Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры
Сямен Падокшын
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 316с.
Мінск 2003
Прапануемая чытачу «Прамова да Сената Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага, або Якім павінна быць праўленне дабрачыннага караля» належыць Андрэю Волану (1530—1610), сеймаваму паслу ад шляхты Ашмянскага павета. Андрэй Волан быў не толькі высокапастаўленым каралеўскім чыноўнікам, але і кваліфікаваным юрыстам, тэарэтыкам права, вядомым палітолагам, філосафам, рэлігійным пісьменнікам. У год смерці караля Волан апублікаваў твор «Аб палітычнай, або грамадзянскай, свабодзе» (Кракаў, 1572), які адразу зрабіў яго знакамітым. Менавіта на элекцыйным сейме 1573 г. Волан выступіў з вышэйпамянёнай прамовай, у якой ён, аўтарытэтны ў феадальных колах ВКЛ і Польшчы палітык, выклаў сваё бачанне постаці новага караля як палітычнага дзеяча і асобы. У прамове Волан не толькі прааналізаваў вынікі дзяржаўнай дзейнасці Жыгімонта II Аўгуста, адзначыўшы яго палітычныя пралікі і маральныя заганы, але і накрэсліў праграму гранічна патрэбных грамадству Рэчы Паспалітай рэформ, намаляваў аптымаль-
ны, і нават ідэальны, этычны і палітычны вобраз новага караля.
У час, калі праходзіў элекцыйны сейм, Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае знаходзілася ў даволі складаным, калі не цяжкім, становішчы. У выніку Лівонскай вайны, якой не бачна было канца, ВКЛ страціла значную частку сваіх усходне-паўночных тэрыторый разам з Полацкам. Пагроза інкарпарацыі, што зыходзіла з боку Маскоўскай дзяржавы, з’явілася адной з галоўных прычын заключэння палітычнай Люблінскай уніі (1569) паміж ВКЛ і Польшчай і ўтварэння федэратыўнай дзяржавы Рэчы Паспалітай. Разам з тым, на думку пэўнай часткі шляхты, у тым ліку і Андрэя Волана, ваенныя няўдачы ВКЛ з’яўляліся не толькі вынікам моцы рускай зброі, але і нядбайнасці, бездапаможнасці вялікага князя і караля Жыгімонта II Аўгуста, яго набліжаных, урада. Працягваліся набегі на паўднёвыя землі Украіны і Беларусі крымскіх татараў. Неўладкаваным заставалася ўнутрыпалітычнае жыццё краіны (шляхецкае свавольства, непавага да закону, недасканалая судовая сістэма і г. д.), нягледзячы на тое, што ў перыяд праўлення Жыгімонта II Аўгуста быў ажыццёўлен шэраг неабходных палітыка-адміністрацыйных пераўтварэнняў, усталявалася пэўная вельмі неабходная для грамадства верацярпімасць, склаліся даволі спрыяльныя ўмовы для развіцця культуры, у тым ліку для развіцця нацыянальнай беларускай культуры.
Сваю прамову Волан адрасуе «Сенату», або вышэйшай палаце Вальнага сейма, у якую ўваходзілі найбольш уплывовыя духоўныя і свецкія феадалы Рэчы Паспалітай — каталіцкія біскўпы, ваяводы, кашталяны, старасты і некаторыя іншыя службовыя асобы цэнтральнай улады. Гэта тлумачылася тым, што ашмянскі сеймавы пасол лічыў: у існуючым грамадстве тон палітычнага, прававога і маральнага жыцця павінна задаваць і фарміраваць еўрапейскі адукаваная і асвечаная магнацка-шляхецкая арыстакратыя тыпу Радзівілаў, Валовічаў, Сапегаў, Хадкевічаў, Дарагастайскіх і інш. Ніжэйшай палатай Сейма была пасольская ізба, у якую ўваходзілі прадстаўнікі павятовай шляхты, у тым ліку і аўтар «Прамовы да Сената». Хутчэй за ўсё Волан абнародаваў сваю «Прамову» на агульным пасяджэнні дзвюх палат.
Калі гаварыць пра агульную канцэптуальную пазіцыю Волана як сацыяльна-палітычнага мысліцеля і тэарэтыка права, то яе — зразумела, прыблізна і ўмоўна — можна параўнаць з сучасным неакансерватызмам. Ашмянскі сеймавы пасол лічыў, што для забеспячэння агульнага дабра і свабоды, менавіта недатыкальнасці жыцця, годнасці і прыватнай уласнасці чалавека, неабходна моцная і асвечаная дзяржаўная ўлада, якая ў сваёй дзейнасці, у тым ліку і рэфарматарскай, строга і паслядоўна прытрымліваецца законапраўя, лічыцца з наяўнымі існуючымі сацыяльнымі, палітычнымі і прававымі ўмовамі і традыцыямі. Гэта быў прагрэсіўны шляхецкі неакансерватызм (так званая праграма «направы Рэчыпаспалітай»), які імкнуўся спалучыць рэнесансныя ліберальныя каштоўнасці ,з моцнай каралеўскай уладай, абмежаванай законам і прадстаўнічымі шляхецкімі інстытутамі. Абапіраючыся на вучэнне Платона пра дыялектыку свабоды, Волан геніяльна прадугадаў, што свабода як асноватворны прынцып сацыяльна-палітычнага жыцця ў рэнесансава-гуманістычнай інтэрпрэтацыі забяспечвае чалавеку яго неад’емныя натуральныя правы, а ў сярэднявечнай, феадальна-шляхецкай, — вядзе да неўтаймаванага грамадскага свавольства, хаосу, беззаконнасці і ў рэшце рэшт да пагібелі дзяржавы.
У сваёй «Прамове да Сената» Андрэй Волан закранае шэраг актуальных і жыццёва важных як для Вялікага княства, так і для Рэчы Паспалітай наогул пытанняў. У першую чаргу гэта пытанне знешняй небяспекі. Аўтар «Прамовы» неаднакроць звяртаецца да пытання катастрафічных наступстваў Лівонскай вайны, вынікам якой былі «разбураныя маёнткі, залітыя крывёю хаты, сіроты і няшчасныя ўдовы» і г. д. Вінаватым у паражэнні войска Рэчы Паспалітай Волан лічыў нябожчыка Жыгімонта Аўгуста, які «не выконваў належным чынам свой абавязак», а таксама сенатараў, што «не адвялі караля ад бяздзейнасці, не ўтаймавалі яго празмернае самавольства і ганарыстасць».
Волан узнімае праблему асобы новага караля, якога павінен выбраць Сейм. Вобраз новага караля, патрабаванні, якія яму абавязаны прад’явіць грамадства, Сейм, Сенат як дзяржаўнаму дзеячу і асобе, фармулююцца аўтарам побач з вострай крытыкай палітычных і маральных якасцей яго папярэдніка. Пры гэтым выкарыстоўваецца
метад супрацьпастаўлення існага і належнага. Гэта пэўная філасофская ўмоўнасць, літаратурны прыём, якім карыстаўся старэйшы сучаснік Волана — Міхалон Літвін у сваім трактаце «Аб норавах татараў, літвінаў і масквіцянаў» (напісаны ў сярэдзіне XVI ст. і выданы ў Базэлі ў 1615 г.), дзе супрацьпастаўлялася недасканалае грамадскае і духоўнае жыццё ВКЛ быццам бы ідэальнаму палітычнаму ладу і маральнаму стану крымскіх татараў і Маскоўскай дзяржавы.
На думку Волана, чалавечая натура схільная не толькі да дабра, але і да зла, гэта асаблівасць распаўсюджваецца і на дзяржаўных дзеячаў. Былы кароль, сцвярджае Волан, неаднакроць парушаў законы, у сваёй дзейнасці кіраваўся не агульным дабром, а сваімі капрызамі, быў бяздзейным і пасіўным у той час, калі абставіны патрабавалі рашучасці, настойлівасці, асабліва ў барацьбе са знешнімі ворагамі, занядбаў унутранымі справамі, не стрымліваў свавольства шляхты, гандляваў чынамі і пасадамі, бескантрольна карыстаўся дзяржаўнай скарбніцай, больш клапаціўся пра свае, а не грамадскія інтарэсы і г. д. «Усе мы добра ведаем, — абураўся ашмянскі сеймавы пасол, звяртаючыся да сенатараў, — што амаль усе грошы ў час праўлення каралянябожчыка былі патрачаны на бескарысныя шматлікія табуны коней, конюхаў, кучараў, у той час як ніводнае ваеннае ўмацаванне, ніводная крэпасць, якія былі пабудаваны на межах, не былі забяспечаны надежным гарнізонам і прыпасамі, каб паспяхова абараніцца ад нападу ворагаў. У выніку значная частка Літвы (ВКЛ. — С.П.) апынулася пад чужой уладай...»
Аднак не меншая небяспека падпільноўвае грамадзян ВКЛ у самой краіне. У першую чаргу гэта феадальнае свавольства, бяздзейнасць каралеўскай улады, якая не ў стане дабіцца выканання існуючых законаў, эгаізм і тыранічныя звычкі самога караля. «I нават калі б нам не пагражала знешняя небяспека, — сцвярджае Волан, — нашы грамадзяне не могуць сябе адчуваць спакойна ў сваёй краіне, у якой існуе магчымасць свабодна і беспакарана забіваць, што прыйшло да нас з мінулых вякоў і ўвайшло ў звычай... Не мне Вам напамінаць пра тое, што тыран нясе пагібель народу, што вынікам заганнага праўлення
караля з’яўляюцца страшэнныя спусташэнні і разбурэнні...» На думку Волана, грамадства не павінна «мірыцца з тым, што кароль не лічыцца з законам», дазваляе сабе «рабіць усё, што яму ўздумаецца».
Ддной з галоўных заган праўлення былога караля Волан лічыў недасканаласць існуючай судовай сістэмы: «Судовая валакіта, зацягванне разбірацельства спраў у судзе, апрача таго, што прыносіць страты грамадзянам і даводзіць іх да поўнай галечы, зараджае ў іх думку пра панаванне ў нашай краіне беззакония, асабліва ў адносінах да простых людзей...»
Не бездакорным з’яўлялася і прыватнае жыццё нябожчыка караля, які не прытрымліваўся «законнага і свяшчэннага шлюбу». На думку кальвініста-мараліста Волана, «такія паводзіны выклікаюць гнеў магутнага Бога на ўсю дзяржаву, з’яўляюцца дрэнным прыкладам для ўсіх грамадзян».
Адзначыўшы ўласцівыя Жыгімонту Аўгусту, як і наогул гаспадарам яго рангу, заганы, Волан малюе вобраз ідэальнага кіраўніка дзяржавы. Мае рацыю Платон, сцвярджае сеймавы пасол ад Ашмянскага павета, што кіраванне дзяржавай — гэта ахвярапрынашэнне, і кароль, які займае тэту высокую пасаду, павінен з’яўляцца прычынай шчасця і дабрабыту ўсіх людзей краіны, усіх станаў. Таму, піша Волан, мы павінны выбраць караля, які будзе абараняць законы і звычаі народа, а не кіравацца сваімі асабістымі капрызамі, клапаціцца толькі пра сябе і прыносіць шкоду пажытку паспалітаму, народнай справе; караля, які б наладзіў наша жыццё, а ўсе яго думы былі б накіраваны на дабрабыт грамадзян; караля, які, адмовіўшыся ад сваіх асабістых інтарэсаў, усю сваю дзейнасць накіраваў бы ў напрамку паспалітага добрага. Вось тады, на думку Волана, адрадзіцца сапраўдная свабода, шчаслівае жыццё і агульная бяспека. Прыклады цнатлівасці, памяркоўнасці і гаспадарлівасці павінны зыходзіць ад караля, сцвярджае прамоўца.
Падкрэсліваючы вялікае значэнне выканаўчай улады, Волан разам з тым адводзіць істотную ролю ў грамадстве ўладзе прадстаўнічай і судовай. Ашмянскі пасол ставіць
перад членам! Сената пытанне рубам: калі дзяржава будзе мірыцца з каралеўскім свавольствам і беззаконием, то сенатарам прыдзецца «падзяліць віну» з каралём. Ніякі страх перад небяспекай і ніякая надзея на ўзнагароду, падкрэслівае Волан, не павінны стрымліваць годнага і адданага агульнаму дабру сенатара ад таго, каб ён гатовы быў супрацьстаяць свавольству караля і стрымліваць яго неразумныя дзеянні разумнымі парадамі.
I ўсё ж, лічыць мысліцель, галоўнай перашкодай на шляху свавольства кіраўніка дзяржавы павінны быць законы. Яны «ўручаюцца каралю разам са скіпетрам». Законы Рэчы Паспалітай, або Рэспублікі, «прыняты для дабрабыту і карысці грамадзян» і кароль абавязаны іх строга прытрымлівацца. Ашмянскі пасол заклікае сенатараў пазбавіць караля магчымасці рабіць «публічны гандаль чынамі і насадам!». Няхай Сенат, настойвае Волан, возьме сабе тэту прэрагатыву і сам узводзіць ва ўсе чыны і званні, прычым толькі тых, чыі беззаганнасць, працалюбства і адданасць дзяржаве выпрабаваны, правераны ў справе. На думку Волана, каралю таксама трэба забараніць карыстацца дзяржаўнай скарбніцай без згоды Сената.