Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры  Сямен Падокшын

Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры

Сямен Падокшын
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 316с.
Мінск 2003
66.7 МБ
У філасофіі гісторыі Карла Ясперса ёсць ключавое паняцце — «восевы час», або «восевая эпоха», — асноватворны перыяд у гісторыі чалавецтва паміж 800 і 200 гг. да н. э., калі ўзніклі сусветныя рэлігіі і філасофія, сфарміравалася сучасная духоўнасць, склаўся тып чалавека, які існуе і ў нашы дні. Гэта, згодна Ясперсу, адбылося «амаль адначасова» і «незалежна адзін ад аднаго» ў Кітаі, Індыі, Іране, Палесціне, Грэцыі. Менавіта ў «восевы час» абудзіліся чалавечы дух, самасвядомасць, чалавек пачаў асэнсоўваць «быццё ў цэлым, самога сябе і свае межы». Прычым «тым, што адбылося, што было створана і асэнсавана ў той час, чалавецтва жыве аж да сённяшняга дня. У кожным сваім парыве людзі, успамінаючы, звяртаюцца да восевага часу, запальваюцца ідэямі гэтай эпохі» [167, с. 32-38].
Для Беларусі такім «восевым часам», «восевай эпохай» у пэўным сэнсе з’яўляецца перыяд першага беларускага Адраджэння (XVI — пачатак XVII ст.). Менавіта ў гэтую эпоху сфарміраваліся каштоўнасці і ідэалы, якія складаюць аснову сучаснай духоўнасці і нацЫянальнай самасвядомасці беларускага народа. У тэты час жылі асноватворцы айчыннай гуманістычнай культуры, нацыянальнага духу, беларускай ідэі: Францыск Скарына, Мікола Гусоўскі, Васіль Цяпінскі, Сымон Будны, Астафій Валовіч, Леў Сапега, Андрэй Волан, Фёдар Еўлашоўскі, Лаўрэнцій Зізаній,
Мялецій Сматрыцкі і многія іншыя. Гістарычна заканамерна, што ў часы нацыянальнага ўздыму да гэтага «восевага» для беларускага народа і культуры часу звярталіся і звяртаюцца прадстаўнікі айчыннай інтэлігенцыі — пісьменнікі, літаратуразнаўцы, філолагі, гісторыкі, філосафы, мастакі; яго каштоўнасцямі і ідэаламі захапляюцца не толькі інтэлектуалы, але і нацыянальна свядомыя рабочыя, тэхнакраты, бізнесмены, сяляне, моладзь.
Спынімся на некаторых найважнейшых каштоўнасцях і ідэалах, завешчаных нашаму часу першым беларускім Адраджэннем. Гэта: спалучэнне агульначалавечага і на­цыянальнага; рэнесансава-гуманістычная, персаналісцкая канцэпцыя чалавека, якая знітавана з ідэяй духоўнай свабоды, вяршэнства закону, канстытуцыйна-прадстаўнічай сістэмай улады; усведамленне неабходнасці культурнарэлігійнай згоды, паразумення паміж Усходам і Захадам; талерантнасць як адна з гістарычна абумоўленых ментальнасцей культуры Беларусі; этычная дамінанта айчын­най філасофскай культуры; ідэя развіцця духоўнай куль­туры на нацыянальнай, беларускай моўнай падставе; непрымальнасць у духоўным жыцці, нацыянальна-культурнай палітыцы прымусу і насілля.
Спалучэнне агульначалавечага і нацыянальнага. Усталяванне асноватворных каштоўнасцей і ідэалаў белару­скай культуры ў першую чаргу знітавана з постаццю Францыска Скарыны. Ролю Скарыны ў фарміраванні на­цыянальнай культуры можна параўнаць з той, якую адыграў у станаўленні культуры Кітая Канфуцый. У гісторыі на­цыянальнай беларускай культуры скарынаўская Біблія мае тое ж значэнне, што і Біблія Лютэра ў жыцці і куль­туры нямецкага народа.
Адна з галоўных ідэй, якую сфармуляваў Скарына, — тэта ідэя спалучэння агульначалавечых, хрысціянска-гуманістычных каштоўнасцей і ідэалаў з ідэаламі і каштоўнасцямі нацыянальнымі. Абстрактныя рэлігійныя і сацыяльна-этычныя паняцці хрысціянства, свайго часу — веру, любоў, справядлівасць, агульнае дабро, грамадскую карысць, індывідуальны і грамадзянскі абавязак, маральны і юрыдычны закон, творча-пазнавальную і практычную дзейнасць — Скарына не толькі гуманізуе, але і нацыяналь­на канкрэтызуе. Менавіта Скарыну належыць першынст-
вуючая заслуга ў сцвярджэнні ў беларускай народнай свядомасці векавечнага значэння не толькі хрысціянска-гуманістычных, але і такіх нацыянальна-патрыятычных каштоўнасцей, як канкрэтная радзіма, родная мова, нацыянальная культура. Паэтычную выяву гэта скарынаўская ідэя атрымала ў яго знакамітым выказванні: «Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птици, летающие по воздуху, ведають гнезда своя; рибы, плывающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих, — тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту ве­ликую ласку имають».
Персаналісцкая канцэпцыя чалавека. У сваіх прадмовах да біблейскіх кніг Скарына адхіліўся ад артадаксальнай візантыйска-праваслаўнай саборнай традыцыі, абгрунтоўваючы рэнесансава-гуманістычную, персаналісцкую канцэпцыю чалавека. Гранічна пашыраючы межы індывідуальнай духоўнай свабоды, беларускі мысліцель сцвярджаў бязмежнае права чалавека на пазнанне і творчасць, лічыў яго здольным дасягнуць інтэлектуальна-маральнай дасканаласці, або ідэалу з дапамогай індывідуальных намаганняў, падкрэсліваў персанальную маральную адказнасць за ўчынкі. Менавіта з гэтых рэнесансава-гуманістычных пазіцый Скарына абвясціў права індывіда на самастойнае тлумачэнне Бібліі (скарынаўская Біблія адрасавалася «люду простаму паспалітаму»), сцвярджаў неабходнасць актыўных адносін чалавека да існуючай грамадскай рэчаіснасці. Персаналісцкая тэндэнцыя была характэрна для беларускай духоўнай, у прыватнасці палітычнай і рэлігійнай, культуры і да Скарыны, яна была знітавана з тымі прывілеямі і свабодамі, якія надаваліся шляхце, гараджанам велікакняжацкімі і каралеўскімі граматамі, магдэбургскім правам, а потым і статутамі ВКЛ. Яе яскравыя праявы мы наглядаем не толькі ў свецкім, але і ў царкоўным жыцці Беларусі і Украіны XVI—XVII стст., ды і пазней. Характэрны прыклад — брацтвы, якія адстойвалі права міран уплываць на жыццё праваслаўнай царквы, самастойна, з дапамогай Бібліі вырашаць багаслоўскія пытанні. Беларускія і ўкраінскія епіскапы пастаянна скардзяцца на тое, што мяшчане, асабліва віленскія і львоўскія,
братчыкі ўмешваюцца ў духоўныя справы, імкнуцца самастойна інтэрпрэтаваць Свяшчэннае Пісанне.
Персаналісцкая тэндэнцыя, праявы якой мы наглядаем у Беларусі ў даскарынаўскі і скарынаўскі перыяды, узмацнілася ў эпоху рэфармацыйнага руху (другая палова XVI ст.), з якім знітаваны росквіт рэлігійнага індывідуалізму ў краіне. Персаналісцкая тэндэнцыя стала адметнай рысай беларускай ментальнасці, спосабам рэалізацыі духоўнай, рэлігійнай, сацыяльнай, нацыянальнай свабоды. Яе праявы ў беларуска-ўкраінскім праваслаўі зрабілі апошняе адметным ад праваслаўя маскоўскага. Як вядома, персаналісцкая тэндэнцыя пранізвае паэзію Янкі Купалы, з’яўляецца філасофскай дамінантай «Новай зямлі» Якуба Коласа, прозы Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча і інш.
Ідэя вяршэнства закону і прававой дзяржавы. Выдатным духоўным здабыткам беларускага Адраджэння XVI — пачатку XVII ст. з’яўляецца ідэя вяршэнства закону, пра­вавой дзяржавы, знітаваная з рэнесансава-гуманістычнай, персаналісцкай канцэпцыяй чалавека. Водгук гэтай ідэі наглядаем у скарынаўскіх прадмовах да «Другазаконня» і «Кнігі суддзяў», у прыватнасці ў думках пра натуральнае паходжанне права, яго абумоўленасць мараллю, неабходнасць усталявання ў грамадстве справядлівага правасуддзя і інш. Прававыя погляды Скарыны з’яўляліся адлюстраваннем шматвяковай юрыдычнай практыкі, у выніку якой у краіне ўсталявалася канстытуцыйна-прадстаўнічая сістэма ўлады, нараджалася ідэя вяршэнства закону [99]. Ідэі гэтай сістэмы зафіксаваны ў шматлікіх велікакняжацкіх, каралеўскіх граматах і прывілеях, дадзеных шляхце і гараджанам, і ў першую чаргу ў трох рэдакцыях Статута Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (1529, 1566, 1588).
Філасофскае абгрунтаванне канцэпцыі прававой дзяр­жавы даў Леў Сапега ў сваіх прадмовах да Статута 1588 г. Найвышэйшай каштоўнасцю, лічыў ён, з’яўляецца свабода, сутнасць якой у абароненасці жыцця, здароўя, годнасці, маёмасці чалавека. Самым надзейным абаронцам гэтых правоў чалавека з’яўляецца закон. Усе — ад караля і вялікага князя да гараджаніна і селяніна — павінны падпарадкоўвацца закону. «Естесьмо невольниками прав для того,
абысьмы вольности уживати могли», — цытуе Сапега Цыцэрона. Грамадства, дзе усё залежыць ад добрай або злой волі правіцеля, а не ад закону, нагадвае звярыную зграю. Там жа, дзе «право або статут гору мает, там сам Бог всим владнет». «Гаспадар пан наш жадное звирхности над нами заживати не можеть, одно только колько ему право допущаеть». Жыхарам ВКЛ трэба быць правасвядомым народам: «Кожный обыватель годен есть наганеньня, который вольностью се фалить, а прав своих умети и розумети не хочеть». Беларусь! павінны ганарыцца тым, што яны «не обчым яким языком, аде своим власным права списаные мають». На судовыя пасады, лічыў Сапега, трэба выбіраць людзей не толькі высокапрафесійных, але і высокамаральных [142]. Аналагічныя ідэі абгрунтоўваў Андрэй Волан у сваёй працы «Пра палітычную, або грамадзянскую, свабоду» [104].
Ідэя вяршэнства закону і прававой дзяржавы, выпрацаваная шматвяковай палітыкай — юрыдычнай практыкай і думкай ВКЛ, сфармуляваная Сапегам і Воланам, уваходзіць у залаты фонд не толькі айчыннай, але і сусветнай палітыка-прававой культуры, з’яўляецца тэарэтычным падмуркам для пабудовы сучаснай беларускай пра­вавой дзяржавы.
Ідэя духоўна-культурнага сінтэзу паміж У сходам і Захадам. Скарынам была абгрунтавана і такая асноватворная ідэя беларускай ментальнасці, духоўнай культуры Беларусі, як неабходнасць сінтэзу каштоўнасцей і ідэалаў Усходу і Захаду, дасягнення паміж імі культурна-рэлігійнай згоды, паразумення. Праблема гэта ў грамадстве Беларусі, як вядома, узнікла задоўга да Скарыны і была абумоўлена геапалітычным становішчам краіны «на мяжы культур», плюралізмам рэлігійна-царкоўнага жыцця. Як палачанін, як выхаванец Кракаўскага універсітэта, як доктар медыцыны Падуанскага універсітэта, нарэшце, як перакладчык і выдавец Бібліі Скарына ніяк не мог абысці праблему суадносін паміж культурамі Усходу і Захаду. У сваіх прадмовах да Бібліі ён прапануе яе рашэнне. Рашэнне гэта — сінтэз, свабоднае і добраахвотнае засваенне ўсходнім славянствам пэўных, неабходных, жыццёва апраўданых каштоўнасцей, і перш за ўсё заходняй сістэмы адукацыі — «сямі свабодных навук», спалучэнне рэлігійна-хрысціян-
скай, «Саламонавай» і натуральнай, навукова-філасофскай, «Арыстоцелевай» мудрасці. Трэба адзначыць, што «Арыстоцелевая мудрасць» — гэта заходнееўрапейская філасофія і навука, да якой сучаснае Скарыне праваслаўе, асабліва маскоўскае, адносілася гранічна падазрона. Скарына, такім чынам, сфармуляваў рэнесансава-гуманістычную канцэпцыю развіцця айчыннай культуры, якая ў наступным бы­ла прынята «на ўзбраенне» прагрэсіўнымі коламі беларуска-ўкраінскай грамадскасці, рэалізавана ў педагагічнай сістэме брацкіх школ, Кіева-Магілянскай акадэміі, істотна паўплывала на светапогляд выдатных дзеячаў праваслаўнай царквы і айчыннай культуры — Пятра Магілы, Сільвестра Косава, Сімяона Полацкага і інш. [90, с. 84—90].