Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры
Сямен Падокшын
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 316с.
Мінск 2003
лерам. У наступным годзе Сапега бярэ шлюб з дачкой люблінскага кашталяна Даротай Фірлей. Кароль Стафан Баторый шчодра абдарыў свайго ўлюбёнца, надаўшы яму ў якасці вясельнага падарунка Слонімскае староства.
Зоркавы час — стварэнне Трибунала і выданне Статута. Канцлер Вялікага княства Літоўскага. Стафан Баторый не толькі пераможна завяршыў Лівонскую вайну, але і шмат зрабіў для ўмацавання палітычнай і эканамічнай незалежнасці ВКЛ. Ён адмяніў некаторыя рашэнні Люблінскай (1569) уніі, дазволіўшы ВКЛ праводзіць свае вальныя сеймы і сеймікі, мець свой асобны Статут, адпаведна якому чынілася мясцовае судаводства, даў згоду на стварэнне Галоўнага Трыбунала ВКЛ (1581), заснаванне Віленскага універсітэта (1579) і інш. Усё тэта ператварала Рэч Паспалітую ў канфедэратыўную дзяржаву, у якой як Карона, так і Літва карысталіся пэўным суверэнітэтам. Рэфарматарская дзейнасць Баторыя адбывалася пад уплывам беларускіх і літоўскіх магнатаў і шляхты і адно з першых месцаў у гэтай справе належала Астафію Валовічу і Льву Сапегу. Менавіта па іх ініцыятыве быў створаны Галоўны Трыбунал ВКЛ. Пад кіраўніцтвам падканцлера Сапегі дзейнічала аўтарытэтная камісія, у задачу якой уваходзіла падрыхтоўка трэцяй рэдакцыі Статута ВКЛ.
Неспадзяваная смерць ў Гародні 12 студзеня 1586 г. Стафана Баторыя парадзіла праблему пераемніка. Прэтэндэнтамі на пасаду караля і вялікага князя выступілі аўстрыйскі эрцгерцаг Максіміліян, сын Івана IV Грознага маскоўскі цар Фёдар, сын Кацярыны Ягелонкі (роднай сястры вялікага князя і польскага караля Жыгімонта Аўгуста) і шведскага караля Яна III Вазы. Падканцлер Сапега пасля некаторага вагання (спачатку ён лабіраваў кандыдатуру пара Фёдара) падтрымаў Жыгімонта Вазу, выставіўшы яму пэўныя ўмовы, агульны змест якіх зводзіўся да захавання адноснай дзяржаўнай незалежнасці ВКЛ. Пад уплывам Сапегі новы вялікі князь і кароль ухваліў трэцюю рэдакцыю Статута ВКЛ, які быў надрукаваны на беларускай мове ў друкарні знакамітых кнігавыдаўцоў братоў Мамонічаў у 1588 г. на сродкі падканцлера. Асноўная ідэя гэтага Статута — вяршэнства закону — была геніяльна сфармулявана ў сапегаўскіх прадмовах. Статут 1588 г. змяшчаў знакаміты акт Варшаўскай канфедэрацыі, які абвяш-
чаў свабоду ўсіх хрысціянскіх веравызнанняў Рэчы Паспал ітай.
У 1588 г. у сувязі са змяніўшыміся сацыяльна-палітычнымі ўмовамі, у прыватнасці з узмацненнем контррэфармацыйнага руху, Сапега пакідае пратэстантызм і пераходзіць у каталіцызм. Пэўны ўплыў на яго рашэнне аказалі Пётр Скарга і жонка, заўзятая каталічка. Не апошнюю ролю тут, магчыма, адыгралі і кар’ерысцкія меркаванні, паколькі праз год, у красавіку 1589 г., Леў Іванавіч Сапега прызначаецца каралём на пасаду канцлера Вялікага княства Літоўскага. Да яго гэта пасада знаходзілася ў руках князя-кальвініста Крыштофа Радзівіла. Зрэшты, апошняга кароль кампенсаваў гетманскай булавой.
У 1591 г. памёрла першая жонка канцлера, пакінуўшы яму двухгадовага сына. Яна завяшчала мужу вялікую маёмасць, а таксама 30 тыс. злотых. Праз восем год, у 1599 г., Сапега ажаніўся ў другі раз, узяўшы князёўну Галыпку Радзівілаву, дачку таго самага Крыштофа Радзівіла, у якога ён у свой час адабраў пасаду канцлера. Вяселле адбылося ў Вільне, а Сапега стаў уладаром Друі, Чурыловіч, Дзедзіна, Залесся, Асвеі.
Усходняя палітыка. Інтэграцыйная ўтопія. Як адзначалася, 25-гадовы Сапега з’яўляўся адным з уплывовых членаў пасольства, якое вяло перамовы з Іванам IV Грозным аб перамір’і. Падпісаны 15 студзеня 1582 г. мірны дагавор паклаў канец Лівонскай (Інфлянцкай) вайне, але ж не вырашыў супярэчнасцей паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай. Ва ўплывовых колах Польшчы і ВКЛ існаваў план пераадолення гэтых супярэчнасцей не толькі з дапамогай ваеннай зброі, але і палітычным шляхам, менавіта шляхам дынастычнай уніі, абрання на каралеўскі прастол рускага цара, які будзе гаспадаром аб’яднанай, хутчэй за ўсё канфедэратыўнай дзяржавы. Гэты інтэграцыйны план пэўны час падзяляў Сапега і ў сваёй дзейнасці на чале ўрада ВКЛ намагаўся яго рэалізаваць, як вядома, у часы першага бескаралеўя (пасля смерці Жыгімонта II Аўгуста). У якасці аднаго з прэтэндэнтаў на каралеўскі прастол разглядалася кандыдатура царэвіча Фёдара. Ужо тады яскрава выявіўся ўтапізм гэтай задумы. Умовамі абрання былі пераход Фёдара ў каталіцтва і вяртанне Рэчы Паспалітай Смаленска і Полацка. Калі першае было ка-
тэгарычна адвергнута, то другое вельмі насмяшыла Івана Грознага, які адказаў паслам, што Фёдар «не красна девица», каб за ім даваць пасаг. Пасля смерці Стафана Баторыя Фёдар, цяпер ужо цар, зноў з’яўляўся адным з галоўных кандыдатаў на каралеўскі трон, і Рада ВКЛ, і канцлер Сапега настойвалі на яго выбранні. Велікакняжацкія палітыкі, і перш за ўсё сам Сапега, наіўна разлічвалі, што аб’яднанне з Маскоўскай дзяржавай пазбавіць ВКЛ і наогул Рэч Паспалітую ад тэрытарыяльных і іншых прэтэнзій з Усходу, што рускі самадзержац застанецца ў Маскве, а справамі ў Княстве і Кароне будуць запраўляць мясцовыя ўлады. Усё гэта было надта не рэальна і здзіўляе, што такі глыбокі і дальнабачны палітык Сапега працяглы час не мог пазбавіцца ад гэтай ілюзіі. Раўнапраўнае аб’яднанне дзвюх дзяржаў з розным палітычным ладам і менталітэтам было практычна немагчыма, што і прадэманстравала далейшая гісторыя адносін паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай. У рэальнасці існавалі два гістарычныя выхады: або Рэч Паспалітая здолее ўсімі магчымымі сродкамі захаваць сваю тэрыторыю і палітычную незалежнасць, а разам з тым захавае сваю адносную незалежнасць і ВКЛ, або яна падпадае пад уладу Рускай дзяржавы, якая — і гэта добра разумеў Сапега — з кожным годам набірае моц.
Аднак пазіцыя, занятая Сапегам, мае і сваё апраўданне. Па-першае, Сапега быў галоўным чынам не вайскоўцам, а палітыкам, таму сур’ёзныя і складаныя міждзяржаўныя справы ён лічыў за лепшае вырашаць палітычнымі і дыпламатычнымі сродкамі. Па-другое, перад вачыма канцлера быў аналагічны вопыт адносін ВКЛ з Польшчай, які даў свой пэўны пазітыўны плён на падставе палітычнага кампрамісу. Па-трэцяе, пачаўшаяся ў Рускай дзяржаве ў канцы XVI — пачатку XVII ст. «смута», якая гранічна аслабіла маскоўскую ўладу, стварала бачнасць, што рускае баярства і дваранства і наогул рускае грамадства пагадзіцца на інтэграцыю з Рэччу Паспалітай — цяпер ужо не пад эгідай цара, а караля. Усімі гэтымі меркаваннямі і тлумачыцца інтэграцыйна-палітычная дзейнасць канцлера Caneri. Як вядома, у 1600 г. Сапега на чале дэлегацыі прыбыў у Маскву з прапановай «вечнага міру» і стварэння кан-
федэрацыі дзвюх дзяржаў на падставе свабоды пражывання, заняцця дзяржаўных пасад, веравызнання, будавання праваслаўных і каталіцкіх храмаў. Аднак, як і можна было чакаць, баярская дума адмовілася ад гэтай прапановы.
Інтэграцыйны аспект прысутнічаў і ў палітычнай авантуры з Ілжэдзімітрыем I, якую падтрымала трупа магнатаў і шляхты Літвы і Кароны. Канцлер не падтрымаў гэтай авантуры (хоць ёсць і адваротныя сведчанні), але, калі вайна паміж Рэччу Паспалітай і Рускай дзяржавай стала фактам, прыняў у ёй удзел, спадзяваючыся далучыць да ВКЛ Смаленскую і Северскую землі. У выніку ваеннай авантуры Рэчы Паспалітай у сувязі з Ілжэдзімітрыем II план мірнай, палітычнай інтэграцыі ператварыўся ў план інтэграцыі прымусовай. 4 (14) лютага 1610 г. тушынскае кіраўніцтва, рускія баяры на чале з патрыярхам Філарэтам падпісалі з каралём і вялікім князем Жыгімонтам III Вазам дагавор аб заняцці маскоўскага трона сынам караля Уладзіславам, які, як меркавалася, будзе кіраваць Маскоўскай дзяржавай разам з Баярскай думай. Пасля таго, як у Маскве быў скінуты з трона цар Васілій Шуйскі, «сямібаяршчына», або баярская рада, як часовы ўрад у жніўні 1610 г. падпісала з тым жа Жыгімонтам дамову, згодна з якой Уладзіслаў афіцыйна быў абвешчаны рускім царом [35, с. 200—201]. I нават калі на маскоўскі трон быў у 1613 г. Земскім саборам абраны Міхаіл Раманаў, каралевіч Уладзіслаў фармальна захаваў на яго права, што юрыдычна апраўдвала інтэрвенцыю Рэчы Паспалітай.
Абараняючы інтарэсы ВКЛ, канцлер Сапега на Бальным сейме, які адбыўся ў 1613 г., унёс пратэстацыю, у якой ён не прызнаваў за Польшчай права на Смаленскую і Северскую землі, а лічыў, што яны павінны ўвайсці ў склад ВКЛ. Калі ў 1617 г. вайна паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай аднавілася, канцлер Сапега быў прызначаны дарадчыкам пры маладым галоўнакамандуючым каралевічы Уладзіславе. Як і належала чакаць, прымусовая інтэграцыя і наогул інтэграцыя дзвюх дзяржаў пацярпела поўную няўдачу. Па Дзеўлінскаму перамір’ю (1618) да ВКЛ адыходзілі, за некаторым выключэннем, Смаленскія землі, а да Польшчы — Ноўгарад — Северскія і Чарнігаўскія землі.
У 1621 г. Леў Сапега становіцца віленскім ваяводам. Аднак праз два гады, улічваючы свой узрост (66 гадоў), просіць караля вызваліць яго ад абавязкаў канцлера Вялікага княства Літоўскага. 3 лютага 1623 г. адстаўка была прынята. 34 гады знаходзіўся Сапега на гэтай пасадзе І лепшымі вынікамі яго дзяржаўна-палітычнай дзейнасці, канешне, з’яўляюцца Галоўны Трыбунал і Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г., а не ўтапічны план інтэграцыі з Рускай дзяржавай, які пацярпеў поўнае фіяска.
«Віцебская справа». Апошнія гады. Аднак ёсць падставы трактаваць адстаўку Сапегі не толькі ўзростам. Яна, відаць, з’яўлялася ўскосным пратэстам супраць рэлігійнай палітыкі караля і пэўнай часткі неталерантна арыентаваных царкоўна-феадальных колаў. Справа ў тым, што па рашэнні Брэсцкага царкоўнага сабора 1596 г. у межах Вялікага княства Літоўскага адбываўся працэс унізацыі, г. зн. масавага перавода прадстаўнікоў праваслаўнага веравызнання ў новую канфесію. Як афіцыйная асоба, тым больш канцлер, Сапега, зразумела, з’яўляўся прыхільнікам уніі. Аднак як мудры і асцярожны палітык ён быў глыбока перакананы, што пераход праваслаўнага насельніцтва ва унію павінен адбывацца добраахвотна і паступова, сродкамі пераканання і ўсялякага заахвочвання. Між тым у кіруючых колах перамагла жорсткая лінія, быў узяты курс на фарсіраваную і прымусовую унізацыю беларускага і ўкраінскага насельніцтва Вялікага княства і Польшчы. У Беларусі адным з праваднікоў гэтай палітыкі з’яўляўся Полацкі уніяцкі архіепіскап Іасафат Кунцэвіч. У сувязі з гэтым рэзка ўзмацніліся незадаволенасць сярод праваслаўных беларусаў і ўкраінцаў усіх станаў, сталі частымі выпадкі адкрытага непаслушэнства ўладам і супраціўлення палітыцы прымусовай унізацыі, асабліва сярод гараджан, жыхароў Полацка, Віцебска, Магілёва, Оршы і інш. Вопытнаму дзяржаўнаму дзеячу Льву Сапегу няцяжка было прадугледзець, да чаго ўсё гэта можа прывесці.