грамадства, з’явілася магчымасць адкрытага, сумленнага, у інтарэсах усёй нашай навукі — і прыродазнаўчай, і гуманітарнай — сказаць суровую праўду пра такі феномен, як «абэцэдаршчына», які яшчэ не пераадолены ў наш час, які, безумоўна, выходзіць за вузкія межы беларускай гістарычнай навукі, змяшчае ў сабе рысы, характэрныя для дэфармаванага навуковага жыцця наогул. Для беларускай гістарычнай навукі «абэцэдаршчына» — гэта па сутнасці
тая ж «лысенкаўшчына», але ўжо ў іншых грамадскагістарычных умовах і, зразумела, з меншымі матэрыяльнымі і духоўнымі стратамі. Тое, што ў савецкай біялагічнай навуцы было трагедыяй, у беларускай гістарычнай навуцы ў большай ступені напамінала фарс. Але тэты фарс дорага ёй абышоўся, паколькі стаў адной з галоўных прычын даволі пасрэднага ўзроўню вышэйшай і школьнай адукацыі ў галіне беларускай гісторыі: адсутнасці глыбокіх і наватарскіх навуковых распрацовак па цэламу шэрагу праблем, якасных школьных падручнікаў.
Калі гаворка ідзе пра навуковы плюралізм, узнікае пытанне: як жа так, ісціна адна, а нам прапануюць застарэлую і непрымальную ў наш час, у эпоху строгай эксперыментальнай навукі і глабальнай камп’ютэрызацыі канцэпцыю «множнасці ісціны»? Зразумела, навуковая ісціна адна. Адмаўленне гэтага палажэння непазбежна заводзіць у нетра агнастыцызму, нігілізму, не дазваляе мець надзейных і верагодных ведаў, а гэта значыць, і навукі; паралізуе нашу дзейнасць, паколькі, кіруючыся канцэпцыяй «множнасці ісціны», немагчыма прымаць аптымальныя і канструктыўныя рашэнні.
Мы не будзем ўдавацца ў абстрактныя разважанні аб суадносінах абсалютнай і адноснай ісціны, яе канкрэтнасці і рухомасці. Скажам толькі наступнае. Плюралізм у навуцы (маецца на ўвазе галоўным чынам гуманітарная навука — гісторыя, філасофія, літаратуразнаўства, мастацтвазнаўства і г. д.) — гэта самы пленны і аптымальны шлях да ісціны, які прадугледжвае творчае спаборніцтва за «права на ісціну» многіх і разнастайных ідэй, думак, поглядаў, канцэпцый, пунктаў гледжання, навуковых падыходаў. Шлях гэты нялёгкі і доўгі, засеяны не ружамі, а цернямі, яму спадарожнічаюць вострыя спрэчкі і дыскусіі, шчаслівыя імгненні прасвятлення і перыяды горкага расчаравання, крушэнне старых ісцін, адмаўленне ад ацэнак і поглядаў, якія ўсталяваліся. I сёння, як і ў часы Фрэнсіса Бэкана, актуальная думка пра тое, што ісціна — гэта дачка часу, а не аўтарытэту.
Плюралізм у навуцы — гэта спосаб выяўлення, адкрыцця ісціны, культура духоўных і прафесійных адносін у працэсе яе пошуку, неад’емнымі, характэрнымі якасцямі якіх
з’яўляюцца творчая свабода, цярпімасць, умение карэктна і добразычліва весці дыскусію, уважліва слухаць апанента, унікаць у яго аргументацыю, паважаць пазіцыю і да т. п. Галоўнае ў дыскусіі — клопат пра ісціну, а не пра інтэлектуальную перамогу над сваімі апанентамі «любой цаной».
Нагадаем, што гаворка ідзе не столькі пра асобу Л. С. Абэцэдарскага, колькі пра «абэцэдаршчыну» як прынцып, сацыяльна-культурную з’яву, якая, на жаль, захавалася і ў нашы дні, з’яўляецца перашкодай на шляху цывілізаваных адносін у навуцы, літаратуры, культуры наогул. Як у палітычным жыцці чалавецтва не вынайшла нічога лепшага, чым дэмакратыя, так і ў галіне навукі і культуры не было і пакуль няма нічога больш плённага, чым свабоднае, творчае спаборніцтва, нічым не абмежаваная канкурэнцыя ідэй, канцэпцый, пунктаў гледжання, рашэнняў, якія прапаноўваюцца, добразычлівасці і цярпімасці да ўсякага творчага іншадумства. Свабода як прынцып навуковай, літаратурнай, мастацкай творчасці фарміравалася стагоддзямі, чалавецтва заплаціла за яе вялікую цану. Свабодзе творчасці ў сучасным, цывілізаваным грамадстве, — а менавіта да такога мы сёння ідзем, — няма і не можа быць альтэрнатывы. А калі яна ёсць — то гэта манапалізм, прадузятасць, нецярпімасць і ў рэшце рэшт — застой.
У навуцы, мастацкай культуры, таксама, як і ў палітыцы, — жыццёва неабходна апазіцыя, паколькі развіццё, як добра вядома, рэалізуецца праз супярэчнасць, барацьбу і ўзаемадзеянне процілегласцей. Гэта — азбука дыялектыкі, і ўсякае насілле над ёй, г. зн. спробы манапалізаваць права на ісціну, катэгарычна адвяргаць альтэрнатыўныя рашэнні, іншыя пункты гледжання, — вядзе да дэфармацыі нармальнага, натуральнага працэсу развіцця навукі і культуры, а ў выніку — да застою і дэградацыі. Пры гэтым хочацца падкрэсліць наступную думку: «абэцэдаршчына» можа выступаць ва ўсякім абліччы. Таму пераадоленне гэтай з’явы ні ў якім выпадку не з’яўляецца заменай адной манаполіі — іншай, манаполіі Л. С. Абэцэдарскага — манаполіяй, скажам, А. Грыцкевіча, М. Ермаловіча, М. Біча, Г. Галенчанкі, М. Спірыдонава, Г. Сагановіча, С. Марозавай, А. Краўцэвіча і іншых шырокавядомых даследчыкаў, якія ўнеслі і ўносяць значны ўклад
у працэс развіцця, а таксама пераацэнкі каштоўнасцей беларускай гістарычнай навукі.
Толькі праз альтэрнатыўныя даследаванні, ідэі, канцэпцыі можа развівацца навука, у тым ліку і гістарычная, філасофская, юрыдычная, літаратуразнаўчая, мастацтвазнаўчая, філалагічная і інш. Кожнаму вучонаму абавязкова патрэбны апанент. Той, хто займаўся альбо займаецца доследнай дзейнасцю, добра ведае, што лепшыя думкі нараджаюцца ў палеміцы, а найбольш аптымальныя рашэнні праблемы прыходзяць не толькі ў працэсе самастойнага вывучэння першакрыніц, але і ў выніку крытычнага асэнсавання вывадаў даследчыка, які працуе ў адной з табой галіне.