Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры  Сямен Падокшын

Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры

Сямен Падокшын
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 316с.
Мінск 2003
66.7 МБ
Рэлігійна-філасофскія ідэі Буднага: канцэпцыя Бога, хрысталогія, анталогія. Рэлігійна-філасофскія погляды Сымона Буднага былі наватарскія і не мелі прэцэдэнтаў у еўрапейскай думцы. Будным была зроблена глабальная спроба рэвізіі артадаксальнага вучэння аб Богу, у духу дэізму. Ён адхіліў традыцыйнае вучэнне аб Тройцы і абвясціў сапраўдным толькі «Бога Айца». «Бога Духа» ён ператварыў з самастойнай і раўназначнай субстанцыі ў атрыбут «Айца», яго творчую сілу, так сказаць, боскую свядомасць і волю. Але найбольш радыкальна мысліцель абышоўся з Хрыстом. Ён выключыў яго з надсусветнага пачатку, адверг яго боскае паходжанне. На аснове вялікай колькасці лагічных, гістарычных і філалагічных аргументаў Будны прыйшоў да вываду, што Хрыстос з’яўляўся не Богам, а самаадданым прапаведнікам, высокамаральным чалавекам, за што і быў надзелены боскімі ўшанаваннямі, здольнасцю тварыць цуды. Будны адхіліў думку пра тое, што ў Старым Запавеце змяшчаецца ўказанне пра будучае нараджэнне Хрыста. Прарокі, даводзіў Будны, нічога не ведалі і ведаць не маглі аб Хрысце. Гэты тэкст — вынік падробкі, на што яшчэ раней звярнулі ўвагу Эразм Ратэрдамскі і Себасцьян Кастэліа. Анталагічная сутнасць рэлігійнага рацыяналізму Буднага заключалася ў наступным. Па-першае, разбурыўшы Тройцу, Будны абстрагаваў Бога ў духу дэістычнай філасофіі. Па-другое, сцвярджэнне мясліцеля аб абсалютна натуральнай прыродзе Хрыста імпліцытна, ускосна ставіла пад сумненне здольнасць боскага духа прадуцыраваць матэрыю, г. зн. асноватворны хрысціянскі прынцып крэацыі «з нічога». Адмаўленне спрадвечнага існавання Хрыста як «боскай ідэі» надрывала таксама канцэпцыю сярэднявечнага рэалізму, згодна з якой агульнае паняцце існуе анталагічна і папярэднічае канкрэтнай рэчы, сцвярджала памяркоўнанаміналістычную тэндэнцыю ў філасофіі.
Істотны момант рэлігійна-філасофскіх поглядаў Буд­нага — натуралістычная інтэрпрэтацыя біблейскіх цудаў, 260
адмаўленне замагільнага свету і бессмяротнасці душы. «Многія вучоныя людзі, — піша ён у трактаце «Аб найбольш важных палажэннях хрысціянскай веры», — лічаць, што пасля смерці душа чалавека будзе прыпадобнена цялеснай субстанцыі, якая ці пераносіць пакуты, ці зазнае асалоду, вандруючы з месца на месца, але гэта паганская, яўрэйская і паэтычная памылковая думка ... мёртвыя не валодаюць ведамі, паколькі душы пасля смерці нічога не адчуваюць. Пасля смерці кожнага чалавека як святога, так і бязбожнага душа яго нічога не ведае ні аб сабе, ні аб кім-небудзь іншым, нічога не адчувае, не пераносіць ні пакуты, ні ўцехі ... Памылкай з’яўляецца агульнапрынятае ўяўленне людзей пра душы, быццам яны жывуць пас­ля смерці, пераносяць пакуты ці маюць асалоду. Душа — гэта нішто іншае, як чалавечае жыццё». Гэта была матэрыялістычная трактоўка псіхафізічнай праблемы, характэрная для шэрагу філосафаў эпохі Адраджэння — П’етра Пампанацы, Гжэгаша Паўла з Бжэзін і інш. Натуралістычна вытлумачваючы біблейскія цуды, Будны прадугадаў некаторыя вывады Спінозы, у прыватнасці яго думку пра тое, што «ўсё, аб чым расказваецца ў Пісанні, адбылося натуральным шляхам».
Метадалагічныя і гнасеалагічныя погляды Буднага. Метадалагічныя і гнасеалагічныя ідэі мысліцеля з’яўляліся адлюстраваннем развіцця культуры і думкі эпохі Адра­джэння. Будны пераважна тэолаг, аднак ён не ігнараваў філасофію, імкнуўся яе выкарыстаць у сваёй творчай дзейнасці. Як і Фама Аквінскі, Будны меркаваў, што вера можа быць абгрунтавана рацыянальным спосабам. Але калі першы перавагу аддаваў веры, то беларускі мысліцель лічыў, што ў выпадку канфлікту паміж розумам і верай вырашальнае слова належыць розуму. Сутнасць метаду Буднага выяўляецца ў яго герменеўтычным майстэрстве, або вучэнні аб інтэрпрэтацыі Бібліі, якое выкладзена ім у прадмове да лоскага выдання Новага Запавету (1574). Гуманісты і рэфарматары эпохі Адраджэння прыйшлі да высновы, што да Свяшчэннага Пісання неабходна падыходзіць як да любога тэксту — гістарычнага, філасофскага і г. д. Ісціна, меркаваў Будны, знаходзіцца ў Свяшчэнным Пісанні ў згорнутым выглядзе і яе адтуль неаб-
ходна здабыць і адэкватна перадаць. Але ж дзеля гэтага чалавек павінен быць узброены культурай, адукаванасцю. Будны ўспрыняў выпрацаваны Ларэнца Валам і Эразмам Ратэрдамскім рацыяналістычны метад, які дазваляў пры даследаванні біблейскіх тэкстаў падвяргаць апошнія лагічнаму, філалагічнаму, гістарычнаму і натуралістычнаму аналізу. Здабыванне з Бібліі ісціны, г. зн. такога палажэння, якое не супярэчыла б розуму і вопыту чалавека, магчыма толькі на аснове вывучэння як мага большай колькасці фактаў, усведамлення не толькі асобных момантаў, але і ўсёй карціны з’явы. Будны настойваў на кантэкстуальным асэнсаванні Бібліі, якое зробіць непатрэбнымі алегарычны і вербальны метады яе інтэрпрэтацыі. Неабходна вывучаць, лічыў Будны, як і кім пісаліся і ствараліся біблейскія кнігі, якія прычыны іх скажэння і фальсіфікацыі. Трэба не літаральна разумець тое ці іншае палажэнне, а імкнуцца ўлавіць яго сэнс у агульным кантэксце, выразны тэкст параўноўваць з менш выразным, заблытаныя і звышнатуральныя сітуацыі вытлумачваць у адпаведнасці з розумам, логікай, рэальным вопытам, ве­дам! чалавека і г. д. Рацыяналістычна-натуралістычны спосаб выяўлення ісціны, скарыстаны перш за ўсё ў адносінах да біблейскіх сітуацый, адкрываў магчымасць такой інтэрпрэтацыі прыроды, грамадства, чалавека.
Будны рашуча асуджаў аўтарытарызм і дагматызм у мыслен ні, інтэлектуальную нецярпімасць і рэлігійны фанатызм тых каталіцкіх і пратэстанцкіх царкоўных і палітычных дзеячаў, тэолагаў, якія «не толькі пяром, але і агнём і мячом» укараняюць сваё вучэнне. «Суполка, — меркаваў ён, — павінна быць аб’яднана духам вучэння, а не аўтарытэтам асобы». Нельга, «што-небудзь прыняўшы, прытрымлівацца гэтага пастаянна і абараняць любымі сродкамі». Будны рашуча асудзіў Жана Кальвіна за тое, што па яго віне загінуў іспанскі вучоны Мігель Сервет. Неабходна, лічыў беларускі мысліцель, каб спрэчныя пытанні маглі свабодна абмяркоўваць вучоныя і невучоныя людзі, настаўнікі і вучні, прапаведнікі і прыхаджане, багатыя і бедныя, — дзе гэтай свабоды няма, там няма свабоды наогул.
Паводле Буднага, індывідуальны розум з’яўляецца найбольш важным інструментам пазнання. Аднак паняцці не
прыроджаны, а фарміруюцца на аснове пачуццёвага вопыту, ведання канкрэтных, адзінкавых рэчаў. Для Буднага, як і яго папярэднікаў (Л. Валы, Рудольфа Агрыколы, П’ера дэ ля Рамэ), характэрная арыентацыя на натуральнае мысленне і натуральную мову. Шляхам семантычнага і этымалагічнага аналізу ён імкнуўся дакладна вызначыць змест слова, адпаведнасць яго рэчы («логас», «рай», «парог», «жораў», «піла» і інш.), што сведчыла аб наміналістычнай, рэнесансава-гуманістычнай тэндэнцыі ў яго гнасеалогіі і яе антысхаластычнай накіраванасці. 3 гэтага пункту гледжання Будны разглядаў і арыстоцелеўскую логіку, ці, як ён яе называв, «дыялектыку». «Што да таго, — піша Будны, — што я свае довады будую ў форме сілагізмаў, то я гэта раблю для лепшага разумения і сувяз!. Хай мае паважаныя апаненты ведаюць і памятаюць, што навука гутаркі (логікі), якая па-грэчаску называецца дыялектыкай, не выдумана філосафамі, як гэта звычайна мяркуюць, але дадзена чалавеку Богам як асаблівы дар і звязана з яго прыродай. Усё гэта, вывучаючы і наглядаючы, разумныя людзі падвялі пад асобыя правілы і вытлумачылі. У далейшым бязбожнікі сказілі гэтае вучэнне і ператварылі яго ў сафістыку, якой цяпер многія займаюцца ... У дыспутах апосталаў знойдзеш такія довады, як быццам бы іх пісалі Парфірый ці сам Арыстоцель ... Нават у дыс­путах самога Ісуса Хрыста можна ўбачыць дыялектычныя сілагізмы».
Этычныя погляды. Этыка Буднага змяшчала ў сабе тэндэнцыю да перагляду традыцыйнай хрысціянскай маральнай дактрыны, абагачэння яе новымі ідэямі, узгаднення з філасофска-этычнымі вучэннямі Адраджэння і Рэфармацыі. Адной з такіх ідэй была ідэя маральна-духоўнай свабоды чалавека. Уласцівы Буднаму погляд на Хры­ста як на выдатнага чалавека, які дзякуючы сваім высокім маральным якасцям быў удастоены «боскасці», падводзіў да думкі, што гэтая магчымасць патэнцыяльна зберагаецца за кожным смяротным чалавекам, які імкнецца дасягнуць маральнага ўдасканалення. Хрысталогія Буднага — своеасаблівае адлюстраванне рэнесанснай канцэпцыі (Піка дэ ла Мірандала і інш.) аб тым, што чалавек намаганнем асабістай волі можа стань падобным на Бога. Але ж,
як падкрэслівае А. Ф. Лосеў, ідэя маральнай свабоды ме­ла і свой «адваротны бок», яна служила крыніцай канцэпцыі «ўседазволенасці», на што звярнуў увагу ў другой палове XIX ст. Ф. М. Дастаеўскі.
Асноўная этичная ідэя, выкладзеная Будным у «Катихйсісе» — ідэя рэлігійна-маральнага аднаўлення. У прадмове ён піша пра скажэнне сапраўднага хрысціянства ў каталіцтве і праваслаўі, падмене свядомай і шчырай веры і маралі верай і мараллю фармальнай і паказной. Таму ў духу пратэстантызму ён робіць стаўку на асабістую рэлігійнасць і маральнасць чалавека. Асновай веры, па Буднаму, з’яўляецца не дагматыка, не абрады, не літургія, а этыка, якая змяшчаецца ў боскім адкрыцці, г. зн. у Бібліі. Сваім свецкім жыццём, штодзённай дзейнасцю, працалюбствам, сумленнасцю чалавек заслугоўвае выратаванне. Чалавек нясе асабістую маральную адказнасць перад Бо­гам за свае ўчынкі. У этыцы Буднага наглядаюцца рысы новай маральнай свядомасці, якая зыходзіла з прыярытэту праў чалавека, асобы, што праз два стагоддзі было геніяльна зафіксавана ў этыцы Імануіла Канта.
Сацыяльна-палітычнае вучэнне. Сацыяльна-палітычныя погляди Буднага з’яўляліся адлюстраваннем светапогляду памяркоўнай апазіцыі ў беларускім рэфармацыйна-гуманістычным руху. Памяркоўныя мысліцелі-гуманісты, і ў іх ліку Будны, Васіль Цяпінскі і іншыя, абгрунтоўвалі шэраг характэрных для эпохі Адраджэння і Рэфармацыі праблем: аднаўлення, рэфарміравання існуючых грамадскіх інстытутаў; сацыяльна-палітычнага ідэалу; нацыянальнай культуры, рэлігійнай свабоды і інш. Асаблівасцю сацыяльна-палітычнай праграмы памяркоўнай апазіцыі з’яўляліся ў сваёй аснове пазітыўныя адносіны да існуючых грамадскіх і дзяржаўных інстытутаў. Пераўтваральная дзейнасць меркавалася ў межах наяўнага соцыуму, змяненню падлягала не сістэма ў цэлым, а яе элементы.