Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры
Сямен Падокшын
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 316с.
Мінск 2003
Самадзяржаўна-вялікадзяржаўная палітычная сістэма. На паўночна-ўсходніх землях былой «імперыі Рурыкавічаў», у прыватнасці ў Вялікім княстве Маскоўскім, складваец-
ца адметная ад ВКЛ дзяржаўная сістэма, несумяшчальная з прынцыпам палітычнай свабоды. Калі ў Вялікім княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім адбываецца кампраміс паміж рэспубліканска-вечавым і самаўладна-княжацкім пачаткам, то маскоўская палітычная сістэма фарміравалася як выключна княжацка-самадзяржаўная. Вялікі ўплыў на станаўленне палітычнай сістэмы Маскоўскай дзяржавы аказала мангола-татарскае іга. У сваіх адносінах з рускімі князямі мангола-татарскія ханы карысталіся прынцыпам «падзяляй і пануй». Яны заахвочвалі княжацкае саперніцтва, асабліва паміж Масквою і Цверу, аддавалі ярлык на вялікае княжанне таму князю, які дасць большы «выхад», або даніну. Ва ўмовах ардынскага прэсінгу маскоўская велікакняжацкая ўлада набывала рысы азіяцкага спосабу палітычнай дзейнасці, якасці гранічнай жорсткасці ў барацьбе са сваімі сапернікамі, вымушана была праяўляць хітрасць, уменне лавіраваць, карыстацца супярэчнасцямі ў стане ворагаў.
Уласцівая маладой рускай дзяржаве неабходнасць захавання агульнага абумовіла зняважлівасць да індывідуальнага, інтарэсаў і правоў чалавечай асобы, паступова ператвараючы гэтую сітуацыю ва ўстойлівую духоўна-палітычную традыцыю, характэрную рысу расійскага менталітэту. Стыль мангола-татарскіх заваёўнікаў у шэрагу істотных момантаў увайшоў у характар маскоўскай самадзяржаўнай улады, абумовіўшы выключна сілавы спосаб яе аб’яднальнадзяржаўнай дзейнасці, пра што сведчаць адносіны Масквы з Ноўгарадам Вялікім і Псковам. У гэтым палітычным сэнсе рускія еўразійцы, відаць, маюць рацыю, мяркуючы, што Маскоўская дзяржава з’яўляецца ў большай ступені спадкаемніцай «імперыі Чынгізідаў», а не «імперыі Рурыкавічаў» [78].
Палітычная сістэма Маскоўскага княства складвалася не толькі як самадзяржаўная, але і вялікадзяржаўная. Ідэалагічнай падставай велікакняжацкай палітыкі Маскоўскага княства, а потым і Расійскай дзяржавы была тэза, што маскоўскі князь, а потым і цар з’яўляецца адзіным легітымным спадкаемцам улады вялікіх князёў кіеўскіх, а таксама ўсіх зямель, якія ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі, г. зн. беларускіх і ўкраінскіх зямель.
Трэба адзначыць, што гэта пасылка ў сваёй падставе была негістарычнай і фальшывай, што рабіла негістарычнай і фальшывай усю маскоўскую палітычную канцэпцыю першапераемства. Як даказалі даследчыкі і сярод іх выдатны рускі гісторык М. К. Любаўскі, паняцці «Русь», «Руская зямля», «русіны» сваім паходжаннем не знітаваны з Паўночна-Усходняй Руссю, Расіяй. Першапачаткова даныя паняцці ўзніклі ў адносінах да земляў Сярэдняга Падняпроўя, г. зн. да беларуска-ўкраінскай тэрыторыі, а ўжо потым распаўсюдзіліся на ўвесь усходнеславянскі рэгіён. Згодна Любаўскаму, Беларусь і Украіна — гэта першапачатковая, «исконная» Русь. Маскоўская ж дзяржава, Расія — Русь другасная. Яна ўзяла гэтую назву ад заходніх і паўднёва-заходніх зямляў былой Кіеўскай Русі. На думку Любаўскага, не Маскоўская, а Літоўска-Руская (г. зн. беларуска-ўкраінска-літоўская) дзяржава з’яўляецца «прямым продолжением, дальнейшим развитием истории Киевской Руси» [77, с. 1,9].
Мадыфікацыі свабоды ў грамадскім жыцці Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. У нашы намеры не ўваходзіла жаданне маралізаваць наконт гісторыі, нешта ганіць або ўхваляць. Даследчык, гісторык не мараліст, а канстататар і аналітык. Кожны народ, кожная дзяржава мае свой гістарычны лёс, які залежыць ад шэрагу абставін, непадуладных чалавечай волі. Задача даследчыка sine ira et studio (без гневу і прадузятасці) прааналізаваць тэты лёс, сказаць народу праўду пра яго мінулае, сучаснае і будучае, якая б горкая яна ні была.
Калі Руская дзяржава фарміравалася на падставе падпарадкавання ўсіх і ўся волі самадзяржаўнага гаспадара, то Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае, інтэграваная беларуска-ўкраінска-літоўская дзяржава, утваралася, з аднаго боку, пераважна шляхам дагаворным паміж этнасамі і веравызнаннямі, з другога — паміж велікакняжацкай, а потым і каралеўскай уладай і феадальным грамадствам.
Гэтая акалічнасць прадвызначыла фарміраванне палітыка-прававой сістэмы дзяржавы, адносін паміж уладай і рознымі этнасацыяльнымі і рэлігійнымі групоўкамі, уяўленняў аб сутнасці свабоды.
Шматвяковая барацьба розных этна-рэлігійных груповак шляхты ўжо на пачатку XV ст. дала пэўныя вынікі
адносна ўсталявання ў грамадстве ВКЛ элементаў палітычнай, прававой свабоды. Так, калі Гарадзельскі прывілей 1413 г. вызначаўся яўнай дыскрымінацыяй у адносінах да праваслаўных феадалаў, то велікакняжацкія прывілеі ад 15 кастрычніка 1432 г. і ад 6 мая 1434 г. ураўноўвалі ў маёмасных правах праваслаўных і каталіцкіх феадалаў, а грамата вялікага князя і караля Казіміра ад 2 мая 1447 г., выдадзеная «прэлатам, княжатам, рыцарам, шляхцічам, баярам» Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, ураўноўвала іх у правах з польскай шляхтай. Названия дакументы не толькі юрыдычна афармлялі пэўныя шляхецкія свабоды, але і змяшчалі асобныя рысы прававой дзяржавы: ідэю вяршэнства закону, абарону асабістых і маёмасных правоў і свабод чалавека, дзяржаўнага суверэнітэту і інш. У граматах 1434, 1447 гг. было зафіксавана палажэнне, згодна з якім ні падазрэнне, ні данос не з’яўляюцца падставай для абвінавачвання, шляхціц, а таксама месціч могуць быць прыцягнуты да адказнасці толькі праз суд «водлуг права христианского». У прывілеі 1447 г. сцвярджалася, што за злачынства чалавека не адказваюць ні яго сын, ні жонка, ні бацька, ні слуга. Там жа было запісана, што «княжаты, рыцары, баяры, шляхцічы» могуць «выехати з наших земель ... для лепшага шчастья набытйя», г. зн. феадалам было дадзена права свабоднага выезду за мяжу. Пазней гэта права было распаўсюджана на ўсе станы (Статут ВКЛ 1566 г.) [164, с. 144—145]. Значна пашыраў шляхецкія свабоды прывілей Аляксандра ад 1492 г. Канстатавалася, што вялікі князь можа скасаваць ці змяніць старыя законы толькі са згоды паноў-рады, сцвярджалася, што ніхто не можа быць пазбаўлены «вряда» без рашэння суда, рэкамендавалася на дзяржаўныя пасады назначаць людзей высокамаральных і годных і г. д. Нягледзячы на тое, што агульнадзяржаўнае права, якое складвалася, у сваёй падставе з’яўлялася феадальным, замацоўвала грамадзянскія свабоды пераважна шляхты, яно не было вузкасаслоўным, а мела значэнне і для «люду паспалітага». Так, прывілеем ад 7 снежня 1506 г. падданым дазвалялася скардзіцца на службовых асоб і на рашэнні, якія імі прымаліся.
Вялікі ўплыў на сцвярджэнне палітычнай свабоды ў краіне, станаўленне гэтага паняцця аказаў беларускі горад, асабліва сацыяльна-эканамічнае і палітычнае жыццё
такіх буйных гарадоў, як Полацк, Вільня, Віцебск, Магілёў, Мінск, Брэст, Гродна і інш. Важным праяўленнем гарадской свабоды было права на самакіраванне, або так званае магдэбургскае права, якое абмяжоўвала ўладу велікакняжацкіх чыноўнікаў, абараняла месцічаў ад самавольства феадалаў, давала рамеснікам і купцам шэраг эканамічных, палітычных і юрыдычных прывілеяў. Яшчэ раз адзначым, што традыцыі самакіравання, палітычных і прававых свабод беларускіх гарадоў не былі цалкам запазычаны з Захаду (у гэтым сэнсе ВКЛ само ўяўляла тыповы Захад), не прыйшлі поўнасцю з магдэбургскім правам, а ўзніклі яшчэ ў эпоху Кіеўскай Русі. Маецца на ўвазе вечавы лад Полацка, які, па меркаванні 3. Ю. Капыскага, склаў цэлы этап у яго палітычнай гісторыі [67, с. 5]. У якой ступені беларускія мяшчане цанілі свае палітычныя свабоды, сведчыць наступны факт: калі за ўдзел у расправе над Кунцэвічам віцябляне былі пазбаўлены магдэбургскага права, яны, паведамляў уніяцкі мітрапаліт Іосіф Руцкі, «больш аплаквалі гэтую страту, чым адсячэнне галоў сваіх суграмадзянаў» [21, с. 87].
Найбольш несвабодным у сацыяльна-прававых адносінах было сялянскае саслоўе. I ўсё ж пэўныя элементы сялянскай прававой свабоды існавалі. Па-першае, тэта копныя суды, якія ствараліся з саміх жа сялян — «копных мужоў» (капа — сялянскі сход) і дзейнічалі пад кантролем земскіх павятовых суддзяў. Па-другое, гэта права на скаргу. Крыніцы сведчаць, што ў адказ на сялянскія скаргі вялікі князь прадпісваў «всим тым, которые имения свои и оселости мают, жебы они подле статуту заховалися, а справедливость подданым во всем чинили» [12, с. 213—214].
Значную ролю ва ўсталяванні ў грамадстве прававой свабоды адыграла судова-адміністрацыйная рэформа 1564— 1566 гг., правядзеннем якой кіраваў канцлер Астафій Валовіч. Ствараліся выбарныя земскія павятовыя суды, якія не залежалі ад мясцовай адміністрацыі. Уводзіліся незалежныя ад велікакняжацкай адміністрацыі падкаморскія суды. Тым самым рэалізоўваўся адзін з найважнейшых элементаў прававой дзяржавы — раздзяленне выканаўчай і судовай уладаў. «Выбраны незалежны суд, — адзначае I. А. Юхо, — быў прасякнуты задачам! служэння не толькі інтарэсам дзяржавы, але і правам асобнага чалавека» [164, с. 120].
Ідэя свабоды ў эпоху Адраджэння і Рэфармацыі. Духоўная культура Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага XVI — першай паловы XVII ст. была пранізана ідэямі Адраджэння і Рэфармацыі [104]. Асноватворная ідэя Адраджэння — ідэя свабоды, што знітавана з пачаткам духоўнага аднаўлення і вызвалення індывіда, асобы, станаўлення самасвядомасці чалавека новага часу. Матэрыяльны і духоўны вопыт Адраджэння надзвычай наглядна дэманстраваў высокую эфектыўнасць свабоднай чалавечай дзейнасці, пераконваў, што поспех і ўзвышэнне чалавека залежаць ад яго індывідуальных якасцей, энергіі, розуму, мужнасці, таленту, прафесіяналізму, гандлёвай дасціпнасці і г. д. Менавіта пачынаючы з эпохі Адраджэння свабода зацвярджаецца ў якасці «анталагічнай першаасновы чалавечага жыцця» [151, с. 240]. На працягу XVI — першай паловы XVII ст. ідэя свабоды рашуча ўваходзіць у сацыяльную, палітычную, прававую, маральную, рэлігійную свядомасць беларуска-ўкраінска-літоўскага грамадства. Нават у першай палове XVII ст., калі ідэя свабоды зазнавала моцны ўціск з боку Контррэфармацыі, кароль і вялікі князь Уладзіслаў IV, улічваючы беларускі менталітэт і звяртаючыся да аднаго з шляхціцаў Новагародскага павета, пісаў: «Усе жыхары нашай дзяржавы не ўяўляюць сабе большага шчасця, чым свабода, за якую яны гатовы не толькі аддаць сваю маёмасць, але і рызыкаваць жыццём» [12, с. 186]. Неверагодна, каб так звяртаўся да сваіх падданых расійскі самадзержац.