Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры
Сямен Падокшын
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 316с.
Мінск 2003
У сусветнай і айчыннай паліталогіі акрэслена кола прынцыпаў і ідэй, якія складаюць сутнасць лібералізму і дэмакратыі. Лібералізм ёсць канцэпцыя, якая сцвярджае свабоду індывіда, асобы і адхіляе ўсё, што перашкаджае гэтай свабодзе [74, с. 1—24]. Асноватворнымі каштоўнасцямі гэтай свабоды прызнаюцца приватная ўласнасць, асабістая бяспека, прадпрымальніцкая, або эканамічная, ініцыятыва, надзейная прававая абарона маёмасці і чалавечай годнасці, магчымасць актыўнага ўдзелу ў палітычным, грамадскім, культурным жыцці і інш. Згодна з ліберальнай ідэяй, чалавек павінен стаяць на першым месцы ў сістэме экзістэнцыяльных каштоўнасцей і ісціннасць дзяржаўна-прававых інстытутаў залежыць ад таго, у якой ступені яны абараняюць інтарэсы асобы.
Уласнасць, асабістая годнасць і бяспека з’яўляюцца натуральным!, непахіснымі, свяшчэннымі правам! чалавека, якія складаюць прадмурак усякага цывілізаванага грамадства, гэта — асноватворныя грамадзянскія свабоды. Але гэтыя свабоды будуць надзейна забяспечаны толькі ў тым выпадку, калі яны падмацоўваюцца дэмакратычнымі палітычнымі інстытутамі. Наяўнасць такіх інстытутаў, якія абараняюць асноўныя правы чалавека, складае сутнасць палітычнай свабоды. Палітычная свабода з’яўляецца дадаткам свабоды грамадзянскай, яе асноўнай гарантыяй.
Дэмакратыя — паняцце гістарычнае, яе антычнае разумение, спрошчанае і прымітыўнае, вельмі далёкае ад сучаснага. У адпаведнасці з сучаснай ліберальна-дэмакратычнай дактрынай цывілізаванае грамадства прадугледжвае наяўнасць канстытуцыйнага ладу, які грунтуецца на двух асноўных прынцыпах — вяршэнства закону і падзелу ўлады. Прынцып вяршэнства закону нарадзіўся ў антычнасці, у новы час яго першым найбольш выразна сфармуляваў Леў Сапега ў сваіх прадмовах да Статута Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага 1588 г., пра што больш падрабязна будзе гаварыцца ніжэй. Другі асноватворны прынцып сучаснай дэмакратыі — падзелу ўлады — упершыню быў абгрунтаваны Шарлем Луі Мантэск’е (1689—1755) у адзінаццатай кнізе яго сачынення «Аб духе законаў» (1748). «Каб не было магчымасці злоўжываць уладай, — пісаў французскі філосаф, — неабходны такі парадак рэчаў, пры якім розныя ўлады (заканадаўчая, выканаўчая і судовая. — С.П.) маглі б узаемна стрымліваць адна другую ... Усё загінула б, калі б у адной і той жа асобе або ўстанове ... былі аб’яднаны гэтыя тры ўлады: улада ствараць законы, улада выконваць пастановы агульнадзяржаўнага характару і ўлада судзіць злачынства або справы прыватных асоб» [86, с. 289—291]. Мантэск’е прыходзіць да высновы, вельмі актуальнай і ў наш час: сканцэнтраванне ўлады ў адной з галін — разбуральнае для грамадства, свабод і правоў чалавека, дэмакратыі.
Зразумела, што сучасная канцэпцыя дэмакратыі не абмяжоўваецца двума вышэйпамянёнымі прынцыпамі. Яна змяшчае ў сабе ідэі ўзаемнай прававой адказнасці [144], сацыяльнага партнёрства і згоды, наяўнасці апазіцыі, дэцэнтралізацыі і дэбюракратызацыі дзяржаўнага кіравання, эвалюцыйнай перабудовы грамадства і палітычнага ладу, г. зн. рэформ, а не сацыяльна-дзяржаўных узрушэнняў і г. д.
1 нарэшце, апошняя папярэдняя заўвага. Звычайна нараджэнне дэмакратыі як формы ўлады абумоўліваюць удзелам ў палітычным жыцці антычнага поліса (горада — дзяржавы) простага, але свабоднага народа — дэмасу. Аднак у новы час, пачынаючы з Сярэднявечча, узнікненне дэмакратычных традыцый звязана не толькі з сацыяльнапалітычнай дзейнасцю гараджан, але і з арыстакратычнай апазіцыяй. Так, Вялікая хартыя вольнасцей (1215) і ўзнік-
ненне англійскага парламенту (1265) з’явіліся вынікам дзейнасці галоўным чынам баронаў і рыцараў. Многія грамадзянскія і палітычныя свабоды, якія былі зафіксаваны на працягу XV—XVII стст. у прывілеях, статутах Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, таксама былі прыняты пад моцным націскам беларускай і літоўскай магнатэрыі і шляхты. Нягледзячы на тое, што як англійскія, так і беларускія феадалы дзейнічалі галоўным чынам у сваіх саслоўных інтарэсах, яны — хацелі таго, ці не — стымулявалі дэмакратычны працэс, падахвочвалі да барацьбы за правы і свабоды ніжэйшыя сацыяльныя пласты грамадства.
Беларуская дзяржаўная практыка і палітычная думка XVI—XVII стст. грунтаваліся як на айчыннай, так і на агульнаеўрапейскай падставе. Што тычыцца еўрапейскай сярэднявечнай палітычнай тэорыі, то тут у асноўным панавала вучэнне пра дзяржаву Арыстоцеля. Некалькі пазней, у эпоху Адраджэння, папулярнымі сталі таксама грамадска-палітычныя ідэі Цыцэрона. Не з’яўлялася выключэннем і беларуская паліталогія, у прыватнасці, Францыск Скарына, Леў Сапега, Андрэй Волан і многія іншыя былі палкімі прыхільнікамі арыстоцелеўскай і цыцэронаўскай палітыка-прававой дактрыны.
Арыстоцель вучыў, што ў аснове ўсялякай палітычнай дзейнасці ляжыць этычны сэнс. Улада з’яўляецца толькі сродкам, прыладай дзеля дасягнення шчаслівага і прыстойнага жыцця. Зыходзячы з гэтага крытэрыю, Арыстоцель налічваў тры правільныя (царская ўлада, арыстакратыя, паліція) і тры няправільныя (тыранія, алігархія, дэмакратыя) віды дзяржаўнага ладу. Узнікае заканамернае пытанне: чаму па арыстоцелеўскай разнарадцы дэмакратыя трапіла ў лік няправільных дзяржаўных форм?!
Справа ў тым, што крытэрыем павільнасці ці няправільнасці таго або іншага дзяржаўнага ладу старажытнагрэчаскі філосаф лічыў тое, у якой ступені ў ім рэалізавана агульнае дабро (общее благо). Дэмакратыя (у яе антычным разуменні) — гэта ўлада беднай большасці, простата народа, між тым у склад грамадства ўваходзяць і іншыя сацыяльныя пласты, у якіх ёсць свае інтарэсы і мэты. Каб захаваць адноснае грамадскае адзінства, пра-
духіліць разбуральныя сацыяльныя канфлікты, дзяржава павінна ўлічваць інтарэсы ўсіх грамадзян. На думку Арыстоцеля, гэтую функцыю здольна выконваць паліція, дзяржаўная форма, пры якой улада знаходзіцца не ў беднай большасці, і не ў багатай меншасці, а ў руках «сярэдняга класа». Менавіта людзі «сярэдняга дастатку» здольны падтрымліваць грамадскую раўнавагу.
Сродкамі, якімі ў грамадстве і дзяржаве забяспечваецца агульнае дабро, сацыяльная згода, з’яўляюцца, мяркуе Арыстоцель, мараль і права. Менавіта яны ўстанаўліваюць правіла гульні, якая называецца нармальным, г. зн. цывілізаваным і шчаслівым грамадскім і прыватным жыццём. У адрозненне ад Платона Арыстоцель быў палітычным рэалістам. Ён не будаваў утопіяў і даволі цвяроза ацэньваў сучаснага чалавека. Мараллю могуць кіравацца толькі выбраныя, мудрацы і філосафы. Для асноўнай жа масы грамадзян неабходны пэўны прымус, і ролю такога прымусу выконвае права, закон. I Арыстоцель, і яго паслядоўнік Цыцэрон лічылі права галоўным рэгулятарам грамадскага жыцця. «Улада закону ёсць улада Бога», — сказана ў арыстоцелеўскай «Палітыцы». «Мы з’яўляемся нявольнікамі законаў, каб быць свабоднымі», — гаварыў Цыцэрон. На гэтае выказванне антычных мысліцеляў спасылаюцца і Леў Сапега, і Андрэй Волан. Такім чынам, Арыстоцель, а за ім і Цыцэрон сфармулявалі некаторыя асноватворныя прынцыпы дэмакратыі ў яе сучасным разуменні — гэта ідэя агульнага дабра, грамадскай згоды, вяршэнства закону. Меркаванне, што ўлада большасці і ёсць дэмакратыя — памылковае. Гэта геніяльна зразумеў і паказаў Арыстоцель. Меншасць таксама частка народа, і калі яе інтарэсы не будуць улічвацца, у грамадстве не будзе ні згоды, ні міру. Канешне, большасць можа падпарадкаваць меншасць, як гэта вынікае з добра нам вядомага прынцыпу «дэмакратычнага цэнтралізму», але ж тады гэта ўжо не будзе сапраўднай дэмакратыяй.
Як вядома, ідэі дэмакратыі, або народакіравання і лібералізму, былі развіты і распрацаваны новай еўрапейскай і амерыканскай думкай (Т. Гобс, Дж. Лок, Ж.-Ж. Русо, Т. Пэйн, Т. Джэферсан і інш.).
Значны ўклад у станаўленне тэорыі дэмакратыі і лібералізму ўнеслі беларускія мысліцелі, якія абапіраліся як
на айчынныя, так і на агульнаеўрапейскія духоўна-культурныя традыцыі. I тут першынствуючую ролю адыгрываюць три эпахальныя дакументы — гэта прадмовы Франциска Скарыны да беларускай Бібліі (1517—1522), статуты Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, асабліва трэцяя рэдакцыя з геніяльнымі прадмовамі Льва Сапегі (1588) і, нарэшце, трактат Андрэя Волана «Пра палітычную, або грамадзянскую, свабоду» (1572), у якім адлюстраваны погляди на дзяржаўную ўладу і грамадства рэнесансава-гуманістычна арыентаванай беларускай шляхты.
Скарына, як і Арыстоцель, лічыў, што грамадства цэментуе ідэя агульнага дабра («посполитого доброго»). Абавязак улады, як і кожнага грамадзяніна, — кіравацца перш за ўсё гэтай ідэяй. Аднак у адрозненне ад Арыстоцеля Скарына — хрысціянін, і ў яго канцэпцыі разам і побач з ідэяй агульнага дабра стаіць ідэя любові да канкрэтнага чалавека, перш за ўсё чалавека «простага, паспалітага». У аснове дзейнасці ўлады, лічыў ён, абавязаны ляжаць чалавекалюбства і справяддівасць. На гэтых прынцыпах складаюцца законы, ажыццяўляецца правасуддз.е і дзяржаўнае кіраўніцтва. Скарына падзяляў пункт гледжання Арыстоцеля, згодна з якім для чалавека маральна дасканалага права не патрэбна. Але ж, як і старажытнагрэчаскі філосаф, ён быў рэалістам і лічыў, што сучасны яму чалавек вельмі далёкі ад ідэалу і таму «вчинены суть права, или закон, для людей злых, абы боячися казни (пакарання. — С.П.) усмирили смелость свою и моци не имели иным ушкодити» [136, с. 95]. Скарына першы ў гісторыі беларускай палітыка-прававой думкі даволі блізка падышоў да ідэі вяршэнства закону. Вялікае значэнне надаваў ён удасканаленню існуючай судовай сістэмы Вялікага княства Літоўскага. «Судьи и справце, — пісаў ён, спасылаючыся на Другазаконне, — да судять людей судом справедливым, и да не уклонятся ни на жадную страну, и да не зрять на лица, и не приимають даров, понеже дарове ослепяюць очи мудрых людей и зменяють слова справедливых» [136, с. 115].
Трэба адзначыць яшчэ адзін момант, які сведчыць пра дэмакратызм і лібералізм светапогляду Скарыны. Гэта думка пра тое, што дзейнасць як грамадзяніна, так і ўлады
павінна быць не толькі сацыяльна, але і нацыянальна арыентаванай. Ва ўсіх сваіх прадмовах, асабліва ў знакамітай прадмове да кнігі Юдзіф, ён заклікаў усіх беларусаў, у тым ліку і дзяржаўных дзеячаў, не шкадаваць «всякого тружания и скарбов для посполитого доброго и для отчины своея». Гісторыя пацвердзіла, што нацыянальнакультурная арыентацыя — неад’емная якасць грамадскага і дзяржаўнага дзеяча-дэмакрата.