Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры
Сямен Падокшын
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 316с.
Мінск 2003
Эвалюцыя праваслаўя. Пётр Магіла як духоўна-культурны інтэгратар. Пасля забойства 12 лістапада 1623 г. у Віцебску уніяцкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча беларуска-ўкраінскае праваслаўе апынулася на мяжы абсалютнай забароны. Пачаўся яго крызіс і разам з тым перагрупіроўка сіл і аднаўленне стратэгіі. Частка праваслаўнага святарства разупэўніваецца ў барацьбе і па тых або іншых прычынах прымае унію (М. Сматрыцкі, К. Саковіч, К. Транквіліён-Стаўравецкі і інш.). Другая частка — у той або іншай форме схіляецца да палітычнай інтэграцыі з Маскоўскай дзяржавай (Іоў Барэцкі, Ісая Капінскі і інш.). Аднак існавала ўплывовая групоўка, прадстаўнікі якой лаяльна ставіліся да ўраду Рэчы Паспалітай, разам з тым імкнуліся захаваць добрыя адносіны з Рускай дзяржавай і маскоўскім праваслаўем. Яны патрабавалі палітычнай рэабілітацыі і легалізацыі беларуска-ўкраінскай праваслаўнай царквы, вяртання належнай ёй маёмасці,
прывілеяў, правоў. Вядучым ідэолагам гэтага напрамку з’яўляўся Пётр Магіла, выдатнымі прадстаўнікамі — беларус Сільвестр Косаў, Ісая Казлоўскі, Інакенцій Гізель, Лазар Барановіч, Іанікій Галятоўскі, Антоній Радзівілоўскі і інш. Цэнтрам — Кіева-Магілянская акадэмія. Кампрамісная кіева-магілянская лінія сустрэла падтрымку значнай часткі беларускай і ўкраінскай шляхты, брацтваў. Моцную падтрымку заходнеправаслаўнай царкве аказвалі запарожскія казакі. На кампраміс пайшоў і малады прэтэндэнт на каралеўскі прастол Уладзіслаў, які быў зацікаўлены ў дасягненні рэлігійнай згоды ў краіне, прыхільнасці праваслаўнай і пратэстанцкай шляхты (ад якой у значнай ступені залежалі вынікі элекцыі), а таксама ваяўнічага запарожскага казацтва. У 1632 г. сеймам была прынята пастанова, атрымаўшая назву «заспакаенне рэлігіі грэчаскай», згодна з якой праваслаўным надаваліся (а па сутнасці адраджаліся) роўныя правы з уніятамі, дазвалялася выбіраць сваю іерархію, арганізоўваць школы і друкарні, займаць грамадскія пасады. Кіеўскім праваслаўным мітрапалітам са згоды караля быў абраны Пётр Магіла (1596—1647).
Постаць Магілы належыць не толькі ўкраінскай, але і беларускай культуры, паколькі ён з’яўляўся агульным мітрапалітам, а заснаваная ім акадэмія (1632) — кузняй царкоўных і культурных кадраў Украіны і Беларусі. У прыватнасці, рэктарам акадэміі быў беларус С. Косаў, тут атрымаў адукацыю Сімяон Полацкі і многія іншыя дзеячы беларускай культуры, з Кіева-Магілянскай акадэміі выйшаў Георгі Каніскі, які адыграў істотную ролю ў царкоўна-культурным жыцці Беларусі другой паловы XVIII ст., і г. д. Урадавыя колы Рэчы Паспалітай ускладалі на новапрызначанага мітрапаліта вялікія надзеі. Лічылася, што ён загладзіць супярэчнасці паміж праваслаўнымі і уніятамі, спыніць канфесійную канфрантацыю, наблізіць грэка-праваслаўных і грэка-католікаў адзін да аднаго і тым самым зробіць тое, што не змаглі зрабіць папярэднія іерархі.
Як паказала ў сваёй фундаментальней працы «Пётр Магіла ў духоўнай гісторыі Украіны» (Кіеў, 1997) украінская даследчыца В. М. Нічык, Кіеўскаму мітрапаліту ў пэўнай ступені ўдалося тэта зрабіць. Але не за кошт здрады праваслаўю, а за кошт гнуткай і асцярожнай палітыкі, рэфармавання царкоўнай арганізацыйна-кадравай струк
туры, праваслаўнай сістэмы адукацыі і выхавання. Магіла прыпыніў практику захопу праваслаўнай царкоўнай маёмасці з боку уніятаў, разгарнуў дзейнасць па аднаўленню і рэстаўрацыі праваслаўных храмаў, паляпшэнню царкоўнай і манастырскай дысцыпліны, маральнага стану праваслаўных святароў. Ён значна палепшыў якасць адукацыі ў праваслаўных школах, падняўшы іх да ўзроўню лацінскіх школ, заснаваў першую вышэйшую праваслаўную школу. Магіла аб’яднаў вакол сябе таленавітых і адукаваных украінскіх і беларускіх вучоных, настаўнікаў, царкоўна-грамадскіх дзеячаў. Рэформа адукацыі далася Магілу няпроста. Яго спроба «ліцінізацыі» праваслаўнай школы выклікала незадавальненне ў часткі праваслаўных святароў і казацтва. У сваю чаргу езуіты і уніяты спрабавалі скампраментаваць перад урадам новыя праваслаўныя школы, абвінавачваючы іх у распаўсюджванні пратэстанцкіх ідэй. Магіла быў прыхільнікам стварэння незалежнай царквы і дзяржавы, развіцця свецкай культуры. Кожны народ, лічыў ён, мае права рэалізоўваць свае інтэлектуальна-творчыя здольнасці на роднай мове, гэта права ўхвалена Богам. Прычым да Бога таксама трэба заўсёды звяртацца на роднай мове [90, с. 87].
Вялікая заслуга Пятра Магілы ў тым, што ён пайшоў па шляху альтэрнатыўнаму Брэсцкай уніі, шляху свабоднай і добраахвотнай духоўна-культурнай інтэграцыі Усходу з Захадам. Гэта па сутнасці шлях, які быў прапанаваны ідэолагамі ўсходнеславянскага Адраджэння — Ф. Скарынам, М. Гусоўскім, В. Цяпінскім, С. Будным, Л. Сапегам і інш. Шлях, які пэўны час з’яўляўся стрыжнем урадавай дзейнасці (Статут 1588 г.) і ад якога, на жаль, урад Рэчы Паспалітай адышоў, зрабіўшы падставай сваёй рэлігійна-культурнай палітыкі прымус. Інтэгратарская дзейнасць Магілы прынесла вялікую карысць не толькі Украіне і Беларусі, але і Расіі.
Пасля смерці Магілы Кіеўскім мітрапалітам (1647— 1657) стаў яго вучань, беларус па паходжанні, Сільвестр Косаў. На працягу 1635—1647 гг. Косаў з’яўляўся епіскапам Мсціслаўскім, Магілёўскім, Аршанскім і многа зрабіў для ўмацавання ў Беларусі праваслаўнай веры, распаўсюджання асветы. Ён быў апекуном знакамітых Куцеінскай, Магілёўскай і Віленскай друкарняў, з якіх выйшаў шэраг рэлігійна-багаслоўскіх твораў і школьных падручнікаў,
аўтарам сачыненняў «Дидаскалия, альбо Наука о седьми сакраментах», «Патерикон», «Экзегезіс». У апошнім асветнік сцвярджаў, што зварот да лацінскай мовы не з’яўляецца адрачэннем ад веры бацькоў. Яна неабходна, каб праваслаўныя беларусы і ўкраінцы маглі далучыцца да сусветнай навукі і культуры, каб «нашу Русь не называли глупою Русею». Косаў мужна адстойваў самастойнасць Кіеўскай мітраполіі, супрацьстаяў памкненням падпарадкаваць яе ўладзе Маскоўскай патрыярхіі. Адмоўна ставіўся ён і да інкарпарацыі беларускіх і ўкраінскіх зямель у склад Рускай дзяржавы.
Драматычны лёс Сімяона Полацкага. Непрадуманая, неталерантная палітыка ўрада Рэчы Паспалітай у значнай ступені падарвала вытворчы і інтэлектуальны патэнцыял беларускага народа. Нацыянальна-культурная дзейнасць на базе уніяцтва не здольна была папоўніць тых страт, якія нанесла беларуская культура ў выніку рэлігійнай нецярпімасці, канфесійнай канфрантацыі, праследаванняў іншаверцаў і іншадумцаў, карацей, у выніку адмовы ад рэнесансава-гуманістычнага прынцыпу талерантнасці. Сітуацыя, што склалася ў краіне ў перыяд увядзення царкоўнай уніі, істотна пагоршылася ў часы вайны 1654— 1667 гг., якую вялі паміж сабой Рэч Паспалітая і Руская дзяржава. Вынікам вайны стала масавае, пераважна прымусовае перасяленне беларусаў. Гэта былі палонныя, насельніцтва непакорных гарадоў, мястэчак, вёсак. Вялікая колькасць беларусаў размясцілася ў маскоўскім пасадзе, галоўным чынам высокакваліфікаваныя рамеснікі, кнігадрукары, настаўнікі, перакладчыкі, святары. Яны адыгралі вялікую ролю ў развіцці расійскага рамеснага майстэрства, мастацтва, кнігадрукавання, архітэктуры, асветы, пра што яшчэ ў 1957 г. пісаў Л. С. Абэцэдарскі ў сваёй працы «Белорусы в Москве XVII в. Из истории русско-белорусских связей». За межамі радзімы апынуліся такія інтэлектуалы, як Сімяон Полацкі, Ян Белабоцкі, пазней — Ілля Капіевіч і многія іншыя вядомыя і невядомыя беларускія інтэлектуалы. Эміграцыя другой паловы XVII ст. па сутнасці з’яўлялася першай масавай і катастрафічнай для беларускай культуры «ўцечкай мазгоў і талентаў».
Выдатны паэт, мысліцель, асветнік Сімяон Полацкі (1629—1680) не толькі наш нацыянальны гонар, але і наш
боль. Ён адзін з першых знакамітых беларусаў, хто эміграваў не толькі ў іншую краіну, але і ў іншую, хоць і роднасную, культуру. Сімяон Полацкі — асоба «на мяжы культур». Пачатковую адукацыю атрымаў у брацкай школе Полацка, потым вучыўся ў Кіева-Магілянскай акадэміі. На кіева-магілянскі перыяд жыцця Сімяона выпадае пік рэфарматарскай дзейнасці Пятра Магілы і яго паплечнікаў. Ідэя сінтэзу заходняй і ўсходняй культур, пагаднення існуючых у Рэчы Паспалітай хрысціянскіх веравызнанняў не магла не паўплываць на светапогляд маладога і здольнага беларуса, тым больш што сам Полацк з даўніх, яшчэ даскарынаўскіх часоў з’яўляўся ўвасабленнем гэтай ідэі.
Прага да ведаў прывяла Сімяона ў Віленскую каталіцкую акадэмію. Ён трапіў сюды ў даволі спрыяльны перыяд (вучыўся тут прыблізна з 1651 па 1654 г.), калі выкладанне этыкі, рыторыкі, палітыкі вялося на падставе курсаў лекцый гуманістычна арыентаваных выкладчыкаў М. К. Сарбеўскага, Л. Залускага, С. Лауксміна, А. А. Алізароўскага [118]. Даследчыкі мяркуюць, што менавіта ў віленскі перыяд Сімяон Полацкі прымае уніяцтва і становіцца членам Базіліянскага ордэна. На думку А. Н. Рабінсона, «униатское вероисповедание, очевидно, представлялось Симеону единственно приемлемой формой сближения западноевропейских и восточноевропейских традиций и культур» [130, с. 49].
Пачатак вайны Рэчы Паспалітай з Рускай дзяржавай крута змяніў не толькі намеры, але і ўсё жыццё і далейшы лёс 25-гадовага Сімяона. Яго родны горад капітуляваў 30 чэрвеня 1654 г., хутка палі Магілёў, Гомель, Мсціслаў, Смаленск, Віцебск, Мінск і інш. У пачатку жніўня 1655 г. капітулявала Вільня, сталіца ВКЛ, што не магло не зрабіць на студэнта Віленскага універсітэта Сімяона цяжкага ўражання. I ў гэтай сітуацыі малады Самойла Гаўрылавіч — Пятроўскі-Сітніяновіч (а менавіта такімі ў той час былі яго сапраўднае імя і прозвішча) паказаў сябе дальнабачным прагматыкам. 3 Вільні ён ціха вярнуўся ў родны Полацк і з’явіўся ў Богаяўленскі праваслаўны манастыр, дзе ігуменам быў яго настаўнік па Кіева-Магілянскай акадэміі Ігнат Іеўлевіч. Апошні пастрыг свайго вучня ў манахі (пасля гэтага ён пачаў называцца Сімяонам) і прызначыў дыдаскалам брацкай школы пры манастыры. Гэта
адбылося 8 чэрвеня 1656 г. Уражвае, як хутка і грунтоўна зарыентаваўся малады настаўнік. He прайшло і месяца, як Сімяон са сваімі «отроками» прыбыў у Віцебск і паднёс рускаму цару свае віншавальныя вершы («віцебскія метры»), у якіх вітаў Аляксея Міхайлавіча як вызваліцеля беларускага народа. У 1660 г. ён са сваімі выхаванцамі наведаў Маскву. Расійскаму самадзержцу была паднесена вершаваная «Декламация», у якой той называўся «царомСонцам». Між тым справы рускай арміі пагаршаліся, войска Рэчы Паспалітай адваёўвала адзін за другім беларускія гарады. Быў вызвалены і родны горад Сімяона Полацк. «Политическое содержание и назначение стихов Симеона, читавшихся публично в Витебске и Полоцке, было таково, что с переходом Белоруссии обратно в состав Речи Посполитой поэт оказался достаточно скомпрометированным. Он эмигрировал в Россию, где стал первым придворным литератором-профессионалом», — піша А. Н. Рабінсон [130, с. 37]. На яго думку, Сімяон прыехаў у Маскву ў 1664 г. «самовольно». Аднак Л. У. Званарова і Ул. Конан лічаць, што Сімяон Полацкі «прыняў запрашэнне пераехаць у Маскву» (Мысліцелі і асветнікі Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. Мн., 1995. С. 299).