Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры  Сямен Падокшын

Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры

Сямен Падокшын
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 316с.
Мінск 2003
66.7 МБ
Статутныя прадмовы Сапегі і праца Волана «Аб палітычнай, ці грамадзянскай, свабодзе» з’яўляліся тэарэтычнай падставай новага, па сутнасці раннебуржуазнага палітычнага жыцця, прадвызначылі многія ідэі еўрапейскай і амерыканскай ліберальнай дэмакратыі XVIII ст.
Абарона палітычнай свабоды, або дзяржаўнага суверэнітэту. Першыя вынікі Інфлянцкай (Лівонскай) вайны, якая пачалася паміж Маскоўскай дзяржавай, з аднаго боку, Інфлянцкім (Лівонскім) ордэнам і ВКЛ — з другога, стварылі рэальную пагрозу суверэнітэту апошняга. Ужо ў 1562 г. рускім войскам была захоплена значная частка тэрыторыі Беларусі, 15 лютага 1563 г. капітуляваў Полацк. Востра паўставала пытанне пра больш цесны дзяржаўны хаўрус ВКЛ з Польшчай, пытанне палітычнай уніі. У гэтай сувязі ўзнікае прынцыповая праблема: на якіх умовах павінен
адбыцца гэты палітычны хаўрус? Польскія магнаты і шляхта настойвалі на інкарпарацыі ВКЛ у склад Кароны, значная частка беларускай і літоўскай шляхты таксама падзяляла ідэю унітарнай дзяржавы. Аднак асноўная маса беларускіх і літоўскіх магнатаў рашуча выступіла супраць інкарпарацыі, адстойваючы прынцыпы федэрацыі, ва ўмовах якой ВКЛ змагло б захаваць пэўны дзяржаўны суверэнітэт. На чале беларуска-літоўскай магнацкай апазіцыі стаялі высокаадукаваныя і патрыятычна настроеныя феадалы, якія выхоўваліся ва ўмовах інтэлектуальна-палітычнага клімату Адраджэння і Рэфармацыі, добра ўсведамлялі тое вялікае значэнне, якое для лёсу народаў ВКЛ мела палітычная свабода. Да іх ліку адносіліся Мікалай Радзівіл Чорны (памёр у 1565 г.), Мікалай Радзівіл Руды, Рыгор Хадкевіч, Мікалай Ян Нарушэвіч, Астафій Валовіч і інш. Польскаму праекту уніі тэта групоўка супрацьпаставіла свой «Праект уніі» з 15 пунктаў, якія прадугледжвалі максімальную незалежнасць ВКЛ у рамках федэратыўнага хаўрусу. Пасля шматлікіх драматычных перыпетый Люблінскім сеймам 1.07Л569 г. быў зацверджаны акт аб палітычнай уніі Польшчы і ВКЛ, які абмяжоўваў дзяржаўны суверэнітэт апошняга ў большай ступені, чым гэта планавалася беларуска-літоўскай магнацкай апазіцыяй. Тым не менш пэўны суверэнітэт ВКЛ у межах Рэчы Паспалітай захаваўся: асобная дзяржаўная адміністрацыя, войска, прававая сістэма, судовы апарат, фінансавая сістэма, у тым ліку права на эмісію, і г. д. Дзяржаўны суверэнітэт ВКЛ быў юрыдычна зафіксаваны Статутам ВКЛ 1588 г., у стварэнне якога вялікі ўклад унёс галоўны тэарэтык ідэі палітычнай свабоды і дзяржаўнага суверэнітэту ВКЛ Леў Сапега.
Адносны дзяржаўны суверэнітэт ВКЛ захоўваўся да таго часу, калі тэрыторыя апошняга была інкарпаравана ў склад Расійскай імперыі.
Контррэфармацыя: наступ на свабоду. Каталіцкі рэванш, які пачаўся ў Заходняй Еўропе на пачатку 40-х гадоў XVI ст., або Контррэфармацыя, адной з галоўных сваіх задач лічыў неабходнасць вярнуць усе хрысціянскія веравызнанні, што адкалоліся ад каталіцтва, у ранейшае, адзінае ўлонне. У канцы 60-х гадоў ён дакаціўся да ВКЛ і азнаменаваўся прыходам у краіну езуітаў, якія разгарнулі гіганцкую працу па ўзяццю пад свой кантроль царкоўнага
і палітычнага жыцця краіны, адукацыі і выхавання, кнігадрукавання і нават прыватнага сямейнага жыцця магнатаў і шляхты. Менавіта ў тэты перыяд пачалася масіраваная паланізацыя беларускага жыцця. У першую чаргу пачаўся наступ на так цяжка заваяваную прагрэсіўнай шляхтай рэлігійную свабоду, а таксама на свабоду інтэлектуальную.
Адной з праяў Контррэфармацыі была царкоўная унія. Унія — з’ява неадназначная і супярэчлівая. 3 аднаго боку, яна прадугледжвала прымусовую, аднабаковую пераарыентацыю духоўна-культурнага жыцця беларускага і ўкраінскага народаў на Захад, ліквідацыю на Беларусі і Украіне праваслаўя як самастойнага веравызнання; з другога — вызваленне ад царкоўнага і палітычнага ўплыву маскоўскага патрыяршаства і расійскага самадзяржаўя, утварэнне самастойнай нацыянальнай царквы. Галоўнай заганай царкоўнай уніі быў прымус, адмова ад рэлігійнай свабоды, верацярпімасці, якія ўсталяваліся ў ВКЛ у часы Адраджэння і Рэфармацыі [103]. Уніяцкія іерархі, у прыватнасці Іпацій Пацей, намагаліся таксама раз і назаўсёды пакончыць з пратэстантызмам, зрабіць уніяцтва і каталіцтва адзінымі, манапольнымі веравызнаннямі ў краіне [127]. Гэтыя намеры і надышоўшыя за імі прымусовыя дзеянні і насіллі ўступілі ў страшэнную супярэчлівасць з існуючым правам, Статутам ВКЛ 1588 г., якія санкцыянавалі роўнасць усіх хрысціянскіх веравызнанняў, і наогул з усім ладам талерантнага быцця народаў ВКЛ. Адной з галоўных небяспек уніяцкага руху з’яўлялася тое, што ён дэстабілізаваў грамадскае жыццё, правакаваў рэлігійныя і сацыяльныя канфлікты (Віцебская трагедыя 1623 г.), падрываў у народзе павагу да закону.
Драматычная барацьба уніятаў і антыўніятаў добра адлюстравана ў палемічнай літаратуры канца XVI—XVIII ст. У працэсе гэтай барацьбы і той, і іншы бок выкарыстоўвалі як прававыя, так і супрацьпраўныя сродкі. Рэалізацыя пастановы Брэсцкага царкоўнага сабора 1596 г. паставша ВКЛ на мяжу грамадзянскай вайны, а на Украіне выклікала магутны ўзброены казацкі рух. Нават частка каталіцкай шляхты патрабавала адмовіцца ад уніі «ў імя цэласнасці айчыны, а таксама дзеля захавання правоў, свабод і вольнасцяў усіх трох народаў» [12, с. 402].
Разам з тым міжканфесійная барацьба стымулявала развіццё грамадска-філасофскай думкі, прыцягнула пільную ўвагу да праблемы свабоды. У прыватнасці, праблема свабоды разглядаецца ў «Суплікацыі» Сматрыцкага, якую ён ад імя беларускай і ўкраінскай шляхты прадставіў на Вальны сейм у 1628 г. «Самая дарагая свабода — гэта свабода веры і богаслужэння», — лічыў Сматрыцкі. Менавіта ад гэтай свабоды залежыць «грамадскі спакой у краіне». Дабрабыт дзяржавы, гаворыцца ў «Суплікацыі», грунтуецца на «грамадскай згодзе». Аднак там, дзе парушаецца рэлігійная свабода, такая згода немагчыма. Сматрыцкі ўстанаўліваў непасрэдную сувязь і залежнасць паміж рэлігійнай, грамадзянскай і палітычнай свабодай. «Хто пазбаўляе нас святой веры ... той аднімае ў нас ... грамадзянскія свабоды і заганяе ў рабства», — піша ён у «Суплікацыі». Трэба адзначыць, што Сматрыцкі трактуе паняцце свабо­ды даволі шырока. Свабода ў яго разуменні гэта не толькі права на рэлігійны выбар, але і на «жыццё ў адпаведнасці з добраахвотна прынятымі законам!». Свабода беларускага і ўкраінскага народаў грунтуецца на велікакняжацкіх і каралеўскіх правах і прывілеях, якія гарантуюць гэтым народам асабістую бяспеку, недатыкальнасць уласнасці і рэлігійную свабоду, а таксама на безумоўнай роўнасці з польскім народам ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Між тым, кідае Сматрыцкі папрок каралеўскаму ўраду, «нас пазбавілі правоў, пазбавілі вольнасцяў і свабоды». Сматрыцкі і яго аднадумцы патрабавалі ад сейма «аднавіць закон», вярнуць праваслаўным беларусам і ўкраінцам «пра­вы, свабоды і вольнасці», якія яны «здабылі сваёй крывёю» [12, с. 393—398].
Супрацьлеглую, уніяцкую, пазіцыю прадстаўляў Іпацій Пацей. У сваіх творах «Унія» (1595) і «Гармонія» (1608) ён прапанаваў своеасаблівую канцэпцыю грамадскага і духоўнага жыцця беларускага і ўкраінскага народаў, асноўнымі кампанентамі якой былі: 1) пераарыентацыя рэлігійнага, духоўна-культурнага і палітычнага жыцця бела­рускага і ўкраінскага народаў на Захад; 2) разрыў з маскоўскім праваслаўем; 3) адмова ад царкоўнай улады канстанцінопальскага патрыярха і падпарадкаванне ўладзе
рымскага папы; 4) бескампрамісная барацьба з Рэфармацыяй, пратэстантызмам; 5) рэлігійна-царкоўнае і духоўнакультурнае аднаўленне жыцця беларускага народа, развіццё адукацыі, навукі, кнігадрукавання, удасканаленне багаслоўскай эрудыцыі святароў; 6) пераўтварэнне уніяцкай царквы ў царкву агульнанацыянальную. Сам Пацей з’яўляўся эрудзіраваным багасловам і арыгінальным рэлігійна-палітычным мысліцелем, выдатным пісьменнікампубліцыстам, дасканалым майстрам роднай беларускай мовы.
Падстава Пацеевай канцэпцыі — ідэя царкоўна-грамадскай «згоды». Аднак у гэтай канцэпцыі, таксама як і ў практычнай дзейнасці Пацея, «згода», «гармонія» грунтаваліся не на свабодзе выбару, не на добраахвотнасці, не на верацярпімасці, а на безумоўным, прымусовым далучэнні праваслаўных да царкоўнай уніі.
Духоўная свабода ў наш час. Некаторы час з тэлевізара, які настроены на беларускую праграму, было чуваць голас: «Знявечаныя атэізмам, мы так дрэнна ведаем рэлігійныя традыцыі» і г. д. Знявечаныя атэізмам... Ну а калі б мы сказалі наадварот (што было магчыма зусім нядаўна): знявечаныя рэлігіяй! Няўжо цяжка зразумець, што атэізмам нельга духоўна знявечыць чалавека, таксама, як нельга яго знявечыць рэлігіяй!
Знявечыць чалавека можна альбо ваяўнічым атэізмам, альбо рэлігійным фанатызмам. А верыць або не верыць — тэта інтымная, асабістая справа чалавека, яго неад’емнае права на духоўную свабоду. У 31-м артыкуле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь чытаем: «Кожны мае права самастойна вызнаваць свае адносіны да рэлігіі, ... вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай» і г. д.
Прынцып духоўнай свабоды, якім мы павінны кіравацца ў нашым жыцці, непарыўна знітаваны з прынцыпам узаемнай цярпімасці, талерантнасці. Як падкрэслівае выдатны культуролаг і філосаф нашага часу Сяргей Аверынцаў, сучасны чалавек павінен усведамляць узаемныя межы розуму і сэрца, ведаў і веры, навукі і рэлігіі. Фундаменталісцкая пазіцыя ў такіх пытаниях не проста вузкая і фанатычная, але перш за ўсё нерэалістычная [3].
Выбранне караля, або «Прамова да Сената» Андрэя Волана
Сёмага ліпеня 1572 г. памёр кароль і вялікі князь Жыгімонт II Аўгуст (1520—1572). Памёр ён бяздзетным і на ім скончылася прамая мужчынская лінія дынастыі Гедымінавічаў, або Ягелонаў. Востра паўстала пытанне выбрання новага караля. Феадалы ВКЛ і Полыпчы прыйшлі да высновы, што каралём павінен стань чужынец. Не толькі таму, што так пажадаў у сваім палітычным тэстаменце нябожчык Жыгімонт Аўгуст, але і па прычыне, агульнавядомай у палітычнай практыцы: каб пазбегнуць унутранай грамадзянскай вайны. У гісторыі ВКЛ і Польшчы перыяд з 1572 па 1575 г. атрымаў назву першага бескаралеўя. Прэтэндэнтамі на каралеўска-велікакняжацкі трон былі французскі дафін Генрых Валуа (Валезы), аўстрыйскі прынц Эрнест і сын Івана IV Грознага царэвіч Фёдар. Паміж феадальнымі групоўкамі, кожная з якіх імкнулася пасадзіць на прастол свайго кандыдата, пачалася напружаная палітычная барацьба, якая дасягнула свайго эпагея на элекцыйным, або выбарчым, сейме 1573 г.