Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры  Сямен Падокшын

Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры

Сямен Падокшын
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 316с.
Мінск 2003
66.7 МБ
Дык якія ж ментальнасці характэрныя для беларускай культуры XVI — пачатку XVII ст.?
Калі ўсходняму культурнаму комплексу ўласцівы манапалізм духоўнага жыцця (адзіная рэлігія, адзіная ідэалогія, канфесійная і інтэлектуальная нецярпімасць і да т. п.), то характэрнай рысай заходняга тыпу духоўнай культуры, у прыватнасці духоўнай культуры ВКЛ XVI — пачатку XVII ст. з’яўляецца плюралізм — шматканфесійнасць, рэлігійная, інтэлектуальная цярпімасць нават да ерэтыкоў і атэістаў і да т. п. Вядома, і першая, і другая тэндэнцыі прысутнічаюць і на «Усходзе», і на «Захадзе», але ж ва ўсходняй культуры дамінуе манапалізм, у заходняй — плюралізм.
Наступныя амбівалентныя ментальнасці — гэта свабода і несвабода ў сваіх шматлікіх праявах. У культурах за­ходняга тыпу, у тым ліку і духоўнай культуры ВКЛ часоў Сымона Буднага, дамінуючай тэндэнцыяй з’яўляецца свабода. У культурных комплексах «Усходу» (а да такіх у той час належала Руская дзяржава, пакуль Пётр Вялікі не адчыніў «акно ў Еўропу») дамінуе тэндэнцыя несвабоды — рэлігійнай, палітычнай, індывідуальнай, духоўна-творчай і да т. п.
Палітычнай мадыфікацыяй свабоды і несвабоды з’яўляецца характэрная для ВКЛ другой паловы XVI — па­чатку XVII ст. ідэя прававой дзяржавы, згодна з якой дэкларавалася, што жыццё і маёмасць чалавека павінны абараняцца законам і ўладай; з другога боку — ідэя нічым не абмежаванай, таталітарнай улады, дзе жыццё, маёмасць, годнасць падданага, — кім бы ён ні быў: селянінам ці баярынам, — цалкам залежыць ад волі самаўладцы.
Ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне першая ідэя — ідэя прававой дзяржавы — у сваім класічным выглядзе была сфармулявана ў прадмовах Льва Сапегі да Трэцяга статута Вялікага княства Літоўскага. Менавіта Сапега сцвярджаў, што «естесмо невольнікамі прав для того, абысьмы воль­ности уживати могли». Згодна з думкай падканцлера, «цэль и скуток усих прав ест и маеть быти на свете, абы кождый добрую славу свою, здоровье и маетность в целости мел». Усе ў грамадстве, сцвярджаў Сапега, — ад самага апошняга чалядніка і да караля — павінны падпарадкоўвацца закону. «Сам гаспадар, пан наш, — лічыў Сапега, і гэта было перакананне ўсяго беларуска-літоўскага адукаванага гра-
мадства, — жадное звирхности над нами заживати не можеть, одно только, колько ему право допущаеть».
Другая ідэя, якая вынікае з усходняга менталітэту, — ідэя неабмежаванасці ўлады пара і безумоўнай залежнасці ўсіх і кожнага ад яго волі — была сфармулявана Іванам Грозным у лістах да князя Андрэя Міхайлавіча Курбскага. Як адзначыў выдатны дарэвалюцыйны ўкраінскі гісторык Мікалай Кастамараў, менавіта Іван Грозны «утвердил на­чало деспотического произвола и рабского бессмыслен­ного страха и терпения. Его идеал состоял именно в том, чтобы прихоть самовластного владыки поставить выше всего: и общественных нравственных понятий, и всяких человеческих чувств, и даже веры ... И он достиг этого в Московской Руси» [69, с. 20]. Разважаючы пра ўцёкі «московских людей» у Літву, г. зн. у ВКЛ, на Беларусь і Украіну, Кастамараў сцвярджае, што яны туды беглі не таму, што ў «московских людей были какие-нибудь идеалы в Литве», а таму, што «бежать в Литву им было и ближе, и подручнее, чем в другое государство: и язык, и обычаи там были для них ближе, чем в иной земле, и принимали их там радушно» і да т. п. I тут мы вымушаны не згадзіцца з Кастамаравым. Так, і этнічная роднасць з беларусамі і ўкраінцамі, і блізкасць мовы, веры — усё гэта адыгрывала вельмі значную ролю ў накіраванасці расійскай эміграцыі, але ж галоўнае, што іх прываблівала ў ВКЛ, — гэта менавіта ідэалы, існуючыя там ментальнасці: адносная палітычная свабода, верацярпімасць і інш. Для Курбскага, напрыклад, — спакойна жыць пад аховай закону, для Івана Фёдарава — свабодна выдаваць свае кнігі, для Арцемія — вольна думаць і распаўсюджваць свае рэлігійна-ідэалагічныя погляды, не баючыся зняволення ў манастыр ці калесавання.
Царкоўна-рэлігійнай мадыфікацыяй паняццяў свабоды і несвабоды, як ужо часткова адзначалася, з’яўляецца ў першым выпадку ідэя верацярпімасці, канфесіянальнага і інтэлектуальнага плюралізму, у другім — ідэя нецярпімасці да іншаверцаў і іншадумцаў. Ідэя канфесійна-рэлігійнай верацярпімасці была дамінуючай у ВКЛ у другой палове XVI ст. Яна зафіксавана ў знакамітай Варшаўскай канфедэрацыі 1573 г., якая цалкам увайшла ў тэкст Трэцяга, сапегаўскага, статута ВКЛ 1588 г. (раздз. 3, арт. 3).
Нягледзячы на ўвядзенне царкойнай уніі (1596) і ўзмацненне дыскрымінацыі ў Рэчы Паспалітай у адносінах да праваслаўя і пратэстанцтва, гэтай жа ідэі і ў 20-х гадах XVII ст. прытрымліваўся канцлер Леў Сапега, пра што пераканаўча сведчыць яго ліст да I. Кунцэвіча ад 12 сакавіка 1622 г. [118, с. 70—80].
Калі ў Маскоўскай дзяржаве «праваслаўная хрысціянская вера» з’яўлялася не толькі манапольнай канфесіяй, але і кансалідуючым пачаткам грамадства, то ў ВКЛ, дзяр­жаве шматканфесійнай, кансалідуючым пачаткам магла быць толькі верацярпімасць, толькі талерантнасць (як, дарэчы, і ў нашы дні ў Рэспубліцы Беларусь). Гэта ўжо ў 70-х гадах XVI ст. добра зразумелі найбольш дальнабачныя грамадскія і дзяржаўныя дзеячы і ў іх ліку Сымон Будны. Да гонару беларуска-літоўскага грамадства, — і ў гэтым вялікая роля належыць частцы гуманістычна настроенай беларускай шляхты і магнатаў, — у дзяржаўнай палітыцы ВКЛ другой паловы XVI ст. дамінуючай з’яўлялася ідэя талерантнасці. У сваіх «Успамінах» беларускі шляхціц з-пад Ляхавіч Фёдар Еўлашоўскі, які жыў у другой палове XVI ст., піша: «Помне бовем седялэм у столу князя Балтромея Недвіцкого, каноніка віленскага, з преднейшнмн слукгами влохами его. Тые же се, кгды доведелн, жем евангелик, дивовалисе барзо, яко ме смял князь каноник на обяд свой взывать. А кеды им он преложил, жем в нас з того жадна ненависть не быва и милуемысе яко з доб­рыми приятелы, хвалили то влоши, мовечы, же ту Бог жыве, а кганили свое домове права» [124, с. 33].
Характэрная для эпохі Адраджэння інтэнцыя свабоды даволі моцна выявілася ў станаўленні нацыянальнай свядомасці. Гэта — адзін з істотных момантаў беларускага менталітэту першага Адраджэння. Прыярытэт тут нале­жыць Францыску Скарыне, які даў свайму народу не толькі кнігадрукаванне і беларускую Біблію, але і моцнае пачуццё Радзімы, нацыянальнай культуры, роднай мовы. Скарына першы пачаў абуджаць нацыянальную самасвядомасць беларусаў. Сымон Будны не толькі ў пераносным, але і ў прамым сэнсе (справа ў тым, што скарынаўскім шрифтам быў надрукаваны ў 1562 г. у Нясвіжы беларускі «Катэхізіс», аўтарамі якога былі С. Будны і яго паплечнікі Л. Крышкоўскі і М. Кавячынскі) з’явіўся пе-
раемнікам Скарыны. Адным з першых ён звярнуўся да беларусаў не на царкоўнаславянскай, а на роднай мове. Менавіта ён заклікаў князёў, г. зн. тых, ад каго ў той час залежала культура, каб яны «не только в чужоземских языцех кохали, але бы ся тэж и того здавна славного языка словенского розмиловати и оным ся бавити рачыли», г. зн. каб яны не толькі спрыялі, але і карысталіся роднай мовай. На жаль, інтэнсіўны ўздым нацыянальнай культуры, які наглядаўся ў ВКЛ пачынаючы з сярэдзіны XVI ст., паступова пачаў згасаць, на што былі свае прычыны. I тэты спад, тэты адкат у нацыянальнай культурнай палітыцы кіруючых колаў адным з першых заўважыў лепшы сябра і аднадумец Сымона Буднага Васіль Цяпінскі. У сваёй прадмове да «Евангелля» ён ад імя адраджэнскай беларускай інтэлігенцыі выявіў боль за занядбанне нацыя­нальнай культуры і мовы.
Лёсавызначальным фактарам, які істотна ўплываў на беларускі менталітэт, прычым не толькі XVI — першай паловы XVII ст., але і ў наступныя стагоддзі, было геапалітычнае становішча ВКЛ, у прыватнасці Беларусі, якое можна вызначыць наступным чынам: паміж Усходам і Захадам, або Рускай дзяржавай і Польшчай. Беларусь! на працягу ўсёй гісторыі ўсведамлялі сваю роднасць з рускім і ўкраінскім народамі, блізкасць сваіх культур, моў, веры. Тэты фактар быў і ёсць стала дзеючым і вызначальным у адносінах паміж гэтымі народамі. Аднак існавалі і іншыя фактары, якія ўплывалі на адносіны паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай, беларусамі і рускімі. Перш за ўсё гэта фактары палітычныя, барацьба за гегемонію ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне, якая пачалася амаль што адразу пасля распаду Кіеўскай дзяржавы, паміж першымі вялікімі князямі ВК.Л і Масквы.
Справа ў тым, што вялікія князі маскоўскія аб’явілі сябе адзінымі спадкаемцамі ўлады кіеўскіх князёў, хаця гістарычна на гэтую ролю з няменшай падставай маглі прэтэндаваць як Гедымінавічы, якія абеларусіліся, так і полацкія, новагародскія, мінскія, віцебскія, слуцкія і іншыя галіны Рурыкавічаў. Пасля ўтварэння ВКЛ сцверджаная тут абеларушчаная дынастыя Гедымінавічаў уступіла ў суперніцтва з маскоўскімі Рурыкавічамі. Барацьба цяпер ішла паміж дзвюма самастойнымі і незалежнымі дзяржа-
вамі і магла вырашыцца толькі на падставе моцы. Пасля вызвалення Маскоўскай дзяржавы ад татарскага іга ўзрастаюць імперскія амбіцыі маскоўскіх вялікіх князёў. «Хроніка Літоўская і Жамойцкая» сведчыць: «Дмитрий, великий князь московский умыслил Киевское, Витебское и Полоцкое княство войною доходити, обецуючы Литву всю огнем и мечем завоевати» [123, с. 66]. Фарміруецца ідэалогія трэцерамізма («Масква — трэці Рым»), канцэпцыя вялікага маскоўскага князя, а потым і цара як адзінага спадчынніка ўлады кіеўскіх князёў, як гаспадара не толькі «ўсея Вялікія», але і «Малыя і Белыя Русі». Гэтая імперская ідэя прадвызначала і знешнюю палітыку Рускай дзяржавы, яе адносіны з ВКЛ, а потым і з Рэччу Паспалітай.
Крытычным пунктам у палітычных адносінах паміж Маскоўскай дзяржавай і ВКЛ з’явілася Лівонская вайна, якая прынесла шмат няшчасцяў і беларускаму, і рускаму народам. Мікалай Кастамараў, як і некаторыя іншыя рускія гісторыкі, лічыў Лівонскую вайну вялікай палітычнай памылкай Івана IV, які замест таго, каб накіраваць вайска супраць Крымскага ханства і пазбавіць дзяржаву ад стала пагражаючай рускім землям навалы (менавіта так яму радзілі Адашаў, Сільвестр, Курбскі), накіраваў яго супраць адзінакроўных і адзінаверных братоў рускіх — беларусаў.
Лівонская вайна, боязь падпасці пад таталітарна-дэспатычную ўладу маскоўскага цара-тырана адштурхнулі беларускіх магнатаў і шляхту ВКЛ ад Усходу, прымусілі іх больш шчыльна звязаць свае інтарэсы з Захадам, інтарэсамі польскіх магнатаў і шляхты, пайсці на больш цесную палітычную і ваенную кансалідацыю з Польшчай, рымскай царквой; абумовілі неабходнасць з дзвюх бед выбіраць меншую. «Шляхецкія вольнасці шляхецкай рэспублікі, — адзначаюць беларускія гісторыкі В. Мялешка, 3. Капыскі, П. Лойка, — павярнулі пануючы клас беларускіх зямель у бок Польшчы, заставіўшы адвярнуцца ад самадзяржаўнай Расіі» [135, с. 58]. Менавіта ў часы Лівонскай вайны і пасля яе ўзмацнілася палітычная, ідэалагічная і культурна-рэлігійная экспансія Захаду, паскорана пайшоў працэс каталіцызацыі і паланізацыі. Сумным вы­шкам Лівонскай вайны была тая акалічнасць, што многія беларусы ў часы «рускай смуты» апынуліся пад мурамі Масквы, ды ў самой Маскве.