Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры  Сямен Падокшын

Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры

Сямен Падокшын
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 316с.
Мінск 2003
66.7 МБ
Што тычыцца дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, то тут найбольшыя дасягненні існавалі ў галіне керамікі, вырабу кафляў і посуду (Гродна, Полацк, Віцебск, Мінск, Брэст, Орша і інш.). Кафлямі аздабляліся інтэр'еры феадальных замкаў, палацаў, дамоў заможных мяшчан. У дэкоры айчынных кафляў XV—XVI стст. знайшоў адлюстраванне мастацкі стыль готыкі і Адраджэння. Вырабляліся кафлі з партрэтнымі выявамі. Разнастайнасцю форм і аздаблення вылучаўся кухонны і сталовы посуд XVI ст. 3 сярэдзіны XVI ст. пачынаюць вырабляцца айчынны маёлікавы посуд і паліхромныя кафлі. Развіваюцца такія віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, як апрацоўка косці, выраб мэблі, мастацкіх тканін. Мэбля размалёўваецца свецкімі і рэлігійнымі сюжэтамі, аздабляецца фігурнымі выявамі, што характэрна для дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Рэнесансу.
Беларускімі залаташвачкамі засвойваюцца тэхнічны, сюжэтны і арнаментальны прыёмы рэнесансавай вышыўкі,
якія спалучаюцца з традыцыйнымі айчыннымі («Ты тчэш, бязвольная рука, // Заміж персідскага узора, // Цвяток радзімы васілька»).
Шкляныя рэчы ў XVI ст. вырабляліся ў 15 гарадах і мястэчках Беларусі. Узнікаюць вотчынныя шкляныя ма­нуфактуры (Гродна, в. Рыбакі пад Вільняй і інш.). Побач з асветленым вырабляецца каляровае шкло, ускладняецца дэкор шкляных вырабаў.
Высокага ўзроўню дасягнула ювелірнае мастацтва. Крыніцы сведчаць пра існаванне ў беларускіх гарадах значнай колькасці майстроў — злотнікаў, срэбранікаў, меднікаў, збройнікаў, аб цэхавых карпарацыях металістаў і ювеліраў. Вырабляліся культавыя рэчы (паціры-келіхі, крыжы, абклады евангелляў і абразоў), посуд. Каштоўнымі металамі і мінераламі аздаблялася зброя вялікага князя, магнатаў, шляхты. На гравюрах Брэсцкай Бібліі (1563) адлюстраваны шматлікія вырабы мясцовых кавалёў, майстроў па каштоўных металах. Выдатнымі помнікамі беларускага прыкладнога мастацтва XVI ст. з’яўляюцца срэбны келіх з Ружан (МБНМ у Раубічах), келіх з Новагародка (ДМ Беларусі).
3 эпохай Адраджэння знітавана развіццё мастацтва друкавання і аздобы айчыннай кнігі, на якое значны ўплыў зрабілі рукапісныя кнігі і мініяцюра. Цэнтрамі стварэння і сховішча апошніх былі Супрасльскі (тут існавала майстэрня для перапіскі і аздобы рукапісаў, пераплётная, сховішча), Жыровіцкі, Маркавы (пад Віцебскам) і іншыя беларускія праваслаўныя манастыры, кнігасховішчы і бібліятэкі буйных беларускіх, украінскіх і літоўскіх феадалаў і інш. У айчыннай мініяцюры панавала візантыйская мастацкая традыцыя, аднак выкарыстоўваліся асобныя гатычныя і рэнесансавыя прыёмы. Выдатнымі помнікамі айчыннага мастацтва з’яўляюцца рукапіснае Тураўскае (XV ст.), Ваўкавыскае (XV ст.), Жыровіцкае, Жухавіцкае (XV—XVI ст.) евангеллі. У мініяцюрах Радзівілаўскага летаnicy прасочваецца тэндэнцыя пераадолення візантыйскага стылю; кампазіцыя, манера выканання, дэталі шэрагу мініяцюр маюць заходнееўрапейскі характар.
Заходні ўплыў узмацніўся з вынаходніцтвам кнігадрукавання, што знайшло адлюстраванне ў мастацтве скары-
наўскіх выданняў. Як адзначае В. Шматаў, у кнігах Скарыны ўпершыню ў сусветным кірыліцкім друкарстве прадстаўлены амаль усе кампаненты мастацкага афармлення кнігі: тытульны ліст, франтыспіс, ілюстрацыі, партрэт, застаўкі, канцоўкі, ініцыялы, наборны арнамент. Усходнеславянскі друкар дэмакратызуе кнігу: змяншае фармат, удасканальвае шрыфт, насычае яе мастацкімі атрыбутамі, «абы братия моя русь, люди посполитые, чтучи могли лепей разумати». Высокага майстэрства дасягнулі прыёмы вёрсткі і набору пражскіх і віленскіх выданняў Скарыны. Наватарскі характар меў гравюрны цыкл скарынаўскай Бібліі. М. Шчакаціхін пісаў, што першадрукар і працаваўшыя пад яго кіраўніцтвам мастакі пры стварэнні гравюр выкарыстоўвалі мастацкія прыёмы позняй готыкі і Паўночнага Рэнесансу. Адной з крыніц ілюстрацый скарынаўскіх выданняў («Тройца» з кнігі Быцця, «Бласлаўленне» з кнігі Прамудрасць і інш.) з’яўляецца славуты гравюрны цыкл А. Дзюрэра «Апакаліпсіс» (1498). Даследчыкі ўстанавілі тоеснасць дзвюх гравюр віленскай «Малой падарожнай кніжкі» («Хрыстос у храме» і «Вадохрышча») з ілюстрацыямі нюрнбергскай «Сусветнай хронікі» (1493) Г. Шэдэля.
3 сярэдзіны XVI ст., асабліва з распаўсюджаннем рэфармацыйна-гуманістычнага руху, айчыннае кнігадрукаванне набыло масавы характар (друкарні ў Брэсце, Нясвіжы, Уздзе, Заблудаве, Цяпіне, Лоску, Вільні, Слуцку, Любчы, Магілёве і інш.). Развіваецца і ўдасканальваецца мастацтва кнігі, але ж скарынаўскія традыцыі працягваюць уплываць на беларускае друкарства (Нясвіжскі «Катэхізіс», «Евангелле» Цяпінскага і інш.). Кнігі, якія выходзілі ў свет з пратэстанцкіх друкарняў, вылучаліся высокай культурай афармлення, выкарыстоўваліся разнастайныя шрыфты, арнаментальныя аздобы, двухфарбавы друк. Некаторае падабенства да скарынаўскіх маюць гра­вюры Брэсцкай пратэстанцкай Бібліі (1563). Новыя эле­менты ў беларускую кніжную графіку ўнеслі П. Мсціславец, 1. Фёдараў (арнаментыка, шрыфты), працаваўшыя ў Заблудаўскай друкарні. Іх вучнем стаў беларус Грынь Іванавіч, пазней вядомы майстар па вырабу шрыфтоў. Беларускімі кнігавыдаўцамі братамі Мамонічамі створаны новы тып айчыннай кнігі — строгі і афіцыйны («Тры-
бунал абывацелям Вялікага княства Літоўскага», 1586; «Статут Вялікага княства Літоўскага», 1588 і інш.). Кнігі, якія выходзілі з іх віленскай друкарні, вызначаліся высокай культурай друку: шырокімі палямі, выразным паўуставам, шчодрым выкарыстаннем кінавару.
Далейшае развіццё айчыннае мастацтва кнігі атрымала ў брацкім кнігадрукаванні (Віленская, Еўінская, Куцеінская, Магілёўская і іншыя друкарні). У ім таксама наглядаецца пераемнасць традыцый выдавецкай дзейнасці Скарыны (у Віленскай і Еўінскай брацкіх друкарнях сярэдзіны XVII ст. выкарыстоўваліся дошкі Скары­ны, яго віленскія застаўкі і іншыя атрыбуты), Буднага, Цяпінскага, Мсціслаўца, Фёдарава, а таксама ўзмацненне тэндэнцый да дэмакратызацыі і секулярызацыі кнігі, ператварэнне яе ў фактар нацыянальнай культуры і асветы. Менавіта ў тэты перыяд пачынаюць выдавацца школьныя падручнікі, слоўнікі, буквары (Л. Зізанія, М. Сматрыцкага, П. Бярынды і інш.)У сувязі з Брэсцкай царкоўнай уніяй (1596) расквітнела палемічнае кнігадрукаванне, якое садзейнічала росту грамадзянскай і нацыянальнай самасвядомасці. Брацкія выдаўцы пайшлі далей у памяншэнні фармату кнігі, прыстасоўваючы яе да патрэб беларускага «паспольства». Брацкія выданні аздабляліся гравюрамі, якія былі ў значнай ступені звязаныя са спадчынай візантыйскага і ўсходнеславянскага мастацтва. Па сваіх сюжэтах гравюры гэтых выданняў больш кананічныя і статычныя, у той жа час яны адхіляліся ад некаторых патрабаванняў праваслаўнай артадоксіі, акумулявалі дасягненні заходнееўрапейскага кнігадрукавання. У Еўінскай друкарні была выкарыстана металагравюра з выявай купала неба, знака задыяка, некаторых планет («Панегірык на шлюб Аляксандра Слушкі, ваяводы Мінскага», 1634). У арнаментальна-мастацкіх асаблівасцях брацкіх выданняў адчуваецца ўплыў кніжнага мастацтва Скарыны.
Высокім узроўнем мастацка-паліграфічнага майстэрства адзначаліся кнігі (рэлігійна-тэалагічныя і палемічныя трактаты, слоўнікі, падручнікі, навуковая літаратура, ка­лендарь! і г. д.), якія выходзілі з друкарні Віленскай акадэміі. Яны вылучаліся разнастайнасцю шрыфтоў, шырокім выкарыстаннем наборных упрыгожанняў, арнаменту, фігурных ксілаграфій.
Пэўных поспехаў у эпоху Адраджэння дасягнула музыкальнае мастацтва. 3 другой паловы XVI ст. узнікае айчыннае нотадрукаванне. У Брэсце (1558), Нясвіжы (1563), Любчы (1620) выдаюцца пратэстанцкія канцыяналы — зборнікі духоўных і свецкіх песень з нотным станам. Фарміруецца беларуская кантавая культура (харавыя спевы), якая развівалася на падставе не толькі царкоўнай, але і народнай музыкі і асяродкамі якой былі пратэстанцкія, праваслаўныя брацкія школы, каталіцкія калегіі, Віленская і Кіева-Магілянская акадэміі.
Беларускі тэатр узнік у далёкай старажытнасці. Яго традыцыйнай асновай з’яўляліся царкоўна-каляндарныя, сямейна-бытавыя абрады і святы, народныя ігрышчы і гульні-карагоды. Апошнія ўпершыню ўпамінае ў сваіх «Словах» (XII ст.) Кірыла Тураўскі. Пра шырокае распаўсюджанне карагодных гульняў у Беларусі ў эпоху Ад­раджэння сведчыць Нясвіжскі «Катэхізіс» (1562). На народ­най падставе складвалася мастацтва папярэднікаў прафесійных акцёраў — скамарохаў, якія са старажытных часоў выступалі на плошчах гарадоў, мястэчак, вёсак, у замках і хатах (пра іх існаванне ў XVI ст. сведчаць матэрыялы Віленскага сейма 1556 г.). У XVI ст. узнікае беларускі на­родны лялечны тэатр, або батлейка, які быў знітаваны з мастацтвам скамарохаў і адыграў вялікую ролю ў станаўленні нацыянальных тэатральных традыцый. Драматургічным матэрыялам беларускай батлейкі былі рэлігійныя, жыццёвыя, фальклорныя сюжэты. Батлейка аб’яднала такія кампаненты тэатральнага мастацтва, як маналог, дыялог, танец, песня. 3 другой паловы XVI ст. бярэ пачатак айчынны школьны тэатр, фундаментам якога з’яўляліся каталіцка-езуіцкія калегіі, праваслаўныя брацкія школы, акадэміі. Канцэптуальнай асновай яго дзейнасці быў погляд на мастацтва як на сродак выхавання і адукацыі, на што ў свой час звярнуў увагу Скарына. Аднак школьны тэатр выконваў не толькі маральна-адукацыйную, але і эстэтычнавыхаваўчую функцыю, садзейнічаў развіццю ў моладзі пачуцця прыгожага. Сюжэтамі школьных драм з’яўляліся падзеі з Бібліі, жыцця святых, антычнай міфалогіі, гісторыі. Шырока практыкаваўся паказ кароткіх народных жартоўнасатырычных сцэн — інтэрмедый. Першыя школьныя тэатры ўзніклі ў Полацку (1575), Пінску (1632), Гродне
(1650). У сярэдзіне XVII ст. сярод вучняў праваслаўнай брацкай школы пры Богаяўленскім манастыры (Полацк) разгарнуў сваю драматургічна-тэатральную дзейнасць Сімяон Полацкі. Ён жа выступіў у якасці драматурга («Прытча пра блуднага сына», «Пра Навухаданосара цара») і арганізатара тэатральнай справы ў Расіі. Беларускія акцёры, мастакі, рамеснікі прымалі ўдзел у стварэнні тэатра пры двары цара Аляксея Міхайлавіча (сярэдзіна XVII ст.). Пачынаючы з канца XVI ст. айчыннае тэатральнае мастацтва развівалася ў рэчышчы эстэтыкі барока.
Каштоўнасці і ідэалы беларускага Адраджэння (беларускае Адраджэнне XVI — пачатку XVII ст. і сучаснасць)