Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры
Сямен Падокшын
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 316с.
Мінск 2003
палітычнай і духоўна-культурнай эвалюцыі беларускага, украінскага, літоўскага, польскага і рускага народаў. Стрыйкоўскі — несумненны і палкі патрыёт Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, прыхільнік яго самастойнага існавання ў складзе Рэчы Паспалітай.
У адрозненне ад сярэднявечных летапісцаў і храністаў Стрыйкоўскі — гісторык-даследчык, вучоны, прафесіянал. У яго ўяўленні гісторыя — гэта навука, якая здабывае аб’ектыўную ісціну. У яе падставе ляжыць правераны, не выклікаючы сумнення факт. Па словах гістарыёграфа, у працэсе стварэння «Хронікі» ён абапіраўся на першакрыніцы і працы шматлікіх летапісцаў і гісторыкаў, «абагульняючы іх, параўноўваючы паміж сабою розныя доказы і сведчанні» [186, т. 1, с. XXXIX—XL]. У сваёй «Хроніцы» Стрыйкоўскі неаднаразова падкрэслівае, што з’яўляецца непрадузятым, аб’ектыўным даследчыкам, імкнецца да «самай шчырай гістарычнай праўды». «Няхай ніхто не спадзяецца, — піша ён, — на выключнае ўсхваленне сваёга роду, а толькі той, чыё імя і годнасць сама гісторыя праславіла». Адначасова гістарыёграф падкрэсліваў, што не адмаўляе крытыкі і гатовы прыняць «з удзячнасцю» ўсе разумныя і справядлівыя заўвагі [186, т. 1, с. XL—XLI). Звяртаўся Стрыйкоўскі і да гістарычных міфаў, легенд, але ў яго яны адыгрывалі пераважна палітычную ролю. У прыватнасці, выкарыстоўваючы легендарнае сведчанне пра рымскае паходжанне велікакняжацкай дынастыі, гістарыёграф сцвярджаў аўтарытэт беларуска-літоўскай дзяржавы [186, т. 1, с. 45]. Сам Стрыйкоўскі ўсведамляў сваю ролю гісторыка-першапраходца. «Выкарыстоўваючы свой прыродны талент, — пісаў ён, — я расчысціў і грунтоўна ўзараў той палетак, якога да мяне не кранаўся плуг, а потым засеяў яго адборным зернем» [186, т. 1, с. XL],
Погляды Мацея Стрыйкоўскага на гісторыю адзначаюцца яскрава выяўленай філасафічнасцю. На яго думку, гісторыя выконвае дзве функцыі: пазнавальную і маральна-дыдактычную, або вучыцельскую. Насуперак Арыстоцелю, які лічыў гісторыю менш філасафічнай у параўнанні з паэзіяй, Стрыйкоўскі перакананы, што гісторыя мае не меншы філасофскі патэнцыял, чым паэзія, што яна з’яўляецца «ключом да мінулага, настаўніцай свабодных навук і рамёстваў, жывой крыніцай мудрасці і дабрачын-
насці» [186, т. 1, с. XXXI]. Для Стрыйкоўскага гісторыя не толькі навука, але і духоўны, палітычны, маральны вопыт, які з’яўляецца найвялікшым набыткам чалавецтва. Ён больш важны і карысны, чым абстрактныя разважанні схаластаў. «Адзін гістарычны прыклад, — сцвярджае аўтар «Хронікі», — больш важны і карысны для каралёў, гетманаў, сенатараў, якія клапоцяцца аб грамадскім дабры, чым тысяча пытанняў філосафаў і метафізікаў, што спрачаюцца пра пачатак рэчаў, форму, пустату, бясконцасць, вечнасць, лёс, нябесную матэрыю ... Гісторыя сваёй аголенай і доказнай праўдай, якая спасцігаецца без доўгіх і пустых аргументаў і сілагізмаў, кожнага з нас вучыць ясна і выразна памятаць аб мінулых рэчах, кіраваць сучаснасцю і планаваць будучыя справы на падставе вопыта мінулага. У сувязі трох часоў, як піша Сенэка, зводзіцца ўся мера і парадак прыватнага і грамадскага жьщця чалавека. Пагарджанне гістарычным вопытам робіць чалавека падобным на жывёлу з апушчанымі да долу вачамі» [186, т. 1, с. XXXV].
Стимулам чалавечай дзейнасці, на думку Стрыйкоўскага, з’яўляецца імкненне да зямной славы, што адпавядае ўстаноўцы рэнесанснай філасофіі гісторыі. Ён, аднак, адрознівае сапраўдную славу ад славы фальшывай, якую здабыў Герастрат, «спаліўшы храм Дзіяны ў Эфесе». Сапраўдная слава дасягаецца не на ніве самалюбавання і эгаістычнага ўладалюбства, а ў справах «дзеля Бацькаўшчыны і грамадскага дабра» [187, т. 1, с. XL1I], Як і Скарына, Стрыйкоўскі лічыў, што сэнс гістарычнага чалавечага жьщця ў актыўнай дзейнасці на карысць Радзіме, народу, агульнаму дабру. «Толькі той чалавек жыве правільна, годна і ісцінна, — сцвярджаў ён у «Хроніцы», — які шукае і здабывае Бацькаўшчыне, самому сябе, а таксама нашчадкам бессмяротную славу, хто старанна робіць патрэбную справу, адзначаецца ў вайсковай доблесці або ў вывучэнні карысных навук». Так, Юлій Цэзар праславіўся «Запіскамі аб гальскай вайне», Аўрэлій Аўгусцін — сваім творам «Аб Божым месце» [186, т. 1, с. XXXVI]. Гістарыёграф, такім чынам, ускосна палемізуе з сярэднявечнай канцэпцыяй сэнсу жыцця, з рэнесансава-гуманістычных пазіцый сцвярджае прыярытэт зямной, грамадска-карыснай дзейнасці чалавека.
Услед за Маджэўскім, Сапегам, Воланам узвышэнне і заняпад грамадства, дзяржавы Стрыйкоўскі звязваў з узвышэннем або заняпадам палітычнай і прававой свабоды, канкрэтнымі праявамі якой, на думку вышэйпамянёных мысліцеляў, былі дзяржаўная незалежнасць, вяршэнства закону, прававая абароненасць жыцця, годнасці і маёмасці чалавека.
Стрыйкоўскі выступае і ў ролі «чыстага філосафа». З’яўляючыся прыхільнікам хрысціянскай канцэпцыі паходжання свету і чалавека, ён з вялікай павагай адносіцца да антычнай філасофіі. У «Хроніцы» Стрыйкоўскі коратка разглядае асноўныя філасофскія вучэнні старажытных грэкаў і рымлян аб першапачатку. «Адны, — піша ён, — сцвярджалі, што свет самастварыўся з Хаоса, г. зн. ад змяшэння рэчыва і элементаў, пра што піша Авідзій у сваіх «Метамарфозах». Фалес з Мілета, адзін з сямі грэчаскіх мудрацоў, усе рэчы выводзіў з вады ... Гіпарх і Геракліт Эфескі ... сцвярджалі, што свет створаны з агню і вады ... Арыстоцель, Цыцэрон, Ксенафан, Авероэс і іншыя лічылі свет вечным, без пачатку і канца». На думку Стрыйкоўскага, «чым больш яны імкнуліся паказаць сілу свайго розуму, тым больш памыляліся, бо не мелі паняцця пра ўсемагутнасць Бога, які ўсё стварыў з нічога». Ва ўяўленні Стрыйкоўскага, Бог з’яўляецца «першапачаткам справядлівага права, законаў, улады», а Адам і Ева — «тым насеннем, з якога пайшлі ўсе народы» [186, т. 1, с. 1—3].
1 нарэшце, адносна палітычнай арыентацыі Мацея Стрыйкоўскага. Існуе думка, што ён з’яўляўся пралітоўскі настроеным гісторыкам. Але гэта думка, на наш погляд, даволі спрэчная. Зразумела, у працах Стрыйкоўскага, і перш за ўсё ў яго «Хроніцы», мы сустракаемся з супярэчлівымі тэндэнцыямі, рознабаковымі трактоўкамі гістарычных падзей на карысць і літоўскага, і беларускага, і ўкраінскага, і польскага этнасаў. Не трэба, на нашу думку, засяроджвацца на тых або іншых яго асобных выказваннях, а мець на ўвазе ўвесь кантэкст яго гісторыі. Як адзначалася, Стрыйкоўскі сам дэкларуе ў «Хроніцы» сваё імкненне трымацца фактаў, быць праўдзівым, падабаецца гэта каму або не, неаднаразова сцвярджае, што ён не панегірыст, але аб’ектыўны гісторык. Як кожны гісторык, Стрыйкоўскі мае права на свой пункт гледжання. Да таго ж нельга па-
дыходзіць да «Хронікі» з пункту гледжання сучаснай нацыянальнай самасвядомасці, трактаваць тую ці іншую яго ацэнку як пралітоўскую або прабеларускую, ці наадварот. Гэта будзе банальная мадэрнізацыя і толькі аддаліць нас ад гістарычнай ісціны.
Стрыйкоўскі, на наш погляд, не з’яўляўся выразнікам гістарычна-палітычных інтарэсаў якога-небудзь аднаго — беларускага, літоўскага, украінскага ці польскага — народа, а ўсёй супольнасці этнасаў, аб’яднаных у Вялікім княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім. Больш таго, ён прыхільнік федэратыўнага саюзу ВКЛ і Польшчы, або выразнік інтарэсаў Рэчы Паспалітай у цэлым. Ю. Бардах і Ю. Радзішэўская, мяркуем, маюць рацыю, сцвярджаючы, што ідэя палітычнага кампрамісу паміж беларускімі, літоўскімі і польскімі феадаламі з’яўлялася падставай гістарычнай канцэпцыі аўтара «Хронікі». Такім чынам, Стрыйкоўскі і беларускі, і літоўскі, і ўкраінскі, і польскі патрыёт. Гістарычная арыентацыя Стрыйкоўскага аптымальная ва ўмовах другой паловы XVI ст.: гэта — палітычная самастойнасць ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай, што з’яўлялася адзінай рэальнай магчымасцю захаваць адносны дзяржаўны суверэнітэт у той час. Паляк па паходжанні, Стрыйкоўскі ў першую чаргу лічыў сябе грамадзянінам ВКЛ, пераважна з’яўляўся беларуска-літоўскім патрыётам, пра што, напрыклад, сведчыць яго высокая ацэнка дзейнасці вялікіх князёў — Гедыміна, Альгерда, Кейстута і асабліва Вітаўта, наогул літоўска-беларускай дынастыі Ягелонаў. «Вітаўт, які быў названы Аляксандрам пры хрышчэнні і які ў доблесці быў падобны да Аляксандра Вялікага, — піша ў «Хроніцы» Стрыйкоўскі, — пераўзышоў у ваеннай справе грэчаскіх, рымскіх і карфагенскіх палкаводцаў ... ён неаднаразова атрымліваў перамогі над татарамі ... вымусіў прасіць міра прускіх і лівонскіх крыжакоў, атрымаў дзве перамогі над маскоўскім князем, падпарадкаваў Нагайскую, Перакопскую, Крымскую, Майкопскую і Заволжскую орды татараў і на чале іх паставіў сваіх цароў. Род Ягелонаў даў многіх знакамітых каралёў і князёў, якімі павінны ганарыцца ўся Літва, Русь (пад Літвой Стрыйкоўскі разумеў літоўскія і заходнебеларускія землі, пад Руссю — усходнебеларускія: Полацк, Віцебск, Магілёў, Орша і інш. — С.П.), Жмудзь і кожны шляхціц. Менавіта
яны, князі, народжаныя ў Літве, а не італьянцы, не немцы, не масквіцяне, не іспанцы, не грэкі, не французы, не англічане без дапамогі іншых народаў ... стварылі вялікую дзяржаву» [186, т. 1, с. XLII].
Характерна, што большасць асобных раздзелаў «Хронікі» Стрыйкоўскі прысвячае беларускім і літоўскім феадалам, нягледзячы на тое, што многія з іх былі праціўнікамі Люблінскай уніі 1569 г.: Мікалаю Крыштофу Радзівілу, віленскаму ваяводзе і гетману літоўскаму; Астафію Валовічу, канцлеру ВКЛ; Мікалаю Монвіду Дарагастайскаму, полацкаму ваяводзе; Яну Глябовічу, мінскаму кашталяну; Юрыю Женовічу, смаленскаму кашталяну; Яну Кішку, жмудскаму старасту; Мельхіёру Гедройцу, епіскаму Жмудскаму, і інш.
Творчая спадчына Мацея Стрыйкоўскага — яскравае сведчанне высокага ўзроўню развіцця гістарычнага і філасофскага мыслення, духоўнай культуры беларуска-ўкраінскалітоўскай дзяржавы і грамадства эпохі Адраджэння.
Літаратура і мастацтва. 1999. 18 чэрв.
Стафан Лован
Стафан (Сцяпан) Рыгоравіч Лован (другая палова XVI ст.) — земскі суддзя ў Мазырскім павеце. У 1592 г. быў выкліканы («названы») у Галоўны Трыбунал Вялікага княства Літоўскага (вышэйшую судовую інстанцыю) ла скарзе Сцяпана Васільевіча Лозкі (мясцовага шляхціца). Лічылася раней, што галоўным артыкулам абвінавачвання Лована быў атэізм і матэрыялізм мазырскага суддзі («а ни Бога о тройци единого не толко абы верыл, але еще и именем Божим блюзниш, разумеючы и мовечи, же ... и души в человеку, раю и пекла нет, и судного дня не будет і человек же, яко пес кровю албо бидле сходит, и штоколвек есть на свете, то все само през себе» і г. д.). Аднак дакумент, які носіць назву «Позаў аднаму рускаму секты эпікуравай» і адрасаваны Ловану ад імя караля Жыгімонта III, сведчыць, што ён выклікаўся ў суд не за свае атэістычныя і матэрыялістычныя перакананні, а за тое, што, «ведле права и статуту», гэтыя перакананні не дазваляюць яму займаць дзяржаўную пасаду суддзі, на