Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры
Сямен Падокшын
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 316с.
Мінск 2003
прадмоў, як і некаторыя папярэднія, вынікае з дэмакратычнай традыцыі, прадмоў Скарыны. Сапега не толькі выдатны мысліцель, але і найдасканалейшы майстра слова, які цудоўна валодае беларускай мовай. Статут, піша ён, «скарб в руках наших, который жадною сумою переплачен быти не может», або, як мы казалі б сёння, скарб, яко му няма цаны. Кожны дабрачынны грамадзянін ВКЛ, лічыць падканцлер, павінен быць добра знаёмы з гэтым прававым дакументам, а добра ведаючы яго, строга прытрымлівацца, быць законапаслухмяным («а будучи добре ведомый, абы яко сам себе и попудливости свои гамовал», г. зн. стрымліваў свае сляпыя пачуцці «и водлуг права писаного справовалсе, а никого не кривдил»). Недарма, падкрэслівае Сапега, адзін рымскі сенатар папракаў другога за тое, што ён не ведае законаў сваёй бацькаўшчыны (відаць, Цыцэрон — Каціліну). Таму, лічыць падканцлер, годныя ганьбы тыя грамадзяне, якія хваляцца сваімі вольнасцямі, а законаў Сваёй бацькаўшчыны не ведаюць і не разумеюць («кождый обыватель годен есть наганеньня, который вольностью се фалить, а прав своих умети и розумети не хочеть»).
Кожнаму народу, пераконвае сваіх суайчыннікаў Сапега, сорамна не ведаць законаў сваёй краіны, асабліва беларусам, якія «не обчым яким языком, але сваим власным права списаные (маюць), и кождого часу, чого (ім) потреба ку отпору всякое кривды, ведати (могуць)». Менавіта жаданне даць народу Статут на роднай мове прымусіла Сапегу тэты асноватворны палітыка-прававы дакумент надрукаваць на свае сродкі ў друкарні Мамонічаў. Тэту акцыю ён разглядае як свой грамадзянскі абавязак, служэнне «пожытку речы посполитое» [142].
I, нарэшце, пастулат шосты. Суды ВКЛ (трэцяя ўлада, якая, дарэчы, фарміравалася на выбарнай падставе) павінны складацца не толькі з прафесіяналаў («абысте до судов и до трибуналов не только людей добрых, а тых прав наших добре уместных обирали»), але і з людзей сумленных («боящися Пана Бога») і дабрачынных («цнотливых»). У працэсе судовага разбіральніцтва яны павінны кіравацца справядлівасцю, а не асабістай карысцю, быць непадкупныя, не скажаць права па прычыне сваёй прагнасці («для лакомства своего и для подарков»), трымацца
«святое правды». Усе гэтыя думкі сугучны павучанням Скарыны з яго прадмовы «В книги судей Израилевых».
Палітыка-прававыя погляды Андрэя Волана, выкладзеныя ў яго працы «Пра палітычную, або грамадзянскую, свабоду» амаль што ідэнтычныя поглядам Сапегі. Таму коратка засяродзім увагу на тых ліберальна-дэмакратычных ідэях мысліцеля, якія не атрымалі ў Сапегі дастатковай распрацоўкі. Па-першае, гэта думка пра магчымасць ператварэння свабоды ў сваю процілегласць (у свой час тэту думку выказаў Платон ў сачыненні «Дзяржава»), што пацвердзіла гісторыя Рэчы Паспалітай, у прыватнасці лёс шляхецкай дэмакратыі. Па-другое, тэта ідэя сацыяльнай згоды, якая вырашаецца праз падпарадкаванне ўсіх станаў закону. Па-трэцяе, гэта праблема інтэрпрэтацыі і прымянення закону, якая не страціла сваёй актуальнасці і ў нашы дні, праблема рэалізацыі закону органамі выканаўчай і судовай улады [ 104, с. 204—226].
Гэта далёка не поўны агляд ліберальна-дэмакратычных напрацовак айчыннай палітыка-прававой думкі. На жаль, мы зусім не закранулі праблемы ліберальных і дэмакратычных традыцый у гісторыі станаўлення і развіцця беларускіх палітыка-прававых інстытутаў, духоўнай культуры Беларусі. Але і сказанае сведчыць пра тое, што Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае з’яўляецца адной з калысак сучаснай еўрапейскай дэмакратыі.
Чалавек. Грамадства. Свет. 1996. № 3—4.
Беларусь: фрагменты гісторыі свабоды
Усякая эмансіпацыя заключаецца ў тым, што яна вяртае чалавечы свет, чалавечыя адносіны да самого чалавека.
К. Маркс
3 філасофскага пункту гледжання свабода ёсць усвядомленая, мэтанакіраваная выбіральная дзейнасць ва ўмовах неабходнасці, здольнасць асобы прымаць рашэнні «з веданнем справы». Канкрэтна-гістарычным праяўленнем неабходнасці з’яўляюцца рэальна існуючыя сацыяльнаэканамічныя, палітычныя і духоўна-культурныя абставіны.
Разумение свабоды абумоўлена наяўнай гістарычнай сітуацыяй, узроўнем развіцця духоўнай культуры і самасвядомасці. Паняцце свабоды ўзнікае ў асяроддзі элітнай, інтэлектуальнай часткі грамадства і, зразумела, носіць адбітак яе інтарэсаў і ўяўленняў. Паступова гэта паняцце пранікае ў больш шырокія, дэмакратычныя пласты народа, універсалізуецца і ўдасканальваецца, знітоўваецца з іншымі асноватворнымі духоўнымі і сацыяльна-этычнымі паняццямі (роўнасцю, справядлівасцю, братэрствам, вяршэнствам закону, правамі саслоўяў і індывіда, верацярпімасцю і г. д.).
У пэўным, больш вузкім, этычным сэнсе свабода выступае як свабода волі або свабода чалавека ў сваіх учынках. Свабода волі з’яўляецца стрыжнем праблемы асобы. Наяўнасць свабоды волі абумоўлена наяўнасцю свабоды выбару і адказнасці чалавека за свае ўчынкі і з’яўляецца падставай маралі. Свабода прадугледжвае не толькі магчымасць дабра, але і магчымасць зла (негатыўная свабода). На гэтую акалічнасць звярнулі ўвагу ўжо антычныя мысліцелі. Згодна з хрысціянска-біблейскай філасофіяй, чалавек створаны Богам свабодным, аднак ён не змог годна выкарыстаць сваю свабоду і падмяніў яе свавольствам. У якасці выратавальнага кола яму падаравана Божая міласць, якая даецца чалавеку праз царкоўную веру і г. д. Калі ва ўсходнім хрысціянстве мера індывідуальнай свабоды гранічна звужана, падпарадкавана татальнай калектыўнасці, або царкоўнай саборнасці, то заходняе хрысціянства (каталіцтва) дае чалавеку больш магчымасцей для рэалізацыі яго свабоднай волі.
У рэальным, гістарычным жыцці свабода выступае ў шэрагу аспектаў: як свабода духоўная, сацыяльная, рэлігійная, палітычная, прававая, інтэлектуальная, творчая, нацыянальная і г. д.
Праблема свабоды — цэнтральная праблема філасофіі айчыннай гісторыі. Так склаўся шматвяковы жыццёвы лёс беларускага народа, што імкненне да свабоды, барацьба за свабоду з’яўляюцца асноўным зместам яго гістарычнага быцця. Дастаткова назваць толькі некаторыя імёны — велікамучаніцы Рагнеды; няўрымслівага князя Усяслава Чарадзея; нацыянальнага генія Скарыны; палітычнага мысліцеля, апярэдзіўшага ў трактоўцы гэтага паняцця аме-
рыканскіх і еўрапейскіх айцоў лібералізму, Сапегі; рэвалюцыянера і народнага ідэолага Каліноўскага; вялікага беларускага песняра Янкі Купалы; аўтара «Новай зямлі», у якой выкладзена сапраўдная філасофія свабоды беларускага селяніна, Якуба Коласа, — каб зразумець, што свабода ва ўсе часы з’яўлялася найвышэйшай каштоўнасцю беларускага народа і перш за ўсё яго інтэлектуальнай, грамадска-палітычнай эліты.
Як фундаментальны цывілізацыйны прынцып свабода прыйшла ў духоўнае жыццё ўсходнеславянскіх народаў з увядзеннем і распаўсюджаннем хрысціянства. Яе адрозненне ад паганскай свабоды, або свавольства, грунтавалася на шэрагу характэрных для хрысціянскай філасофіі і этыкі абмежаваннях: Божых запаветах, маральным законе Ісуса Хрыста, вучэнні аб замагільнай адплаце і адказнасці чалавека за свае ўчынкі, любові да бліжняга і г. д. Што тычыцца свабоды як грамадска-палітычнай рэальнасці, дык мы маем гонар канстатаваць у асноўным яе айчыннае паходжанне. Яна зарадзілася і ўзнікла ў трох кропках усходнеславянскага свету: Полацку, Ноўгарадзе Вялікім і Пскове.
Вытокі беларускай ліберальна-дэмакратычнай традыцыі — у «Полацкай свабоднасці». Першапачатковым праяўленнем грамадска-палітычнай свабоды ва ўмовах Беларусі быў полацкі вечавы лад. Сучасныя беларускія гісторыкі сцвярджаюць, што ў Полацкай дзяржаве мы маем справу са своеасаблівым «двухуладдзем», або палітычным балансам паміж уладай веча і ўладай князя [87, с. 95]. Сітуацыя гэта зафіксавана ў тагачасных летапісах. Полацкае веча было вельмі ўплывовым прадстаўнічым інстытутам, органам не толькі гарадскога, але і дзяржаўнага кіравання Полацкай зямлёй, з якім вымушаны былі лічыцца крывіцкія князі, а нярэдка і падпарадкоўвацца яму. Менавіта полацкае веча ў 1128 г. загадала трупе крывіцкіх князёў з’явіцца ў Кіеў на велікакняжацкі суд, у выніку чаго апошнія былі высланы ў Візантыю. Веча дэманстравала князям, што дыялог нярэдка больш эфектыўны сродак у палітыцы, чым сіла зброі, што, калі гэта магчыма, трэба дамаўляцца, а не ваяваць. Так, калі ў 1186 г. кааліцыя ў складзе смаленскага, лагойскага, друцкага князёў, а таксама Ноўгарада Вялікага пайшла на Полацк, «параіліся палачане і ... пайшлі да іх, і сустрэлі іх на паграніччы з
наклонам і пашанаю і паднеслі шматлікія падарункі, і так усё ўладзілася» [11, с. 36].
Полацкая традыцыя палітычнага свабодалюбства захавалася і ў часы ВКЛ. Характэрна, што палачане асмельваліся супрацьстаяць нават такому моцнаму гаспадару, як вялікі князь Ягайла. «Адбылася знамянальная падзея, — паведамляе «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх». — Князь вялікі Ягайла аддаў Полацк брату свайму князю Скіргайлу, а палачане не прынялі яго» [11, с. 51].
У «Хроніцы Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», складзенай у 20-я гады XVI ст. на падставе больш ранніх летапісных твораў, ёсць фрагмент з характэрнай назвай: «Аб полацкай свабоднасці, або Венецыі». Сутнасць «полацкай свабоднасці», на думку летапісца, у прадстаўнічай сістэме дзяржаўнага кіравання, кантролі гарадскога веча над княжацкай уладай. Летапісец адзначае, што «держали на той час землю рускую сами мещане полоцкие», якія «о справах своих и о потребах речи посполитое и держав своих радили». Аналагічны палітычны лад, падкрэслівае аўтар летапісу, быў уласцівы Ноўгараду Вялікаму і Пскову. Прычым, мяркуе ён, і полацкая, і ноўгарадская, і пскоўская «свабоднасць», або палітычная практыка «справовати речи посполитые» дэмакратычным шляхам, паходзіць от «оных славных справ грецких афинеев и лацедемонов», г. зн. ад старажытнагрэчаскіх гарадоўполісаў. У гэтым жа летапісе Полацк параўноўваецца з Венецыяй, багатым італьянскім сярэднявечным гандлёвым горадам-рэспублікай [123, т. 32, с. 20].
Калі ў Рускай дзяржаве рэспубліканска-вечавая традыцыя Ноўгарада Вялікага і Пскова была задаўлена маскоўскім самадзяржаўем (карныя экспедыцыі Івана III і Івана Грознага), то інакш склаўся лёс вечавага вопыту Полацкай дзяржавы. Ён быў акумуляваны, выкарыстаны ў новай дзяржаўна-палітычнай сістэме ВКЛ, выяўляўся ў абмежаванні велікакняжацкай улады прадстаўнічымі інстытутамі (сеймікамі і Сеймам) і правам (прывілеямі, статутам! 1529, 1566, 1588 гг.).