Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры  Сямен Падокшын

Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры

Сямен Падокшын
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 316с.
Мінск 2003
66.7 МБ
У сваёй «Прамове» Волан паставіў перад сенатарамі пытанне ўдасканалення існуючай судовай улады. Ён лічыць, што неабходны закон, згодна якому кароль павінен даць абавязацельствы, што не будзе зацягваць разгляд любой судовай справы больш трох дзён, хутка прыме рашэнне і даб’ецца яго выканання.
Выбар Сейма 1573 г. аказаўся няўдалым. Каралём быў абраны Генрых Валуа, які праз шэсць месяцаў збег у Парыж. Аднак за час свайго кароткага каралявання ён паспеў падпісаць так званыя «Генрыхавы артыкулы», згодна з якімі Рэч Паспалітая абвяшчалася шляхецкай рэспублікай з выбраным каралём, улада апошняга была значна абмежавана Сеймам, уводзілася роўнасць усіх хрысціянскіх веравызнанняў.
Больш удалым быў выбар элекцыйнага Сейма 1575 г., які абвясціў каралём і вялікім князем Стафана Баторыя (1576—1586). Менавіта Баторый больш-менш адпавядаў таму палітычнаму і этычнаму ідэалу, які намаляваў у сва­ёй «Прамове да Сената» Андрэй Волан. 30 жніўня 1579 г.
арміяй Рэчы Паспалітай, якой кіраваў Баторый, таленавіты і вопытны палкаводзец, быў узяты Полацк, маскоўскі гарнізон капітуляваў. Хутка ваенныя дзеянні ўжо вяліся на рускай зямлі. У 1580 г. Баторыеву войску здаліся крэпасці Усвяты, Вялікія Лукі, Невель, Старая Руса. Быў абложаны Пскоў. 15 студзеня 1582 г. Маскоўская дзяржава вымушана была падпісаць з Рэччу Паспалітай перамір’е, згодна якому адмаўлялася ад Полацкай зямлі і Лівоніі. Сваім прывілеем Баторый пацвердзіў усе шляхецкія правы і свабоды, і што асабліва важна — федэрацыйны лад Рэчы Паспалітай, што рабіла ВКЛ адносна незалежнай, суверэннай дзяржавай. У адпаведнасці з Воланавымі рэкамендацыямі Баторый умацаваў цэнтральную ўладу, утва­рь^ вышэйшую апеляцыйную судовую інстанцыю — Галоўны Трыбунал ВКЛ (1581). Кароль і вялікі князь правёў ваенную рэформу, якая ўмацавала армію. Ён жа з’яўляецца заснавальнікам Віленскага універсітэта (1579).
Такім чынам, рэкамендацыі Волана, якія змяшчаліся ў яго «Прамове да Сената», часткова былі ўлічаны ўрадам новага караля. Вялікую ролю ў іх наступнай рэалізацыі адыграў палітычны аднадумец Волана канцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега.
Аналіз творчай спадчыны Андрэя Волана дае падставу меркаваць, што ён быў знаёмы не толькі з філасофіяй і палітычнай думкай антычнасці (Платон, Арыстоцель, Цыцэрон), але і з сачыненнямі італьянскіх філосафаў і палітычных мысліцеляў эпохі Адраджэння, у прыватнасці Ніколо Макіявелі (1469 —1527), аўтара твораў «Гасудар», «Разважанні пра першую дэкаду Ціта Лівія», «Гісторыя Фларэнцыі» і інш. Некаторыя ідэі Волана сугучны ідэям Франчэска Гвічардзіні (1483—1540), творы якога («Гісторыя Фларэнцыі», «Разважанні аб прамовах Макіявелі», «Дыялог пра кіраванне Фларэнцыяй», «Гісторыя Італіі» і інш.) былі напісаны ў першай палове XVI ст., а ўбачылі свет толькі ў сярэдзіне XIX ст. Воланаўскі этычны трак­тат «Пра шчаслівае жыццё, або Вышэйшае чалавечае дабро»( 1596) напісаны пад відавочным уплывам дыялога Ларэнца Валы «Пра асалоду, або Пра сапраўднае і фальшывае дабро» (першая палова XV ст.) як своеасаблівая палемічная альтэрнатыва.
Прамова да Сената Каралеўства
Польскага і Вялікага княства Літоўскага, або Якім павінна быць праўленне дабрачыннага караля
1573
Вельмі шаноўныя Панове сенатары! Прыйшоў час, калі апынуўшаяся ў цяжкім становішчы дзяржава звяртаецца да Вашай дапамогі. Так склаліся абставіны, распарадзіўся лёс, што, калі неадкладна Вы не прыдзеце на дапамогу нашай рэспубліцы, яна — і гэта ўсім бачна — апынецца на мяжы пагібелі. Кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст — нябожчык. Памёр сваёй смерцю той, хто па нашым звычаям і законам з’яўляецца адзіным захавальнікам грамадскага спакою і міра ў дзяржаве. Аднак спадзявацца на працяглае захаванне міру немагчыма, таму што ворагі, якія пагражаюць нам, вельмі шматлікія і моцныя.
Туркі, якія заўсёды імкнуцца да пашырэння сваёй імперыі, спяць і бачаць, як бы захапіць землі нашай. дзяржавы, якая страціла свайго гаспадара. Не выключана, што дзікае племя валахаў, якое не так даўно прынесла шмат крыўд нашым людзям, рыхтуецца да новага набегу. Не прапусціць зручнага моманту і Скіфія, якая прызвычаілася насычаць сваю пражэрлівую пастку рабаваннем і стала точыць супраць нас свае вострыя зубы. Масква ж, як нам дакладна вядома, трымае ля нашых межаў вялікае войска, і калі мы не будзем пільнымі і не будзем мець арміі, здольнай нас абараніць, то гэта страшыдла (не жадаю рабіць благіх прадказанняў) праглыне нас.
1	нават калі б нам не пагражала вонкавая небяспека, нашы грамадзяне не могуць сябе адчуваць спакойна ў сваёй краіне, у якой існуе магчымасць свабодна і беспакарана забіваць, што прыйшло да нас з мінулых вякоў і ўвайшло ў звычай.
Усе гэтыя бядоты рэальна пагражаюць нашай дзяржаве, і ў Вашай уладзе, шаноўныя Панове сенатары, выратаваць яе ад пагібелі. Вы ж увасабляеце саму дзяржаву, і Ваш свяшчэнны доўг і ганаровы абавязак — рупліва і аддана захоўваць і абараняць яе дабрабыт. Разам з тым я мяркую, што няма больш дзейнага сродку пазбавіць нашу дзяржаву ад названых бядот, чым без усякага прамаруджвання, у адпаведнасці з мудрым і пільным розумам, з аднадушнай Вашай згоды выбраць новага караля замест нябожчыка. Я сцвярджаю караля, а не тырана, які будзе абараняць законы і звычаі нашага народа, а не кіравацца сваімі асабістымі капрызамі, клапаціцца толькі пра сябе і прыносіць шкоду пажытку паспалітаму, народнай справе. Караля, які б наладзіў наша жыццё, а ўсе яго думы былі накіраваны на даб­рабыт грамадзян; які б, адмовіўшыся ад сваіх асабістых інтарэ-
cay, усю сваю дзейнасць накіраваў у напрамку паспалітага добрага, грамадскага дабрабыту. Вось тады абавязкова адрадзіцца сапраўдная свабода, шчаслівае жыццё і агульная бяспека. I сапраўды, няма больш зручнага шляху для дасягнення агульнага дабра, чым калі гаспадар будзе ісцінным і першым захавальнікам і выканальнікам законаў, не будзе патураць і пакідаць беспакаранымі ўсе ліхадзействы, ухіляцца ад пакарання людзей карыслівых і злачынных. Прыклады цнатлівасці, памяркоўнасці і гаспадарлівасці павінны зыходзіць ад караля, і калі б у грамадстве запанавала бездакорная маральнасць, якімі б дабротамі напоўнілася наша рэспубліка, бо нічога так не дзейнічае на паслухмяных грамадзян, як станоўчы прыклад караля.
Аднак такі лёс караля, што яго жыццё ва ўсіх на вачах. Нішто не можа быць схавана ад людской цікаўнасці, а ўсялякая тайна хутка становіцца набыткам погаласу. Што бы кароль ні рабіў за глухімі мурамі або ў сваёй спальні, хутка становіцца вядома народу. Ніхто не лічыць ганебным рабіць тое, што, як яму вядома, робіць кароль, і ніхто не будзе рабіць тое, што сам кароль не робіць. Таму дабрабыт рэспублікі залежыць ад выбрання на трон з Божай дапамогай дабрачыннага караля, бо нішто так не шкодзіць дзяржаўнай справе, як разбэшчаны правіцель. Не мне Вам напамінаць пра тое, што тыран нясе пагібель народу, што вынікам злачыннага праўлення караля з’яўляюцца страшэнныя спусташэнні і разбурэнні... Калі б мы маглі выбраць караля, які б кіраваў найлепшым чынам, мы былі б упэўнены, што дзяржаве нашай нішто не пагражае, а сама дзяржава змагла б тэта засведчыць.
Але сучасны стан спраў усяму гэтаму супярэчыць: разбураныя маёнткі, залітыя крывёю хаты, сіроты і няшчасныя ўдовы, незліч бязлітасных злачынстваў і жахлівых багахульстваў, безабаронная дзяржава ў час вайны. А таму, вяльможныя Панове сенатары, з’яўляючыся сведкамі ўсяго гэтага, прыкладзіце вышэйшыя намаганні ў выбранні такога караля, каб той, каго Вы выбярэце, садзейнічаў дабрабыту Радзімы, а не яе пагібелі. Неабмежаванае права выбрання караля будзе лічыцца неабдуманым і заганным, калі стрыно ўлады Вы ўручыце таму, хто па прычыне заганных уласцівасцей і неспрактыкаванасці непазбежна пацерпіць няўдачу. Трэба помніць, што ў чалавечым розуме маецца шмат таямнічых куткоў, а ў людскіх душах тоіцца шмат заганаў і таму вельмі часта той, хто на першы погляд выглядае дабрачынным, на самой справе аказваецца распусным. Ці ж мы не ведаем, што многія гаспадары, добрыя па натуры, з часам і па міласці лёсу рабіліся заганнымі, бо не маглі ўтрымацца ад спакусы марных рэчаў і ўрэшце ператвараліся ў лю­дзей фанабэрыстых, напышлівых, бязлітасных. Гісторыя сведчыць, што не было амаль ніводнага чалавека, атрымаўшага ўладу,
які б спачатку адзначаўся бездакорным жыццём, а потым ператвараўся ў заганную асобу. Таму нельга не ўлічваць таго, што мы можам памыліцца ў выбранні караля, прынамсі добрага ка­рали, аднак, калі мы адмовімся ад гэтага, цяжар улады ляжа на Вашы плечы, шаноўныя Панове сенатары.
Лічу, што наша дзяржава не зможа пераадолець зваліўшыеся на яе бядоты сіламі, розумам, мудрасцю, мужнасцю толькі аднаго чалавека, калі да гэтай справы не будзеце прыцягнуты Вы, яго памочнікі. Здольнасці аднаго чалавека абмежаваныя і ненадзейныя, і наш гаспадар наўрад ці зможа пераадолець усе тыя нягоды, якія навіслі над нашай дзяржавай. Толькі сумесна з Вамі ён зможа прадбачыць усе небяспекі і абараніцца ад іх. Вы, шаноўныя Панове сенатары, павінны выхоўваць караля, вучыць яго, як сумленна выконваць свае абавязкі, каб ён не змог памыліцца і каб Вас не абвінавацілі ў тым, што з’яўляецеся саўдзельнікамі яго злачынстваў. Калі дзяржава і грамадства будуць мірыцца з тым, што кароль не лічыцца з законамі, дазваляе сабе рабіць усё, што яму ўздумаецца, то Вам, шаноўныя Панове сенатары, хоць Вы і не вінаватыя, давядзецца падзяліць з ім віну, і гра­мадства, нарэшце, зразумее, што кароль грэбуе законам і ва ўсіх справах кіруецца сваімі капрызамі, а не розумам. Сёння, калі рэспубліка ў Вашай асобе ўзводзіць новага караля на трон, яна не будзе цярпець, калі на гэтым троне апынецца парушальнік законаў. Каралю ад Бога прадпісаны пэўныя нормы паводзін і ён павінен быць навучаны і выхаваны так, каб кіравацца імі на працягу ўсяго жыцця і пазбягаць ўсяго таго, што супярэчыць гэтым нормам. Калі кароль пры Вашым патуранні парушае за­коны, выкарыстоўвае ўладу не дзеля агульнага дабра, а на агульную пагібель, а Вы, шаноўныя Панове сенатары, не перашкаджаеце яго празмернаму ўладалюбству, тым самым Вы бярэце на сябе віну за дрэннае кіраванне і бядотнае становішча рэспублікі.
Не буду пералічваць усе тыя нягоды, якія наваліліся на на­шу дзяржаву, таму што нябожчык кароль не выконваў надеж­ным чынам свой абавязак. Таму Вы, успомніўшы ўсе паражэнні нашай рэспублікі і ўволю аплакаўшы дрэнны стан нашых спраў, неадкладна і энергічна вазьміцеся за іх выпраўленне, бо разладжаныя справы можна выправіць, толькі прыняўшы неабходныя меры. Аднак, шаноўныя Панове сенатары, не магу не звярнуць вашай увагі на тое, што ў значнай ступені Вы самі з’яўляецеся віноўнікамі ўсіх нашых бядотаў! Так, так, Вы, таму што не адвялі караля ад бяздзейнасці, не ўтаймавалі яго празмернае самавольства і ганарыстасць. Зразумела, не трэба думаць, што ня­божчык кароль быў настолькі дурным і абыякавым, што сам бы не змог вярнуцца з памылковага шляху на шлях ісцінны, або зрабіць гэта з Вашай дапамогай, калі б Ваша пачуццё абавязку