Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры
Сямен Падокшын
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 316с.
Мінск 2003
Астафій Валовіч — адна з найбольш прывабных постацей у беларускай гісторыі другой паловы XVI ст. Памяркоўны і разважлівы дзяржаўны дзеяч, тонкі дыпламат, рэфарматар, мецэнат-асветнік, талерантны чалавек, ён многа зрабіў для распаўсюджання на роднай зямлі адукацыі, ведаў, кнігадрукавання. 3 маладых гадоў стаўшы евангелікам-рэфарматарам (кальвіністам), ён застаўся верным гэтаму веравызнанню да самай смерці. Разам з Мікалаем Радзівілам Чорным, яго братам Мікалаем Радзівілам Рудым, Янам Кішкам і іншымі Валовіч з’яўляўся апекуном беларуска-літоўскага рэфармацыйнага руху. На яго сродкі ў 1559 г. быў зроблены пераклад твора швейцарскага тэолага-кальвініста Генрыха Булінгера (з якім перапісваўся Сымон Будны) «Пра праўдзівае прыняцце цела і крыві Ісуса Хрыста». Валовіч даў грошы на фундацыю знакамітай нясвіжскай друкарні. У 1562 г. у Нясвіжы быў надрукаваны беларускі «Катэхізіс». Валовіч фінансаваў і другое беларускае выданне — «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» — якое выйшла з нясвіжскай друкарні ў гэтым жа годзе. У прадмове да кнігі Сымон Будны, звяртаючыся да Астафія Валовіча, пісаў: «Часто бо от твоей милости слышал есм, якобы рад есть мел подданым своим учителей верных и на размножение книг добрых, накладов обецуеш не жаловати. А не только обецуеш, но и
початок сее друкарни нашее твоей милости наклады исперва еще, яко некое основание уготовали и укрепили». Па сведчанні таго ж Буднага, у адным з маёнткаў Валовіча прапаведнікам быў вядомы на Беларусі сацыяльны радыкал Якуб з Калінаўкі, які вучыў: «Не павінна быць сярод сапраўдных хрысціян розніцы паміж свабодным і нявольнікам, яўрэем і грэкам, але ўсе няхай будуць роўнымі». Валовіч талерантна адносіўся да такіх выказванняў.
Валовічу была ўласціва рэлігійная цярпімасць. Ён падтрымліваў добрыя адносіны і нават перапісваўся з рускім праваслаўным багасловам Арцеміем, які жыў у Слуцку пад апякунствам князя Юрыя Алелькавіча. Прыязна адносіўся Валовіч і да рускага эмігранта праваслаўнага князя Андрэя Міхайлавіча Курбскага, аднак розніца канфесій, відаць, з’явілася перашкодай для іх сталага збліжэння. Калі гаворка ішла пра яго рэлігійныя погляды або светапоглядныя і палітычныя прынцыпы, Валовіч не баяўся ўступіць у канфлікт з самім каралём. Гэта ён прадэманстраваў пры заключэнні Люблінскай уніі 1569 г., а таксама тады, калі адмовіўся зацвердзіць прывілей Стафана Батуры на адкрыццё езуіцкай акадэміі ў Вільні.
У сваім завяшчанні (тэстаменце) Астафій Валовіч нагадваў, каб уфундаваныя ім «школу ды шпіталь не ліквідавалі і не памяншалі». Але калі «хтосьці з уладальнікаў наважыцца тое змяніць, дык у гэтым выпадку Сідранскі маёнтак з усімі землямі павінен перайсці на агульнагаспадарскі рахунак», г. зн. зрабіцца дзяржаўнай маёмасцю. Усім, хто яму служыў, «ад старога да малога», Валовіч нагадваў шчодра заплаціць. Валовіч не толькі вызнаваў, але і ў практычным жыцці прытрымліваўся гуманістычнага хрысціянскага запавету «любові да бліжняга». Гэты запавет ён распаўсюджваў і на сваіх падданых, чэлядзь, сялян. «Пацвярджаю гэтаксама, — пісаў ён у сваім «Тэстаменце», — што ва ўсіх маіх маёнтках нявольнікі ды іншыя несвабодныя паводле дзедзічнага права людзі, мужчыны і жанчыны, нават калі яны вязні ці даўжнікі, аб’яўляюцца вольнымі. Яны маюць права вольна служыць альбо пайсці туды, куды пажадаюць». I далей: «Адносна маіх казнадзеяў для хвалы Божай, школаў ды шпіталяў пастанаўляю: паўсюль, дзе іх маю, лік іх ні пры якіх умовах не змяншаць. Наадварот, належыць пашыраць іх ... На шпіталь
даваць чыншу 12 коп грошаў ... Для школы выдзяляць 40 залатых польскіх, Бакалаўру, годнаму і вучонаму чалавеку, які будзе вучыць маіх нашчадкаў і падданых, даваць на пражыццё» і да т. п.
Памёр Астафій Валовіч у канцы 1587 ці на пачатку 1588 г. Пахаваны ў Сідранах, «в склепе мурованом» побач з евангелічна-рэфармацкім зборам.
Падпкшын С. А. Астафій Валовіч — палітык і асветнік (да 475-годдзя з дня нараджэння) // Адукацыя і выхаванне. 1995. № 6. С. 102—104.
Сымон Будны
Сымон Будны (каля 1530—1593) — беларускі мысліцель-гуманіст эпохі Адраджэння, рэлігійны рэфарматар, тэолаг, філолаг, гісторык, паэт, філосаф, педагог, прадаўжальнік культурна-асветніцкай, нацыянальна-палітычнай і філасофскай традыцыі Скарыны.
Жыццё і дзейнасць. Пытанне аб месцы яго нараджэння і нацыянальнасці застаецца дыскусійным. Беларус ён ці паляк, нарадзіўся ў Будах беларускіх ці ў Будах, што знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы (Мазовія), — дакладна не высветлена. Аднак нават тыя, хто лічыць Буднага палякам, пагаджаюцца, што вельмі многія факты сведчаць на карысць яго беларускага паходжання: добрае веданне беларускай мовы, жыцця, нораваў, звычаяў, рэлігійных уяўленняў беларусаў, значная колькасць беларускіх слоў, фразеалагізмаў, народных прымавак і прыказак у творах Буднага, напісаных на польскай мове, беларускі патрыятызм і да т. п.
Каля 1544 г. Будны паступіў на факультэт свабодных мастацтваў Кракаўскага універсітэта, дзе атрымаў грунтоўную гуманітарную і багаслоўскую адукацыю. У яго творах часта сустракаюцца імёны Арыстоцеля, Платона, Гамера, Дэмасфена, Вяргілія, Тэрэнцыя, Сенэкі, Цыцэрона, Плінія Старэйшага, Ціта Лівія, Салюсція, Аўгусціна, Фамы Аквінскага, Ларэнца Валы, Эразма Ратэрдамскага, Скарыны, Лютэра, Кальвіна і іншых філосафаў, вучоных, пісьменнікаў, багасловаў. Магчыма, пасля Кракава Будны прадоўжыў вучобу ў Базельскім пратэстанцкім універсітэце.
У 1558 г. па запрашэнні Мікалая Радзівіла Чорнага Будны прыехаў у сталіцу Вялікага княства Літоўскага —
Вільню, дзе заняў пасаду катэхізіста, настаўніка пратэстанцкай беларускай суполкі з абавязкам па нядзелях, аўторках, пятніцах і ў святочныя дні выкладаць асновы кальвінісцкага вучэння дзецям і дарослым. На аснове гэтай дзейнасці, якая цягнулася два гады, склалася яго першая праца на беларускай мове — «Катйхйсіс». Гэта аргумент на карысць беларускага паходжання Буднага: каб адразу весці выкладанне на беларускай мове, неабходна было добра яе ведаць. У 1560 г. Будны прызначаецца прапаведнікам у Клецк, што лічылася павышэннем. Сумесна з нясвіжскім намеснікам Мацеем Кавячынскім і яго братамі, а таксама з кальвінісцкім міністрам (прапаведнікам) Лаўрэнціем Крышкоўскім Будны засноўвае ў Нясвіжы друкарню. Пры ёй была пабудавана «паперня» (майстэрня па вырабу паперы). Падтрымку, у тым ліку і фінансавую, беларускім кнігавыдаўцам аказвалі ўладальнік Нясвіжа Мікалай Радзівіл Чорны і канцлер Вялікага княства Літоўскага Астафій Валовіч. У прыватнасці, па загаду апошняга з Вільні ў Нясвіж быў перавезены шрыфт Скарыны. 10 чэрвеня 1562 г. з нясвіжскай друкарні выйшла першая друкаваная кніга, поўная назва якой «Катйхйсіс, то ест наука стародавная христианская от светого писма, для простых людей языка руского, в пытаниах и отказех собрана». Аўтарамі лічацца Будны, Кавячынскі і Крышкоўскі, аднак рашаючая роля ў яе напісанні належала Буднаму. У кастрычніку 1562 г. з нясвіжскай друкарні выйшаў другі беларускі твор таго ж аўтарскага калектыву «Об оправданіі грешнаго человека перед Богом». Яшчэ на пачатку XIX ст. яго трымаў у руках В. С. Сопікаў, аднак да нашага часу ён не захаваўся.
На працягу 1563—1564 гг. Будны вёў перапіску з рускім праваслаўным багасловам Арцеміем, які ў 1555 г. разам з Феадосіем Касым і яго паплечнікамі ўцёк з Расіі ў Беларусь ад праследавання царквы і царскай улады. Будны прыслаў Арцемію першыя беларускія кнігі, каб даведацца яго меркавання. Лісты Буднага да Арцемія да нас не дайшлі, але захаваліся два пасланні апошняга да беларускага мысліцеля (Русская историческая библиотека. Т. IV. СПб., 1878). Будны быў таксама асабіста знаёмы з Іванам Фёдаравым і Пятром Мсціслаўцам, аб чым ён пісаў у сваёй прадмове да Новага Запавету выдання 1574 г.
Будны належаў да памяркоўнай рэлігійна-рэфармацыйнай плыні, якая была блізкая да кальвінізму і ў Беларусі і ў Літве насіла назву евангелічнай. Але ж на пачатку 60-х гадоў у мысліцеля ўзнікаюць сумненні наконт трактоўкі асноўных палажэнняў хрысціянскай дагматыкі і ў першую чаргу — трактоўкі догмата Тройцы і прыроды Хрыста. 18 красавіка 1563 г. Будны накіроўвае з Клецка ліст вядомаму цюрыхскаму тэолагу Генрыху Булінгеру, у якім бярэ пад сумненне догмат Тройцы ў каталіцкай і кальвінісцкай інтэрпрэтацыі і крытыкуе яго з пазіцый фармальнай логікі. Спробай радыкальнай пераацэнкі хрысціянскага веравучэння тлумачыцца зварот Буднага да вывучэння патрыстычнай літаратуры, г. зн. рэлігійнай філасофіі таго перыяду, калі хрысціянства яшчэ не было дагматызавана. У 1564 г. сумесна з Крышкоўскім Будны перакладае на польскую мову і выдае ў Нясвіжы «Гутарку святога Юсціна, філосафа і пакутніка, з Трыфанам-іудзеем».
У сярэдзіне 60-х гадоў Будны становіцца адным з правадыроў антытрынітарызму — радыкальнай плыні ў беларуска-літоўскай Рэфармацыі. Ён актыўна ўдзельнічае ў рабоце сінодаў (з’ездаў) беларускіх, літоўскіх і польскіх арыян (антытрынітарыяў), або, як іх яшчэ называлі, літоўскіх і польскіх братоў, дзе ў вострых дыскусіях абараняе сваё рэлігійна-філасофскае і сацыяльна-палітычнае вучэнне. У 1565 г., пасля смерці свайго патрона Мікалая Радзівіла Чорнага, Будны пакідае Клецк і пераязджае ў Холхла, куды яго запрасіла ўдава віцебскага ваяводы Ганна Кішка. У тэты час у асяроддзі беларускіх і літоўскіх антытрынітарыяў узмацняецца дыскусія аб адносінах да феадальнага грамадства і дзяржавы, уласнасці, прыгоннага права, вайны і г. д. Будны, з’яўляючыся ідэолагам правага крыла літоўскіх братоў (беларускіх і літоўскіх антытрынітарыяў), займае ў спрэчцы памяркоўна-гуманістычную пазіцыю. Апраўдваючы грамадскія і дзяржаўныя асновы Вялікага княства Літоўскага, ён у той жа час патрабуе змякчэння феадальнай эксплуатацыі, рэфарміравання існуючых сацыяльна-палітычных інстытутаў: заканадаўства, судаводства, школьнай адукацыі, царкоўнага жыцця і да т. п. Аб змесце гэтых дыскусій сведчыць сінод у Іўі, які адбыўся ў студзені 1568 г. (аб ім Будны вельмі падрабязна расказвае ў творы «Аб свецкай уладзе»).
Галоўным у творчай дзейнасці Буднага гэтага часу была праца па перакладу на польскую мову і крытычнаму даследаванню Бібліі. У пошуках яе аўтэнтычнага тэксту і сэнсу яму давялося вывучыць і супаставіць паміж сабою вялікую колькасць біблейскіх кніг, напісаных на старажытнаяўрэйскай, старажытнагрэчаскай, лацінскай, царкоўнаславянскай, польскай, чэшскай, нямецкай, французскай, беларускай («Біблія» Скарыны) мовах, тэалагічных і філасофскіх трактатаў многіх старажытных, сярэднявечных і рэнесансных аўтараў, што істотна пашырыла яго эрудыцыю, аказала вялікі ўплыў на рэлігійна-філасофскія погляды.