Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры
Сямен Падокшын
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 316с.
Мінск 2003
насці, ён пісаў, што ўсё раней дараванае ім «рускай царкве» павінна заставацца і надалей у яе валоданні.
У лісце да уніяцкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча (а яго ў нейкай ступені можна параўнаць з лістом Ул. Салаўёва да рускага цара Мікалая II) [93, с. 231—234] Сапега сцвярджаў наступныя ідэі. Па-першае, рэлігійная талерантнасць ёсць грунт усякага цывілізаванага грамадства. Па-другое, свабодны рэлігійны выбар з’яўляецца неад’емным правам кожнага чалавека. «Пан Бог, — пісаў Сапега, — не прымае слуг, якіх яму дастаўляюць шляхам прымусу і насілля». I далей: «пан Бог не выключаў з ліку веруючых схізматыкаў, бо Дух Божы дзьме там, дзе пажадае»; «да таго, што мы не можам змяніць, неабходна адносіцца талерантна»; «нельга сілай душыць чалавечае сумление, зачыняць цэрквы, забараняць богаслужэнне» і г. д. Па-трэцяе, у грамадстве павінны быць строга акрэслены кампетэнцыі свецкай і духоўнай улад. Прычым прыярытэт павінен належаць свецкай уладзе. Царква як рэлігійна-ідэалагічная ўстанова, сцвярджаў Сапега ў сваім лісце да Кунцэвіча, павінна падпарадкоўваць сваю дзейнасць больш высокім мэтам і задачам грамадства і дзяржавы, інтарэсам агульнага дабра. «У сваіх дзеяннях, — звяртаецца канцлер да Кунцэвіча, — Вы кіруецеся амбіцыяй і асабістай нянавісцю, а не братэрскай любоўю, інтарэсамі караля, грамадства, дзяржавы»; «усё, што не згаджаецца з мірам і грамадскай карысцю, павінна разглядацца як злачынства»; «мір стане няўстойлівым, калі мы будзем ставіць людзям перашкоды ў веравызнанні» і г. д.
Гэта былі глыбокія, высакародныя ідэі, якія апярэджвалі свай час і рабілі гонар тагачаснай беларускай філасофскай і грамадска-палітычнай думцы. Яны з’яўляліся сведчаннем новага мыслення на айчыннай глебе.
Настаўніцкая газета. 1990. 25 жн.
Гісторыя ад Мацея
Мацей Станіслаў Стрыйкоўскі-Осостэвічыус (1547 — канец 80—90-х гадоў XVI ст.) — выдатны дзеяч першага беларускага Адраджэння, універсальная і шматбаковая асоба: паэт, філосаф, палітык, мастак, археолаг, тапограф, картограф і інш. Але ж у першую чаргу ён гісторык, аўтар
знакамітай «Хронікі Польскай, Літоўскай, Жмудскай і ўсёй Русі», выдадзенай у 1582 г. у Кёнігсбергу. Мацей Стрыйкоўскі — першы прафесійны даследчык нашай гісторыі, які падыходзіў да яе не як канстататар, летапісец, а як аналітык, вучоны. Ён імкнуўся не толькі выпрацаваць навуковы метад даследавання гістарычнага працэсу, але і спасцігнуць яго сэнс, накіраванасць, філасофію.
На думку А. Рогава, аўтара манаграфіі «Русско-польские культурные связи в эпоху Возрождения (Стрийковский и его «Хроника»)», у працы Стрыйкоўскага дамінуе славянская тэндэнцыя. Тлумачыцца гэта тым, што ў даследчыцкай дзейнасці гісторыку больш за ўсё спрыялі беларускія феадалы — Слуцкія, Хадкевічы, Заслаўскія. М. Ермаловіч, аўтар даследавання «Па слядах аднаго міфа», лічыць, што ў «Хроніцы» Стрыйкоўскага пераважае літоўская тэндэнцыя, а яе стваральнік з’яўляўся выразнікам гістарычных і палітычных ідэй свайго апошняга мецэната, жмудскага біскупа Мельхіёра Гедройца [48, с. 6—7]. Па меркаваннях польскіх даследчыкаў Ю. Барадаха і Ю. Радзішэўскай, у падставе гістарычнай канцэпцыі Стрыйкоўскага ляжалі ідэі палітычнага кампраміса паміж беларускімі, украінскімі, літоўскімі і польскімі феадаламі, федэрацыі Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага і Польшчы.
Многія факты біяграфіі Стрыйкоўскага змяшчаюцца ў яго «Хроніцы». У прыватнасці, гісторык паведамляе, што нарадзіўся ў мястэчку Стрыкава (Мазовія) у шляхецкай сям’і, выхоўваўся, як гэта было прынята ў той час, у дамах знатных паноў Лоскіх і Мацкоўскіх. Да 16 гадоў, па яго словах, «вывучаў свабодныя навукі з вялікай стараннасцю і працалюбствам». Мяркуюць, што ў 1564 г. Стрыйкоўскі скончыў Кракаўскі універсітэт, які з’яўляўся «alma mater» для многіх беларусаў, украінцаў, літоўцаў. У «Хроніцы» Стрыйкоўскі таксама адзначае, што з юнацкіх гадоў яго ахапіла прага, «якая была ўласціва маладому Платону» — наведванне іншых краін. Апынуўшыся ў Беларусі каля 1570 г., Стрыйкоўскі паступае на вайсковую службу, якую праходзіць у Віцебску. Ён дасканала авалодаў беларускай, рускай і літоўскай мовамі. Зацікавіўшыся гісторыяй Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, пачаў старанна вывучаць беларуска-літоўскія летапісы, штудзіраваць працы польскіх гісторыкаў — Длугаша, Ме-
хавіты, Вапоўскага, Кромера, Бельскага, антычных і сярэднявечных аўтараў, пісьменнікаў эпохі заходнееўрапейскага Адраджэння. Шмат падарожнічаў па Беларусі, Літве, наведаў Лівонію, Маскоўскую дзяржаву і нідзе, па яго словах, «не марнаваў часу», а нястомна працаваў у імя «дабра, славы грамадства і дзяржавы», г. зн. Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага і Рэчы Паспалітай у цэлым.
Стрыйкоўскі асабіста абследаваў і вывучаў палі бітваў, старыя гарадзішчы, замкі беларускіх і літоўскіх феадалаў, цэрквы і касцёлы, вёў археалагічныя раскопкі, маляваў, слухаў народныя беларускія і літоўскія песні, запісваў мясцовы фальклор, цікавіўся праявамі язычніцкай культуры ў асяроддзі літоўцаў і беларусаў, пра што ён падрабязна піша ў сваёй «Хроніцы». Вынікам з’явіўся рукапіс першай яго кнігі «Апісанне Еўрапейскай Сарматыі».
У 1574 г. у Кракаве Стрыйкоўскі выдаў паэму «Веснік дабрачыннасці», у якой у вершаванай форме коратка выкладаліся гісторыя ВКЛ, а таксама яго філасофска-гістарычныя і сацыяльна-палітычныя погляды. Вершаванафіласофскі вопыт над гісторыяй Беларусі і Літвы Стрыйкоўскі ў «Хроніцы» тлумачыў наступным чынам: «У выніку прадоўжанай празаічнай працы ўзнікла неабходнасць разарваць манатоннасць майго быцця і тады я звярнуўся да паэзіі».
У гэтым жа годзе ў складзе пасольства Стрыйкоўскі апынуўся ў Канстанцінопалі, сталіцы былой Візантыйскай імперыі, гісторыя і культура якой, як вядома, былі цесна знітаваны з гісторыяй і культурай Кіеўска-Полацкай Русі. Цяпер гэта была сталіца Асманскай імперыі. 3 дазволу турэцкіх уладаў Стрыйкоўскі падарожнічае па тэрыторыі імперыі, вывучае побыт і гісторыю яе народаў. Наведаў ён і Грэцыю, калыску еўрапейскай цывілізацыі, дзе «з першых рук» знаёміўся з культурай і гісторыяй гэтай краіны. Вярнуўшыся ў 1575 г. у Кракаў, Стрыйкоўскі выдае палітычны трактат пад назвай «Аб свабодзе Кароны Польскай і Вялікага княства Літоўскага, а таксама аб жорсткасці няволі іншых каралеўстваў пад тыранскім ярмом Турцыі», у якім супрацьпастаўляе ліберальную палітычную сістэму Рэчы Паспалітай дэспатычнаму рэжыму Асман-
скай імперыі. Кніга выклікала незадаволенасць Стафана Баторыя, кандыдатуру якога на каралеўскі трон падтрымліваў турэцкі султан.
Пакінуўшы дзяржаўную службу, Стрыйкоўскі вяртаецца на Беларусь і пасяляецца ў доме свайго мецэната, слуцкага князя Юрыя Юр’евіча Алелькавіча. Рыхтуючы сваю «Хроніку», ён інтэнсіўна працуе не толькі ў багатым кнігасховішчы слуцкіх князёў, але і ў кнігасховішчах і архівах князёў Заслаўскіх, магнатаў Хадкевічаў. Апошнія дабіліся для гісторыка дазволу працаваць у кнігасховішчы Супрасльскага манастыра, у якім знаходзілася звыш 200 старажытнарускіх і беларускіх рукапісаў. Пазней, у прадмове, Стрыйкоўскі ўспамінаў, што, працуючы над «Хронікай», пераўзышоў у стараннасці тых рабоў, якія працавалі ў егіпецкіх каменяломнях. У доме князёў Слуцкіх Стрыйкоўскім было напісана часткова паэтычнае, часткова празаічнае сачыненне «Аб пачатку, паходжанні, доблесці слаўных вайсковых і грамадзянскіх спраў літоўскага, жмудскага і рускага народаў». Кніга доўга заставалася ў рукапісу, які захоўваўся спачатку ў Нясвіжскай бібліятэцы Радзівілаў, а цяпер знаходзіцца ў бібліятэцы Нарадовай у Варшаве. У 1978 г. тэты рукапіс упершыню выдадзены польскай даследчыцай Ю. Радзішэўскай.
Ёсць меркаванне, што менавіта Мацеем Стрыйкоўскім напісана «Хроніка Быхаўца», прычым на беларускай мове, але Ю. Бардах катэгарычна адхіляе даную гіпотэзу [168, с. 78-83].
Знаходзячыся ў Слуцку, Стрыйкоўскі ўступае ў кантакт з выдатнымі беларускімі пісьменнікамі-гуманістамі, філосафамі, палітычнымі мысліцелямі і рэфарматарамі Сымонам Будным і Андрэем Воланам. Разам яны не толькі задумалі, але і рэалізавалі грандыёзны культурны праект: выданне вялізнага лацінскага трактата Анджэя Фрыча Маджэўскага «Аб выпраўленні Рэчы Паспалітай». Трактат тэты ў перакладзе на польскую мову выйшаў у 1577 г. з лоскай друкарні.
У лістападзе 1578 г. памірае слуцкі князь Юрый, але Стрыйкоўскі знаходзіць новага апекуна. На тэты раз ім стаў літоўскі каталіцкі біскуп Мельхіёр Гедройц. Гісторык прымае духоўны сан і атрымлівае пасаду каноніка. Быц-
цам бы ўсё ўладкавалася ў жыцці Мацея Стрыйкоўскага, аднак яму быў нанесены нечаканы ўдар «з-за вугла». У Кракаве выходзіць у свет праца «Апісанне Еўрапейскай Сарматыі» пад аўтарствам Аляксандра Гваньіні, былога вайсковага начальніка Стрыйкоўскага, камандзіра Віцебскага гарнізона. У сваёй прадмове да «Хронікі» Стрыйкоўскі сцвярджае, што гэта было яго сачыненне, якое ён легкаверна даў пачытаць ротмістру Гваньіні і якое апошні прысвоіў. Многія сучасныя даследчыкі згаджаюцца з даным абвінавачваннем.
«Хроніка Польская, Літоўская, Жмудская і ўсёй Русі» Мацея Стрыйкоўскага была надрукавана ў 1582 г. у Кёнігсбергу на польскай мове. Апрача вышэйпамянёных, захаваліся назвы рукапісаў гісторыка, якія да нас не дайшлі: вершаваныя творы «Буколікі» і «Плач з нагоды смерці Жыгімонта Аўгуста»; празаічныя рэлігійна-філасофскія сачыненні «Аб разумнай парадзе» і «Супраць новахрышчэнцаў»; палітычны трактат «Аб тыраніі цяперашняга вялікага князя маскоўскага», накіраваны супраць Івана Грознага, і інш.
Дакладная дата смерці Стрыйкоўскага невядома, апошняе ўпамінанне пра яго як жывога адносіцца да 1586 г.
Ацэньваючы сваё жыццё, Стрыйкоўскі прызнаваўся ў «Хроніцы», што правільна зрабіў, не пахаваўшы свой талент гісторыка і праславіўшы сваімі творамі Бацькаўшчыну, якой для яго з’яўляліся Беларусь і Літва. На думку Ю. Бардаха, «Стрыйкоўскі быў свядомым выканаўцам сацыяльнага заказу на актуальную, у духу эпохі Адраджэння, гісторыю Літвы і Русі. Таму яго «Хроніка» мае першараднае значэнне для даследчыкаў беларускай, украінскай, літоўскай і рускай гістарыяграфіі» [168, с. 68].
Трэба прызнаць, што постаць Мацея Стрыйкоўскага недаацэнена ў гісторыі беларускай культуры. Між тым яму належыць пачэснае месца сярод самых выдатных дзеячаў беларускага Адраджэння XVI — пачатку XVII ст. Стрыйкоўскі — першы гісторык-прафесіянал Беларусі, Украіны і Літвы, які паставіў вывучэнне гісторыі на навуковую аснову. Ён не толькі гісторык, але і філосаф, асноватворца айчыннай філасофіі гісторыі, даследчык, які імкнуўся спасцігнуць сутнасць і сэнс шматвяковай гістарычнай,