Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры
Сямен Падокшын
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 316с.
Мінск 2003
12 сакавіка 1622 г. ён накіроўвае Кунцэвічу прыватны ліст, у якім папярэджвае, што палітыка прымусовай унізацыі непазбежна прывядзе да народнага бунту. Сапега заклікаў Кунцэвіча да стрыманасці, памяркоўнасці, талерантнасці, хрысціянскага чалавекалюбства. Ён нагадваў архіепіскапу, што Хрыстос прыцягваў людзей да свайго
вучэння любоўю і дабрынёю, а не насіллем і прымусам. Але разважлівае папярэджанне канцлера не было прынята ў разлік Кунцэвічам. Праследаванні праваслаўных узмацніліся, у выніку чаго выбухнула паўстанне гараджан Віцебска (1623), у час якога уніяцкі архіепіскап і некаторыя з яго асяроддзя былі забіты. Адбылося тое, што прадбачыў канцлер і аб чым ён папярэджваў.
Па загаду караля для расследавання «віцебскай справы» была створана спецыяльная камісія, якую ўзначаліў Леў Сапега. I тут ён ужо дзейнічаў як прадстаўнік улады, суровы суддзя, абаронца існуючага правапарадку. Рымскі папа, звяртаючыся да караля Жыгімонта III, пісаў: «... да будзе пракляты той, хто стрымае свой меч ад крыві ... дзяржаўны кароль, ты не павінен утрымацца ад меча і агня». Вырок суда быў вельмі суровы: звыш 70 чалавек прыгаворваліся да пакарання смерцю (праўда, многія паспелі схавацца, і былі пакараны смерцю 20 чалавек), астатнія ўдзельнікі паўстання таксама панеслі жорсткае пакаранне. Віцебск пазбавілі магдэбургскага права, г. зн. самакіравання, была разбурана гарадская ратуша.
Віцебскае паўстанне нанесла ўдар па гуманістычных ідэалах мысліцеля, пахіснула яго веру ў магчымасць пераўтварэння існуючага грамадства на падставе правапарадку, законнасці, сацыяльнай згоды, агульнай цярпімасці, хрысціянскай любові. Не без душэўнага болю ён быў вымушаны прымірыцца з сацыяльна-палітычнай рэальнасцю. Менавіта гэтая душэўная драма, па нашым меркаванні, абумовіла рашэнне Сапегі пакінуць пасаду канцлера. Аб тым, што не старасць (66 гадоў!) была прычынай адстаўкі Сапегі, сведчыць і такі факт: калі пачалася вайна са шведамі, каралеўскі ўрад звярнуўся да яго паслуг. У 1625 г. Сапега быў прызначаны вялікім гетманам і пастаўлены на чале арміі, якая абараняла Лівонію ад шведаў. Жорсткая расправа з віцяблянамі не прымірыла праваслаўных беларусаў з уніяй. 13 студзеня 1627 г. Жыгімонт III зноў папярэджвае Сапегу, што «аршанскія мяшчане ўступілі ў згавор з магілёўскімі мяшчанамі і робяць адкрытыя і вялікія бунты супраць свецкай улады, а таксама супраць улады айца Антонія Сялявы, архіепіскапа Полацкага».
Леў Іванавіч Сапега памёр 7 ліпеня 1633 г. Пахаваны ў Вільне, у касцёле Св. Міхаіла ў сямейным склепе. Па-
кінуў пасля сябе двух сыноў — старэйшага Яна і малодшага Казіміра.
«Не подлуг уподобанья своего, а водле прав наших». Ідэя прававой дзяржавы. Леў Сапега з’яўляўся прадстаўніком памяркоўна-гуманістычнай плыні айчыннай думкі. У ёй адлюстраваны інтарэсы тых пластоў грамадства, якія ўсведамлялі неабходнасць частковых змен у жыцці краіны, некаторых сацыяльных, палітычных, прававых рэформ. У светапоглядзе ідэолагаў гэтай плыні (Ф. Скарыны, С. Буднага, В. Цяпінскага, А. Волана і інш.) даволі выразна праступалі элементы раннебуржуазнай, прававой свядомасці, звязаныя з уплывам культуры і думкі эпохі Адраджэння і Рэфармацыі. Істотную ролю ў фарміраванні новай самасвядомасці і думкі Беларусі XVI—XVII стст. побач з рэфармацыйна-гуманістычнымі дактрынамі адыгрывалі этыка-палітычныя вучэнні Платона, Арыстоцеля, Цыцэрона, якія пераасэнсоўваліся беларускімі мысліцелямі ў духу часу. Адным з патрабаванняў ідэолагаў памяркоўнагуманістычнай плыні было патрабаванне прававой свабоды. Спробы вырашэння гэтай праблемы стымулявалі актыўную праватворчую дзейнасць ідэолагаў феадальнага грамадства, выклікалі да жыцця статуты Вялікага княства Літоўскага 1529, 1566, 1588 гг.
Як па-новаму мыслячы дзяржаўны і палітычны дзеяч Леў Сапега лічыў, што асноўная задача кожнага грамадства — гарантаваць чалавеку бяспечнае матэрыяльнае і духоўнае жыццё, абароненае валоданне маёмасцю згодна з яго саслоўным статусам. Але ж, на думку Сапегі, гэта магчыма толькі ва ўмовах такой дзяржавы, дзе ўсё і ўсе падпарадкоўваюцца закону. Гэта — цэнтральная ідэя яго прадмоў да Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 г.
Тры прадмовы — тры брыльянты самай высокай годнасці ў прававой кароне дзяржавы, чым з’яўляецца Статут 1588 г. Аўтар усіх іх — Леў Сапега, хоць пад першай прадмовай фармальна стаіць подпіс караля. У ёй гаворыцца, што «новопоправленый» Статут даецца «всим посполите и кождому зособна нынешним и напотом будучим», «всим станом Великого князьтва Літовскага». Кароль публічна заяўляе, што лічыць сваім абавязкам «права, вольности и свободы их не толко цело и непорушно держати, але што бы наболей прымножати» и «прибавляти» [142, с. 42—43].
У другой прадмове, якая адрасуецца «наяснейшаму пану Жигимонту третьему», г. зн. каралю і вялікаму князю, выкладзена сапегаўская канцэпцыя прававой дзяржавы. Былі часы, піша Леў Сапега, калі ў чалавечых згуртаваннях, або грамадствах, гаспадары, выконваючы ўладу над людзьмі, карысталіся «не правом, яким описаным або статутам, але толькі своим зданьем и уподобаньем». Менавіта гэта, лічыць мысліцель, нараджала тыранічныя рэжымы, сваволле, знявагу да «сполнага добрага» (агульнага дабра), чалавечай свабоды, жыцця, маёмасці. Шчаслівае і цывілізаванае жыццё, мяркуе Сапега, магчыма толькі на грунце законапраўя. Калі ж гэтага няма, калі ўсё залежыць ад волі, інтарэсаў і настрою аднаго чалавека, такое грамадства ўжо не можа лічыцца чалавечым.
На думку Сапегі, права — гэта сапраўдны розум, кіруючыся якім, чалавек мае магчымасць зрабіць правільны маральны выбар у жыцці, зрабіць учынак, які не прычыняе шкоды свабодзе, асобе, маёмасці іншага чалавека. Між тым не ўсіх людзей прырода надзяліла такім розумам. Таму многія ў жыцці кіруюцца сваімі карыслівымі інтарэсамі, эгаістычнымі прыхільнасцямі, жывёльнымі інстынктамі. Права і ёсць «удило або монштук», які стрымлівае гэтых людзей ад злачынства, абараняе ад іх усіх маральных і добрых. Толькі тыя «панства и королевства стоять и в целости своей захованы бывають, где лихие помету, а добрые заплату относять», г. зн. аснова ўстойлівасці, стабільнасці ўсякага грамадства, дзяржавы — прававая абароненасць чалавека. Гэта «ест цель и конец всих прав на свете» [142, с. 44].
Разбурэнне правапарадку выклікала пагібель старажытнарымскай рэспублікі. I прычынай гэтаму былі легкадумныя людзі, галоўным чынам юнакі, якія па сваёй недамысленасці і эгаізму аддалі перавагу каралеўскай ласцы перад правам, законам. Мы ж, звяртаецца мысліцель да караля, «за щасливый народ себе быти почитаем», таму што жывём над уладай гаспадароў, якія ў сваёй дзейнасці кіруюцца галоўным чынам правам, менавіта яно азначыла «певную границу панованья их над нами».
I нарэшце, трэцяя прадмова да Статута 1588 г. прысвячаецца «всим вобец станом Великого князства Литов
ского», г. зн. не толькі магнатам, шляхце, але і «люду простому, посполитому», купцам, рамеснікам, сялянам. Мудрацы ўсіх часоў і народаў, сцвярджае Леў Сапега, лічылі, «же в кождой речы посполитой человеку почетивому ничего не маеть быти дорожшого над вольность» [142, с. 47]. Таму, абараняючы сваю вольнасць, або свабоду, людзі не шкадавалі не толькі маёмасці, але і ўласнага жыцця. Больш таго, яны вынайшлі самы надзейны «монштук або удило на погамованье кождого зуфальцу» — законы, якія «для того суть постановлены», каб кожны чалавек змог пазбегнуць «гвалту и збытку», «абы можному и потужному не все было вольно чынити». Сапега спасылаецца на Цыцэрона, які «поведил, иж естесмо невольниками прав для того, абысьмы вольности уживати могли», г. зн., каб карыстацца свабодай, мы з’яўляемся рабамі законаў. Толькі там, дзе вяршэнствуе права, захоўваецца годнасць, бяспека, маёмасць і наогул свабода чалавека. Па меркаванні Сапегі, «цель и скуток усих прав ест и маеть быти на свете, абы кождый добрую славу свою, здоровье и маетность в целости мел, а на том всем жадного ущирбку не терпел» [142, с. 47]. Кожны правіцель, начальнік, чыноўнік павінен кіраваць не «подлуг уподобанья сваего», а «водле прав наших». Хто б дзейнічаў інакш, «тот бы вжо не паном нашим, але сказителем прав и вольностей наших был, а мы бысмо невольниками его быти мусели» [142, с. 47]. Усякая ўлада павінна падпарадкоўвацца праву, закону, гэта тычыцца як простата чыноўніка, так і самога караля і вялікага князя. «Сам господар пан наш, — піша Сапега, — жадное звирхности над нами заживати не можеть, одно только, колько право допущаеть» [142, с. 47].
Сапега ставіць праблему народнай правасвядомасці. Прычым першым у беларускай грамадска-палітычнай думцы. «Прото маючы таковый скарб в руках нашых, который жадною сумою преплачон быти не можеть (маецца на ўвазе Статут 1588 г. — С.П.), — піша ён, — пристоить кождому почестивому человеку, абы о нем ведал, а будучи добре ведомый, абы яко сам себе и попудливости свои гамовал и водлуг права писаного справовалсе, а никого не кривдил» [142, с. 47]. Тым больш, працягвае ён, сорамна не ведаць сваіх законаў беларусам, бо «не обчым
(не іншым. — С.П.) якім языком, але своим власным права списания маем и кождого часу, чого нам потреба ку отпору всякое кривды, ведати можем» [142, с. 48].
Ідэя нацыянальна-культурнай і рэлігійнай свабоды. Асаблівасцямі светапогляду канцлера Сапегі з’яўляюцца даволі акрэслена выяўленыя нацыянальна-культурная самасвядомасць і рэлігійная талерантнасць. Сам факт выдання Статута на асабістыя сродкі («в том той потребе кождого обывателя фольгуючы и пожитку речы посполитое служены, важыломсе того тую працу на себе подняти а кошту и накладу своего не жалуючы, абых то в друк подал»), гонар за тое, што гэтае выданне надрукавана на беларускай мове, — яскрава сведчаць аб нацыянальнакультурнай арыентацыі сапегаўскага светапогляду. Сапега ніколі не быў канфесіянальным фанатыкам, даволі свабодна, без адчувальнага душэўнага канфлікту пераходзіў ад адной веры да другой. Лічыць гэта беспрынцыповасцю было б спрашчэннем і сведчыла б пра адсутнасць элементарнага пачуцця гістарызму. Па свайму духоўнаму складу Сапега з’яўляўся чалавекам рэнесансавым, для якога першынствуючае значэнне мелі сацыяльна-палітычныя, маральныя, агульначалавечыя прынцыпы, зафіксаваныя ў хрысціянстве наогул, а не факт прыналежнасці да таго ці іншага вузкага выравызнання. Даная акалічнасць, у прыватнасці, збліжала яго са Скарынам, нягледзячы на час, які іх раздзяляў. Перайшоўшы ў 1588 г. з пратэстантызму ў каталіцызм, Сапега, зразумела, апякаў католікаў, езуітаў, з’яўляўся прыхільнікам царкоўнай уніі. Ён лічыў, што апошняя будзе садзейнічаць прымірэнню прадстаўнікоў каталіцкага і праваслаўнага веравызнання на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага. У той жа самы час ён меркаваў, што пераход праваслаўных ва уніяцтва павінен ажыццяўляцца на добраахвотных пачатках, павольна. Сапега даволі цярпіма адносіўся да іншых веравызнанняў, ніколі не з’яўляўся прыхільнікам рэлігійнага прымусу, а тым больш праследаванняў за веру. У яго канцылярыі, у прыватнасці, працавалі людзі розных веравызнанняў, напрыклад каралеўскі сакратар А. Волан, які да апошніх дзён свайго жыцця заставаўся кальвіністам. У канцы жыцця Сапега склаў тэстамент, або завяшчанне, у якім не абышоў сваёй увагай праваслаўнае духавенства. У прыват-