Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры  Сямен Падокшын

Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры

Сямен Падокшын
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 316с.
Мінск 2003
66.7 МБ
Па гамбургскаму рахунку, у ідэі уніі дзвюх хрысціянскіх цэркваў не было нічога крымінальнага. Ідэя хрысціянскай згоды ў сваёй аснове была ідэяй экуменічнай і гуманістычнай. Аднак пры ўмове, калі б гэта ідэя рэалізоўвалася з улікам прынцыпа добраахвотнасці, калі б справа уніі рыхтавалася галосна і дэмакратычна, а не келейна, употай ад шырокай грамадскасці. Пры ўвядзенні уніі шырока выкарыстоўваўся прымус, насілле. Менавіта прымус дыскрэдытаваў уніяцкую ідэю. Насільнае ўвядзенне царкоўнай уніі дэстабілізавала беларускае грамадскае жыццё, выклікала нябачны да таго выбух рэлігійнай, ідэалагічнай, сацыяльнай канфрантацыі. I хоць уніяцтва мае пэўныя заслугі перад беларускай культурай, што пераканаўча паказалі беларускія даследчыкі, у прыватнасці С. Марозава [83], аднак знітаваныя з ім прымус і неталерантнасць прынеслі, на наш погляд, беларускай культуры больш страт, чым здабыткаў |103].
Галоўная загана Брэсцкай царкоўнай уніі ў тым, што яна стварыла прэцэдэнт прымусовага пераўтварэння шматвяковай, традыцыйнай духоўна-культурнай рэчаіснасці, непаўторнага, гістарычна асаблівага менталітэту народа. Па сутнасці тэту ж стратэгію ўзяло на ўзбраенне расійскае самадзяржаўе пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, уключэння Беларусі ў склад Расійскай імперыі, у выніку чаго пачалася татальная русіфікацыя беларускага грамадскага і духоўнага жыцця, насільнае насаджэнне ў культуру і свядомасць народа чужых каштоўнасцей і ідэалаў. Адной з адыёзных праяў гэтага была забарона ўжывання ў афіцыйным грамадска-палітычным і духоўна-культурным жыцці беларусаў роднай мовы. На ролю «духоўных бацькоў» народа прэтэндуюць ілжывыя прарокі, праваднікі чужых, несапраўдных каштоўнасцей і ідэалаў. Няцяжка здагадацца, што тэта ідэолагі сумнавядомага «заходнерусізму», якія дапамагалі самадзяржаўю пазбавіць беларускі народ уласнай нацыянальнай самасвядомасці. У гэтай сувязі трэба нагадаць выдатную працу Аляксандра Цвікевіча «Западно-русизм», за якую ён заплаціў сваім жыццём.
Гістарычны вопыт Беларусі XVI—XX стст. сведчыць, што прымус, насілле здольны зрабіць многае, але не ўсё. У прыватнасці, яны могуць падарваць нацыянальную культуру, традыцыі, сацыяльна-палітычны і духоўны менталітэт народа, унесці ў яго свядомасць чужыя, не ўласцівыя яму, несапраўдныя, фальшывыя каштоўнасці і ідэалы. Прымус можа затармазіць ісціннае, сапраўднае развіццё народнага быцця на дзесяцігоддзі і нават на стагоддзі. Але ён не здольны канчаткова зняволіць дух народа, вытравіць з яго свядомасці сапраўдныя каштоўнасці і ідэалы. Заўсёды застаецца пэўная частка народа, здольная супрацьстаяць прымусу, насіллю, захаваць і данесці да наступнага пакалення ісцінныя каштоўнасці і ідэалы народнага жыцця. Прычым значную, а магчыма, і вырашальную ролю ў справе нацыянальнага Адраджэння адыгрывае гістарычная духоўна-культурная традыцыя, што і пацвердзіла гісторыя Беларусі на працягу XVI—XX стст. I калі ў другой палове XIX — пачатку XX ст. пачалося новае Адраджэнне нацыянальнай культуры, звязанае з імёнамі В. Дуніна-Марцінкевіча, К. Каліноўскага, Ф. Багушэвіча, М. Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Вацлава Ластоўскага і іншых нашаніўцаў, навукоўцаў і грамадскіх дзеячаў 20-х гадоў XX ст., яно ў значнай ступені абапіралася на тыя каштоўнасці і ідэалы, якія былі выпрацаваны ў «восевы час» беларускай нацыянальнай культуры — эпоху першага беларускага Адраджэння. Мы, жывыя сведкі і ўдзельнікі Адраджэння беларускай культуры, якое пача­лося з канца 80-х гадоў XX ст., добра ведаем і бачым, якую вялікую ролю ў гэтым працэсе адыграў зварот да каштоўнасцей і ідэалаў першых беларускіх адраджэнцаў — Скарыны, Гусоўскага, Буднага, Цяпінскага, Сапегі і многіх іншых.
Літаратура і мастацтва. 1999. 1 студз.
Беларуская Рэфармацыя і ідэя суверэнітэту
1995 год быў аб’яўлены годам Мікалая Радзівіла Чорнага (1515—1565). Побач з Астафіем Валовічам і Львом Сапегам ён належыць да дзяржаўных дзеячаў кшталту Рышалье, Бісмарка, Сталыпіна, Чэрчыля і падобных да іх. Канцлер Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага,
віленскі ваявода, а фактычна некаранаваны кароль беларуска-літоўскай дзяржавы, які вызначаў яе унутраную і знешнюю палітыку, дыпламат, «бацька» і галоўны апякун айчыннай Рэфармацыі, мецэнат, якому мы абавязаны Брэсцкай і Нясвіжскай друкарнямі, дзе былі выдадзены знакамітыя Біблія, беларускі «Катэхізіс», іншыя кнігі, і г. д.
Прыхільнасць Мікалая Радзівіла Чорнага Рэфармацыі некаторыя даследчыкі звязвалі з яго быццам бы сепаратысцкімі тэндэнцыямі, жаданнем ператварыць падуладныя яму землі ў сваё ўдзельнае княства, легкадумным рэлігійным франдзёрствам і г. д. Але ж факты сведчаць, што дзейнасць канцлера ў гэтым напрамку была больш сур’ёзнай і палітычна спелай, мела самыя высакародныя гістарычныя мэты. Для яго рэлігійна-царкоўны суверэнітэт з’яўляўся сродкам захавання суверэнітэту дзяржаўнага [111; 178].
18 красавіка 1563 г. Сымон Будны накіраваў з Клецка ў Цюрых ліст да швейцарскага тэолага-кальвініста Генрыха Булінгера, у якім прыведзены унікальныя звесткі аб пачатку рэфармацыйнага руху ў Вялікім княстве Літоўскім. Будны піша, што пасля таго, як «святло слова Боскага заззяла ў Германіі, Швейцарыі, Англіі, Францыі», у хуткім часе яно дасягнула і «нашых краёў», «азарыла канцлера нашага Мікалая Радзівіла, князя на Аліцыі і Нясвіжы». Ён не толькі «разам са сваім дваром прыняў вучэнне Хрыста, але і вырашыў, што ўсе людзі, якія знаходзяцца пад яго ўладай, павінны быць асвечаны гэтым вучэннем». Рэалізаваць гэтую задачу Радзівіл узяўся без прамаруджання. Ён прыцягнуў да справы «набожных міністраў евангелля», якія складаліся галоўным чынам з маладых, энергічных і адукаваных людзей, выхаванцаў Кракаўскага універсітэта, і даручыў ім кіраваць рэфармацкімі суполкамі. Многія касцёлы і цэрквы, якія знаходзіліся ва ўладаннях князя, былі «перапрафіліраваны» ў зборы, або пратэстанцкія храмы. Рэформай, падкрэслівае Будны, было ахоплена як каталіцкае, так і значная частка праваслаўнага насельніцтва [106].
Як вядома, Рэфармацыю ў ВКЛ падтрымалі не толькі Мікалай Радзівіл Чорны, яго браты і некаторыя нашчадкі, але даволі значная частка беларускай і літоўскай арыстакратыі, панства, шляхты. Пратэстантамі, альбо евангелі-
камі-рэфарматарамі, гарачымі прыхільнікамі Рэфармацыі былі такія выдатныя грамадскія дзеячы, як Астафій Валовіч, Леў Сапега, Мікалай Монвід-Дарагастайскі і некаторыя іншыя, якія адыгралі рашаючую ролю ў дзяржаўным, палітычным, рэлігійным, культурным жыцці ВКЛ, у прыватнасці Беларусі XVI — пачатку XVII ст. Спачуваў Рэфармацыі кіеўскі ваявода, лідэр праваслаўнай партыі князь Канстанцін Астрожскі.
У чым прычына такой прыхільнасці, такіх рашучых крокаў, чаму прадстаўнікі старажытных беларускіх праваслаўных і каталіцкіх знакамітых радоў, па сутнасці беларуская феадальная і інтэлектуальная эліта, парывалі з традыцыйнай рэлігіяй, адмаўляліся ад веры бацькоў, уступалі ў канфлікт і са сваімі сем’ямі, і са сваім станам, і з каралеўскай уладай, і з канстанцінопальскім патрыярхам або рымскай курыяй?! Канечне, прычына не ў асабістых амбіцыях, шляхецкім свавольстве, даніне модзе і да т. п., а ў свядомай светапогляднай і грамадзянскай пазіцыі, у жаданні рэфармаваць наяўнае рэлігійнае, сацыяльна-палітычнае, эканамічнае, духоўна-культурнае жыццё грамадства.
Справа ў тым, што з пачатку XVI ст. у духоўным жыцці ВКЛ, беларускім менталітэце ўсё большую сілу набываюць ідэі Адраджэння і Рэфармацыі, якія істотна ўплываюць на грамадскую свядомасць, дзейнасць асобных людзей і сацыяльных труп. Фундаментальнай ідэяй гэтых рухаў была ідэя свабоды, менавіта на хвалі Адра­джэння і Рэфармацыі фарміруецца ідэя свабоды, суверэнітэту ва ўсіх яе аспектах — рэлігійным, нацыянальнакультурным, дзяржаўным. Рэфармацыя, сцвердзіўшы прынцып асабістых адносін да Бога, праклала шлях не толькі да рэлігійнай, але і да нацыянальна-культурнай свабоды. Францыск Скарына, папярэднік беларускай Рэфармацыі, сваім перакладам Бібліі, патрыятызмам, абгрунтаваннем такіх каштоўнасцей, як родная мова, радзіма, веды, мараль і наогул духоўнасць, паклаў пачатак ідэі беларускага нацыянальна-культурнага суверэнітэту. Вялікая заслуга мысліцеля ў абуджэнні нацыянальнай самасвядомасці белару­скага народа, што з’яўляецца асновай ідэі суверэнітэту. Ідэя нацыянальна-культурнага суверэнітэту, як вядома, была падтрымана і распрацавана рэфарматарамі Сымонам Будным і асабліва Васілём Цяпінскім у знакамітых
прадмовах да «Катэхізіса» і «Евангелля». Самое выданне «Катэхізіса» на народнай беларускай мове, да чаго мелі дачыненне разам з Сымонам Будным Мацей Кавячынскі і Лаўрэн Крышкоўскі, з’явілася эпахальнай падзеяй у гісторыі станаўлення ідэі беларускага нацыянальна-культурнага суверэнітэту.
Нацыянальна арыентаванымі былі беларускія магнаты пратэстанты Астафій Валовіч, Леў Сапега і некаторыя іншыя. Безумоўна, галоўны ўклад гэтых, можна сказаць, стаўпоў нацыі ў сцвярджэнні дзяржаўнага суверэнітэту, але ж яны многа зрабілі на ніве беларускай культуры: кнігавыдання, школьнай адукацыі, роднай мовы. Прывядзём адзін малавядомы, але характэрны прыклад. Калі рыхтавалася другое выданне Статута Вялікага княства Літоўскага (1566), некаторыя члены рэдакцыйнай камісіі (Аўгусцін Радундус, Пётр Раізій) настойвалі на падмене беларускай мовы мовай лацінскай. Але гэтаму запярэчылі патрыятычна настроеныя беларускія юрысты, у прыватнасці пісар велікакняжацкай канцылярыі кальвініст Марцін Валадковіч і некаторыя іншыя. Іх падтрымаў кіраўнік статутавай камісіі канцлер Астафій Валовіч, у выніку чаго Ста­тут быў апублікаваны на беларускай мове. Магчыма, дыскусія паміж «лацінікамі» і «беларусістамі» працягвалася далей, у перыяд падрыхтоўкі Статута 1588 г. Прычым на карысць «беларусістаў». Ва ўсякім разе ў адной са сваіх прадмоў да Статута Сапега з гордасцю сцвярджаў, што «мы не обчым якім языком, але сваим власным права списаныя маем». Менавіта ў Статуце 1588 г. было зафіксавана, што «писар земский мает по руску, литерами и словы рускими, вси листы, выписы и позвы писати, а не иншым езыком и словы».
Вельмі прывабнай для пэўных колаў грамадства ВКЛ, галоўным чынам буйных феадалаў, а таксама гараджан, была ідэя царкоўнай незалежнасці, якую, як вядома, змяшчала ў сабе Рэфармацыя. Евангелісцка-рэфармацкая царква ўяўлялася Мікалаем Радзівілам Чорным, Мікалаем Радзівілам Рудым і іншымі ў якасці самастойнай нацыянальна-дзяржаўнай царквы, незалежнай, з аднаго боку, ад Рыма, з другога — ад Канстанцінопаля і Масквы. Была створана аўтаномная адміністрацыйна-тэрытарыяльная царкоўная сістэма (шэсць дыстрыктаў — Віленскі, Завілейскі,