Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры  Сямен Падокшын

Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры

Сямен Падокшын
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 316с.
Мінск 2003
66.7 МБ
суверэннасць індывідуальнай рэлігійна-маральнай свядомасці чалавека (Лютар, Скарына).
У Вялікім княстве Літоўскім у XV — першай палове XVII ст. склаліся пэўныя перадумовы для развіцця куль­туры Адраджэння: эканамічнае і сацыяльна-палітычнае ўзмацненне гарадоў; актывізацыя прагрэсіўнага магнацкашляхецкага рэфармісцкага руху (аграрная, адміністрацыйная, судовая, ваенная рэформы 50—80-х гадоў XVI ст.), у выніку якога часткова адбылася палітычная цэнтралізацыя і дзяржаўна-прававая стабілізацыя беларуска-літоўскага грамадства, узмацніўся яго суверэнітэт; фарміраванне беларускай народнасці і яе самасвядомасці; пашырэнне міжнародных культурных сувязей; гуманістычны і рэфармацыйны рух. Адбываецца інтэнсіўная секулярызацыя духоўнага жыцця грамадства, якая выяўлялася ў развіцці адукацыі, кнігадрукавання, прытоку разнастайнай кніжнай прадукцыі з-за мяжы і камплектаванні айчынных бібліятэк, мецэнацтве і ўзнікненні гуманістычных цэнтраў пры дварах буйных феадалаў (Слуцкіх, Радзівілаў, Хадкевічаў, Кішкаў, Глебавічаў і інш.), захапленні антычнай культурай. Працягваецца працэс станаўлення беларускай літаратурнай мовы, нацыянальнай пісьменнасці, развіваецца айчынная пісьменнасць на лацінскай, польскай мовах, гістарыяграфія, філасофская і грамадска-палітычная думка, прававая тэорыя, выяўленчае мастацтва, архітэктура, музыка.
3 тыпалагічнага пункту гледжання Адраджэнне ў Вялікім княстве Літоўскім, г. зн. на Беларусі, Украіне, у Літве, адносіцца да ўсходнееўрапейскага і па сваіх параметрах блізкае да Паўночнага Адраджэння. З’яўляючыся адзінствам агульнаеўрапейскага і рэгіянальна-нацыянальнага, Адра­джэнне на Беларусі мела свае спецыфічныя рысы — меншая ўдзельная вага свецкага пачатку; сутыкненне ўсходніх і заходніх рэлігійна-царкоўных і духоўна-культурных тэндэнцый; станаўленне беларускай культуры ў складзе поліэтнічнага і рознарэлігійнага інтэграванага дзяржаўнага ўтварэння (Вялікага княства Літоўскага, а потым Рэчы Паспалітай), ва ўмовах незавершаных працэсаў нацыяналь­най і дзяржаўнай дыферэнцыяцыі беларускага, украінскага і літоўскага народаў. Характэрнай рысай айчыннага Ад­раджэння з’яўляецца наяўнасць у Вялікім княстве Літоўскім
на працягу пэўнага перыяду адноснай рэлігійнай талерантнасці, што зафіксавана ў Варшаўскай канфедэрацыі (1573) і Статуце Вялікага княства Літоўскага (1588). Адметнымі рысамі беларускага Адраджэння з’яўляліся ўзаемадзеянне беларускай, украінскай, літоўскай, польскай і рускай культур, узаемапранікненне рэнесансавага гуманізму і Рэфармацыі, сувязь з рэлігійным, нацыянальна-культурным і палітычным рухам канца XVI—XVII ст. (барацьба за свабоду веравызнання, захаванне рэлігійных і нацыянальна-культурных традыцый). Асаблівасцю працэсу развіцця айчыннай рэнесансавай культуры ў параўнанні з культурай Заходняй і Цэнтральнай Еўропы з’яўлялася спазненне яе развіцця, функцыянаванне яе ва ўмовах каталіцкай экспансіі і Контррэфармацыі, культуры барока, што развівалася ў Беларусі ў канцы XVI — першай палове XVII ст. У адрозненне ад заходнееўрапейскага у айчынным Адраджэнні ідэя індывідуальнай, суб’ектыўнай свабоды ў большай ступені абмяжоўвалася інтарэсамі агульнага дабра, што тлумачылася больш нізкім узроўнем раннебуржуазнага развіцця, старажытнай грамадска-культурнай і рэлігійна-праваслаўнай саборнай традыцыяй.
Адным з істотных момантаў Адраджэння на Беларусі з’яўляецца станаўленне нацыянальнай, уласна беларускай культуры. Пачынаючы са Скарыны, рэнесансавая ідэя служэння агульнаму дабру набыла ў Беларусі нацыянальна-патрыятычную і асветніцка-дэмакратычную канкрэтызацыю. Айчынны рэнесансавы гуманізм часцей за ўсё прымаў выгляд «хрысціянскага гуманізму», г. зн. светапогляду, які, не парываючы з асноўнымі прынцыпамі хрысціянства, імкнуўся рэвізаваць некаторыя яго традыцыйна-сярэднявечныя ўяўленні і паняцці. Фарміруецца беларускі менталітэт — спецыфічны спосаб светаўспрымання і светаадчування, які вызначае нацыянальны характар і своеасаблівасць духоўнай культуры Беларусі. 3 перабудовай і актывізацыяй духоўнага жыцця Беларусі ў эпоху Адраджэння знітавана развіццё айчыннай філасофскай і грамадска-палітычнай думкі, літаратуры, архітэктуры, выяўленчага мастацтва, музыкі, тэатра.
У развіцці айчыннай думкі эпохі Адраджэння адзначаюцца тры перыяды, у залежнасці ад спецыфікі грамад-
скага жыцця, узроўню мысліцельнай культуры, ідэйнай дамінанты. Першы перыяд — філасофская і грамадскапалітычная думка Беларусі эпохі ранняга Адраджэння (пачатак стагоддзя — 1550-я гады, г. зн. ад Скарыны да Рэфармацыі) — станаўлення, пранікнення ў грамадзянскую свядомасць ідэі аднаўлення. Другі (сярэдзіна — канец XVI ст.) — сінтэзу рэфармацыйна-гуманістычнай тэорыі з сацыяльна-дзяржаўнай практыкай. Трэці (канец XVI — першая палова XVII ст.) — рацыяналізацыі і філасафізацыі рэнесансава-гуманістычнай думкі і выхаду яе на агульнаеўрапейскую арэну (сацыніянства), акумуляцыі рэнесансавых ідэй схаластыкай, дзеячамі грамадска-рэлігійнай барацьбы, якая разгарнулася пасля Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 г., культурай айчыннага барока.
У галіне анталогіі, гнасеалогіі і метадалогіі новыя ідэі выяўляліся пераважна ў рэлігійна-тэалагічнай форме (рэлігійны рацыяналізм С. Буднага і інш.)Аднак існаваў і ўласна філасофскі спосаб фармулёўкі асноўных уяўленняў (С. Лован, К. Лышчынскі). Закраналіся пытанні структуры Бога, натуры Хрыста (антытрынітарыі), паходжання свету (Брэсцкая Біблія, Хроніка М. Стрыйкоўскага), разумения цудаў, індывідуальнай несмяротнасці душы, замагільнай узнагароды, суадносін ідэальнага і матэрыяльнага, пазнання, веры і розуму, багаслоўя і філасофіі і інш.
Вучэнне пра мараль айчынных рэнесансавых мысліцеляў было заснавана на даверы да натуральнай прыроды чалавека, перакананні ў магчымасці яе ўдасканалення праз персанальныя намаганні. Гуманізаваліся і набліжаліся да рэальнага жьщця ідэі хрысціянскай этыкі, адраджаліся філасофска-этычныя вучэнні стоікаў, Цыцэрона, эпікурэйцаў, па-новаму інтэрпрэтавалася платонаўскае і арыстоцелеўскае вучэнне пра мараль, выкарыстоўваліся і адапціраваліся некаторыя рэнесансава-рэфармацыйныя этычныя палажэнні. У рамках праблемы чалавека, яго адносін з Богам, навакольным асяроддзем, грамадствам абмяркоўваліся пытанні шчасця і сэнсу жыцця, агульнага і індывідуальнага дабра, маральнай свабоды, выбару, адказнасці, маральнага і інтэлектуальнага ўдасканалення, грамадзянскага абавязку і інш. (Ф. Скарына, М. Гусоўскі, М. Ліцвін, С. Кашуцкі, А. Волан, Якуб з Калінаўкі, М. Чаховіц, С. Полацкі).
Асноўная праблема сацыяльна-палітычнай і прававой думкі айчыннага Адраджэння — удасканаленне грамадства і дзяржавы, ідэальных сацыяльных, палітычных і юрыдычных інстытутаў. У рэчышчы гэтай праблемы галоўнымі з’яўляліся пытанні ўмацавання дзяржаўнага суверэнітэту Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, прававога грамадства, сутнасці свабоды, справядлівага судаводства, правоў чалавека (Ф. Скарына, С. Будны, А. Валовіч, Л. Сапега, А. Волан). Геніяльным прадбачаннем з’яўлялася ідэя экалагічнага выхавання чалавека (М. Гусоўскі).
У беларускай грамадска-палітычнай думцы эпохі Ад­раджэння знайшоў адлюстраванне працэс станаўлення нацыянальнай самасвядомасці. У ім можна зафіксаваць два этапы: першы (да канца XVI ст.), у якім пераважаў этнакультурны кампанент, складвалася пераважна секулярызаваная канцэпцыя нацыянальных каштоўнасцей (Ф. Скарына, С. Будны, В. Цяпінскі); і другі — калі нацыянальная самасвядомасць выяўлялася галоўным чынам у працэсе рэлігійна-канфесіянальнага самавызначэння (С. Зізаній, М. Сматрыцкі, 1. Пацей і інш.).
Як паказаў В. В. Старасценка, у этна-сацыяльнай і палітычнай самасвядомасці протабеларусаў перыяду Кіеўскай Русі наглядаюцца дзве супрацьлеглыя тэндэнцыі: інтэграцыя, падставай якой з’яўлялася ідэя генетычнай і рэлігійна-культурнай роднасці, імкнення да захавання палітычнага і духоўнага адзінства; і дыферэнцыяцыя, якая ёсць вынік развіцця рэгіянальна-этнічнай спецыфікі, ментальнай адметнасці, што ў рэшце рэшт абумовіла ўзнікненне новых — беларускай, украінскай і рускай — народнасцей са сваёй самасвядомасцю і асаблівым духоўным і сацыяльна-палітычным ладам. Якасна новы этап на­цыянальнай самасвядомасці беларусаў знітаваны з эпохай Адраджэння і Рэфармацыі. Самасвядомасць у значнай меры секулярызуецца, гуманізуецца і рацыяналізуецца, яе змест абазначаецца ідэямі беларускага патрыятызму, свабоды, суверэнітэту, вяршэнства закону, правоў чалавека, талерантнасці, рэлігійна-царкоўнага і культурнага кампрамісу, каштоўнасці нацыянальнай культуры і роднай мовы і г. д. У прадмовах да беларускай Бібліі Скарына сфармуляваў
ідэал нацыянальнага жыцця, падставай якога павінны быць вера, высокая маральнасць і інтэлект, гуманізм у духу хрысціянскай этыкі, законапавага, чалавечая годнасць, грамадзянскасць, клопат пра развіццё айчыннай культуры, роднай мовы. Намаганні Скарыны па фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці атрымалі сваё развіццё ў творчай дзейнасці Гусоўскага (ідэя каштоўнасці прыроды роднага краю і экалагічнага выхавання чалавека), С. Буднага (ідэя рэлігійнай і творчай свабоды), В. Цяпінскага (ідэя нацыянальна-культурнага адраджэння), Л. Сапегі (ідэя прававой дзяржавы) і інш. Разам з тым самасвядомасці данай эпохі ўласцівы феадальныя станава-карпаратыўныя, сацыяльна-іерархічныя, сярэднявечныя этнаканфесійныя ўяўленні і паняцці.
На другім этапе ў сувязі з новай нацыянальна-палітычнай і канфесійнай сітуацыяй (Контррэфармацыя, Брэсцкая царкоўная унія 1596 г.) абвастраюцца не толькі рэлігійныя, але і нацыянальна-патрыятычныя пачуцці, грамадзянская самасвядомасць. Кожны з канфрантуючых бакоў звяртаецца да нацыянальнай духоўнай традыцыі, айчын­най культурна-гістарычнай спадчыны. Узнікае феномен «разарванай самасвядомасці»: з аднаго боку, беларусы і ўкраінцы ўсведамляюць сябе патрыётамі і грамадзянамі Рэчы Паспалітай, з другога — адчуваюць дыскрымінацыю па канфесійнай і нацыянальна-культурнай адзнаке, што вымушала іх звяртацца за дапамогай да іншай дзяржавы, Расіі, і па сутнасці разбурала грамадзянскую самасвядо­масць. Даволі яскрава нацыянальная самасвядомасць данага перыяду адлюстравана ў палемічнай літаратуры (1. Пацей, М. Сматрыцкі, А. Філіповіч і інш.).